Вы тут

Чаму Латвія страчвае жыхароў?


За дзесяць месяцаў гэтага года ў Латвіі зарэгістравана 14 878 нованароджаных, што на 5,8 працэнта — на 916 немаўлят, менш, чым за адпаведны перыяд летась. Аб гэтым сведчаць даныя Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення. У мінулым месяцы зарэгістравана ўсяго 1375 нованароджаных, што амаль на 12 працэнтаў менш, чым у кастрычніку 2019-га, паведаміў mіxnews.lv.

Як заявіў у эфіры Latvіjas Radіo дэмограф Ілмар Межс, сёлета Латвію чакае антырэкорд нараджальнасці. Пры высокай смяротнасці гэта азначае адно — колькасць насельніцтва прыбалтыйскай дзяржавы працягвае імкліва змяншацца. Чаму Латвія губляе жыхароў?


Трывожныя трэнды

Усяго за гады незалежнасці Латвія страціла траціну жыхароў — з 2,7 мільёна чалавек у рэспубліцы засталося 1,9 мільёна. Краіна ўваходзіць у дзясятку дзяржаў свету па тэмпах змяншэння насельніцтва, займае па гэтым паказчыку другое месца ў Еўрасаюзе, адзначае іz.ru.

Адметна, што да атрымання незалежнасці колькасць жыхароў няўхільна павялічвалася. Натуральны прырост назіраўся нават у першыя гады пасля Другой сусветнай вайны. Рэкордным ён стаў у 1961-м, антырэкордным — у 1994-м. На савецкі перыяд прыпадае і шлюбны пік. Больш за ўсё вяселляў згулялі ў 1978 годзе, менш за ўсё — у 1992-м.

Заканамернае наступства дэпапуляцыі — дэўрбанізацыя. У траціне латвійскіх населеных пунктаў колькасць жыхароў не перавышае 50 чалавек. У снежні 2019 года з-за скарачэння пасажырапатоку Латвійская чыгунка закрыла восем чыгуначных станцый. «Прыпынкі больш не патрэбныя. Людзей няма, краіна вымірае. «Балтыйскі леў»... Поспех», — сумна іранізаваў дэпутат рыжскага самакіравання Ігар Кузьмук.

Хутчэй за ўсё колькасць насельніцтва скарачаецца на ўсходзе Латвіі — у рэгіёне Латгалія. Расце толькі ў Прырыжскім рэгіёне. Дэмографы тлумачаць гэта тым, што менавіта сюды пераязджаюць маладыя жыхары Рыгі, якія не могуць дазволіць сабе куплю кватэры ў латвійскай сталіцы.

Адна з прычын крызісу — старэнне насельніцтва. «Патэнцыйныя бацькі не з'явіліся на свет у 1990-я. Але нават калі б з'явіліся, то цуду ўсё роўна б не здарылася. Латвійцы не гатовыя да афрыканскага ўзроўню нараджальнасці, не гатовыя нараджаць па 4—5 дзяцей», — кажа дэмограф Ілмар Межс.

Паводле даных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Латвіі, сярэдні ўзрост жыхароў рэспублікі няўхільна расце. «Хочам мы гэтага ці не хочам, але жыццё такое, што мы старэем. Сярэдні ўзрост у Латвіі павялічыўся, мы паступова становімся больш сталымі. Напрыклад, у 2000-м сярэдні ўзрост складаў 38,3 года, цяпер — 42,7 года. У 2030-м амаль палова жыхароў будзе старэйшая за 50 гадоў, а колькасць працуючых скароціцца на 20 працэнтаў», — заўважыла прафесар Латвійскага ўніверсітэта Зайга Крыш'янэ.

Характэрная прыкмета сучаснай Латвіі — пераабсталяванне навучальных устаноў у дамы састарэлых. Напрыклад, у 2016 годзе адпаведным чынам змянілася прызначэнне школы ў пасёлку Дзервэ — да таго моманту ў малодшых класах тут заставалася пяць дзяцей. У Яўнгулбенскай воласці перапрафілявалі не толькі школу, але і прафесійнае вучылішча. Калі дзяцей у навучальных установах не хапае, то пажылыя людзі для таго, каб патрапіць у пансіянат, доўга стаяць у чарзе, некаторых адпраўляюць у суседнія самакіраванні.

Яшчэ адна прычына крызісу — масавая міграцыя. Пасля ўступлення Латвіі ў Еўрасаюз у 2004 годзе з краіны выехалі 360 тысяч чалавек, гэта значыць кожны пяты жыхар, паведаміла іz.ru. Часцей за ўсё грамадзяне пераязджаюць у багатыя еўрапейскія дзяржавы, дзе вышэйшыя заробкі і лепшая сацыяльная абарона. Пры гэтым мігруюць у асноўным маладыя людзі рэпрадуктыўнага ўзросту.

