Вы тут

Дакладныя даты пераезду ў Гродна Максіма Багдановіча з сям’ёй


Многія даследчыкі звярталіся не толькі да ўласна аналізу твораў класіка і яго літаратурнай практыкі, але і грунтоўна даследавалі біяграфію. Але, тым не менш, і дагэтуль у багдановічазнаўстве існуюць так званыя белыя плямы.


Сям’я Багдановічаў у Гродне, 1895 г.

Так, у выданнях другой паловы XX ст. і XXI cт. час пераезду сям’і Багдановічаў у Гродна падаецца як чэрвень-ліпень 1892 г. У «Шляху паэта» (1975 г.) гэта чэрвень. У Поўным зборы твораў М. Багдановіча, у раздзеле «Летапіс жыцця і творчасці» (т. 3, 1995 г.), — сярэдзіна чэрвеня-ліпень. У энцыклапедыі «Максім Багдановіч» (2011 г.) — таксама сярэдзіна чэрвеня-ліпень. У 2020 г. выйшла кніга В. Шведа «Летапіс Гродна (1005—1995 гг.), дзе напісана, што бацька будучага паэта пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Гродна ў чэрвені 1892 г., а ў ліпені з маці і братам пераязджае Максім Багдановіч. Інфармацыя ўзята з ранейшага выдання аўтарства А. Госцева, В. Шведа «Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116—1990 гг.)», якое выйшла ў 1993 годзе.

Гэтыя звесткі пераходзяць з выдання ў выданне і грунтуюцца на ўспамінах Адама Багдановіча. Нагадаем, пераезд сям’і быў звязаны з пераходам Адама Ягоравіча на службу ў Гродзенскае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка. У Матэрыялах да біяграфіі Максіма Багдановіча бацька паэта напісаў: «Я пагадзіўся і быў туды прызначаны ў чэрвені 1892 г. Уладкаваўшыся на новым месцы, я прыехаў за сям’ёй і прыблізна ў сярэдзіне ліпеня мы пераехалі ў Гродна ». Успаміны Адам Багдановіч пісаў у 1923 г., калі прайшло звыш 30 гадоў пасля пераезду ў Гродна, — натуральна, што памяць магла яго і падвесці.

Але ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваецца перапіска бацькоў Максіма Багдановіча, якая пралівае святло на многія факты, у тым ліку і даты. У лістах да жонкі Адам Ягоравіч зафіксаваў дакладныя даты як свайго пераезду ў Гродна, так і Максіма з братам і мамай. Тут хочацца ўдакладніць яшчэ адзін цікавы і важны факт. Раней лічылася, што перад пераездам у Гродна Марыя Апанасаўна з сынамі, Вадзімам і Максімам, жылі ў Мінску, але гэта не зусім так. На Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, што праходзіла ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў 2018 г., аўтарам гэтага паведамлення быў зачытаны даклад «Маёнтак Падблонь — невядомая мясціна ў біяграфіі Максіма Багдановіча». У дакладзе паведамлялася, што летам 1892 г. сям’я знаходзілася ў маёнтку Падблонь, што непадалёк Мар’інай Горкі, а галава сям’і тым часам займаўся ўладкаваннем спраў, звязаных з новым месцам службы і пераездам. Гэтая мясціна выявілася дзякуючы дэталёва апрацаванаму канверту з адрасам «маёнтак Падблонь» і аналізу тэксту пяці лістоў за чэрвень-ліпень 1892 г.

 А з ліста Адама Багдановіча ад 2 ліпеня 1892 г. (КП8988) мы дакладна даведваемся, што дата яго прыезду ў Гродна — 1 ліпеня: «Учора ў 19 гадзін вечара я шчасліва прыбыў у Гродна, а сёння ў 11 гадзін прадстаўляўся начальству. Усё добра». Трэба адзначыць, што ў Гродна Адам Ягоравіч ехаў з Вільні, дзе меўся вырашыць прыватныя справы і адтуль нават паспеў даслаць адзін ліст каханай жонцы.

А вось сям’я пераехала ў Гродна больш як на месяц пазней. Апошні ліст Адам Ягоравіч напісаў у Падблонь 23 ліпеня 1892 г. (КП8989), дзе паведамляў жонцы, калі яе з дзецьмі забярэ: «Магу цябе парадаваць: 2-га жніўня я выязжаю з Гродна, а 3-га, верагодна, буду ў Мар’інай Горцы». «…у Мар’інай Горцы прабудзем дні 2-3 і паедзем у Мінск, дзе прабудзем да пятніцы; у пятніцу ж з начным цягніком выедзем...».

Паводле каляндарных звестак «Памятнай кніжкі Мінскай губерні на 1892 год», пятніца — гэта 7 жніўня. Меліся ехаць начным цягніком, таму верагодная дата прыезду Максіма Багдановіча з сям’ёй у Гродна — 8 жніўня 1892 года.

 Спадзяёмся, падкарэкціраванае высвятленне пераезду сям’і Багдановічаў у Гродна станоўча паўплывае на наступныя росшукі ў галіне багдановічазнаўства.

Жана АНТУСЕВІЧ, малодшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.

Эканоміка

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Яна ў гэтым годзе на 20 % «таннейшая», чым у папярэднім.

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.