Вы тут

Прэзідэнт наведаў шостую гарадскую бальніцу Мінска


У плане візіту — азнаямленне з аказаннем дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19 у тэрапеўтычным корпусе. Кіраўніку краіны расказалі пра дзейнасць Гарадскога цэнтра трансфузіалогіі па нарыхтоўцы крыві і яе кампанентаў. У фармаце адкрытага мікрафону Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працоўным калектывам бальніцы. З пачатку пандэміі ў «шасцёрцы» вылечылі амаль 5600 кавідных пацыентаў. Штодзень у бальніцы знаходзіцца больш за 700 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй.


У стацыянарах рэспублікі лечацца больш за 25 тысяч пацыентаў з пнеўманіямі. На ШВЛ знаходзіцца 461 чалавек. У сталіцы на пачатак тыдня дыягназ пнеўманія выстаўлены 4300 чалавекам, кавідных з іх амаль 4200. Амбулаторна пад наглядам спецыялістаў у сталіцы 3600 пацыентаў з запаленнем лёгкіх.

Галоўны ўрач бальніцы Ігар Юркевіч расказаў Прэзідэнту, што медыцынскую дапамогу хворым на каранавірус аказваюць больш як тысяча супрацоўнікаў. З пачатку эпідэміі ў клініцы дапамаглі 5,5 тысячам людзей з інфекцыяй COVID-19. Цяпер лечацца 767 пацыентаў, з іх 28 — у рэанімацыі.

Сярэдняя зарплата ва ўстанове за кастрычнік склала звыш 2,2 тысячы рублёў пры гэтым ва ўрачоў — больш як 3,3 тысячы. «Ва ўрачоў рэанімацыі зарплата каля 7–9 тысяч, — падкрэсліў Ігар Юркевіч. — Людзі прывыклі да добрай падтрымкі і з задавальненнем працуюць. Маладыя спецыялісты кватэры пабудавалі за кошт гэтых надбавак».

«Яны робяць вялікую справу. Калі ў „чырвонай“ зоне чалавек працуе, няхай ён і атрымлівае (высокую зарплату. — „Зв.“)», — адказаў Прэзідэнт.

Заслухаўшы даклады, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй лячэння і накіраваўся ў блок з пацыентамі, якія захварэлі на каранавірус. Пасля кіраўнік дзяржавы таксама наведаў Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі.

У бальніцы Прэзідэнт зноў выказаўся пра жаданне польскіх уладаў прыцягнуць у сваю краіну беларускіх медыкаў. «Нам трэба сваіх хворых лячыць, але мы гатовыя і ім дапамагчы. Але толькі давайце па-чалавечы: вам трэба — мы да вас адправім брыгаду, дапаможам», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.


«Мы прайшлі няпросты перыяд»

На сустрэчы з супрацоўнікамі бальніцы Прэзідэнт адзначыў, што лячэнне кавід-хворых абыходзіцца бюджэту ў значныя грошы. За год на барацьбу ў каранавірусам выдаткуюць амаль мільярд долараў.

«У гэты перыяд, калі сусветная эканоміка спынілася, і нам няпроста. За год на барацьбу з пандэміяй у Беларусі мы патрацім з бюджэту больш за 800 мільёнаў долараў. Гэта каласальная сума», — паведаміў урачам Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што беларуская медыцына зрабіла значныя дасягненні і выпрацавала сваю сістэму ў лячэнні хворых на каранавірус.

«Мы прайшлі нялёгкі шлях, мы ведаем, што рабіць, як лячыць і як выходзіць з гэтай складанай сітуацыі. Сітуацыя няпростая», — заявіў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт планіруе азнаёміцца з лячэннем кавід-хворых ва ўсіх абласцях Беларусі

Кіраўнік краіны адзначыў, што з шостай бальніцы Мінска пачынаюцца яго «ваяжы» па медыцынскім установам. «Шасцёрку» ён назваў бальніцай, якая цягне асноўную нагрузку па каранавірусным хворым у краіне.

«Будзе правільна, калі мы пабудзем тут. А далей трэба пабываць і ў Магілёве, таму што мы ўжо маем пэўныя заканамернасці цячэння гэтай хваробы, па колькасці ў тым ліку», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці магчымых месцаў наведвання кіраўнік дзяржавы назваў Магілёў, Гродна і Мінскую вобласць.

«Я спланаваў пабываць на ўсіх абласцях. Для нас гэта нейкі шанец. Калі востры перыяд, трэба ўдасканальваць сістэму. Мы бачым, чаго не хапае», — сказаў кіраўнік краіны.


