Вы тут

Топ-5 пейзажаў Уладзiмiра Караткевiча


Вядома, што вялiкi Уладзiмiр Караткевiч быў адораны i як мастак — адна з кнiг новага збору твораў у 25-цi тамах сабрала ягоныя малюнкi, i гэта ўражвае...

Цi не з-за гэтага ў тым, як ён маляваў словам, адчуваецца дасканалая выразнасць — ты нiбыта разглядаеш карцiны... Караткевiчу дастаткова было некалькiх штрыхоў, каб стварыць амаль аб’ёмны пейзаж, дзе схаваны такiя сэнсы, такая гiсторыя — разгадваць можна бясконца... Ды вось хаця б у эсэ «Званы ў прадоннi азёр», напiсаным пасля падарожжа па Палессi: пару радкоў — i перад намi Мазыр, «горад на зялёных адхонах. Яры, над якiмi хiляцца дрэвы. Цукровая бель старых цэркваў i манастыроў праз сець галiн. Мазыр. Мiнi-Кiеў». А вось вам неба над старажытным Туравам: «Навальнiчная хмара стаяла над горадам, iшла на яго, на нас. Срэбныя, дробныя блiскаўкi сонца трапяталi на лiловай вадзе i цьмяна-срэбных плямах пены. А над усiм сутыкалiся дзве цёмна-сiнiя хмары, як два мячы. Пад iмi клубiлiся жамчужна-белыя аблокi, а ў iх малюткiм ясна-сiнiм вочкам палыхаў лапiчак неба». Тут вам i экскурс у навальнiчную гiсторыю горада, i замiлаванне, i туга па нязбытным... Колькi кранальных карцiн, створаным Уладзiмiрам Караткевiчам, назаўсёды застаюцца ў памяцi, i бяссiльныя паўтарыць iх i мастакi, i кiнематаграфiсты! Давайце складзём, хаця б умоўны, топ-5 пейзажаў ад Уладзiмiра Караткевiча, напоўненых глыбокiм сэнсам.


1. Груша на беразе Дняпра

Безумоўна, адкрываць гэты рэйтынг мусiць пачатак сагi «Каласы пад сярпом тваiм».

«Груша цвiла апошнi год.

Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчалiным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца.

I, аднак, надыходзiла яе апошняя часiна.

Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другiм месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў».

Лiтаратуразнаўцы сцвярджаюць, што гэта рэальнае дрэва — каля Рагачова, дзе любiў гасцяваць у дзядзькi Караткевiч i дзе напiсаў шмат узнёслых твораў, ёсць вёска Азярышча, дзе на высокiм стромкiм беразе i цвiла такая груша.

А яшчэ — гэта балючае асэнсаванне лёсу таго пакалення, лепшай яго часткi, якая была вынiшчана, выслана з Беларусi пасля паражэння паўстання 1863 года... Лёсу герояў рамана, з якiмi Караткевiч так не хацеў развiтвацца, бо ведаў, што iх чакаюць пакуты i смерць. Тут i ўвасабленне Беларусi, яе культуры i мовы, што выжываюць ва ўсе эпохi, нягледзячы на самыя неспрыяльныя гiстарычныя ўмовы.

2. Верасовая пустка i Дзiкае паляванне

У культавай аповесцi «Дзiкае паляванне караля Стаха» шмат неверагодных, амаль сюррэалiстычных карцiн... Злавесны лес, дзе знаходзiцца маёнтак Балотныя ялiны, закiнуты сад вакол маёнтка, сагнутыя ў крук дрэўцы на неабсяжнай раўнiне, дзе панылыя вёскi... Аўтар не шкадуе змрочных, прыгнятальных фарбаў, апiсваючы тарфяныя балоты — «Трэба быць чалавеканенавiснiкам, каб выдумаць такiя мясцiны, i ўяўленне пра iх можа з’явiцца толькi ў пячорным мазгу зласлiвага iдыёта».

I назаўсёды застаецца ў памяцi верасовая пустка, дзе праз туман скача Дзiкае паляванне i дзiкi верас спявае пад нагамi коней.

«Але яшчэ i зараз я часам бачу ў сне сiвыя верасовыя пусткi, чэзлую траву на паверхнi прорваў i дзiкае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглi, моўчкi сядзяць у сёдлах прамыя постацi коннiкаў.

