Вы тут

Як мясцовая ўлада ў Мiкашэвiчах працуе ў звязцы з «Гранiтам» на карысць горада


У Мiкашэвiчах, што на Брэстчыне, усё нейкiм чынам звязана з прадпрыемствам «Гранiт». Маецца на ўвазе не толькi работа, годная зарплата, прыстойны сацпакет работнiкаў i дабрабыт iх сем'яў, але i адпачынак, гарадское жыццё, навакольнае асяроддзе.


Скажам, тутэйшыя пенсiянеры, нават тыя з iх, хто да заслужанага адпачынку працаваў у сацыяльнай сферы, будаўнiцтве, iншых галiнах, цяпер з задавальненнем адпачываюць летам каля фантана побач з Палацам культуры. Яны, як i людзi iншых узростаў, наведваюць басейн, трэнажорную залу, займаюцца ў розных гуртках. I ўсё дзякуючы РУВП «Гранiт», таму што гэтая культурная ўстанова ведамасная, i ўсё, што размешчана на плошчы побач, уладкавана намаганнямi i за сродкi прадпрыемства.

Найбуйнейшы ў Еўропе вытворца шчэбеню ўвесь час займаецца добраўпарадкаваннем населенага пункта. Не так даўно зона адпачынку каля ПК папоўнiлася цэлым дзiцячым забаўляльным комплексам, якi назвалi «Мурашнiк». Цяпер у тым «гарадку» дзяцей — сапраўды як мурашоў. Для матуляў з каляскамi, асаблiва ўлетку, гэтае месца стала традыцыйным. Ды i крыху старэйшыя — дашкольнiкi, малодшыя школьнiкi — могуць ладзiць тут рухомыя гульнi на любы густ. Дзятва з задавальненнем бавiць вольны час у «Мурашнiку».

— Кiраўнiцтва РУВП «Гранiт» на чале з дэпутатам гарадскога Савета Эдуардам Гаўрылковiчам многае робiць для арганiзацыi адпачынку гараджан, — гаворыць намеснiк старшынi Мiкашэвiцкага гарвыканкама Ларыса АЛЬГОМЕЦ. — Нашы людзi прывыклi, што летам у нас пастаянна арганiзуюцца канцэрты, фестывалi, розныя масавыя мерапрыемствы. Цяжка згадаць, якiя з вядучых творчых калектываў рэспублiкi тут не выступалi. Вечарам выхаднога дня ўлетку да нас абавязкова нехта едзе з канцэртнай праграмай. Ну i нашы мясцовыя калектывы не адстаюць, у iх таксама ёсць свае аматары. Вядома, усё гэта ладзiцца намаганнямi галоўнага прадпрыемства Мiкашэвiчаў. Ды i нiякае iншае свята альбо мерапрыемства без удзелу РУВП не адбываецца.

Скажам, усе выпускнiкi школ ведаюць, што ў чэрвенi агульнагарадскi выпускны баль з уручэннем атэстатаў будзе менавiта ў Палацы культуры, i пройдзе ён прыгожа, урачыста, запамiнальна. А ў Дзень моладзi праводзiцца маладзёжны фестываль «Мы адзiныя, мы моладзь». I гэта становiцца святам ўсяго населенага пункта. Ды i на iншых «Гранiт» выступае асноўнай сцэнiчнай пляцоўкай.

I не толькi масавыя мерапрыемствы, летнiя вечары, зоны адпачынку набылi своеасаблiвы каларыт дзякуючы горадаўтваральнаму прадпрыемству. Пры яго спонсарскай падтрымцы на новы якасны ўзровень аказання паслуг выйшла мясцовая ўстанова аховы здароўя, — падкрэслiвае Ларыса Альгомец.

Толькi за апошнiя гады ў Мiкашэвiцкую бальнiцу была куплена ўльтрагукавая дыягнастычная сiстэма высокага класа, набыты вiдэакаланаскоп, кальпаскоп, гiстэраскоп i iншыя апараты. Аснашчаны кабiнет лячэбнай фiзкультуры, набыты комплекс манiтораў для кантролю электракардыяграмы i артэрыяльнага цiску. Усё абсталяванне найноўшых узораў — не кожная вялiкая бальнiца можа такiм пахвалiцца. Нядаўна купiлi для яе аўтамабiль хуткай медыцынскай дапамогi.

