Вы тут

Мадэль агенцтва «Тамара» Аляксандра Святоха: Цела — наш другі твар


Свет моды — рознабаковы і таямнічы. З вокладак часопісаў, подыумаў і рэкламных ролікаў на нас глядзяць прыгожыя дзяўчаты і юнакі з яркай або нестандартнай знешнасцю. Іх задача — прыцягнуць увагу мэтавай аўдыторыі або сфарміраваць прыемныя асацыяцыі з брэндам. А што ж на самай справе крыецца за гэтымі натхняльнымі кадрамі? Жаданне мадэлі працаваць над сабой, вучыцца і ўдасканальвацца. Арыгінальнае бачанне і ўменне фатографа карыстацца камерай. Майстэрскае валоданне сваёй справай візажыстаў, цырульнікаў і стылістаў. А на чале — мадэльнае агенцтва, якое каардынуе дзеянні паміж усімі неад'емнымі складнікамі гэтага займальнага, але такога працаёмкага працэсу.

Бліжэй пазнаёміцца з адной з крыніц прыгажосці і прафесіяналізму, акунуцца ў спецыфіку мадэльнай дзейнасці нам дапаможа Аляксандра Святоха — дзяўчына, якая ўжо больш за два гады адданая любімай справе.


— Вельмі ганаруся тым, што я — мадэль аднаго з найбуйнейшых і паспяховых у мадэльным бізнесе Беларусі агенцтваў. Захапляюся нашым дырэктарам — Тамарай Ганчаровай, якая з'яўляецца для мяне прыкладам для пераймання, узорам таленту і працавітасці. Нельга без захаплення назіраць за тым, як на рэпетыцыях перад паказамі яна заўсёды з бляскам у вачах асабіста дэманструе паходку, рухі і позы, якія мы павінны запомніць. Гэта матывуе і дапамагае настроіцца на пазітыўны лад, — не без усмешкі дзеліцца ўражаннямі Аляксандра.

Мадэлі агенцтва «Тамара» рэгулярна становяцца тварамі беларускіх марак, упрыгожваюць вокладкі часопісаў, удзельнічаюць у мерапрыемствах і паказах.

— Я заўсёды прымаю прапановы аб рабоце, якія паступаюць ад агенцтва. Гэта могуць быць фотасесіі, здымкі, паказы рознага ўзроўню, з дапамогай якіх многія айчынныя дызайнеры імкнуцца расказаць аб сваіх калекцыях, — тлумачыць Саша. — Самы важны паказ года — гэта BFW (Беларускі тыдзень моды). Я рада, што мне выдалася магчымасць стаць часткай мерапрыемства такога ўзроўню.

Каб трапіць на Тыдзень моды, мадэль павінна прайсці строгі кастынг: выклікаць прыемнае ўражанне ў дызайнера, які адбірае аблічча для сваёй калекцыі. І ў гэтым выпадку адной паходкі будзе недастаткова. На праглядзе трэба прадэманстраваць абаянне і харызму, раскрыць, у прамым сэнсе, свае найлепшыя бакі — папазіраваць. Без правільна падабраных поз нельга абысціся і на здымках. Усмешка вачыма, вобразы і ўспышкі камер — неад'емныя часткі працоўных будняў мадэлі.

— Нядаўна я прымала ўдзел у здымках праграмы «Дзень у вялікім горадзе» для тэлебачання, якая праходзіла ў дызайнерскай краме, — успамінае дзяўчына. — Над вобразамі працавала Таццяна Кейзерава — стыліст, заснавальніца і галоўны рэдактар анлайн-часопіса. Працаваць з ёй было адно задавальненне.

Дызайнерскія ўборы і брэндавы абутак — мара любога, хто імкнецца сачыць за модай і не ўпускаць навінак сезона. Але ці з'яўляецца модай толькі тое, што мы бачым на паказах або ў глянцавых часопісах? І што на сённяшні дзень больш выйгрышна: быць стыльным або модным? Гэтымі пытаннямі хоць бы раз у сваім жыцці задаваўся кожны з нас. Прытрымлівацца моды — гэта пераймаць тое, што мы бачым у фільмах, кліпах, часопісах. А апранацца стыльна — значыць, выкарыстоўваючы трэнд, выходзіць за яго рамкі, пазначаючы і робячы галоўнымі свае індывідуальнасць і імідж. Адным словам, сёння модна быць стыльным.

— Безумоўна, усё, што мы бачым у часопісах, па тэлевізары і на паказах, — актуальна і часткова стыльна. Але большасць маладых людзей глядзяць на мадэляў, якія прадстаўляюць моднае, дызайнерскае адзенне, і думаюць, што, падабраўшы падобны вобраз для сябе, будуць выглядаць таксама стыльна. Але, на жаль, так выходзіць не заўсёды. Не варта апранаць рэчы без разбору, у надзеі ўлавіць модныя веянні. Трэба ўмець адчуваць меру і мець густ. Бо кожны з нас індывідуальны, і што выдатна сядзіць на вас, можа выглядаць зусім недарэчна на іншым чалавеку. Хоць мне і самой часам хочацца надзець на сябе што-небудзь з серыі «прама з подыума» і прайсціся па горадзе. Але потым успамінаю, што я не на паказе! — са смехам кажа Саша.

Аляк­санд­ра з Та­ма­рай Ган­ча­ро­вай.