Вецер развейвае iх валасы, плашчы, грывы коней, i самотная гострая зорка гарыць над iхнiмi галовамi.

У жахлiвым маўчаннi шалёна скача над зямлёю дзiкае паляванне караля Стаха.

Я прачынаюся i думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе i цёмны жах на зямлi. Яно — сiмвал усяго гэтага.

Хаваючыся напалову ў тумане, iмчыць над змрочнай зямлёй дзiкае паляванне».

3. Злавесны замак

Раман «Чорны замак Альшанскi» Уладзiмiр Караткевiч напiсаў у падарунак жонцы Валянцiне Бранiславаўне, якая вельмi любiла дэтэктывы. У якасцi дэкарацый — руiны замка, прататып якога — Гальшанскi. Аўтар па-майстэрску стварае гатычную атмасферу, паказваючы першую сустрэчу героя, гiсторыка Антона Космiча, з тым збудаваннем.

«Вачам адкрылася нешта такое, што не да веры, чаго не бывае, не павiнна быць сярод гэтай разнежанай весняй прыроды, сярод гэтых ласкавых дрэў i зялёнай травы.

На тым баку ўзвышаўся мур i вежа (астатняе хавалi дрэвы), крыху-крыху толькi ў пражоўць, цёмна-свiнцовага, амаль чорнага колеру.

Замак. I якi пагрозны, пачварны замак!

I не на ўзгорку, не наводдаль, каб чалавек паспеў неяк падрыхтавацца, а твар у твар, як нечаканы цёс мяча.

Ясна, што парк быў пасаджаны пазней, калi замак перастаў быць замкам, а стаў палацам, хай сабе i невыгодным, але прыдатным на тыя часы, i ўсё адно ўражанне было сапраўды ўразлiвым, нiбы чалавек падышоў да гушчару i раптам убачыў там разверстую ў рыку пашчу льва.

I гэта было так, таму што я ўбачыў проста перад сабой цёмную i дужа нiзкую арку брамы.

I гэта была брама-праём, брама-тунель, брама-ўваход у пячору страшнага гiганта-волата са злоснай казкi».

Той пейзаж па-майстэрску паспрабаваў адлюстраваць сябра Караткевiча, мастак Пётр Драчоў у малюнках да выдання рамана 1983 года.

4. Страшная вераб’iная ноч на рацэ

Сiмвалам трагедыi народа, сутыкнення высакароднасцi i подласцi стаў пейзаж з пралога да рамана «Леанiды не вернуцца да Зямлi» з назвай «Паром на бурнай рацэ». Дзеянне адбываецца ў часы паўстання Калiноўскага, у вераб’iную ноч — так ва ўсходнiх славян называлi ноч з моцнай навальнiцай або блiскавiцамi. Афiцэр расiйскай армii Гораў адважваецца ў самую буру перавезцi праз раку жонку паўстанца, якога могуць пакараць смерцю, калi ў час не прывезцi падпiсанае памiлаванне.

«Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвiлiну залiла няпэўным дрыготкiм святлом абшар Дняпра, пасiвелага ад ярасцi, iмклiвыя грабянцы валоў, далёкi чорны бераг. Вёслы Горава i Iвана ўдарылi па вадзе, ружовай ад святла блiскавiцы.

I адразу гэтая вада стала чарнiльнай, а на людзей цяжка навалiўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзiрацца ўспышкамi святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусiм без усведамлення небяспекi, толькi з радасным iмкненнем наперад, да волi, глядзела на другi бераг, якi амаль не наблiжаўся.

Шкарлупiнку кiдала ў правалы памiж хваль, вецер адкiдваў цёмны шаль на жанчыне, як вялiзныя iмпэтныя крылы».

Гэткiя перашкоды можна пераадолець смеласцю i высакароднасцю, што бяссiльныя толькi супраць людской подласцi...

5. Лясы Далёкага Усходу

1 жнiўня 1964 года Уладзiмiр Караткевiч з сябрамi — Рыгорам Барадулiным i Генадзем Кляўко — апынулiся ва Уладзiвастоку. Прыехалi на стажыроўку ў газету Цiхаакiянскага флоту. Гэта былi наступствы п’янага жарту — яшчэ ўвосень тая ж кампанiя сядзела за вясёлай бяседай, i Барадулiн вырашыў пазванiць генералу Аляксееву, якi ўзначальваў ваенна-шэфскую камiсiю пры Саюзе пiсьменнiкаў, каб той паслаў iх куды-небудзь як мага далей, за экзатычнымi ўражаннямi.