Аб вытворчасці вакцыны ў Беларусі

Прэзідэнт расказаў, што кіраўніцтва Расіі прапанавала штам для арганізацыі выпуску вакцыны супраць каранавіруса для беларусаў.

Па яго словах, першымі наладзіць вытворчасць вызваліся бізнесмены з Расіі і Беларусі.

«Я прыхільнік таго, каб дзяржаўнае прадпрыемства гэта рабіла. У нас прадпрыемствы могуць ствараць гэту вакцыну», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Яшчэ незразумела, але мне здаецца, што гэта зараза застанецца назаўсёды. І нам, як ад грыпу, прыйдзецца рабіць прышчэпкі. Таму трэба стварыць гэту вакцыну», — упэўнены Прэзідэнт.

«Мэтавікі зоймуць асноўнае месца ў ВНУ»

З будучага года плануюць змяніць сістэму набыцця вышэйшай адукацыі. Асноўны ўхіл зробяць на мэтавае накіраванне пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пра гэта расказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні медыкаў.

«Ты накіраваў у медуніверсітэт абітурыента, ён вучыцца, ты яму дапамагаеш, плаціш стыпендыю — забірай яго на работу», — сказаў кіраўнік краіны.

На яго думку, такая сістэма дапамагае стварыць роўныя ўмовы для абітурыентаў з буйных гарадоў і малых вёсак.

Падчас сустрэчы ўрачы закранулі таксама жыллёвае пытанне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сваім жыллё маюць патрэбу прадстаўнікі многіх прафесій, не толькі ўрачы. Ён нагадаў, што цяпер асаблівая ўвага надаецца будаўніцтву арэндных кватэр, развіццю гарадоў-спадарожнікаў.

«Калі чалавек атрымае гэтыя чатыры сцяны — гэта падарунак. Гэта танна, для краіны пад’ёмна. І гэтым шляхам трэба ісці для таго, каб забяспечыць спецыялістаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Таксама кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанне аб павелічэнні колькасці валанцёраў, што дапамагаюць медыкам.

Прэзідэнт, адказваючы на пытанне аб памяншэнні ў параўнанні з першай хваляй колькасці валанцёраў і спонсараў, якія дапамагаюць медыкам, адзначыў, што народ расслабіўся.

«Там быў востры перыяд, усе баяліся, а зараз думаюць: „Добра“. Гэта па-першае, а па-другое, там шмат было палітыкі. Многія хайп лавілі», — сказаў Прэзідэнт.

Ён даў загад, што адносна валанцёраў трэба падумаць і падключыцца да іх арганізацыі.

«Пытанне вывучыце, па валанцёрах трэба дапамагчы», — адзначыў Прэзідэнт.


Даплаты медыкам застануцца

Адно з пытанняў датычылася далейшай падтрымкі медыкаў, якія працуюць з хворымі на кавід пацыентамі.

Даплаты ніхто не здыме, але гэта не галоўнае, адказаў беларускі лідар. Сярэдні заробак па сістэме аховы здароўя дзякуючы «кавідным выплатам» дасягнуў узроўню, які планаваўся на канец наступнай пяцігодкі, паведаміў ён.

«І для мяне зараз важна, як захаваць гэты ўзровень», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова кіраўніцтва краіны вырашае праблему падцягвання хаця б да паловы ўзроўню заробкаў медыкаў заробкі ў іншых бюджэтных сферах.


Выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч прызначаны міністрам аховы здароўя

Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Беларусі. Пра гэта кіраўнік краіны паведаміў у канцы размовы з медыкамі 6 гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

«Вялікі аванс у сувязі з кавідам», — заявіў Прэзідэнт.


Падчас размовы з працоўным калектывам бальніцы Аляксандр Лукашэнка агучыў зводкі спецслужбаў

«Адразу пасля выбараў мне прыйшлося прымаць упершыню за чвэрць стагоддзя рашэнне пра прывядзенне ў поўную баявую гатоўнасць паловы арміі, — напомніў Аляксандр Лукашэнка. — Мы мабілізацыю аб’яўлялі, каб папоўніць шэрагі Узброеных сіл. У нас армія ў звычайны час 65 тысяч, а ў ваенны час мы разгортваем 500 тысяч, у мабілізацыі. Вось асобныя часткі, вы бачылі, прыйшлося выводзіць у Гродна».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, навошта гэта было зроблена. Ён зачытаў апошнія зводкі, якія атрымаў ад спецыяльных службаў. Цытаты сведчылі пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі Польшчы да Беларусі і знешнюю падтрымку беларускага пратэснага руху, заклікі да НАТА аб стварэнні спецыяльных сіл бяспекі ў складзе армій краін Балтыі і Польшчы, польскі інтарэс у перамозе рэвалюцыі ў Беларусі. Агаворваецца тактыка дзеяння беларускай апазіцыі і мэты па перакананню шэрагу краін у прыпыненні эканамічных сувязяў з Беларуссю. Прапаноўваецца стварыць аператыўную групу ў Варшаве па сачэнні за беларускімі падзеямі і падрыхтоўкай рэкамендацый для кіраўнікоў краін ЕС. Гаворыцца пра неабходнасць Польшчы быць гатовай да ваеннага ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі і пра папярэджанне Расіі аб неўмяшанні.