Некаторым здаецца, што работа мадэлі заключаецца толькі ў пазіраванні перад камерай і шпацырах у прыгожых строях на подыумах. Насамрэч не ўсё так проста. Самае цяжкае ў такім занятку — гэта змена вобразаў паміж мерапрыемствамі. Перад дэфіле або здымкамі мадэлям даводзіцца па некалькі гадзін сядзець на адным месцы, пакуль над імі працуюць стылісты і візажысты. Кастынгі могуць праводзіцца ў адзін дзень у розных пунктах горада, размешчаных на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, і ўсюды трэба паспець. А часам даводзіцца здымацца ў экстрэмальных умовах, напрыклад у футры ў 30-градусную спёку або ў купальніку на снезе. Так што праца мадэлі — не заўсёды адна суцэльная весялосць.

Мадэлям, у тым ліку і plus-sіze, трэба заўсёды трымаць сябе ў добрай форме. Калі агенцтва наймае іх, у кантракце, як правіла, прапісваецца, што дзяўчаты і юнакі павінны прытрымлівацца сваіх цяперашніх параметраў. А для гэтага прыходзіцца трэніравацца і правільна харчавацца на рэгулярнай аснове, падтрымліваць здароўе скуры і прыгажосць валасоў. Таму маладыя людзі імкнуцца есці здаровую ежу і не забываць аб фізічных нагрузках. Гэта важна не толькі таму, што правільнае харчаванне дапамагае захаваць добрую фігуру, але і таму, што збалансаваны рацыён — залог добрага самаадчування. Без гэтага пры такім актыўным рытме жыцця проста ніяк. Хоць, вядома, часам парадаваць сябе прысмакамі можна.

— На мой погляд, самае складанае для многіх маладых людзей у гэтай рабоце — трымаць сябе ў тонусе і не даваць слабіны. Цела — наш другі твар. Часам даводзіцца дэманстраваць рэчы, якія падкрэсліваюць постаць. І калі мадэль любіць сваё цела і клапоціцца аб ім, то вобраз будзе выглядаць элегантна і вытанчана, — расказвае Аляксандра. — Я вось, напрыклад, да сваёй скуры стаўлюся вельмі адказна і педантычна. Старанна сачыць за ёй і падбіраць спецыяльны догляд — для мяне гэта як асобны від мастацтва. У ім няма крэмаў, а толькі гігіена. Усе мае сябры і знаёмыя ведаюць, што я не дазваляю дакранацца да твару рукамі. Мне вельмі не падабаецца, што некаторыя ўспрымаюць гэта як жарт і імкнуцца хоць бы пальцам правесці па ім. Я адразу ж бягу яго мыць! Мяне работа мадэлі не прыгнечвае, нягледзячы на дыеты, догляд за скурай і валасамі. Бо гэта адно задавальненне!

Яшчэ адным важным аспектам з'яўляецца псіхалагічная ўстойлівасць. Гэты бізнес — досыць спецыфічнае асяроддзе з канкурэнцыяй, стрэсамі і перажываннямі.

— Але міф пра варожасць і нядобразычлівасць у мадэльнай сферы даўно перастаў быць актуальны. Насамрэч мадэлі часта сябруюць, дзеляцца вопытам, інфармацыяй аб агенцтвах, дапамагаюць пачаткоўцам хутчэй асвоіцца ў прафесійным плане. На жаль, шалёны рытм жыцця звязаны з пастаянным стрэсам, і ён таксама з'яўляецца часткай паўсядзённай рэчаіснасці мадэлі. Але не варта забываць, што добры настрой, свежы выгляд дакладна перашкодзяць стрэсу захапіць вас у свой палон. Касметыка, СПА-салоны, фітнес — гэта добра, але здаровы сон, прагулкі на свежым паветры ніхто не адмяняў! Залог псіхалагічнага дабрабыту і спадарожнага яму поспеху, як банальна бы гэта ні гучала, — любіць тое, што робіце, і рабіць тое, што любіце. Я заўсёды іду на паказы з добрым настроем. Мне часам здаецца, што няма нічога і нікога, хто змог бы сапсаваць мне яго напярэдадні мерапрыемства! Тыя моманты перад выхадам на подыум хочацца перажываць зноў і зноў, — расказвае мадэль.

Высокага росту і адпаведных параметраў у гэтай сферы бывае недастаткова. Для работы мадэлям часта патрабуюцца выдатныя камунікатыўныя навыкі, абаянне, уменне пераконваць і здольнасць выразна адказваць на пастаўленыя пытанні. Плюсам таксама становіцца веданне замежных моў.

— Дзяўчаты, якія хочуць паспрабаваць сябе ў мадэльным бізнесе, калі ласка, вучыце іх. І нічога не бойцеся! Калі хочаце стаць мадэллю, дык імкніцеся да пастаўленай мэты і не адступайцеся ад сваёй мары пасля першай жа адмовы. А калі вы ўжо працуеце ў мадэльным бізнесе, то не хвалюйцеся і тым больш не ўспрымайце блізка да сэрца, калі работадавец адхіліў вашу кандыдатуру. Бо, каб падабраць падыходзячую мадэль, звяртаецца ўвага на спецыфічныя асаблівасці прадукцыі і густавыя перавагі мэтавай аўдыторыі — спажыўцоў гэтага тавару. Напрыклад, адбіраючы людзей для прэзентацыі актыватара для росту валасоў, не запросяць мадэль з кароткай стрыжкай, а для рэкламы аўтазагару — дзяўчат ці юнакоў са светлай скурай. Заставайцеся цярплівымі і ўпэўненымі ў сабе. У вас усё абавязкова атрымаецца!

Надзея Бобрык, студэнтка ІІІ курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ

Фота з архіва гераіні

Загаловак у газеце: Мода быць стыльным, ці любіць тое, што робіш, і рабіць тое, што любіш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?