Вы тут

Усё пра стыпендыі, гранты і меры сацыяльнай абароны для маладых талентаў


У першым паўгоддзі бягучага года банк даных адоранай моладзі папоўніўся інфармацыяй аб 639 грамадзянах. У яго ўключаюцца звесткі аб асобах, заахвочаных спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцах міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і турніраў. На сённяшні дзень банк змяшчае звесткі пра 6180 чалавек: сярод іх 428 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 43 — устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, чатыры навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 1371 студэнт устаноў вышэйшай адукацыі, 108 магістрантаў і 236 аспірантаў.


Шлях у навуку

— У Беларусі створана эфектыўная сістэма падтрымкі адораных маладых людзей, — падкрэслівае начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. — Важным яе элементам з'яўляецца спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, дзякуючы якому тысячы чалавек атрымліваюць прызнанне сваіх дасягненняў на самым высокім дзяржаўным узроўні, што з'яўляецца добрым стымулам для далейшага развіцця іх інтэлектуальнага патэнцыялу.

За 24,5 года (у перыяд з 1996 года да ліпеня 2020 года) фонд прыняў рашэнні аб заахвочванні 38 716 навучэнцаў і студэнтаў, 3848 педагагічных і навуковых работнікаў, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцяў таленавітай моладзі.

Стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя 7003 студэнтам і курсантам, якія вучацца на 9—10 балаў і актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай дзейнасці ўстановы вышэйшай адукацыі.

Лаўрэатамі фонду за час яго дзейнасці сталі 1230 навучэнцаў, якія перамаглі ў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах, з іх 402 студэнты і 828 навучэнцаў.

Штогод спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў аказваецца фінансавая падтрымка студэнцкім навукова-даследчым лабараторыям. За час яго дзейнасці 124 навуковыя лабараторыі змаглі абнавіць сваю навучальную і вытворчую базу, даследаваць і ўкараніць у практычнае выкарыстанне шэраг перадавых методык і распрацовак.

З мэтай актывізацыі навукова-даследчай работы штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. У апошнім прынялі ўдзел студэнты і выпускнікі 54 устаноў вышэйшай адукацыі і іх філіялаў. Усяго на рэспубліканскім этапе былі прадстаўлены 3904 работы.

Удзельнікі конкурсу маюць 6200 актаў укаранення, з іх 1756 актаў укаранення ў вытворчасць; 62 дакументы па ахове інтэлектуальнай уласнасці (патэнты, рацыяналізатарскія прапановы, заяўкі на выдачу патэнта).

Штогод Міністэрства адукацыі праводзіць конкурс на атрыманне грантаў для выканання навукова-даследчых работ дактарантамі, аспірантамі, саіскальнікамі і студэнтамі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, каб стымуляваць таленавітых маладых навукоўцаў.

Унікальныя магчымасці

Зараз у працэсе стварэння знаходзіцца Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Гэта якасна новая ўстанова адукацыі, скіраваная на выхаванне нацыянальнай інтэлектуальнай эліты. Яго галоўная мэта — рэалізацыя адукацыйных праграм, праграм дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі, накіраваных на выяўленне і развіццё ў навучэнцаў здольнасцяў да навукова-даследчай работы, вынаходніцтва і рацыяналізатарства. Для адораных навучэнцаў у адным месцы будуць створаны ўмовы для вучобы, атрымання тэхнічных інавацыйных навыкаў, пражывання і спартыўна-культурнага адпачынку.

Як мяркуецца, штогод у дзіцячым тэхнапарку будзе вучыцца каля дзвюх тысяч найбольш адораных школьнікаў. Галоўныя кірункі — аэракасмічныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камп'ютарныя тэхналогіі, лазерная тэхніка і тэхналогіі, біятэхналогіі, робататэхніка, «зялёная» хімія, нанатэхналогіі, энергетыка, машыны і рухавікі, інжынерная экалогія, архітэктурны і прамысловы дызайн.

Праграма для адораных дзяцей арыентавана на навучэнцаў 6—11 класаў, якіх будуць адбіраць па крытэрыях, устаноўленых Міністэрствам адукацыі. Адукацыйную праграму збіраюцца рэалізоўваць праз праектную дзейнасць, якая носіць міждысцыплінарны характар, з акцэнтам на практычны складнік. Па прыкладзе расійскага адукацыйнага цэнтра «Сірыус» у Сочы.

Навучанне ў тэхнапарку будзе праходзіць у групах ад 7 да 10 чалавек. Змена будзе доўжыцца ад 21 да 24 дзён з наступнай самастойнай работай навучэнцаў і яе суправаджэннем выкладчыкамі тэхнапарка з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій. У завочнай форме тэрмін навучання складае тры месяцы. Акрамя гэтага, у Дзіцячым тэхнапарку будуць арганізаваны кароткатэрміновыя азнаямленчыя праграмы, у тым ліку для дзяцей з рэгіёнаў.