Іншыя дакументы беларускі лідар прывёў, каб аргументаваць, што Каардынацыйнаму савету насамрэч не патрэбная канстытуцыйная рэформа. Як, па яго словах, раней не патрэбны быў пералік галасоў і паўторныя выбары.

«Ім не патрэбная новая Канстытуцыя, бо калі мы прымем яе, там будзе разгрупаванне ўлады, але ім патрэбны прэзідэнт з цяперашняй уладай», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Гэта дазволіць тым, хто рвецца да ўлады, звярнуцца па ваенную дапамогу ў НАТА, лічыць ён. А дапамога ім спатрэбіцца, бо народ, нават калі не разбярэцца адразу, хутка зразумее свае страты і ўзбунтуецца, дадаў беларускі лідар. І тады тэрыторыя краіны можа аказацца пад кантролем знешніх сіл.

«Стратэгічны інтарэс Захаду — стварэнне празаходняга рэжыму ў Расіі,  “беларускі выпадак” можа служыць у якасці аднаго з элементаў у гэтай стратэгіі. Кіраўніцтва Еўрасаюзу лічыць, што зараз маецца гістарычны шанс спыніць расійскі ўплыў, — працытаваў чарговую шыфроўку Аляксандр Лукашэнка. — Вось у чым галоўны сэнс. І мы — перашкода на гэтым шляху. У нас павінны патрэніравацца».

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся гэтай інфармацыяй, каб аўдыторыі было лягчэй зразумець яго рэакцыю на пратэсты.

«Я што павінен рабіць у гэтай сітуацыі?» — спытаў ён.

Незалежнасць — вельмі дарагая рэч, падкрэсліў Прэзідэнт.

«Калі беларускі народ гатовы ўтрымліваць гэтую незалежнасць, змагацца за яе, чаго б гэта не каштавала, давайце будзем змагацца», — рэзюмаваў ён.

«Урачы і настаўнікі — гэта тое, на чым трымаецца наша дзяржава»

Пра гэта Прэзідэнт заявіў падчас размовы з супрацоўнікамі бальніцы. Ён адзначыў, што напярэдадні выбараў даў загад падтрымаць гэтыя катэгорыі бюджэтнікаў.

«Урачы і настаўнікі — гэта тое, на чым трымаецца наша дзяржава. Таму я вельмі перажываю і жорстка рэагую, калі настаўнікі замест таго, каб вучыць студэнтаў, цягнуць іх невядома куды, калі ўрач у гэты складаны час замест таго, каб лячыць людзей, некаторыя выходзяць і пачынаюць нешта дэманстраваць», — выказаўся Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, перад урачамі, якія да апошняга змагаюцца за жыцці людзей, ён схіляецца.

«Перад такімі мы схіляемся і будзем схіляцца. Гэта сапраўдныя ўрачы. Я вам за гэта вельмі ўдзячны. Дзе б я ні быў, дзе б ні служыў, я заўсёды буду памятаць такіх герояў. На такіх людзях трымаецца і суверэнітэт, і незалежнасць, і наша краіна», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што ўрачы — асаблівыя людзі, якія не маюць права на эмоцыі. Асабліва ў цяжкі перыяд каранавіруса, калі неабходна знаходзіць сродкі на лячэнне хворых і закупку лекаў за мяжой.

«Многія дзяржавы сёння не прадаюць лекі. Добра, што ў нас з індусамі добрыя адносіны. Японцы дапамагаюць шмат, нешта мы просім у расіян, каб яны большыя партыі закупалі, калі пакупаюць сабе. Туркі, мусульманскія, арабскія краіны добра дапамагаюць. Але гэта вялікія грошы», — дадаў кіраўнік краіны. 

«Смяротнасць ніколі не схаваеш»

Па словах Прэзідэнта атлусценне, цукровы дыябет, астма, хваробы сэрца — асноўныя захворванні, з-за якіх людзі паміраюць, падхапіўшы каранавірус.

