Вы тут

Калі сябруюць кніга і карціна


У гэтай кніжніцы бясконцы паток выставак. Тут жывуць мастацтвам і транслююць яго наведвальнікам. Бібліятэка № 18 Мінска прыцягвае не толькі кнігай: галерэя «Вільнюс», што працуе пры кніжніцы, — знаходка для аматараў мастацтва, знаўцаў прыгожага. У прыватнасці, мастак Валерый Сямёнаў нядаўна прадэманстраваў тут выстаўку жывапісу «Фантазіі адзінокага рамантыка», якая засведчыла: кніжніца і мастацтва ідуць поруч.


Мастак Валерый Сямёнаў і загадчык бібліятэкі № 18 Мінска  Кацярыны Зверава падчас прэзентацыі выстаўк

— Наша бібліятэка існуе з 1976 года (у наступным годзе ёй споўніцца 45), а мастацкая галерэя «Вільнюс» адкрыта ў 1997-м дзякуючы намаганням нашага мастака Аляксандра Кішчанкі, добрага сябра бібліятэкі. Ён сказаў, што кніга і карціна могуць сябраваць, і такое сяброўства апраўданае, — адзначае загадчык бібліятэкі № 18 Мінска Кацярына Зверава. — Адна з залаў бібліятэкі была аддадзена пад галерэю. Тут першапачаткова было кніжнае сховішча. Галерэя знаходзілася ў іншым памяшканні. Сёння гэта неад’емная частка бібліятэкі.

Кацярына Зверава не сумняецца ў запатрабаванасці галерэі, бо жывая карціна актуальна заўсёды: «Адна справа  — калі прадстаўляюць мастацтва ў інтэрнэце: так, можна азнаёміцца. Але калі вы прыходзіце і глядзіце на жывую карціну — успрыманне зусім іншае: уздзеянне ідзе на ўсе органы, комплексна. Колераперадача ў інтэрнэце не такая, якую задумаў мастак. А на “жывым” праглядзе дапамагае асвятленне. Таму выстаўка карцін не састарэе, як і кніга. Так, многія чытаюць электронную, але шоргат старонак, як ні банальна, не заменіш».

«У мяне з кнігай самыя сяброўскія адносіны, — гаворыць і Валерый Сямёнаў. — Я “пячорны” чалавек, у  камп’ютары не бываю, тэлефон — толькі для званкоў. Не карыстаюся “калупалкамі”, як мае ўнукі: у кожнага па лапаце-смартфоне, і сядзяць». Валерыя Сямёнава натхняе прырода, прыгажосць, грэчаская міфалогія. Мастак скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Прадстаўнік беларускага акадэмічнага жывапісу, піша ў стылі рэалізму, аўтар больш чым 500 жывапісных палотнаў. Кіруе мастацкай студыяй «Майстар» у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «АРТ» і цесна Калі сябруюць кніга і карціна супрацоўнічае з кніжніцамі: «Калісьці бібліятэка для ўсіх значыла адно — узяць пачытаць кнігу. Сёння ж ідуць не толькі чытаць — хтосьці па забаву, хтосьці на выстаўку. Слава тым бібліятэкам, якія могуць займацца выставачнай дзейнасцю. Прыйдуць на выстаўку — і заадно кнігі пачытаюць, і мае ў тым ліку. Я ладзіў уласныя выстаўкі і сваёй мастацкай студыі ў бібліятэцы № 10, у Купалаўскай. Але да бібліятэкі № 18 стаўленне асаблівае: яна кулуарная, утульная, запрашае да зносін. Тут добрая аўра, бо зала галерэі гасцінная. Так завязваецца сяброўства».

Выстаўка «Фантазіі адзінокага рамантыка» Валерыя Сямёнава навеяна рамантычнай парой года: «Бабіна лета», «Спадарыня восень», «Узыход сонца», «Маўчанне», «Муза» — работы дэманструюць глыбіню натуры мастака, яго ўспрыімлівасць, эмацыянальнасць і чуласць. «Не бывае, каб сеў і тут жа напісаў. Праз тыдзень прыходзіш і глядзіш: “Не: яшчэ працаваць!”. Усё павінна ўстаяцца, аформіцца ўнутры», — перакананы Валерый Сямёнаў. Вобраз восені на палотнах алегарычны, зборны. Многія работы Валерыя Сямёнава — ілюстрацыі да яго вершаў. У мастака выйшаў паэтычны зборнік «Сузіральнік». Цудоўна, калі спалучаецца талент мастацкі і паэтычны. Валерый Сямёнаў — творца шматгранны. Па класе баяна скончыў музычную школу, сам навучыўся іграць на гітары (цудоўнае музіцыраванне і валоданне гітарай паказаў падчас прэзентацыі выстаўкі). Ён лічыць: як сяброўства і каханне патрабуе прысутнасці, так і музычны інструмент патрабуе, каб на ім ігралі. Дарэчы, у зале галерэі «Вільнюс» маецца фартэпіяна, працоўнае, настроенае. Іграюць на ім пастаянна падчас адкрыцця імпрэз. Прапануюць і чытачам. «Працуеш, і раптам як загучыць музыка — так прыемна! Не ва ўсіх інструмент ёсць дома, а мы даём такую магчымасць», — заўважае Кацярына Зверава.

Чытач ідзе ў галерэю наталіцца мастацтвам і, канечне, зойдзе па кнігу, пераканана Кацярына Зверава: «Той, хто ідзе паглядзець карціны, выстаўку, стане нашым чытачом, бо яго абавязкова зацікавіць і кніга».

А прастору галерэі ў бібліятэцы № 18 выкарыстоўваюць па-рознаму: арганізоўваюцца заняткі з дзецьмі па маляванні, майстар-класы, творчыя вечарыны. Мастакі падчас майстар-класаў навучаюць і  дарослых: тыя спрабуюць сілы ў акварэлі, вышыванні, бісерапляценні, выцінанцы. Майстар-класы давалі Валянціна Слютчанка, майстры клуба вышывання «Сузор’е».

Так кніжніца гуртуе ўсіх неабыякавых да мастацтва. А выстаўка «Фантазіі адзінокага рамантыка» стала незабыўнай. Кніжніца чарговы раз арганізавала сустрэчу са шматграннай творчай асобай: Валерый Сямёнаў дэманструе музычны талент, піша карціны, вершы. Думаецца, яго паэтычны твор «Птушка пералётная» — і пра кнігу, шлях да якой у бібліятэцы № 18 пракладае мастацтва:

А надо ли нового края

Птице домашней моей,

А надо ли нового «рая» —

Остающейся — ей?

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.