«Моладзь змяншаецца хутчэй, чым насельніцтва ў цэлым. Калі ў 2009 годзе доля моладзі складала 11 працэнтаў, то цяпер — 6,4 працэнта насельніцтва Латвіі. Гэта другі самы нізкі паказчык у ЕС», — адзначыла намеснік дырэктара дэпартамента сацыяльнай статыстыкі ЦСУ Байба Зукула.

Поўныя сем'і становяцца рэдкасцю. Паводле даных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення Латвіі, цяпер самы распаўсюджаны тып сям'і ў краіне — з адным з бацькоў, другі — пары без дзяцей. На пачатак 2020 года ў краіне налічвалася 508,7 тысячы сем'яў. Гэта на 13 працэнтаў, або на 79 тысяч менш, чым у 2011-м. Вяселляў становіцца ўсё менш — за дзесяць месяцаў гэтага года ў Латвіі зарэгістравана 9578 шлюбаў, што на 16,4 працэнта — на 1875 шлюбаў — менш, чым за адпаведны перыяд летась.

Менш, чым насельніцтва Рыгі

Брытанскі навуковы часопіс The Lancet піша, што ў Латвіі да 2100 года застанецца 430 тысяч жыхароў. У сталіцы гэтай балтыйскай краіны цяпер налічваецца каля 693 тысяч жыхароў. Такім чынам, уся Латвія стане меншая, чым Рыга, дае песімістычны прагноз штотыднёвік Dіenas Bіzness, змясціўшы адпаведную назву артыкула на вокладку друкаванага выдання. І гэта не проста гучная назва, а новая рэальнасць. Бо за апошнія 27 гадоў, гэта значыць фактычна з моманту здабыцця рэспублікай незалежнасці, насельніцтва краіны скарацілася амаль на 800 тысяч. Для параўнання: амаль столькі ж Латвія страціла за гады Першай сусветнай вайны.

Былы старшыня Савета па супрацоўніцтве малых і сярэдніх прадпрыемстваў Андрыс Ласманіс справядліва задаецца пытаннем: «Калі страты чалавечага рэсурсу дзяржавы такія ж, як і ў гады вайны, але вайны не было, то паўстае пытанне: чаму гэта адбываецца?» Ласманіс заўважае, што на змяншэнне колькасці насельніцтва ўплывае чалавечы фактар: старасць і смяротнасць, пры гэтым узровень нараджальнасці таксама катастрафічна нізкі. Ён робіць такую выснову: усё, што адбываецца — вынік палітыкі, якая праводзіцца дзяржавай. З-за гэтага Латвія аказваецца адным з лідараў па адтоку насельніцтва з паказчыкам у 18,2 працэнта.

Як заўважыла галоўны рэдактар Dіenas Bіzness Аніта Кантанэ, дэмаграфічная сітуацыя ў Латвіі — гэта не «сённяшняя праблема». «Аднак яна можа стаць заўтрашняй, бо негатыўная крывая колькасці жыхароў бачная ўжо сёння, і гэта на эканоміцы адбіваецца ўжо сёння, калі аднаму працуючаму трэба зарабляць сродкі для ўсё большай колькасці тых, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Рэспектабельны The Lancet нам «на падносе» падаў сітуацыю будучага, якую магчыма прадухіліць», — лічыць Аніта Кантанэ.

Аўтар Dіenas Bіzness Яніс Шкупеліс перакананы: адзіны шанц — гэта павышэнне нараджальнасці, інакш у Латвіі неўзабаве застануцца адны старыя. Насельніцтва скароціцца з натуральных прычын. «Дзеці — адзіная крыніца багацця будучага грамадства», — заўважыў Яніс Шкупеліс.

Сям'я пад ударам

Латвіі патрэбен свой асобны міністр па справах дзяцей і сям'і, паколькі цяпер адпаведныя пытанні не з'яўляюцца прыярытэтнымі ні для аднаго ведамства. Як вынік, дзяржпадтрымка бацькоў з дзецьмі недастатковая, неабходныя паслугі (напрыклад, дзіцячыя садкі) далёка не заўсёды даступныя, а Міністэрства фінансаў прапануе рэформы, якія выгадныя бяздзетным, але нявыгадныя сем'ям з дзецьмі, лічыць дэмограф Ілмар Межс.

