Вы тут

Ашхабад. Пандэмічная пагроза кнізе


Пандэмія і Ашхабад кніжны — нагода для разважанняў: трэба шукаць новыя фарматы, развіваць новыя магчымасці з віртуальнымі тэхналогіямі. Навука, асветніцтва, міжнародныя стасункі і справа выдання і прапаганды папяровай кнігі не павінны цярпець, губляцца ў гэтых складаных умовах.


Фота з сайта oilgastrade.org.

Многія беларускія пісьменнікі і кнігавыдаўцы, паліграфісты, кнігагандляры ў розныя гады былі ўдзельнікамі, гасцямі кніжнага свята ў Туркменістане, дзе выстаўкакірмаш «Кніга — шлях да супрацоўніцтва і прагрэсу» праходзіла пачынаючы з 2006 года. Кожную восень! Ці то ў верасні, напрыканцы, ці то ў кастрычніку, часам — у  лістападзе… Арганізатары гэтага ўнікальнага для Цэнтральнай Азіі асветніцкага праекта — Туркменская дзяржаўная выдавецкая служба і Гандлёва-прамысловая палата Туркменістана.

Сёлета Рэспубліка Туркменістан прыняла рашэнне не праводзіць Міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш «Кніга — шлях да супрацоўніцтва і прагрэсу». Напісалі мне літаральна толькі што пра гэта туркменскія пісьменнікі… Рашэнне зразумелае. Пандэмія, эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце прымушаюць найперш кіравацца пытаннямі бяспекі, клопатам пра здароўе грамадзян і Туркменістана, і гасцей з іншых краін, якія маглі б прыехаць на выстаўку...

Шкада, што ўсё так складваецца вакол нашых стасункаў. У 2009 годзе Рэспубліка Беларусь была краінай — ганаровым госцем IV Міжнароднай кніжнай выстаўкі «Кніга — шлях да супрацоўніцтва і прагрэсу», якая праходзіла ў Ашхабадскім выставачным цэнтры Sergi Koshgi. Мы прывезлі ў сталіцу Туркменістана як мінімум 1000, а мо нават і болей кніг. Дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак. У склад беларускай групы ўваходзілі намеснік дырэктара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Маргарыта Насценка, намеснік дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва» — галоўны рэдактар часопіса «Нёман» Алесь Бадак, галоўны рэдактар часопіса «Бярозка» Алена Масла, прыватны кнігавыдавец і кнігагандляр Дзмітрый Макараў, дырэктар Мінскай фабрыкі каляровага друку Аляксандр Аксёненка, супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Быў з намі і мастацкі эстрадны калектыў пад кіраўніцтвам таленавітага Вячаслава Статкевіча.

Тры дні ў Ашхабадзе прынеслі сапраўдную асалоду. Мне асабіста запалі ў душу сустрэчы з пісьменнікамі. Тады я паспеў убачыць на круглым стале, прысвечаным праблемам кнігавыдання для дзіцячай аўдыторыі, народнага пісьменніка Туркменістана Каюма Тангрыкуліева (у перакладзе на беларускую мову выйшлі дзве яго кнігі), які неўзабаве пайшоў з жыцця. Сустрэўся з Агагельды Аланазаравым, Касымам Нурбадавым, якіх добра ведаў з сярэдзіны 1980-х гадоў. Коратка перагаварыў з Пірнепесам Авезліевым, якога таксама ведаў па сваіх ранейшых сустрэчах у рэдакцыі туркменскага часопіса «Піянер». Дарэчы, Пірнепес — аўтар вершаў пра Хатынь, піянерскі лагер «Зубраня», іншыя адрасы Беларусі, куды ён прыязджаў у час існавання Савецкага Саюза. Сустрэўся з туркменскім празаікам Тыркішам Джумагельдыевым, пагаварыў па тэлефоне з пісьменнікам-франтавіком Сеітніязам Атаевым.

