Вы тут

Глядзець на свет вачыма мастака


Сцвярджэнне аб тым, што фатаграфія можа быць мастацтвам, для некаторых дагэтуль гучыць калі не смешна, то як мінімум спрэчна. «Механічна захаваная пры дапамозе прасунутых тэхналогій і наступнай апрацоўкі ў рознага роду графічных рэдактарах рэчаіснасць» — вось што такое фатаграфія для многіх скептыкаў. З імі часткова можна пагадзіцца: мы сёння спажываем настолькі велізарную колькасць рознага кшталту візуалу (асабліва тыя з нас, хто мае акаўнты ў сетцы Instagram), у прыватнасці фатаграфіі, што любы кантэнт, які проста паказвае нам рэальнасць, успрымаецца як нешта зусім натуральнае. Здаецца, што калі любы пры дапамозе тэлефона здольны сфатаграфаваць што заўгодна, то прафесійных фатографаў ніяк нельга лічыць мастакамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Аднак выстаўка «Планета без віз» фатографа Станіслава Янчарскага, якая будзе даступна для наведвання ў галерэі Міхаіла Савіцкага да 6 снежня 2020 года, можа пераканаць нават самых заўзятых «фотаскептыкаў».


Гервяты. Касцёл Святой Тройцы.

Але для пачатку неабходна пазначыць нейкія ключавыя якасці, якія робяць творы мастацтвам і вылучаюць у велізарным моры медыякантэнту, у тым ліку і ператвараюць некаторыя фатаграфіі ў нешта большае, чым проста прыгожая карцінка для сацыяльнай сеткі. Мне здаецца, што такіх ключавых прыкмет тры: унікальнасць (менавіта гэта ў першую чаргу дазваляе вылучыць тую ці іншую фатаграфію з агульнага патоку), прафесіяналізм (неабавязкова маецца на ўвазе профільная адукацыя, хутчэй, гаворка пра тое, што чалавек дзякуючы вопыту і навыкам можа дамагацца прадказальнага дакладнага выніку, кантралюючы працэс стварэння фатаграфіі) і аўтарскі погляд (дазваляе зрабіць фатаграфію не толькі злепкам з рэальнасці, але і напоўніць яе нейкім сэнсам). Фотаздымкі, якія прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў выстаўкі «Планета без віз», не проста цікава разглядаць, атрымліваючы асалоду ад той прыгажосці, якую паказвае пры дапамозе свайго мастацтва Станіслаў Янчарскі, — яны ў поўнай меры з’яўляюцца ўнікальнымі, аўтарскімі і прафесійнымі творамі.

Пры гэтым на першы погляд выстаўка не паказвае нічога асаблівага. Можна нават па прэс-рэлізе выказаць здагадку, што Станіслаў Янчарскі — тыповы фатограф, які проста здымае прыгожыя экзатычныя пейзажы і нічога больш. Кожны турыст дзякуючы сучасным тэхналогіям можа сфатаграфаваць што заўгодна. Можа, вядома, але чамусьці ў аб’ектывы камер непрафесійных фатографаў трапляюць тыя адметнасці або месцы, якія многія з нас і так бачылі на іншых фотаздымках такіх жа аматараў. І вось тут мы падыходзім да першай характарыстыкі, якая робіць фатаграфіі Станіслава Янчарскага мастацтвам.

Унікальнасць

Замест таго, каб задавольвацца ўсім вядомымі візуальнымі вобразамі і зарабляць вядомасць менавіта за кошт пазнавальнасці таго, што зафіксавана на яго фотаздымках, Станіслаў Янчарскі мусіў выбраць шлях чалавека, які трапляе ў самыя аддаленыя і незвычайныя куткі нашай планеты, каб паказаць тыя з іх, дзе, цалкам можа быць, нага чалавека апошні раз ступала некалькі стагоддзяў ці хоць бы дзесяцігоддзяў таму. І справа тут не проста ў агульнай экзатычнасці месцаў, дзе працаваў фатограф (жывапісныя ледзяныя вадаспады Ісландыі, мёртвыя храмавыя гарады М’янмы, афрыканскія пустыні, аддаленыя туманныя выспы Тайланда), але і ў тым, што ён як быццам наўмысна выбірае пейзажы, якія рэдка прыцягваюць увагу звычайных турыстаў.

