Вы тут

Лукашэнка — Лаўрову: Час паказаў, што нам нікуды не падзецца ад вельмі шчыльных і сяброўскіх адносін


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.


Сярод тэм размовы — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін, актуальныя пытанні Садружнасці Незалежных Дзяржаў напярэдадні беларускага старшынства ў арганізацыі, узаемадзеянне ў Еўразійскім эканамічным саюзе (дзе Мінск старшынствуе сёлета) і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Па словах Прэзідэнта, сустрэчы з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Расіі заўсёды прадуктыўныя для яго асабіста, краіны ў цэлым і нашай знешняй палітыкі.

«Ёсць магчымасць, як вы часта кажаце, зверыць гадзіннікі. Мы гэтым карыстаемся. Бо вам прыходзіцца больш круціцца на гэтай міжнароднай арэне, у гэтым шалёным свеце. І ваша пазіцыя, пункт погляду для нас вельмі актуальныя і пазнавальныя», — сказаў кіраўнік краіны.

Як ён дадаў адносна беларуска-расійскіх адносін, неабходна думаць не пра іх перазагрузку, а пра ўзмацненне і інтэнсіфікацыю.

«Мы б хацелі мець не проста добрасуседскія адносіны, а хацелі б мець вельмі блізкія, братэрскія адносіны з Расійскай Федэрацыяй»

«Я хачу, каб вы разумелі і ведалі, што мы да гэтага гатовыя. Вельмі шмат размоў, пра тое, як будуць развівацца нашы адносіны, якіямі яны будуць. Без усялякіх хітрыкаў, я вам па-сяброўску хачу сказаць што і Расія, і Беларусь (дарэчы не па волі Беларусі) жывуць у сваім асабістым доме. Мы б хацелі мець не проста добрасуседскія адносіны, а хацелі б мець вельмі блізкія, братэрскія адносіны з Расійскай Федэрацыяй», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ён казаў пра гэта заўсёды, але «не заўсёды, слухаючы яго, гэта хацелі падкрэсліваць і паўтараць, асабліва ў Расіі, мабыць, гэта было камусьці нявыгадна».

«Час паказаў, што нам нікуды не падзецца ад вельмі шчыльных і сяброўскіх адносін. Упэўнены, што гэтага сёння кіраўніцтва Расіі хоча і надае перавагу такім адносінам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнка пра ўрэгуляванне канфлікта ў Нагорным Карабаху: У многім дзякуючы Расіі спынілася гэта бойня

Кіраўнік Беларусі пазітыўна ацаніў значную ролю расійскага боку ва ўрэгуляванні канфлікту на Каўказе паміж Арменіяй і Азербайджанам.

«Вы малайцы, зразумела, што без выдаткаў не бывае. І крытыка будзе, але тое, што ў многім дзякуючы Расіі спынілася гэта бойня, што там не гінуць людзі і што ў прынцыпе, няхай і ў пачатку шляху мы знаходзімся, пачалі гэты доўгі шлях да нармалізацыі адносін на Каўказе — гэта вельмі пазітыўны і добры знак. Мы менавіта такой пазіцыі прытрымліваемся», — заявіў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што даўно пагружаны ў праблемы каўказскага рэгіёна і вельмі дасканала іх ведае.

На яго думку, у свеце яшчэ шмат выклікаў і Беларусь разам з Расіяй гатова пераадольваць іх.

«Мы заўсёды гатовы прайсці свой шлях, калі Расія таго пажадае, побач з Расіяй, пераадольваючы гэтыя праблемы, пачынаючы ад пандэміі і заканчваючы рознымі прэтэнзіямі», — адзначыў Прэзідэнт.


Лаўроў: У нас адна і такая ж мэта — прасоўвацца да ўзаемнай выгады для нашых краін, народаў і Саюзнай дзяржавы

Сяргей Лаўроў перадаў прывітанне ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які пацвердзіў папярэднія дамоўленасці лідараў, дасягнутыя падчас асабістых сустрэч.

«У нас поўнасцю супадае зацікаўленасць ва ўзмацненні адносін. Як вы сказалі, можна гэта па-рознаму называць, але ў нас адна і такая ж мэта — прасоўвацца да ўзаемнай выгады для нашых краін, народаў і Саюзнай дзяржавы», — акцэнтаваў увагу кіраўнік расійскага МЗС.

Ён расказаў, што сёння на чарговым пасяджэнні сумеснай калегіі МЗС разгледзяць ключавыя пытанні міжнароднай палітыкі на Каўказе, Бліжнім Усходзе, Еўропе, Еўраатлантыкі.

«На пасяджэнні калегіі наша галоўная задача — забяспечыць канкрэтныя дамоўленасці па эфектыўнай рэалізацыі нашай сумеснай праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, якую вы разам з Прэзідэнтам Пуціным узгаднілі і якая з’яўляецца дарожнай картай для нашых штодзённых намаганняў з беларускімі сябрамі», — звярнуў увагу Сяргей Лаўроў.


«Мы бачым варожыя адносіны да Расіі і Рэспублікі Беларусь»

Сяргей Лаўроў па выніках сустрэчы паведаміў журналістам, што з Прэзідэнтам абмяркоўвалі знешнепалітычнае супрацоўніцтва, як рэалізуецца праграма сумесных дзеянняў у гэтым вектары на 2020-2021 гады. З улікам ацэнак, выказаных Аляксандрам Лукашэнкам, будзе праводзіцца сумеснае пасяджэнне калегіі МЗС.

 «Гаварылі таксама пра дзейнасць АДКБ. Літаральна праз некалькі дзён адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, а затым пасяджэнне савета Калектыўнай бяспекі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Расія старшынствуе ў АДКБ на дадзеным этапе, — сказаў Сяргей Лаўроў. — Паралельна Рэспубліка Беларусь узначальвае ЕАЭС. Мы высока цэнім ініцыятывы і дзеянні, якія прымае Мінск для прасоўвання нашай шматбаковай інтэграцыі».

Ён заявіў, што з кіраўніком Беларусі абмяняліся меркаваннямі пра прыярытэты ў дзейнасці СНД на будучы год.

«Таксама казалі пра адносіны нашых краін з Захадам, Еўра-атлантычным саюзам, НАТА, ЕС, ЗША. Мы бачым, прама скажу, варожыя адносіны да Расіі і Рэспублікі Беларусь. Бачым спробы актыўна ўплываць на ўнутраныя працэсы ў нашых краінах. Ды заходнія лідары гэтага асабліва не хаваюць», — дадаў кіраўнік расійскага МЗС і адзначыў, што краіны ўспрымаюць гэта спакойна і ім ёсць чым абараняць сябе і сваю незалежнасць.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.