«Давайце не будзем слухаць пісакаў, якія сёння ў інтэрнэце пачынаюць каціць хвалю. Смяротнасць ніколі не схаваеш. Можаш паставіць дыягназ астма, пнеўманія і гэтак далей, але агульную колькасць смяротнасці ніколі не схаваеш. Скончыцца год,  і ўся статыстыка будзе бачна, а медыкі дакладна будуць ведаць па смяротнасці паказчыкі. Але чаму хайпуюць і пастяцца на гэтым? Вострая тэма, трэба расштурхаць яе», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, у сучасным свеце немагчыма скрыць дадзеныя па захворванні ці смяротнасці ад каранавіруса.

«Трэба супакоіцца і лячыць людзей. Галоўнае — захаваць жыцці людзей», — дадаў кіраўнік краіны.


«Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю»

Прэзідэнта спыталі пра работу так званых рэгіянальных штабоў па барацьбе з пандэміяй. У першую хвалю яны дапамаглі хутка вырашыць усе праблемныя пытанні, лічыць кіраўнік дзяржавы. Узначальваюць іх кіраўнікі рэгіёнаў разам з упаўнаважанымі Прэзідэнта.

«Я вельмі станоўча ацэньваю работу кіраўніцтва нашых абласцей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы заўважылі, што ўрад у нас некалькі ад гэтага (прыняцця супрацьэпідэміялагічных мер — «Зв.») адхілены, але ўрад жалезна адказвае за эканоміку. Не будзе працаваць эканоміка, ніякі ковід мы не вылечым, нікога не выратуем».

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што існуючая вертыкаль улады дазваляе хутка вырашаць праблемы і зараз, падчас досыць рэзкага росту колькасці інфекцыраваных.

«Вы заўважылі, што асноўны ўдар нашых пратэстуноў наносіцца па Прэзідэнце і па вертыкалі ўлады», — звярнуў ён увагу.

Як прыклад, ён прывёў прапановы абрання кандыдатаў на пасады дзяржаўных служачых, дырэктараў прадпрыемстваў. Ён напомніў, што такі вопыт быў падчас кіравання Савецкім Саюзам Міхаіла Гарбачова, што, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, і прывяло да распаду дзяржавы.

«Я кажу: гэта ўжо без мяне. Займайцеся гэтай дэмакратыяй ужо без мяне. Хоць нам, вядома, Канстытуцыю трэба новую, — дадаў Прэзідэнт. — Я прыхільнік новай Канстытуцыі не таму, што дэмакратыю нейкую трэба, не ў дэмакратыі справа. Новую Канстытуцыю я, як чалавек, які будзе жыць пры новым прэзідэнце… Мяне што ў гэтай сітуацыі хвалюе — незнаёмаму прэзідэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга. Будзе бяда».

Нам патрэбна Канстытуцыя, якая абароніць краіну ад разбурэння ў выпадку, калі да ўлады прыйдзе чалавек, які альбо знарок пажадае краіну разбурыць, альбо незнарок будзе спрабаваць гэта зрабіць — такую думку давёў на сустрэчы з медыкамі Аляксандр Лукашэнка.

Ён спыніўся на прапановах абрання парламента па партыйных спісках і напомніў, як у абраным па такім прынцыпе Вярхоўным Савеце ў пачатку 90-х гадоў не маглі прыйсці да згоды па важных пытаннях, альбо прымаліся рашэнні, якія супярэчылі, на яго думку, меркаванню большасці людзей. Гэта тычыцца першай дзяржаўнай сімволікі незалежнай Беларусі.

Партыі могуць падзяліць грамадства і прывесці да вулічных сутыкненняў, а работу парламента паралізаваць, дадаў Прэзідэнт.

«Ну калі вы гэтага хочаце, народ за гэта прагаласуе, так і будзе, — сказаў ён пры гэтым. — Клянуся, так і будзе. Ніякую Канстытуцыю я пад сябе не раблю. У новай Канстытуцыі я ўжо з вамі Прэзідэнтам працаваць не буду».

Яшчэ адно абяцанне Аляксандра Лукашэнкі — недапушчэння фальсіфікацый падчас галасавання за змены ў Канстытуцыю.

«Нават калі буду ведаць, што гэта будзе не тое, што я хачу. Чаму? Таму што беларускі народ павінен прайсці тое, што ён павінен прайсці. Лепш зараз, без вайны. Горш, калі нам гэту вайну падкінуць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв’ю: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».