Вы тут

Урокi Караткевiча. Што згадваецца ў юбiлей пiсьменнiка


У юнацтве, як толькi пачала спрабаваць пiсаць нешта большае, чым школьныя сачыненнi, я лiчыла Караткевiча сваiм галоўным i бясспрэчным настаўнiкам. Запоем чытала яго кнiгi — не паверыце, але «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi» праглынула ў дзясятым класе практычна за суткi, i гэта быў другi мой рэкорд пасля айтматаўскага «Бураннага паўстанка». Твораў Караткевiча тады не было ў школьнай праграме, толькi «Каласы пад сярпом тваiм» рэкамендавалiся да пазакласнага чытання (i гэта, лiчу, была вялiкая памылка, бо такую складаную шматпланавую сагу трэба чытаць гадоў у дзевятнаццаць як мiнiмум, а не ў пятнаццаць). Але ў школьнай бiблiятэцы ўжо з'явiўся бела-шэры васьмiтомнiк з недарэчнымi бляклымi выявамi на аднолькавых вокладках. Пад iмi ж быў — цэлы скарб, адкрыўшы якi аднойчы, ужо нельга ад яго адарвацца. I можна было на ўроку працы, хаваючы кнiгу пад верстаком у школьнай майстэрнi, чытаць «Ладдзю Роспачы», а дома, глытаючы слёзы, перачытваць услых для мамы i бабулi фiнал «Сiвой легенды» i са здзiўленнем бачыць, як у iх, моцных, бiтых лёсам маладых удоў, таксама вiльгатнеюць вочы. Менавiта дзякуючы Караткевiчу я перастала баяцца восеньскай вусцiшнай цемры — iдучы з апошняга аўтобуса цi з дыскатэкi, я, наадварот, з цiкавасцю i чаканнем узiралася ў асвечаныя поўняй затуманеныя пагоркi: а раптам адтуль бязгучна пакажацца Дзiкае паляванне…


Чытаючы — вучылася. Не ўменню прыдумаць i дасканала выбудаваць сюжэт — гэтаму не навучышся, для гэтага патрэбен такi, як у яго — адзiн на мiльён — талент. Але валоданню словам, мелодыцы сказаў — несумненна. Тады, у школьныя яшчэ гады, дзякуючы менавiта Караткевiчу прыйшло адчуванне, разуменне, цвёрдае веданне, што беларуская мова адрознiваецца ад блiзкай нам рускай, што, калi хочаш пiсаць на ёй, роднай, трэба на ёй i думаць. А iнакш будзе не публiцыстыка, не проза, не вершы — проста тэкст. Гэткi самы, як пералiк iнгрэдыентаў на, скажам, зефiры... А яшчэ ў Караткевiча я навучылася цiкавiцца гiсторыяй. Сваёй малой радзiмы, сваёй краiны. Менавiта ягонае «У пакоiку быў ложак, шырокi, як поле бою пад Койданавым» ператварыла шэры звычайны Дзяржынск у загадкавую старажытную мясцiну, i тутэйшая назва Койданаў, чутая ад бабулi i яе сябровак, стала часткай мазаiкi, якую складаю дагэтуль, адкрываючы ўсё новыя цiкавыя факты з гiсторыi роднага краю...

Пазней, крыху пасталеўшы, менавiта ў яго творах я знаходзiла адказы на многiя свае пытаннi. Яго кнiгi былi дзесьцi i паратункам ад непаразумення, здрады, нелюбовi — усяго таго, з чым сутыкаецца кожны чалавек, становячыся дарослым, расстаўляючы ўласныя прыярытэты ў жыццi. «Трэба трымацца, як iндзеец падчас катавання», «Лепей вiсець на нажы, кахаць, праклiнаць за каханне багоў, чым век пражыць, i дзяцей нажыць, i не дажыць да кахання свайго...» Я i сёння пiшу гэтыя радкi па памяцi, не заглядваючы ў першакрынiцы. Магчыма, яны падаюцца проста сентыментальна-рамантычнымi фразамi. Але калi табе дваццаць два, цябе паглынае роспач i ты не верыш, што гэты свой асабiсты жах ты перажывеш, што калi-небудзь будзе лепш, — менавiта гэтыя радкi могуць стаць той выратавальнай саломiнкай, ухапiўшыся за якую, здолееш з вiру адчаю выплыць i ўдыхнуць свежага паветра. Гэтаксама як праз некалькi гадоў так на душу лягло народнае, уплеценае ў «Нельга забыць» — «Чым у раю, ды на краю, дык лепш у пекле, ды пасяродцы». Цi вось гэта, вершаванае: «Расплата за ўсё: // За чырвоныя макi, // За свiтанне жыцця, // За блiзкi канец, // За тое, што быў, // Што смяяўся i плакаў, // За тое, што ўсе любiлi мяне, // За Сiрына, што залiваўся ў маi, // За лiстападаўскi крык крумкача — // За ўсё, расплата, цябе прымаю // I, сцiснуўшы зубы, буду маўчаць.» З таго часу, як я гэта прачытала, што б у жыццi нi здаралася, нiколi не турбую нi Лёс, нi Бога дурным пытаннем «за што?». Бо заўсёды ведаю — за што.

Пасля, ужо працуючы ў газеце, я пачала чытаць яго публiцыстыку, апублiкаваныя дзённiкi, перапiску. «Шэлег таму, хто пiша, калi ён у тым, што пiша, не бачыць найвялiкшага цуду» — гэта адтуль, з яго пiсьмаў. Памятаю, менавiта гэта фраза дапамагла мне напiсаць рэкламны матэрыял — на две вялiкiя газетныя старонкi — пра фармацэўтычнае прадпрыемства, якое не выпускала нiчога, апроч фiзiялагiчных раствораў. Зацiкавiлася, адкуль яны з'явiлiся i для чаго патрэбныя, — i атрымалася. Рэкламадаўцы пасля нават прапанавалi пра iх брашуру напiсаць... А фраза тая разам з танкаўскiм «Можа, i ўсе колеры ўжо адкрыты — // Мне засталiся яшчэ спалучэннi» i еўтушэнкаўскiм «Людей неинтересных в мире нет» — i сёння дэвiз усяго, што спрабую пiсаць i рабiць.

У дзень 90-годдзя Караткевiча публiкацый пра яго ў сецiве шмат. Як i варта было чакаць, многiя кiнулiся разважаць пра нашы сённяшнiя рэалii: што б ён сказаў (зрабiў), калi б дажыў. Не буду каментаваць тое, што давялося на названую тэму за апошнiя некалькi дзён прачытаць. Замест гэтага прыгадаю гутарку з Адамам Мальдзiсам, адным з самых блiзкiх сяброў Уладзiмiра Сямёнавiча, якая адбылася ў нас у лiстападзе далёкага ўжо 1995-га, перад 65-годдзем Караткевiча. Калi хто памятае восень 95-га i тыя падзеi i працэсы, што адбывалiся ў нашым грамадстве тады — калi адкiнуць iнфармацыйны складнiк (тады, канешне, нашмат меншы), дык час быў для Беларусi не лягчэйшы, чым сёння. Дык вось тады Адам Восiпавiч сказаў пра свайго сябра i пра яго магчымую рэакцыю на тагачасны момант так: «Як фiлосаф гiстарычных падзей ён зразумеў бы сённяшнюю сiтуацыю. I заклiкаў бы нас да аднаго, для таго, што сам рабiў усё жыццё: «Працаваць, працаваць i працаваць дзеля Беларусi»...

Урок, якi не пашкодзiла б засвоiць сёння ўсiм нам. Без выключэння.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.