Вы тут

Што б я сказаў Караткевічу


Што б я сказаў Караткевічу
Апытанка

Што б я сказаў Караткевічу, Уладзіміру Сямёнавічу, калі б сустрэўся з ім у маім родным Вільнюсе?

Сказаў бы: «Добры дзень, Уладзімір Сямёнавіч, рады вітаць Вас у Вашым любімым горадзе. Ведаю, што Вы неаднойчы тут гасцявалі, хадзілі старымі вузкімі вулкамі, шукалі сяброў і знаходзілі іх нямала. І пісалі, шмат пісалі, нават выдалі кнігу з душэўнаю назвай “Вільнюс — часцінка майго сэрца”.

Мы, літоўцы, таксама Вас любім, паважаем, цікавімся Вашай творчасцю. Мае калегі ўжо пераклалі на літоўскую мову Вашы «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі», «Дзікае паляванне…». А нядаўна і я пераклаў на літоўскую Вашу цудоўную казку «Чортаў скарб». Думаю выдаць яе асобнай кнігай для дзяцей. Такім чынам, Уладзімір Сямёнавіч, неўзабаве я Вас павіншую з выхадам Вашай кнігі на нашай мове. Сяброўства ж павінна быць узаемным…»

Вітаўтас Жэймантас

Добры дзень!

Уладзімір Сямёнавіч, вітаю!

Дзякую Вам — я даведаўся ад Вас, што на Беларусі Бог жыве, і паверыў у гэта. Я паспеў убачыць Вас і нядоўга пагутарыць пры жыцці, адчуць уражанне прыкладна такое, калі бачыш дзіця — простае ў сваёй сапраўднасці і прыналежнасці да Прыроды. Адчуць сапраўднага чалавека, у якім адлюстроўваецца Народ. Прабачце нас, мы павінны былі насіць Вас на руках, берагчы і слухаць. Нам перашкаджала марнае славалюбства, выкліканае смеццем забабонаў і фальшывых каштоўнасцей. І калі б не Ваш гістарызм, што працвярэжвае і займае, не Ваша Паэзія ведаў пра жыццё і любоў да свайго народа, мы заставаліся б нікчэмнасцямі, нявартымі звароту да Вас. Вы даруеце нам высокі гонар наблізіцца да Вас з паклонам і сказаць: «Вітаю, спадар Караткевіч!»

Вячаслаў Нікіфараў

Кожны літаратар сутыкаецца з цэнзурай. Асцярожныя пісьменнікі — менш, а тэмпераментныя — больш. Калі звыштэмпераментны Караткевіч пачуў мае скаргі на заўвагі і здзекі цэнзараў, ён параіў набрацца цярплівасці, дачакацца перавыданняў і тады паціху аднавіць павыразаныя і павыкіданыя кавалкі тэкстаў. У той момант парада Караткевіча падавалася фантастычнай. Цяпер, калі ў вялікім зборы ягоных твораў рэдактары і ўкладальнікі аднаўляюць фрагменты, выкрасленыя цэнзарамі, я радуюся. Дачакаўся дзядзька Валодзя аднаўлення справядлівасці. Калі б у мяне была магчымасць яму гэта сказаць, дык сказаў бы. Распавёў бы, як дапамагаў пісаць каментары да ягонага эсэ пра Мсціслаў. Думаю, што Караткевіч парадаваўся б маім расказам пра маленькія перамогі над усюдыіснай цэнзурай.

