Вы тут

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»


З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? Напэўна, для любога гарадскога жыхара гэта, сярод іншага, змена асартыменту на адкрытых прадуктовых рынках.


«Ядомыя» прыкметы зімы ў наш час — мандарыны, апельсіны, хурма, гранаты. І, вядома ж, саленні — «карэйскія салаты» (на якія ўзрастае попыт з надыходам халадоў) і нашы родныя «бочкавыя» салёныя агурочкі, чарамша, марынаваны часнок. Мы адправіліся на прадуктовыя рады сталічнага рынку «Лебядзіны», каб пагутарыць з прадаўцамі і даведацца пра цэны на «зімовы» асартымент.

Аранжавы настрой

Апельсіны — традыцыйная для айчыннага спажыўца «зімовая» садавіна. Цяпер якраз «апельсінавы» сезон там, дзе гэтыя цытрусы растуць, так што смела купляйце — іх долькі сапраўды будуць сакавітыя і смачныя. Апельсіны да нас прывозяць з Турцыі, Іспаніі, Егіпта, Марока, Паўднёвай Афрыкі, Кітая.

Дарэчы, нядаўна саспелі іспанскія апельсіны — там іх збіраюць з канца лістапада, і турэцкія — сезон пачынаецца з кастрычніка. Егіпецкія плады падвязуць крыху пазней — там «апельсінавы ўраджай» збіраюць з канца снежня. Усяго сартоў апельсінаў каля чатырох сотняў, але ў прамысловых маштабах вырошчваецца толькі некалькі дзясяткаў. Так што жыхары паўночных краін могуць пакаштаваць толькі невялікі «кавалачак» з усёй разнастайнасці. У краінах, дзе апельсіны растуць пад вокнамі, у ежу ўжываецца не толькі мякаць, але і лупіны — з іх гатуюць цукаты, мармелад і варэнне. У нас апельсінавая цэдра ўспрымаецца хіба што ў кантэксце глінтвейну. Цэны на апельсіны зараз — у сярэднім 4.50 рубля за кілаграм.

Мандарыны — яшчэ савецкі сімвал Новага года — ужо ў продажы: у асноўным турэцкія (салодкія), можна знайсці таксама абхазскія (кісла-салодкія, без костачак) і італьянскія — далікатныя, сакавітыя, амаль без плёнак і без костачак. Ідэальна, каб парадаваць дзетак. Яшчэ ёсць клемянціны — не блытаць з мандарынамі (хоць звычайна ўсё ж блытаюць). Гэта «помесь» мандарына з апельсінам-каральком. У іх больш шчыльная скурка, чым у мандарынаў, яны крыху больш складана чысцяцца. Афарбоўка цэдры ў клемянцінаў ярчэйшая, чым у мандарынаў. Цэны на мандарыны вар'іруюцца ад 4.50 да 6.50 за кілаграм. Італьянскія мандарыны на «Лебядзіным» прадаюць па 7.50 за кіло.

Лімоны — куды без іх у сезон вірусных захворванняў? Любімы народны рэцэпт — чай, лімон, мёд («і любую прастуду як рукой здыме») — мабыць, карыстаецца папулярнасцю: на маіх вачах дзяўчына купіла цэлы кілаграм. Звычайна лімоны купляюць па 1—2 штучкі (галоўнае — не забыцца!), але апошнім часам, кажа прадаўшчыца, бяруць адразу паўкілаграма-кілаграм, як апельсіны.

У гэтую пару года асноўны пастаўшчык лімонаў на нашы рынкі — Турцыя. Кошт за кілаграм — у сярэднім 4.50. Медыкі раяць выбіраць тыя, у якіх тоўстая лупіна: вітамін С, як вядома, вельмі няўстойлівы, і пад тоўстай «скурай» яго будзе больш. Хоць, як распавядаюць прадаўцы, нашы людзі аддаюць перавагу сакавітым лімонам з тоненькай цэдрай. Зялёныя грэйпфруты — таксама скарбніца вітаміну С плюс калію для ўмацавання сасудзістай сценкі — абыдуцца даражэй: па 10 рублёў за кг.

Хурма — яшчэ адзін зімовы фрукт. Наогул ён на аматара — не карыстаецца такой усенароднай любоўю, як мандарыны ці апельсіны. Але купляюць і яе досыць актыўна. На рынку хурма ўжо з кастрычніка — Бычынае сэрца, Какі, Каралёк мядовая. Цэны дэмакратычныя — ад чатырох рублёў за кілаграм. Іспанская хурма даражэйшая — 7.50 рубля за кіло. Затое яна не вяжа і без костачак.

Гранаты і бахча

Сезон гранатаў у разгары, так што і тут не памылішся — плады ў дзевяці выпадках з дзесяці будуць спелыя. Родам гранаты — тыя, што прадаюць на адкрытых радах на «Лебядзіным», — з Азербайджана. Колер лупіны залежыць ад сорта (а іх сотні), і пад бледна-ружовай «скурай» могуць хавацца «зярняткі» больш сакавітыя і салодкія, чым пад цёмнай. Выбіраць гранат трэба не па колеры скуркі.

— Недаспелы гранат можна адрозніць па паху, — тлумачыць прадаўшчыца. — І па вазе: саспелы гранат заўсёды цяжкі. А яшчэ па ім можна пастукаць, як па кавуне: гук павінен быць звонкі. Калі гук глухі, зерне ўнутры будзе кіслае. Асабіста я выбіраю так: прыгожы, бліскучы, круглы — дакладна няспелы. Лупіна павінна быць шурпатая, а сам гранат — як бы «рабрысты»: гэта спелыя зярняткі распіраюць яго знутры. І бярыце вялікія гранаты: чым меншы плод, тым драбнейшыя зярняткі.