Вельмі цікавай атрымалася паездка на падземнае возера Бахардэн, якую для нас арганізаваў дзіцячы паэт, перакладчык Касым Нурбадаў. У свой час ён ліставаўся з беларускім паэтам-франтавіком Іванам Муравейкам. Перакладаў яго вершы.

Можна шмат згадаць цікавых эпізодаў з той, 2009 года, выстаўкі, у аснове якіх — вялікая ўвага да папяровай кнігі. Ад беларускага стэнда наведвальнікі не адыходзілі. Па выніках выстаўкі ўсе выданні, што прывезлі ў Ашхабад, мы падарылі Туркменістану. Здаецца, Нацыянальнай бібліятэцы Туркменістана ці Туркменскай выдавецкай службе…

І ў іншыя гады беларускія кнігавыдаўцы наведваліся ў Ашхабад…

Шкада, што зараз у арганізацыі і кніжнай выстаўкі ў сталіцы Туркменістана, і ў дачыненні да іншых адрасоў кніжнай выставачнай дзейнасці не выкарыстоўваецца анлайн-трансляцыя ці іншыя магчымасці камунікацыйных зносін віртуальнага, электроннага характару.

Вось, напрыклад, якой магла б быць праграма працы ў беларускай частцы з разлікам на гледачоў, слухачоў і патэнцыйных удзельнікаў з туркменскага боку. Некаторы час назад у Выдавецкім доме «Звязда» на беларускай і рускай мове пабачыла свет мая кніга «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь — Туркменістан». Пра яе згадвалася ў публікацыях такіх аўтарытэтных туркменскіх выданняў, як «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»), раздзелы з кнігі надрукаваны ў перакладзе на туркменскую мову ў літаратурна-мастацкім часопісе «Гарагум» («Каракумы»). Між іншым, у мінскім выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» рыхтуецца новае выданне кнігі, прысвечанай беларускатуркменскім літаратурным сувязям. Упэўнены, што круглы стол на тэму беларуска-туркменскіх літаратурных сувязей у звязку з гэтым выданнем паспрыяў бы з’яўленню новых фактаў літаратурнай дружбы. А ў туркменскай студыі нашай віртуальнай сустрэчы, несумненна, аказаліся б празаік і перакладчык Максат Бяшымаў, празаік Бягуль Анабаева, згаданыя Агагельды Аланазараў, Касым Нурбадаў, а яшчэ — Герой Туркменістана паэтэса Газель Шагулыева, пісьменнік Мерэтгылыч Ягмурадаў, якія нядаўна наведваліся ў Беларусь і якім было б што распавесці.

Некалькі гадоў назад у Мінску выйшаў грунтоўны том паэзіі туркменскага класіка Махтумкулі ў перакладах Казіміра Камейшы, Міколы Мятліцкага, Віктара Шніпа і іншых беларускіх паэтаў. Чаму б не арганізаваць анлайнтрансляцыю чытання беларускімі перакладчыкамі вершаў Вялікага Фрагі? Такі анлайн-фармат, канешне ж, выклікаў бы цікавасць і да беларускай мовы і быў бы прыязна сустрэты ўсімі, хто нераўнадушны да творчасці Махтумкулі.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сярод іншых кніг на розных мовах свету, а таксама кніг пісьменнікаў іншых краін на мовах народаў свету ёсць нямала выданняў туркменскіх паэтаў і празаікаў. Іх дакладна трэба было б паказаць праз адмысловую выстаўку ў электронным фармаце. Адным словам, прыдумак, вартых увагі творчых, асветніцкіх ініцыятыў, скіраваных на прапаганду кнігі ў дачыненні да сувязей паміж нашымі краінамі — Беларуссю і Туркменістанам, можа быць даволі шмат. І віртуальная выстаўка магла б стаць грунтоўным адказам пандэміі, дапамагла б не згаснуць агеньчыку дружбы паміж пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі Беларусі і Туркменістана.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?