Адам Глобус

Прыгажосць жывой сустрэчы — у знаёмстве з жывым чалавекам; не з ягоным вобразам у сваёй галаве, створаным шматлікімі напластаваннямі апасродкаваных меркаванняў і стэрэатыпаў, а з нейкай няўхільнай данасцю — загадкавай, трапяткой, каструбаватай, але ад гэтага найбольш каштоўнай і цікавай. Мы ўсе добра ведаем Караткевіча-пісьменніка, Караткевіча-гісторыка — шаноўнага, геніяльнага, сапраўднага майстра сваёй справы, велічыню ў культуры і літаратуры. Ведаем з успамінаў сучаснікаў і гледзячы праз прызму яго ўласных твораў. Але, калі б мне выпала магчымасць сустрэцца з Караткевічам асабіста, я б пастаралася забыцца на ўсё, што я ведала і чытала пра яго раней, каб сутыкнуцца з той самай жывой данасцю, якая можа праявіцца толькі ва ўмовах непрадузятага, цнатлівага ўспрымання. Я б запрасіла яго на кубачак кавы і сквапна ўбірала б кожнае ягонае слова, жэст, позірк, усмешку. Я б задавала яму самыя простыя, «чалавечыя» пытанні, намагаючыся пазбавіць размову фармалізму і пафасу інтэрв’ю: што ён любіць есці на сняданак? што чытае перад сном? чаго баіцца? а што яго раздражняе? І ўсё дзеля таго, каб разгледзець за «вобразам» простую чалавечую сутнасць, з якой перш-наперш і паўстае любая геніяльнасць. А яшчэ я б абавязкова пацікавілася: «Уладзімір Сямёнавіч, скажыце, калі ласка, калі б вы жылі ў наш час, пра што б вы цяпер напісалі кнігу?»

Кацярына Масэ

Прыўкрасны Уладзімір Сямёнавіч! Мы з Вамі не знаёмыя асабіста, што абсалютна не перашкодзіла Вам стаць маім вялікім сябрам. Сябрам, які складзе кампанію ў любой вандроўцы, падзеліцца цікавай гісторыяй, падтрымае ў цяжкую хвіліну і смешна пажартуе, у рэшце рэшт. Да таго ж Вы з кагорты сяброў, сустрэча з якімі раз і назаўсёды змяняе жыццё. Мы з Вамі пазнаёміліся, калі мне было дванаццаць гадоў. Тады я атрымала ад Вас самы важны падарунак — ключы ад Беларусі. Цяжка сказаць, як складвалася б маё жыццё без гэтых ключоў, загорнутых у Вашу кнігу «Зямля пад белымі крыламі». Ведаю дакладна, што я была б куды бяднейшая.

Штогод у ноч на 26 лістапада я перачытваю «Ладдзю роспачы». Штогод днём 26 лістапада я прыязджаю да Вас з кветкамі, каб пакласці іх да іншых кветак. Кажуць, што тых, хто адышоў, згадваюць перадусім у дзень іх смерці. З Вамі ж так не атрымліваецца. Таму што Вы не пра смерць. Вы пра жыццё.

Дзякуй за наша сяброўства!

Аліна Агрэніч

 

Што б я сказала Караткевічу, калі б у мяне была такая магчымасць?

Ох.

Ці не думала я пра гэта тысячу разоў? Што б я сказала Караткевічу, калі б...

Вось уявім: сядзіць сабе Караткевіч у фатэлі. Ці не, ён жа пісьменнік. Пісьменнікаў любяць уяўляць за працоўным сталом, і чым болей папер — тым лепей (адразу відаць — не лайдачыць).

Сядзіць, значыць, Караткевіч за сталом. Напэўна, піша. Што яшчэ пісьменнік можа рабіць за сталом? Ну, можа, есці яшчэ. Ці піць гарбату. Вось: няхай сядзіць і п’е гарбату. З бергамотам. І кексікам. Я б пачаставала — гэта ж усё-такі Караткевіч.

Ён сядзіць, а я сяджу побач. І кажу яму (ух, якая смелая!):

— Уладзімір Сямёнавіч! Люблю вашыя тэксты. І вас — у іх. Бо па тэкстах відаць, што вы вясёлы і добры чалавек. І вочы на фота ў вас заўжды добрыя і крыху сумныя. Я вас люблю. Бо вы навучылі мяне любіць Беларусь.

А ён глядзіць на мяне, п’е гарбату з кексікам. І ўсміхаецца.

Ну праўда ж хораша? Мне самой падабаецца.

Але ж я сябе ведаю. Калі некім захапляюся, не магу звязаць і двух слоў. Ці кажу лухту і па-дурному падсмейваюся.

Я ж сябе ведаю.

Таму я, чырванеючы, сказала б так:

— Уладзьмёнавіч! Тэксцю вашыя люблі. І вас. Дужа!

Але Караткевіч бы, канечне, усё зразумеў.

Згарэла ад сораму
Маргарыта Латышкевіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

Якую небяспеку нясе экспрэс-дыета?

 Варта разумець, што дыеты такога тыпу — радыкальны метад, які мае шмат мінусаў.

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.