Вы тут

Дом на ціхай вуліцы


Як вядома, у славутага паэта і празаіка Уладзіміра Караткевіча было дзве малыя радзімы — Орша і Рагачоў. У Оршы будучы літаратар нарадзіўся і правёў першыя гады дзяцінства, а ў Рагачове ён сталеў як майстар прыгожага пісьменства. Будучы класік жыў у доме свайго дзеда Васіля Грынкевіча (па мацярынскай лініі). Гэты дом (нумар 59) знаходзіцца на вуліцы, якая з нядаўняга часу носіць імя Караткевіча (ранейшая назва — Чкалава).


У доме па-ранейшаму жывуць жонка стрыечнага брата Тамара Грынкевіч з сынам Васілём. Звычайная сям’я, звычайны дом, пабудаваны яшчэ ў 1914 годзе. Рагачоўцы спадзяюцца, раней альбо пазней дом стане ўпрыгажэннем горада над Дняпром, ператворыцца ў літаратурны музей, накшталт дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку. У гэтым музеі з’явіцца і мемарыяльны пакой майстра гістарычнага дэтэктыва. Пры жыцці сваім сябрам Уладзімір Караткевіч прызнаваўся: «нідзе так добра не пісалася, як тут». Па ўспамінах літаратурных сяброў, Караткевіч правёў тут «амаль палову жыцця». Дакладна вядома, што Уладзімір Сямёнавіч у дзедавым доме стварыў значную частку сваіх твораў: «Ладдзя роспачы», «Сівая легенда», «Зямля дзядоў», «Чазенія», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Нельга забыць», «Паром на бурнай рацэ»...

Напрыканцы кастрычніка мне давялося наведаць творчую радзіму Караткевіча, пазнаёміцца з гаспадарамі — Тамарай Іванаўнай і яе сынам Васілём. Гаспадыня дазволіла зайсці ў хату, паказала аўтэнтычную печ, пакой пісьменніка, распавяла пра тое, што добра ведала Уладзіміра Сямёнавіча, што рэчы, якімі ён карыстаўся, забралі ў раёны музей, дала магчымасць зрабіць фота.

— Апошні раз Караткевіч прыязджаў сюды ў 1984 годзе, за пару месяцаў да смерці, — дзялілася ўспамінамі гаспадыня. — Цяпер к дому часта прыходзяць экскурсіі, цікавяцца, фатаграфуюцца каля памятнай шыльды. У райвыканкаме абмяркоўваюць варыянты стварэння музея і абмену нашага жылля.

Газета «Звязда» яшчэ ў 2000 годзе разглядала, як захаваць памяць пра слыннага земляка, і дом на ціхай вуліцы і дваццаць сотак зямлі быў бы самым прыдатным для гэтага месцам. Пасля той газетнай публікацыі каля старых гарадскіх могілкаў усталявалі памятны крыж у гонар Тамаша Грыневіча — продка Караткевіча і паўстанцаў 1861-63 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а таксама аднавілі помнік бабулі пісьменніка Людміле Барысевіч.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».