Установы адукацыi таксама рэгулярна атрымлiваюць спонсарскую дапамогу. Сучасныя камп'ютарныя класы вучнi маюць дзякуючы сваiм мецэнатам. Для школы апошнiя набываюць наглядныя дапаможнiкi, тэлевiзары. А вось гэтым летам для вучняў сярэдняй школы № 1 абсталявалi сучасны мiнi-стадыён для гульнi ў футбол. Мiнi-футбольнае поле са штучным пакрыццём урачыста адкрылi на лiнейцы 1 верасня. Матэрыялы для асновы пад укладку газона забяспечыў «Гранiт». Таксама прадпрыемства паклапацiлася пра асвятленне па перыметры поля, таму гуляць тут можна нават у цёмны перыяд сутак. У вынiку ў школе на базе дзясятага класа стварылi групу спартыўна-педагагiчнага профiлю, а таксама футбольную секцыю для вучняў трэцiх-чацвёртых класаў.

Наогул, для добраўпарадкавання тэрыторый школ, устаноў аховы здароўя названыя спонсары робяць многае. Напрыклад, дапамагаюць будаўнiчымi матэрыяламi. А сёлета горад у рамках спонсарскай дапамогi атрымаў лаўкi, што ўстаноўлены на вулiцах, а таксама сметнiцы для зон адпачынку, дваровых тэрыторый.

— Сёння жыццё горада неадрыўнае ад жыцця галоўнага прадпрыемства, — падкрэслiвае кiраўнiк гарадской улады Валерый КРАСНIКЕВIЧ. — I гаворка не толькi пра канкрэтную спонсарскую дапамогу аб'ектам сацыяльнага прызначэння, добраўпарадкаванне тэрыторыi, хоць пералiчанае варта паставiць на першы план. Фактычна ўсё, што адбываецца
ў горадзе, адбываецца з удзелам «Гранiта». Там працуе вельмi шмат гараджан, у горадзе жывуць ветэраны вытворчасцi, сем'i цяперашнiх працаўнiкоў. Таму горад i прадпрыемства — гэта адно цэлае, i працуем мы на паляпшэнне свайго горада разам з кiраўнiцтвам i калектывам «Гранiта».

Хутка Мiкашэвiчы пачнуць падрыхтоўку да Новага года. I зноў па традыцыi майстры вiртуознай зваркi прадпрыемства аздобяць плошчу каля ДК незвычайнымi iнсталяцыямi.
З металiчных прутоў яны зварваюць фiгуркi аленяў, дрэў, саней з казачнымi героямi ды iншага. Потым усё гэта арыгiнальна падсвечваецца — такiм чынам з'яўляюцца цэлыя казачныя сюжэты. А калi запальваюцца агнi, наступае адчуванне свята. На плошчу прыходзяць гуляць дзецi, моладзь, старэйшае пакаленне. Усе робяць сэлфi на памяць, сустракаюць, вiншуюць адно аднаго.

Асноўнае — гэта задаць тон, напрамак. Тады i iншыя гарадскiя аб'екты будуць вымушаны падцягвацца. Асаблiва прывабнымi перад навагоднiмi святамi iмкнуцца выглядаць гандлёвыя пункты. Iх з часам становiцца больш, прадпрымальнiкi адкрываюць свае аб'екты гандлю i грамадскага харчавання. Напрыклад, сёлета з'явiлася кавярня «Лофт».

У цэлым, паводле слоў Валерыя Краснiкевiча, у справе навядзення парадку, паляпшэння знешняга выгляду горада сёлета прынялi актыўны ўдзел усе наяўныя арганiзацыi i ўстановы. Была праведзена прыборка, наведзены санiтарны парадак на многiх тэрыторыях, пасаджаны сотнi дрэў i кустоў, мноства кветак. Асаблiвая ўвага тут надаецца вайсковым пахаванням, помнiкам, памятным мясцiнам.

Вялiкая работа па рамонце вулiц, дарог, дваровых тэрыторый, стаянак аўтатранспарту праводзiцца за кошт бюджэту. Здаецца, адзiн радок у справаздачы займае сказ: «Панiжэнне бардзюрнага каменя каля пешаходных пераходаў па пяцi вулiцах», але за iм стаiць сапраўды вялiкая работа, якую выканалi будаўнiкi ЖКГ. Раней бардзюры клалi без улiку зручнага праходжання для дзiцячых калясак, iнвалiдных крэслаў. Усё гэта даводзiцца выпраўляць зараз, укладваць сродкi для таго, каб пешаходныя пераходы былi прыстасаваныя для патрэб усiх людзей без выключэння.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Толькi разам, як адно цэлае

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік