Вы тут

Лесвіца медытацыі


Кожны, хто піша або чытае вершы, выбірае для сябе складнікі і прапорцыі: чаго больш — медытацыі, думкі, пачуцця, вострай праблемы, адлюстравання рэчаіснасці? У кагосьці гэтыя патрэбы і праявы аднародныя, у кагосьці змяняюцца ад тэксту да тэксту. З гэтых дробных частак, а не з асобных твораў, насамрэч складаецца пісьменніцкая або чытацкая карціна, гісторыя.


У паэтычным зборніку Віктара Шніпа «Белае, чорнае, залатое» неаднойчы сустракаецца параўнанне кнігі з каўчэгам, караблём. Кніга ратуе тэксты ад забыцця, аўтара ад уласных твораў і чытача, кожны з якіх выбірае свайго ворага сам.

Структура зборніка раздзяляе тэксты на чатыры часткі. Першая мае назву «Сонца, якое не заходзіць». Амаль усе вершы, за выключэннем першага і апошняга, — пра творцаў, пісьменнікаў і мастакоў. Віктар Шніп выносіць іх імёны ў  назвы і стварае сваё бачанне іх гісторый. Гэтае бачанне можна назваць даволі традыцыйным: цыкл адкрываецца Скарынам, Купалам і Коласам — тут увасоблены іх мары пра Беларусь. Іх тэксты, як светлыя прывіды-абаронцы, лунаюць над роднымі вёскамі.

у купалаўскім садзе

светла ад яблыкаў

якія створаны сонцам

і беларускай зямлёю

у купалаўскім садзе

светла ад вершаў

створаных Янкам Купалам

душой і крывёю

купалаўскія ліпы

і Купалавы творы

трымаюць неба

над Вязынкай

і над Беларуссю

У вершах-гісторыях творцаў на працягу цыкла становіцца заўважнай пэўная схема стварэння: даюцца геаграфічныя і духоўныя абставіны, звязаныя з нараджэннем і/або жыццём; вобразнае напаўненне тэксту — асацыяцыі з асобай, пачуцці, выкліканыя яго творамі.

Гэта пошук каранёў, спроба зразумець сутнасць творчасці. Магчыма, і своеасаблівая праца над сабой для аўтара.

Вобразны шэраг грунтуецца на шматлікіх увасабленнях прыроды, побытавых дэталях — адначасова і метафары, і рэканструкцыя чужых успамінаў. Рыфмы ў цыкле няма, гэта верлібры, але ў іх прысутнічае пэўны ўнутраны рытм, нешта вальсавае, медытатыўнае. Віктар Шніп быццам назірае за вобразамі творцаў у сваёй галаве, сваім успрыманні.

Завяршае частку тэкст пад назвай «Сям’я». Ён менш вобразны, складзены з відавочных асацыяцый са словам, вынесеным у загаловак. Але важны не столькі сам тэкст, колькі яго прысутнасць у частцы — тое, што ён прыраўноўвае важнасць і неўміручасць сям’і да неўміручасці творчасці. Сям’я — таксама сонца, якое ніколі не заходзіць. Гэта першая з прыступак да балансу, пабудаваных Віктарам Шніпам у гэтым зборніку.

Другая частка — «Музыка, якая ніколі не заціхае» — уключае найбольшую колькасць тэкстаў. Яна складаецца з вершаў стану, статычных карцін, створаных словамі, складзеных, як пазлы, з вобразаў. Тут таксама пераважае прырода: сонца, лісце, вецер, дождж, снег, неба перамяжоўваюцца з побытавымі замалёўкамі, пейзажамі гарадоў. І ўсё імкнецца да таго, каб загусціць, сканцэнтраваць адчуванне або стан. Аўтар карыстаецца адсылкамі і алюзіямі рознай ступені заўважнасці на творы пісьменнікаў, у тым ліку згаданых у першым раздзеле. Імкненне перадаць стан у вершы — заўсёды спроба зафіксаваць яго праз або для асэнсавання, знайсці раўнавагу ў ім.

Трэцяя частка — «Сцяжыны, якія не забываюцца» — нечым падобная да другой, быццам працягвае яе. Тут статычныя карціны набываюць сюжэты, усё яшчэ перадаюць стан, але ўжо ў дынаміцы. Структура ўнутры часткі атрымліваецца больш цэласная. Розныя тэксты нагадваюць кадры з  адной кароткаметражкі пра жыццё самотнага чалавека паэта і/або мастака. Месцамі паверх кадраў дамалёўваецца анімацыя  — уяўленне аўтара і знаёмыя з мінулага раздзела вобразныя формы. Сцяжыны, якія не забываюцца, — ці не таму, што звыклыя? У метафорыцы гэтага тэксту больш побыту, чым прыроды. Вершы выглядаюць і адчуваюцца як успаміны, што толькі ўмацоўвае кінематаграфічны эфект. Сапраўдныя яны, аўтабіяграфічныя або належаць уяўнаму чалавеку — лірычнаму герою? Зразумела толькі таму, хто ведае аўтара асабіста. А для чытача не так ужо і важна.

Самае папулярнае слова ў вершах гэтага раздзела — «як», часта выкарыстоўваецца звязка вобразаў неба і мора — самыя відавочныя са знакаў пошуку балансу, ён працягваецца і тут.

Чацвёртая частка называецца «Раса, якая не высыхае». Тэксты пабудаваны на форме хоку. Некалькі трохрадковых строф аб’ядноўваюцца ў адзін верш, але і кожная з іх паасобку ўтрымлівае пэўны канцэнтраваны сэнс, выглядае як завершаная. З паўтарэння такой формы ствараецца своеасаблівая плынь хоку.

у Воршы снежна

чырвоная рабіна

сонца паэта

белая котка

у дом Караткевіча

забегла першай

Медытатыўны эфект узмацняецца ад таго, што, знаходзячыся ў плыні, мы вымушаны спыняцца, затрымлівацца кожныя тры радкі. Тут найбольш удала спрацоўвае сімвалізм назвы. Расу можна заспець на траве толькі некалькі гадзін. А філасофія хоку ў тым, каб захоўваць, кансерваваць у словах моманты прыгажосці, спыняць імгненне.

Кніга — каўчэг, карабель, які выратоўвае думкі аўтара ад згубы ў плыні. А на вадзе заўсёды адна з найбольш актуальных задач — балансаваць, утрымліваць раўнавагу, каб давезці свой груз да пункту прызначэння.

Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».