Вы тут

"Уладзімір Караткевіч... Полацак"


"Уладзімір Караткевіч...Полацак"

На адной з паліц кніжных шафаў Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага, сярод некалькіх тысяч кніг са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, стаіць нічым не прыкметны на першы погляд томік вершаў з лічбай «1972» на карашку. Гэта чарговы выпуск «Дня паэзіі» — спецыяльны выпуск, прысвечаны 50-годдзю ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. На 244 старонках змешчаны творы беларускіх паэтаў «аб Радзіме, партыі, радасці стваральнай працы, прыгажосці роднай прыроды», а таксама пераклады вершаў паэтаў іншых рэспублік. Кніга выйшла ў юбілейны год у выдавецтве «Мастацкая літаратура» накладам у 10 000 асобнікаў (часам дзіву даешся тыражам кніг у тыя часы).

Але наш музейны асобнік — асаблівы. Што робіць кнігу адметнай, унікальнай, сярод тысячы ёй падобных? Экслібрысы, пячаткі, штампы, чытацкія паметы, аўтографы ўладальнікаў і аўтараў ды іншыя пазнакі, якія з'явіліся на кнізе за час яе бытавання. Такія сляды пакінуў час і на гэтым экзэмпляры. Адгортваем. На форзацы бачым подпіс былога ўладальніка — кніга знаходзілася ў прыватным зборы. Цікава, ці ёсць аўтограф якога-небудзь пісьменніка? А вось і падказка ў выглядзе закладкі-стужкі, прымацаванай да кніжнага блока кнігі. Разварот, старонкі 148–149. Злева — верш Галіны Каржанеўскай «Пачатак», справа — «Усход» Уладзіміра Караткевіча:

«...За ім мільёны гайдукаў

Ідуць з цямноццем на бой

Ў зялёных ірваных аддзеннях,

З дзідамі за спіной.

Над ашаломленым змрокам

Сведчаннем вечнай вясны

Шумяць пераможна пад брызам

Зялёныя лахманы.

Хлусня начной ліхаманкі,

Жах заімшэлых стром

У пячоры здыхаць запаўзае

З пераламаным хрыбтом...»

І тут жа паміж друкаваных радкоў — надпіс ад рукі: «Уладзімір Караткевіч 18 (а на самай справе 19) жніўня. Полацак».

 У горадзе над Дзвіной аўтару «Зямлі пад белымі крыламі» даводзілася бываць шмат разоў. Пра гэта расказваў сам Уладзімір Сямёнавіч, пра гэта ўспаміналі яго сябры-пісьменнікі, гэта засведчылі і фотаздымкі. Але на памяць можна зрабіць не толькі фота. На памяць таксама можна запісать некалькі слоў на кнізе. Вось такі своеасаблівы фотаздымак: пяць радкоў сінім чарнілам, — і такі вялікі след на зборнічку за адзін рубель і шэсць капеек. Уладзімір Караткевіч быў у Полацку. Быў. Ёсць. І будзе.

Наталля Анучына
старшы навуковы супрацоўнік
Музея беларускага кнігадрукавання

Выбар рэдакцыі

Культура

Пяць анкет Уладзіміра Караткевіча

Пяць анкет Уладзіміра Караткевіча

26 лістапада. Дзень нараджэння нашага любімага Уладзіміра Сымонавіча Караткевіча.