Гранаты абыдуцца ў сярэднім па 6 рублёў за кг. А вось адносна танны вінаград з Малдовы, Арменіі і Азербайджана ўжо заканчваецца. Яшчэ пару тыдняў, і ён падаражэе. Пакуль яго кошт — ад 4 рублёў за кілаграм, у сярэднім па 5; кішміш прадаюць па 6 рублёў за кіло.

Заканчваюцца і дыні. Іх сезон хуткацечны, і тое, што на прылаўках, — ужо рэшткі. Пакуль мядовыя ўзбекскія «тарпеды» — па 3.50 за кілаграм.

Сезон кавуноў раней заканчваўся ў верасні, а ў нашы дні імі актыўна гандлююць і ў канцы лістапада. Праўда, і кавуны ўжо таксама апошнія. Іх прададуць вам па рубель 60 капеек за кілаграм: «Танней, чым на Камароўцы!», рэкламуе мне свой тавар прадавец.

— Нешта яны так сабе...

— Ну, так. Гэта ж рэшткі, — флегматычна згаджаецца дзядзечка і прапануе яшчэ трохі скінуць цану.

Кавуны ў асноўным вялікія, так што адзін «паласацік» будзе каштаваць 7-8-10 рублёў.

«Ягадка зноў» і дарагія памідоры

Ягадны сезон скончыўся даўно, але восеньскія ягады на «Лебядзіным» ёсць — не танна, але для здароўя, напэўна, не шкада. Прадаўцы кажуць, што людзі купляюць. Журавіны каштуюць 10 рублёў за кілаграм, садовыя буякі — ад 6 да 8 рублёў у залежнасці ад таварнага выгляду. Экзатычныя ягады фейхоа — ад 6 да 6.50 за кілаграм. Якраз цяпер на Каўказе збіраюць іх ураджай.

— Купляе хто-небудзь фейхоа?

— Хто ведае — купляе, — кажа дзяўчына за прылаўкам. — Варэнне можна варыць, а лепш — здрабніць і проста есці з цукрам. Ці з мёдам.

Акрамя высокага ўтрымання вітаміну С, фейхоа не саступае морапрадуктам па колькасці ёду. Так што для беларусаў гэтыя ягады выключна карысныя.

Памідоры і агуркі — ужо раскоша. Яшчэ можна знайсці па 4.50-4.90, але ў цэлым цэны кусаюцца. «Самыя смачныя жоўтыя таматы» — па 5.50. Буйныя цёмна-малінавыя азербайджанскія — тры штукі на кілаграм — па 10, крыху меншыя — па 7, далей — па 6 і па 5 рублёў за кіло («Вось гэтыя, дробненькія, па пяць — вельмі смачныя, праўду вам кажу!»). «Салодкія, ташкенцкія» — проста «залатыя»: аж па 30 рублёў за кілаграм (можна пахадзіць па рынку і знайсці за 25, калі ўжо вы такі гурман). Прыгожанькія пінскія агурочкі — даражэйшыя за заморскія ківі, па 6 рублёў за кілаграм. Што зробіш — не сезон. Затое рэпчатая цыбуля — кожнаму па кішэні, фіялетавая па паўтара рубля, жоўценькая — па 90 капеек за кіло. Часнок традыцыйна дарагі — амаль па 8 рублёў (дакладней, сем з капейкамі). Затое танны дайкон — па рублі за кілаграм (той, што буйнейшы, — па паўтара). Кітайскі караняплод, што выдатна прыжыўся ў беларускай зямлі, сёння ў модзе ў аматараў правільнага харчавання. Лічыцца, што ён умацоўвае імунітэт і падтрымлівае сэрца. Ядуць яго ў салатах — са смятанай або алеем. А яшчэ на «Лебядзіным» — вялікі выбар яблыкаў. Яблыкі нашы, беларускія, у асноўным брэсцкія (хоць ёсць і гродзенскія), па 3-3.50 рубля за кілаграм.

Салаты і марынады

Салаты-марынады на «Жданах» (як часам называюць мінчане рынак «Лебядзіны») прадстаўлены не вельмі шырока — за гэтымі ласункамі мінчане звычайна ідуць на Камароўку. Але і тут можна знайсці таго-сяго вострага і салёнага. Прадаўцы ахвотна прапаноўваюць пакаштаваць свае салаты, нават калі ты проста падышоў паглядзець. Метад працуе: неяк сорамна нічога не купіць, калі ты ўжо пакаштаваў і тое, і другое, і трэцяе.

Цэны такія: ужо амаль родная «карэйская морква» — па 5 рублёў за кілаграм (і вострая, і сярэдняй вастрыні). Марынаваны кальмар з той жа морквай — па 4.50 за 100 г, чарамша — 2.50 за 100 г, салёныя агурочкі — 5 рублёў за кілаграм. Самыя дарагія крэветкі — 10 рублёў за 100 г. Ёсць яшчэ водарасці розных колераў, марынаваныя кабачкі і часнок, спаржа, падсмажаныя і потым замарынаваныя баклажаны, а таксама марынаваныя памідоры, фаршыраваныя зелянінай (іх прадаюць ад пяці штучак).

З салёных і марынаваных грыбоў (усё ж восень!) — толькі шампіньёны і шыітаке. Салёных апенек-маслякоў, як на Камароўцы, на «Лебядзіным» заўважана не было. Затое ў якасці бонуса гэтай хмурнай халоднай раніцай буднага дня — усмешлівая добразычлівая прадаўшчыца бясплатна накладвае кожнаму пакупніку ў пакецік 200 грамаў капусты «Правансаль». Такая вось «акцыя» — проста каб настрой у людзей стаў лепшы. Ну і, вядома, каб пакупнікі вярталіся.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.