Напрыклад, возьмем Ісландыю. У цэлым многія з нас у той ці іншай ступені ўяўляюць, як выглядаюць ісландскія пейзажы дзякуючы таму, што суровая і кантрасная прыгажосць гэтай краіны не можа не зачароўваць тых, хто гатовы захапляцца прыродай. Многія, хто туды трапляе, лічаць сваім абавязкам пакінуць на карце памяці сваіх фотаапаратаў або тэлефонаў напамін пра гэтую мясцовасць. Аднак мастацтва заклікана канцэнтраваць эстэтыку нашай рэальнасці, каб у таго, хто знаёміцца з тым ці іншым творам мастацтва (у нашым выпадку — глядзіць на фатаграфію), займела дух, каб чалавек не проста атрымліваў задавальненне (чаго дабіцца ў цэлым не вельмі складана), а  каб стваралася ўражанне падобнае да таго, што адчуваеш, калі сягаеш са скалы ў мора. А  для гэтага недастаткова паказваць усім вядомыя пейзажы, напрыклад, маленькі белы домік на фоне велізарнай гары, які ўжо даўным-даўно расцягнулі на фоны для камп’ютарных манітораў. Станіславу Янчарскаму гэта ўдаецца.

Нельга пры гэтым сказаць, што фатограф трапляе ў нейкія настолькі экзатычныя месцы, што для гэтага неабходна праходзіць таямнічыя абрады мясцовых плямёнаў ці нешта падобнае. Зусім не, проста ў адрозненне ад звычайных турыстаў з фотаапаратамі Станіслаў Янчарскі, калі прыязджае ў Ісландыю, не толькі наведвае агульнавядомыя месцы і маршруты, якія хтосьці ўжо загадзя праклаў, а наўмысна імкнецца да цяжкадаступных пунктаў. І дзякуючы таму, колькі высілкаў прыкладае фатограф яшчэ пакуль не як прафесіянал, але як чалавек, каб пайсці разам з экспедыцыяй да вадаспада Кірк’юфетль Фос на захадзе Ісландыі або ў даліну храмаў у старажытнай сталіцы М’янмы — Багане, яго фатаграфіі пераносяць нас не ў тыя месцы, якія некалькі страцілі прывабнасць і яркасць з-за тыражаванасці ў інтэрнэце, а ў дзіўны, таемны свет куткоў планеты, якія бачылі адзінкі. Ва ўмовах эпідэміі падобнае ўспрымаецца з падвойным захапленнем.

Унікальнымі з’яўляюцца і партрэты. Асаблівую цікавасць уяўляе цэлая сцяна з невялікімі партрэтамі людзей з самых розных частак свету. Кожная фатаграфія перадае характар героя, яго індывідуальнасць, але разам з тым дае агульнае ўяўленне і пра асаблівасці тых культур, да якіх належаць партрэтуемыя.

Прафесіяналізм

Намібія. Мёртвая даліна Дэдвлей у Нацыянальным парку Наміб-Наўклуфт.

Міжволі задумваешся пра тое, што калі б Станіслаў Янчарскі не валодаў высокім узроўнем прафесійных навыкаў, то нават унікальныя месцы, тым больш партрэты (партрэтная фатаграфія, асабліва калі справа тычыцца выпадковых людзей, якіх фатограф сустрэў на вуліцы, наогул з’яўляецца адным з самых складаных жанраў, нягледзячы на падманлівую прастату і распаўсюджанасць падобных работ у сацыяльных сетках), не аказвалі б такога моцнага ўражання. Пры гэтым, будзем сумленныя, мала хто з нас разбіраецца ў фатаграфіі на досыць прафесійным узроўні, каб убачыць нейкія недахопы, акрамя самых сур’ёзных накшталт заваленага гарызонту. Але разам з тым кожны з нас валодае «ўбудаваным» эстэтычным пачуццём, а таксама якім-ніякім вопытам нагледжанасці, што дазваляе на нейкім чыста інстынктыўным, рэфлекторным узроўні адрозніваць прафесійнае мастацтва ад аматарскіх вырабаў.

Вядома, у кожнага гэтае эстэтычнае пачуццё абвострана ў  рознай ступені, а яго завострыванне адбываецца пры рэгулярным і, што немалаважна, асэнсаваным знаёмстве з творамі мастацтва, калі мы атрымліваем задавальненне не проста ад таго, што глядзім на карціну або чытаем кнігу, але і аналізуем яе, нават пры абмежаваным па тых ці іншых прычынах інструментарыі для аналізу. І калі працягваць гэтую  ж кавальскую аналогію з завострываннем, то фатаграфіі Станіслава Янчарскага настолькі прафесійна вывераныя, што будуць, мабыць, найлепшым вастрыльным каменем для тых, хто хоча не толькі атрымліваць асалоду ад выдатных відаў Афрыкі, Ісландыі або па-новаму зірнуць на Мінск, але і для тых, хто, магчыма, сам плануе прафесійна заняцца фатаграфіяй.

