Вы тут

Барадулін скакаў па матрацах, а Караткевіч пляскаў у ладкі і рагатаў


Вячаслаў Рагойша. Дзесяць саг пра Караткевіча. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

Пісаць пра сябра, пісаць пра класіка? Сухія факты альбо эмацыянальныя ўспаміны?

Прафесар БДУ Вячаслаў Рагойша знаходзіць прымальны сінтэз.

Ён глядзіць на Уладзіміра Караткевіча вачыма і сябра, і навукоўца. Сустрэчы ў дзесяці сагах — менавіта так называюцца раздзелы, адпаведна з эпічнасцю персанажа. Вось самая першая сустрэча: 1963 год. Студэнт Рагойша бачыць пісьменніка: «Высокі, прыгожы, крыху, як нам падалося, сутулаваты, элегантна апрануты і, што нас асабліва ўразіла, — з рознакаляровымі вачыма».

Пазней ужо выкладчык Вячаслаў Рагойша палюбіў задаваць студэнтам пытанне: «Скажыце, з каго Іван Мележ у сваёй «Палескай хроніцы» мог запазычыць такую партрэтную дэталь для вобраза Васіля Дзятліка: вочы ў яго былі розныя, адно блакітнае, а другое рудое, як жалудок?»

Вядома, Мележ наўрад ці «спісваў» гэта з Караткевіча, але ж падабенства ў такой дзіўнай дэталі ўражвае!

А ў канцы мая 1966 года дзверы 341-га пакоя аспіранцкага інтэрната па вуліцы Кастрычніцкай, 2 расчыніліся, і малады Адам Мальдзіс прадставіў сябру Рагойшу высокага, стройнага чалавека ў белай вышыванай кашулі. Так пачалося сяброўства аўтара кнігі з Караткевічам.

Сага пра абарону дысертацыі Вячаслава Рагойшы па паэзіі Максіма Танка. Падтрымаць сябра прыйшоў Караткевіч, які яшчэ і замалёўваў убачанае. А пасля ўручыў наваспечанаму кандыдату навук уласнаручна намаляваны «Дыплём» — багіня Перамогі з запаленай паходняй сядзіць на спіне Льва, сімвала моцы і ўлады, і подпіс: «Светачу чалавецтва ад сяброў-падсвечнікаў»...

А вось у Сваткаўскай школе шаноўная літаратарская кампанія заначавала... у прасторнай спартыўнай зале, на звычайных спартыўных матрацах, матах, якія і падсцілалі пад сябе, якімі і накрываліся, і... кідаліся адзін у аднаго. Можаце ўявіць маладога Рыгора Барадуліна, які з рогатам скача на матрацах, што накрываюць Вячаслава Рагойшу, а Караткевіч назірае збоку і пляскае ў ладкі: «Ці ж не шчасце на такі канцэрт папасці?! Ці не геніяльна зведаць прытопу на самой спіне нашага прафесара? Гоп-гопа!.. Гоп-гопа!..»

А вось «вяселле веку» ў Ракаве — Вячаслаў Рагойша бярэ шлюб з Таццянай Кабржыцкай, сваёй калегай і дачкой знакамітага опернага спевака са Львова. Караткевіч тады ўпершыню прадставіў сябрам сваю будучую жонку Валянціну, якая так па-заліхвацку танцавала, што зламала абцас.

Праз дзясятак гадоў Рагойшы і Караткевічы пасяліліся ў суседніх пад'ездах дома на Карла Маркса, 36. Як вядома, у Караткевіча не было сваіх дзяцей, і кранальна чытаць, як любіў ён бавіцца з маленькімі Рагойшамі. «Аднойчы прыйшоў да нас, а я люляю на руках Пятрусіка. Тут жа намаляваў нас дваіх у выглядзе... коцікаў. І падпісаў: «Тата — кот Рагойша з малым кацяняткам — рагайшаняткам. Ул. Караткевіч».

Паступовае згасанне... Праблемы са здароўем... У канцы лютага 1984 года з дыягназам «цыроз печані, пячоначная кома» Караткевіча паклалі ў рэанімацыю Лечкамісіі. Рагойшы наведалі сябра, запрасілі ўлетку да сябе ў Ракаў. Гэта магло быць не проста гасцяванне... Да Рагойшаў мусілі прыехаць з Масквы знакамітыя сваякі — сям'я кінематаграфістаў Бадровых. Знаёмства з Караткевічам магло скончыцца стварэннем фільма па адным з ягоных шэдэўраў. Гаспадары планавалі, як найлепш правесці сустрэчу, чакалі толькі, калі Караткевіч вернецца з падарожжа па Прыпяці... Тое падарожжа стала апошнім. «На пахаванне Уладзіміра Караткевіча ў Мінск мы паехалі разам з Бадровымі. На ракаўскіх палетках наш Максім і яго равеснік Сяргей Бадроў-малодшы нарэзалі нажамі цэлы сноп жыта, перавязалі яго васільковым перавяслам, потым надламалі верхнюю частку снапа»... Сімвалічныя «каласы пад сярпом тваім» былі ўскладзены на магілу...

«20 лістапада 1739 года. Мілы мой хлопчык, ты заняты гісторыяй Рыма»

Ф. Д. С. Чэстэрфілд. Лісты да сына. Масква, «Рыпал-класік», 2019

І ў васямнаццатым стагоддзі далёка не кожны мог адправіць сваё дзіця ў адукацыйнае падарожжа па Італіі... Канешне, калі ты не багаты лорд, якім быў Чэстэрфілд.

У сусветную літаратуру лорд увайшоў выпадкова і пасмяротна. Пачалося з любоўнага скандалу. Ледзь не на спрэчку спакусіў у Гаазе бедную гувернантку Элізабет дзю Бушэ. Тая нарадзіла сына, якога Чэстэрфілд прызнаў сваім. Лорд забяспечыў бастарду Філіпу бліскучае выхаванне і ўсё жыццё пісаў павучальныя лісты. А потым жонка Філіпа прадала іх выдаўцам. Зборнік выклікаў шок... і стаў папулярным чытвом на стагоддзі. Хоць лісты доўгія, і, як на сённяшні густ, занадта маралізатарскія. Вальтэр высока цаніў гэтыя павучанні, а вось Дыкенс вывеў іх аўтара ў адным са сваіх раманаў як эгаістычнага і лжывага арыстакрата. Сёння з асаблівай асалодай чытаюцца радкі з экзотыкай свецкіх салонаў. «Ты ўступаеш у свет — беражыся ж людзей, што прапаноўваюць табе сваё сяброўства. Будзь з імі вельмі пачцівы, але разам з тым вельмі недаверлівы; адказвай ім ветласцю, але толькі не шчырасцю. Не дазваляй самалюбству твайму і фанабэрыі спакушаць сябе думкаю, што людзі могуць стаць тваімі сябрамі з першага погляду ці пасля непрацяглага знаёмства. Сапраўднае сяброўства выспявае павольна і расцвітае толькі там, дзе людзі сапраўды даказалі яго адзін аднаму»...

І асобнае задавальненне — уявіць, як чыталі гэты зборнік вальнадумцы з сем'яў Радзівілаў, Агінскіх ці Сапегаў у Нясвіжы, Слоніме альбо Ружанах.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўлены кніжным магазінам «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?