«У ЕС ёсць краіны, якія падтрымліваюць сем'і на дастатковым узроўні: Скандынавія, Ірландыя, Францыя, Данія, Нідэрланды, Люксембург, Бельгія і Эстонія. І ёсць рэгіёны, якія вельмі скупыя ў дачыненні да сваіх сем'яў з дзецьмі. Гэта Міжземнамор'е, Усходняя Еўропа і Латвія. Латвія — адна з апошніх па бюджэтнай падтрымцы сем'яў з дзецьмі ва ўсім Еўрасаюзе. І гэта адбіваецца на нашым вартым жалю дэмаграфічным балансе. Колькасць нованароджаных на вельмі нізкім узроўні. Сёлета ў нас, напэўна, будзе антырэкорд па колькасці нованароджаных за апошнія гадоў сто — фактычна за ўвесь час, што вядзецца іх падлік», — паведаміў Ілмар Межс.

Адказваючы на пытанне, як ён ацэньвае рэформу сямейных дапамог, пра якую абвясціў прэм'ер-міністр Крыш'яніс Карыньш (з 2022-га на адно дзіця яна павінна вырасці да 25 еўра ў месяц, за двух — да 100, на трох — да 225, за чатырох — да 100 за кожнае дзіця), эксперт заўважыў, што гэта насамрэч ніякая не рэформа, а проста невялікае, але сапраўды неабходнае паляпшэнне даволі запушчанай дзяржавай сферы.

«Але трэба разумець, што ёсць абставіны, з якімі мы ўжо нічога не можам зрабіць. У прыватнасці, у нас моцна памяншаецца колькасць патэнцыйных бацькоў, будучых маці. Таму што агульная колькасць тых, хто нарадзіўся ў 1990-я ўдвая меншая, чым тых, хто нарадзіўся ў 1980-х. Таму нават пры нейкіх паляпшэннях (у сферы сямейнай палітыкі) мы не можам разлічваць на ўсплёск нараджальнасці. Мы можам толькі спадзявацца, што спад на нейкі час спыніцца», — адзначыў дэмограф.

Ды і не факт, што агучаныя Карыньшам памеры дапамог стануць рэальнасцю. «Аб дэмаграфіі шмат сказана, шмат дакументаў напісана, але ў краіне ёсць адзін самы галоўны дакумент палітыкі — гэта бюджэт. І калі сямейная палітыка не пацвярджаецца ўкладаннямі ў бюджэце-2021, усё сказанае на гэтую тэму застаецца балбатнёй», — канстатаваў Ілмар Межс.

Абвешчаныя (але пакуль не рэалізаваныя) змены патрэбныя ў абавязковым парадку, але іх зусім недастаткова для таго, каб латвійскія сем'і з дзецьмі атрымалі прымальны ўзровень камфорту, падкрэсліў эксперт. Паводле яго слоў, сямейная палітыка не павінна абмяжоўвацца толькі дапамогамі, паколькі вельмі вялікую ролю адыграюць іншыя паслугі — у прыватнасці, даступнасць дзіцячых садкоў.

«Я ніяк не магу зразумець, чаму папярэдняя Рыжская дума за 10 гадоў не змагла вырашыць гэтую праблему ці хоць бы паменшыць чэргі ў дзіцячыя садкі. Цяпер, калі дзіця нарадзілася ўчора, ужо сёння трэба бегчы запісваць яго ў чаргу, і тады, можа быць, гады праз тры яму знойдзецца месца. А часцей за ўсё — асабліва ў латышскіх дзіцячых садках — яно вызваляецца, калі дзіцяці ўжо чатыры гады. І што рабіць маці або бацьку, калі яны ўжо, здаецца, павінны вярнуцца на работу, каб пракарміць сям'ю, а дзіця пакінуць няма дзе? Гэта бязвыхадная сітуацыя», — лічыць Ілмар Межс. Так, кажа ён, ёсць магчымасць адправіць дзіця ў прыватны садок і атрымаць сафінансаванне ад муніцыпалітэта, але нават з гэтай падтрымкай хутчэй за ўсё давядзецца даплачваць 100—150, а то і ўсе 200 еўра з уласнай кішэні, і далёка не кожная сям'я можа пацягнуць такія выдаткі.

«Самакіраванні — не нейкія княствы на астравах, непадуладныя дзяржаве. Тую ж самую Рыжскую думу ўрад павінен быў прымусіць выконваць закон. Напрыклад, у Швецыі, калі самакіраванне не спраўляецца і не можа даць месца ў дзіцячым садку, дзяржава можа заплаціць за дзіця, адабраўшы частку грошай з бюджэту муніцыпалітэта», — прывёў ён прыклад, як дзяржава можа матываваць самакіравання вырашаць падобныя пытанні. А акрамя дзіцячых садкоў ёсць яшчэ нявырашаныя пытанні даступнасці жылля, падатковай палітыкі і многае іншае.