Ад той неверагоднай паездкi засталiся фота Караткевiча ў флоцкай форме i цудоўная аповесць, дакладней, паэма ў прозе «Чазенiя». Вялiкi рамантык скарыстаўся знаходжаннем на Камчатцы ўволю. 14 верасня 1965 года ён пiша Адаму Мальдзiсу:"Мы нядаўна ездзiлi па краiне з аператарам... З Цецюхе цераз Канцухiнскi перавал — на Кавалераўку. Там начавалi, хадзiлi на раку Луд’е, я пералазiў яе з апаратурай па бервяне iльма... А за ракой скала Халаза, а пад ёй бурундукi бегаюць i лётаюць блакiтныя сарокi". Барадулiн успамiнаў пра сябра: «На нейкi тыдзень з кайстраю за плячыма некуды знiк. Вярнуўся, казаў пра Кедравую падзь, пра запаведнiк. Нам прывёз у падарунак кедравых шышак. А пасля ўсiм пра гэта распавёў у «Чазенii».

Якiя яркiя экзатычныя пейзажы ў паэме «Чазенiя»... На гэтым фоне разгортваецца гiсторыя кахання фiзiка Севярына i бiёлага Гражыны, бойка Севярына з леапардам, развагi пра гуманiзм i — як заўсёды — пра гiстарычны лёс беларусаў...

«За сопкамi яшчэ стаяла iмгла. Сонца толькi-толькi збiралася нарадзiцца. Мякка спружынiлi пад нагамi бурыя сухiя купы водарасцяў. Набягаў лёгкi прыбой: лакiраваныя, зялёна-карычневыя стужкi марской капусты нiбыта млява мялi, нiбыта лiзалi ля ног сцежку — палоску ўкатанага цвёрдага пяску.

„Шш-шшш-ш...“ — закалыхваў, дыхаў лёгкi прыбой. Празрыста-сiняя вада, карункавыя каробачкi марскiх вожыкаў, шкляныя плаўкi.

Паднялося сонца. Яшчэ нiзкае. Мора штохвiлiны мяняла колер: падаў на яго цень дрэў, скал, зноў прарывалiся сонечныя прамянi. Было яно, як васьмiног, то сiняватае, то злёгку ў чырвань, то ярка-зялёнае, то жаўтавата-шэрае. Але што далей, то болей перамагала, панавала ў iм глыбокая сiнь.

Сцежка пачала аддаляцца ад яго, успаўзла на скалы, i сандалi пачалi спяваць iначай.

Клiк-кляк, клiк-кляк...

Ствалы iльмаў i кедраў ляжалi над патокамi. Дзiўна было iсцi лесам, дзе большасць дрэў — твае незнаёмыя, дзе толькi па малюнках, па ўспамiнах аб прачытаных кнiгах здагадваешся, хто ёсць хто.

„Здароў, братка, ты, здаецца, маньчжурскi арэх. Унь, вiсяць i пэцкаюцца, як грэцкiя. А ты хто? Ты лiмоннiк. А твае лiсты падобны на лiсты жэньшэня, але ты не тое. Цябе тут, як лапухоў. Як казала Гражына? Элеўтэракок?“

Плача струменямi скала ля сцежкi. Добра прыпасцi ротам да вады. Поўзаюць па каменi багоўкi. Чырвоныя, сiнiя, жоўтыя. Буйныя, з пазногаць вялiкага пальца. У iх на спiнках вiзэрункi, i адразу робiцца ясна, адкуль нанайцы ўзялi свой нацыянальны арнамент.

Злева пад галавакружнай стромай — мора. Тырчаць з яго, нiбы алоўкi, кекуры — гранiтныя рыфы. Нячутна кiпiць вакол iх прыбой».

***

Спадзяюся, гэтыя згадкi прымусяць вас перачытаць цудоўныя творы класiка, (i, магчыма, знайсцi «свае» пейзажы), а яшчэ па-новаму паўзiрацца ў наваколле.

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Але яшчэ i зараз я часам бачу ў сне сiвыя верасовыя пусткi...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.