У Гомельскім лядовым палацы сабраліся спартсмены-пачаткоўцы і дасведчаныя хакеісты, ветэраны спорту, аматары хакея, якія выказаліся супраць ідэі аб пераносе 84-га чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі.
Спорт павінны перамагчы «брудную» палітыку, такое агульнае меркаванне выказалі ўсе, хто сабраўся.
— У нашай краіне любяць хакей, і права на правядзенне чэмпіянату свету трэба адстаяць перад «бруднай» палітыкай, з якой ён сутыкнуўся, — адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога ГА «Федэрацыя хакея» Віталь Уткін. Ён падкрэсліў, што ў гісторыі нямала прыкладаў, калі на час Алімпійскіх гульняў спыняліся нават ваенныя дзеянні:
— Няхай і зараз пераможа спорт, пераможа хакей. І хай з вуліц нашых гарадоў сыдуць масавыя беспарадкі, «брудная» палітыка, — упэўнены парламентарый.
У звароце ў падтрымку правядзення чэмпіянату свету па хакеі адзначаецца, што Беларусь — незалежная дзяржава, і толькі беларусам і IIHF (Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе) варта вырашаць, дзе і як будзе праводзіцца чэмпіянат свету.
— Наша краіна не павінна пазбаўляцца права правядзення чэмпіянату свету па хакеі з-за створанага негатыўнага эмацыянальнага меркавання аб ёй праз пэўную інфармацыйную вайну. Нашы апаненты вядуць спекуляцыю, расхістваюць хакейную сітуацыю... Ёсць выдатны алімпійскі прынцып — спорт па-за палітыкай. Зыходзячы з яго, мы ўпэўненыя: хакею не пойдзе на карысць тое, што гучыць у заявах розных палітыкаў. Спорт не павінен быць рычагом ціску з боку знешніх сіл, — гаворыцца ў звароце.
Яго падпісалі прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці Гомеля. Па словах Віталя Уткіна, будзе прадуманы механізм, які дазволіць далучыцца да ініцыятывы ўсім жадаючым.
Сярод тых, хто паставіў подпіс у звароце, — трэнер-выкладчык ДЮСШ — ХК «Гомель» Вячаслаў Звераў. Ён звярнуў увагу, што Беларусь з’яўляецца прадаўжальнікам савецкай школы хакея, а выхаванцы беларускага хакея выступаюць на сусветных арэнах:
— Вялікі скачок у развіцці хакея адбыўся за гады незалежнасці Беларусі. Пабудаваны сучасныя спартыўныя комплексы, аб’екты з развітай інфраструктурай, якія дапамагаюць развівацца як прафесійным клубам, так і аматарскім калектывам, адкрыты дзіцячыя спартовыя школы. А праведзены чэмпіянат свету ў Мінску ў 2014 годзе даказаў: Беларусі па плячы самы высокі ўзровень правядзення спаборніцтваў, — падкрэсліў трэнер.
Капітан хакейнай каманды «Гомель-2005» Мацвей Раманюк таксама лічыць, што Беларусь павінна абараніць сваё права правесці чэмпіянат свету-2021.
— Цалкам няправільна змешваць спорт з палітыкай. Беларусь павінна правесці гэты чэмпіянат. Гэта вельмі важна, — упэўнены гомельскі юны хакеіст.
Зварот накіруюць прэзідэнту Федэрацыі хакея Расіі Уладзіславу Траццяку. Да яго выказана просьба хадайнічаць перад кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэлем аб правядзенні ЧС-2021 у Беларусі.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА
Какававэла і вінаградныя жамерыны.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.