Гарады-прывіды і «зніклыя» выпускнікі

З'язджаюць і тыя, хто мог бы працаўладкавацца ў Латвіі. Так, летась высветлілася, што толькі 13 працэнтаў выпускнікоў медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў выходзіць на работу. Яшчэ 40 працэнтаў працягвае вучобу ў рэзідэнтуры, а лёс 47 працэнтаў маладых спецыялістаў невядомы. Чыноўнікі дыпламатычна заявілі, што інфармацыя пра іх адсутнічае. Эксперты растлумачылі, што «зніклыя» выпускнікі з'ехалі за мяжу. Пры гэтым у самой Латвіі востра не хапае не толькі ўрачоў, але і медсясцёр.

Улады краіны ўсведамляюць праблему, але пераламаць сітуацыю не могуць. З 2018-га ў рэспубліцы дзейнічае праграма па вяртанні мігрантаў на радзіму. За тры гады ўгаварыць атрымалася 17 тысяч чалавек, але траціна з іх пасля вяртання з'ехала з Латвіі зноў. Сумняваюцца ў правільнасці свайго рашэння і тыя, хто застаецца ў краіне. «У Латвіі нізкія заробкі, а падаткі ў паўтара-два разы вышэйшыя, чым у Вялікабрытаніі. Ад цябе толькі патрабуюць і патрабуюць. Цэны ў крамах такія ж і нават вышэйшыя. Вось і думайце, якое тут вар'яцтва», — канстатавала рээмігрантка Івета Зілэ.

«Латвія вымірае без войнаў і катастроф. Так хутка не растваралася ніводная дзяржава свету. Цэлыя рэгіянальныя цэнтры ператвараюцца ў пустыя гарады-прывіды. Фактычна ў Латвіі застануцца толькі старыя людзі, жыццё якіх будзе, на жаль, няшчаснае», — заўважыў журналіст Яніс Шкупеліс.

Няўмольная статыстыка пацвярджае трывожную сітуацыю: сёлета за студзень—верасень у Латвіі колькасць памерлых на 8080 чалавек перавысіла колькасць немаўлят. У кастрычніку насельніцтва зменшылася яшчэ на 936 чалавек. Па звестках Сусветнага банка за 1990—2019 гады, дэмаграфічная сітуацыя ў гэтай дзяржаве аказалася найгоршай сярод усіх краін постсавецкай прасторы. Eurostat адносіць Латвію да краін з найвышэйшым скарачэннем колькасці насельніцтва і ўзроўнем смяротнасці. Доля латвійцаў сярод жыхароў Еўрасаюза складае 0,4 працэнта. Характэрна, што Латвія страчвае людзей хутчэй, чым іншыя краіны Балтыі.

Эксперты лічаць, што змяніць сітуацыю Рызе будзе вельмі складана. «Дэмаграфічная палітыка вельмі інертная. Меры па стымуляванні нараджальнасці ў Латвіі не даюць выніку. Праз 2-3 пакаленні паўстане пытанне аб тым, што няма каму падтрымліваць латвійскую дзяржаўнасць. Будзе банальна не хапаць людзей для функцыянавання дзяржорганаў», — адзначыў іz.ru прэзідэнт Расійскай асацыяцыі прыбалтыйскіх даследаванняў
Мікалай Мяжэвіч.

Каштоўнасць чалавечых сувязяў

«У сучасных абставінах незалежна ад палітычнай і эканамічнай кан'юнктуры, нягледзячы на бязлітасныя выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаюцца ўсе краіны свету, менавіта бліжэйшыя суседзі павінны захаваць каштоўнасць чалавечых сувязяў, эканамічных і гуманітарных кантактаў, — адзначаецца ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 102-й гадавіны абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі. — Беларусаў і латышоў спрадвеку аб'ядноўвалі брацкія, добрасуседскія адносіны, пазітыўны вопыт мірнага суіснавання многіх пакаленняў. Не дазволім гэта сапсаваць і разбурыць! Толькі разам, у згодзе і міры, мы здолеем пераадолець усе цяжкасці і нягоды».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Жалезнае братэрства. Як развіваецца супрацоўніцтва Беларусі і Кітая?

Жалезнае братэрства. Як развіваецца супрацоўніцтва Беларусі і Кітая?

29 гадоў таму былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж нашымі краінамі.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.