Тэхнапарк уключае тры аб'екты: вучэбна-лабараторны корпус, інтэрнат і школу. Усе яны размесцяцца ў Першамайскім раёне сталіцы, на тэрыторыі паміж 15-м корпусам БНТУ і жылым комплексам «Магістр». Школа на 750 месцаў зможа абслугоўваць як дзяцей Першамайскага раёна, так і навучэнцаў тэхнапарка. Аб'ект ужо будуецца...

Мяркуецца, што ўжо ў студзені 2021 года ў эксперыментальным рэжыме пачнуць работу тры групы. Каардынатарам дзейнасці цэнтра выступае Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай творчасці дзяцей і моладзі.

Важныя пазіцыі

— Падтрымка талентаў дзяржавай — найважнейшая тэма. Таму мы заўсёды задаём сабе пытанне, а ці ўсё было зроблена для таго, каб талент, дадзены маладому чалавеку Богам, рэалізаваўся? — падкрэслівае старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына ДУЛАВА. — Больш нідзе, акрамя мастацтва, няма такога працяглага прафесійнага станаўлення, таму што дзеці распачынаюць свой шлях у 4—5 гадоў. Для мяне вельмі важна ў гутарках з моладдзю звяртаць іх увагу на наступныя важныя пазіцыі. Па-першае, у Беларусі выбудавана стройная сістэма конкурсаў, фестываляў і іншых мерапрыемстваў, якія выхоўваюць і фарміруюць творчую асобу, даюць ёй магчымасць раскрыцца.

Па-другое, гэта меры сацыяльнай падтрымкі. Я часта ўдзельнічаю ў міжнародных форумах рэктараў творчых ВНУ і ведаю, якія пытанні стаяць на парадку дня ў іншых краінах: і з працаўладкаваннем маладых спецыялістаў, і з магчымасцю раскрыцця талентаў, і з грантавай падтрымкай. Пытанні для нас нечаканыя, бо мы ўсё гэта ўжо даўно маем. Пагадзіцеся, што магчымасць паступлення лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі на творчыя спецыяльнасці ў ВНУ без экзаменаў — вельмі сур'ёзная пазіцыя, бо гэта важны крок да атрымання прафесіі. Далей маладыя людзі, уключаныя ў банкі адоранай і таленавітай моладзі, маюць права на пазачарговае месца ў студэнцкім інтэрнаце, перашачарговае размеркаванне пасля заканчэння вучобы.

А чаму мы саромеемся казаць пра меры фінансавай падтрымкі? Сумы ж, якія выдзяляюцца на гэтыя мэты, вельмі сур'ёзныя. Прэзідэнцкую стыпендыю можна параўнаць з заработнай платай. Акрамя заахвочвальных прэмій і стыпендый за перамогі ў конкурсах існуюць яшчэ і гранты. Гэта цікавая форма атрымання сродкаў для рэалізацыі творчых ідэй. На мой погляд, за грантамі будучыня, таму што гэты спосаб дазваляе чалавеку ў поўнай меры раскрыцца і сфармуляваць свае мэты яшчэ на стадыі фарміравання заўякі. Акрамя таго, гэта магчымасць падтрымкі вялікіх праектаў. Так, за кошт гранту спецыяльнага фонду Прэзідэнта праводзіліся такія маштабныя праекты, накіраваныя на рэалізацыю творчых маладзёжных ініцыятыў, як «Талент краіны», «Дакрананне», «Музычная спадчына Радзімы» і іншыя.

Яшчэ адна форма сацыяльнай абароны — устанаўленне надбаўкі да тарыфнай стаўкі (акладу) маладым спецыялістам з вышэйшай адукацыяй, уключаным у банкі даных адоранай і таленавітай моладзі ў перыяд навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі і прынятым на работу ў бюджэтныя арганізацыі. Таксама лаўрэаты фонду маюць права на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылога памяшкання.

За ўвесь час існавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, заахвочванні атрымалі 4254 чалавекі і 319 калектываў. А самую вышэйшую ўзнагароду — гранд-прэмію — атрымалі 417 саіскальнікаў і 57 калектываў. Міністэрства культуры вядзе банк даных таленавітай моладзі. На сёння ў яго ўнесены звесткі пра 672 чалавекі і 233 калектывы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фо­та з сай­та тэ­ле­ка­на­ла АНТ

Загаловак у газеце: Знайсці і падтрымаць

Выбар рэдакцыі

Культура

Як нейрасеткі ўплываюць на кнігавыданне

Як нейрасеткі ўплываюць на кнігавыданне

Бягучы год багаты на сенсацыйныя навіны аб дасягненнях штучнага інтэлекту.

Культура

Алена Спірыдовіч: «У жыцці галоўнае — паспець скарыстацца часам»

Алена Спірыдовіч: «У жыцці галоўнае — паспець скарыстацца часам»

Пра тое, чым вызначаецца якасць праекта на тэлебачанні, ці магчыма пераняць сакрэт чужога поспеху і як не выгарэць у няспынным руху.

У свеце

Чаму палякі коцяцца ў галечу?

Чаму палякі коцяцца ў галечу?

Прывід цяжкіх 90-х.