Вы тут

Праўда пра жыццё без прымешак


Загадкавая асоба, якая хаваецца за лаканічным псеўданімам М (настолькі лаканічным, што яго творчасць практычна немагчыма знайсці выпадкова, зрэшты, гэта цалкам можа быць толькі часткай канцэпцыі «творчасці для прысвечаных»), цікавая і як персанаж, і як чалавек, і як музыкант. Асабліва цікавым М становіцца, калі ведаць, што раней гэты музыкант выступаў пад псеўданімамі Малодшы Сын Неба і Міша Малой, бо кожны з гэтых «нікаў» ужо многае кажа прыхільнікам андэграўнднай музыкі па-руску.


Міша Малой (у гэтым тэксце я буду называць яго так, каб не блытаць чытачоў вялікімі літарамі «м») прайшоў цікавы творчы шлях. Пачынаў як «Младший Сын Неба» — тонкі экзістэнцыяльны паэт, які рабіў хутчэй мінімалістычны спокен-ворд, чым хіп-хоп у поўным сэнсе гэтага слова. Потым з’явіўся Міша Малой са сваімі ўжо больш аформленымі песнямі пра жыццё і складанасці, з якімі даводзіцца сутыкацца ўсім, хто сталее. І потым, у 2017 годзе, пасля пяцігадовага перапынку, з’явіўся М. Ён таксама мяняў свае погляды і музыку (з рэлігійных на чыста свецкія, з олдскульных мінімалістычных бітоў на даволі хупавую электроніку). Паспеў пажыць у Японіі, паматацца па розных рэгіёнах Расіі, але мала хто ведае, што Міша Малой — музыкант беларускага паходжання. Прычым свае карані ён раз-пораз згадвае: напрыклад, на альбоме 2019 года «Так выйшла» ў аднайменным трэку ёсць фраза «Отборный продукт белорусских лесов», якая відавочна намякае на родную Оршу.

Творчы шлях Мішы Малога ад залішне пафаснага «Младшего Сына Неба» да закрытага і крыху дзёрзкага М — дзіўная прыгода, якую я рэкамендую здзейсніць усім аматарам нестандартнай музыкі або проста тым, хто стаміўся ад тыповага сучаснага хіп-хопу. Творчасць гэтага музыканта — не проста музыка, але і своеасаблівы летапіс эпохі, бо ўсе свае змены ў асабістым плане ён педантычна фіксаваў у тэкстах, а змены ў агульным музычным фоне расійскай незалежнай сцэны адбіваліся на яго музыцы. Ад шэрых, хай і прыгожых у сваёй разгубленай інтэлігентнасці, бітоў музыкант прыйшоў да вытанчанай электронікі, якая ў поўнай меры адпавядае жанру IDM (Intelligent Dance Music). У 2019 годзе ён выпусціў свой найлепшы альбом, да ідэальнага балансу паміж тэкстам і музыкай у якім імкнуўся на працягу, здаецца, усіх гадоў сваёй кар’еры. Заканамерна чакаць за найлепшай работай спаду, бо так, на жаль, здараецца амаль з усімі.

Аднак Міша Малой, на здзіўленне, гэты стэрэатып (зрэшты, як і многія іншыя) знішчыў, запісаўшы ў 2020 годзе міні-альбом з назвай «Играющий тренер». Што з сябе ўяўляе новы рэліз Мішы Малога? Гэта пяць песень пра жыццё, дзе простыя, але разам з тым дасціпныя тэксты абгорнуты ў прыемную танцавальную электроніку, каб у выніку атрымаўся якасны рэліз, дзе дзёрзкі запал «Так выйшла» ўжо крыху згас (не проста так выканаўца кажа пра тое, што яго «мяняе бацькоўства»), але затое дадалося бытавых дэталяў.

На спосаб складання тэкстаў гэтага музыканта відавочна паўплывала яго непасрэднае знаёмства з японскай паэзіяй (ён  — дыпламаваны перакладчык-япаніст). Адсюль увага да дэталяў, адсюль рыфмы, якія то з’яўляюцца, то знікаюць, адсюль жа і агульнае адчуванне, што песні Мішы Малога часам становяцца больш падобныя на мантры, чым на ўласна музыку. Калі-нікалі мне здавалася, што яго манера чыткі станавілася занадта ўжо няскладнай, рыфмы часам знікаюць, бывае, што Міша Малой не трапляе ў біт, але ўсе гэтыя прыёмы па ажыўленні трэка і вывядзенні слухача з раўнавагі іграюць толькі на карысць. Галоўная задача Мішы Малога, як і заўсёды, — распавесці гісторыю пра сваё жыццё, ён хоча зрабіць гэта пэўнымі словамі і пры дапамозе пэўных музычных сродкаў. Самі па сабе абодва элементы — тэкст і музыка — добрыя, спалучаюцца часам дзіўна, але іх асобная вельмі высокая якасць у выніку прымушае гучаць міні-альбом ужо не як цікавы эксперымент (гэта адносіцца да першага альбома Мішы Малога пад новым сцэнічным імем М), а як паўнавартасная праца артыста з пазнавальным стылем.

Пры гэтым «Играющий тренер» значна больш стрыманы і таму яшчэ больш збалансаваны, да таго ж трэкі аб’яднаны «спартыўнай» канцэпцыяй. Вось толькі жыццё для Мішы Малога — не той спорт, дзе трэба пастаянна з кімсьці спаборнічаць для дасягнення найвышэйшага выніку і перавагі над сапернікамі. Хутчэй, гэта як ранішняя прабежка, якая часам можа быць непрыемнай і складанай з-за ўмоў надвор’я, але ў выніку ўсё  ж прыносіць шмат задавальнення і карысці. Нельга сказаць, што Міша Малой — пазітыўны музыкант. Па знарочыста аптымістычную музыку лепш ісці да іншых выканаўцаў, але яго бытавая жыццёвая філасофія балансу і пераадолення, якой напоўнена кожная песня альбома, дазваляе яму раз за разам прымушаць слухача задумвацца над уласнымі зменамі на працягу жыцця. Але, што важней, гэтая філасофія дазваляе яму прытрымлівацца пераможнай формулы, якую ён вывеў яшчэ на альбоме «Так выйшла»: «Каб дакладна сысці на піку, пік павінен быць перманентны». І пакуль што пік Мішы Малога пад псеўданімам М працягваецца.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

«І на кожным кургане, быццам яблыню, песню сваю пасаджу»

У свеце

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Куды разбегліся нацысты пасля Вялікай Айчыннай вайны?

Вялікая Айчынная скончылася 76 гадоў таму, але дагэтуль па ўсім свеце ўсё яшчэ знаходзяць і судзяць непакараных нацыстаў. 

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.