Колеры, пабудова кадра, незвычайныя ракурсы, правільна расстаўленыя акцэнты, разнастайныя падыходы да партрэтных здымкаў (ва ўжо згаданай серыі маленькіх партрэтаў ні адзін партрэт не падобны на іншы, усе яны ў чымсьці ўнікальныя) — усё гэта выдае ў Станіславе Янчарскім не толькі творцу, але і прафесіянала, майстра сваёй справы, што сочыць за ўсімі магчымымі тэхнічнымі нюансамі, выразна кантралюе працэс стварэння твораў і таму ў выніку заўсёды атрымлівае высакакласныя здымкі. Але разам з тым моцных рамеснікаў сярод фатографаў хапае, аднак шмат каму з іх для пераходу на наступную прыступку не стае аўтарскага погляду, у той час як Станіслаў Янчарскі відавочна глядзіць на свет вачыма мастака.

Аўтарскі погляд

Іран. «Гэтыя вочы зачароўваюць»

Экзатычныя краіны на фотаздымках Станіслава Янчарскага — не проста набор прыгожых месцаў з  незвычайнымі людзьмі, якія прыцягваюць увагу ўжо толькі таму, што выбіваюцца са штодзённага асяроддзя. Для яго гэта нешта большае, што заўважна ўжо толькі па тым, якім чынам арганізавана выстаўка. Раней на старонках «Літаратуры і мастацтва» я часцяком не вельмі пахвальна казаў не столькі пра творы, якія былі прадстаўлены на той ці іншай выстаўцы, колькі аб арганізацыі прасторы, канцэптуальнасці самога праекта. У выпадку з «Планетай без віз», у арганізацыі якой браў удзел і сам фатограф, варта адзначыць, што ўсе прынятыя рашэнні аказаліся больш чым удалымі.

Па-першае, сама выстаўка разбіта на тэматычныя блокі па рэгіёнах: М’янма, Ісландыя, Афрыка, Далёкі Усход, Блізкі Усход, Беларусь. Дзякуючы гэтаму ў галаве не ўзнікае блытаніны, фатаграфіі не змешваюцца ў нейкі дзіўны кактэйль, у якім нельга разабраць асобных «інгрэдыентаў». Па-другое, кожны рэгіён прадстаўлены праз нейкі адзін спецыфічны аспект, на якім робіцца вельмі відавочны акцэнт. Так, напрыклад, у серыю, якая прысвечана М’янме, Станіслаў Янчарскі адабраў у асноўным фатаграфіі, што паказваюць побыт і звычаі мясцовага насельніцтва, а таксама старажытную архітэктурную спадчыну ў выглядзе пагад і храмаў, якія будаваліся ў спрадвечныя часы. Ісландыя ж у асноўным прадстаўлена бязлюднымі, але вельмі прыгожымі горна-ледзянымі краявідамі і вадаспадамі, Афрыка — фатаграфіямі з пустыні, дзе мы не бачым ні людзей, ні жывёл, і толькі бясконцыя пяскі з рэдкай расліннасцю трапляюць у аб’ектыў фатографа. Але пры гэтым дзякуючы ўменню Станіслава Янчарскага бачыць у рэчаіснасці «паэзію» гэтыя фатаграфіі набываюць магічную прыцягальнасць — глядзець на гладкія мяккія барханы можна бясконца. Блізкі Усход жа, наадварот, на здзіўленне канкрэтны — мазаікі ў старажытных персідскіх мячэцях і нацыянальнае адзенне іранскіх жанчын.

«Планета без віз» не падобная на Instagram шараговага вандроўніка (а менавіта такое ўражанне пакідалі, напрыклад, некаторыя фатаграфіі на «Восеньскім салоне — 2020») — гэта сапраўды аўтарскі прафесійны праект, які ў поўнай меры дэманструе майстэрства фатографа і прыгажосць тых месцаў, якія захаваны на здымках. Кожны раз у Станіслава Янчарскага атрымліваецца вылучыць такі аспект таго ці іншага рэгіёна, які найлепш перадае яго «душу», а таму чапляе. І ў нейкі момант, стоячы перад здымкам ісландскага ледніка, можна незнарок адчуць халодны вецер на скуры. «Планета без віз»  — тэлепорт у таямнічы свет, які нібы сышоў са старонак падлеткавых прыгодніцкіх кніжак, але разам з тым значна больш прыгожы і дарослы. Станіслаў Янчарскі не проста паказвае — ён пераносіць нас у недаступныя для многіх месцы  — у гэтым сапраўднае мастацтва фатаграфіі.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.