Вы тут

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў


Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў і аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі

У Агародніцкі сельскі Савет Камянецкага раёна, што на Брэстчыне, прыйшло пісьмо з Ніжняга Ноўгарада ад Марыны Гуранды. Вось яго сціслы пераказ: «Мой дзед Папоў Рыгор Іванавіч служыў у 1940 годзе ў складзе 15-га стралковага палка 49-й дывізіі на заставе прыкладна за сорак кіламетраў ад Брэста. Яго сям'я — жонка і чацвёра дзяцей — жылі на кватэры ў адной з вёсак недалёка ад заставы».


Марына Гуранда.

З гета — у дом

22 чэрвеня 41-га года, калі тэрыторыю сталі бамбіць, дзед тэрмінова адбыў у часць. Бабуля, Папова Праскоўя Цімафееўна, і дзеці: 10-гадовы Аляксандр, 8-гадовы Дзмітрый і 5-гадовыя двайняты Святлана і Тамара, як і многія сем'і вайскоўцаў, трапілі ў лагер для прымусовых перасяленцаў у Чарнаўчыцах. Жыццё ў тым гета было жудасным, харчоў фактычна не было. Дзеці хадзілі па ваколіцы ды жабравалі.

Праз нейкі час мясцовым жыхарам дазволілі браць на работу людзей з лагера. Маю бабулю з дзецьмі ўзяў да сябе Клім Філімонавіч Абрамук з вёскі Мачулішча. Іх у тым доме саміх было пяцёра, а яны яшчэ пяцярых узялі! Але, паводле правіл, работнікаў трэба было вяртаць у лагер. І немцы некалькі разоў іх забіралі. Але ж Клім Філімонавіч разам са сваім пажылым бацькам зноў прыязджаў ў Чарнаўчыцы і нейкім чынам зноў вызваляў сям'ю. Потым пра Паповых, відаць, забыліся ў лагеры. Словам, усю вайну бабуля з дзецьмі пражылі ў гэтых добрых людзей. Заставаліся яны ў Мачулішчы і яшчэ некаторы час пасля вызвалення...

Недзе ў 1949 годзе Праскоўя з дзецьмі паехала да родных у тады яшчэ горад Горкі. Яе муж лічыўся прапаўшым без вестак. І толькі праз шмат гадоў яго родныя даведаліся, што Рыгор Папоў загінуў 31 жніўня 1943 года ў Ярцаўскім раёне Смаленскай вобласці.

Беларускі дзед Клім

Доўгія гады бабуля і Клім Філімонавіч перапісваліся. Усе свае пісьмы ён звычайна пачынаў так: «Добры дзень, дарагая мая Цімафееўна. У першых радках свайго ліста паведамляю, што па літасці Божай усе мы жывыя і здаровыя. Чаго і вам жадаем...»

Кожны раз, калі мы збіраліся ў бабулі за сталом, яе дзеці ўспаміналі Беларусь, спявалі на беларускай мове: «Каля грэблі шумяць вербы», успаміналі суседзяў, знаёмых з вёскі Мачулішча. А дзед Клім (так мы яго між сабой называлі) прысылаў нам пасылкі з салам, дамашняй каўбасой, сушанымі грушамі. Так, відаць, у ім засталося з вайны жаданне — накарміць галодных дзяцей.

Далей у сваім лісце Марына Міхайлаўна, дачка Святланы, расказвае, як у дзяцінстве, у пачатку 70-х гадоў, яна з маці і бацькам прыязджала ў Мачулішча. Дзед Клім быў тады ўжо старэнькі. Ну а потым пісьмы з Беларусі перасталі прыходзіць. Зразумела, што людзі сыходзяць у іншы свет і сувязі перарываюцца.

Але Марына Гуранда, як і яе сваякі, беражліва захоўвае памяць. Унучка франтавіка планавала прыехаць у Камянецкі раён у маі, бліжэй да Дня Перамогі. Але паездка сарвалася з-за пандэміі. У сваім лісце расіянка прасіла кіраўніка мясцовай улады даведацца, ці ёсць у акрузе сваякі Кліма Абрамука, ці засталіся аднавяскоўцы, якія памятаюць ваенныя падзеі. Яе таксама цікавіла, хто даглядае магілы простых беларускіх сялян з вялікімі сэрцамі — людзей, якім расійская сям'я абавязана ўсім.

Сям'я Паповых

«Калі б не гэтая сям'я (Абрамукоў. — Аўт.), наш род перастаў бы існаваць у 1941 годзе», — напісала ў адным з лістоў унучка Праскоўі Паповай. Хутчэй за ўсё, яны раздзялілі б лёс вязняў Чарнаўчыцкага гета. Дзякуючы Абрамукам Праскоўя выжыла і з гонарам выканала сваю галоўную місію. Удава афіцэра-франтавіка адна ўзняла на ногі чацвярых дзяцей. Усе выраслі, атрымалі спецыяльнасці, сталі прыстойнымі людзьмі.

Дачка Рыгора і Праскоўі, Святлана Рыгораўна Таланава (Папова), стала кавалём-штампоўшчыкам, шмат гадоў працавала на Горкаўскім аўтазаводзе. Яе партрэт з ордэнам Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, цэлым россыпам медалёў у пачатку 80-х надрукаваў часопіс «Савецкая жанчына». Тады ж у размове з карэспандэнтам Святлана Рыгораўна зноў згадвала сваіх беларускіх ратавальнікаў. І расказвала, як па вечарах любіць спяваць беларускія песні, якія засталіся з ёю з дзяцінства на ўсё жыццё.

Тамара, сястра Святланы, пасля школы скончыла ВНУ. Доўгі час узначальвала планавы аддзел будаўнічай арганізацыі. Аляксандр многія гады працаваў машыністам цеплавоза. Вось толькі Дзмітрый вельмі рана памёр. Цяпер у Расіі жывуць чацвёра праўнукаў і трое прапраўнукаў Рыгора і Праскоўі. Род працягваецца.

Ну а ў Мачулішчы, на жаль, не засталося нікога з сям'і Кліма Абрамука. Са старшынёй сельскага Савета Барысам Данілюком мы заехалі да адной са старэйшых жыхарак вёскі Веры Абрамук. Вера Уладзіміраўна аказалася цёзкай па прозвішчы, як нярэдка бывае ў вёсках. Яна нарадзілася ў 1942 годзе. Ваенныя гады не памятае, аб падзеях больш ведае з расказаў бацькоў. А вось Святлану і Тамару Паповых добра памятае, яны прыходзілі да яе старэйшай сястры. Паповы ж некалькі гадоў жылі тут і пасля вайны.

Праскоўя і Рыгор Паповы ў 1940 годзе.

Гісторыя міласэрнасці

— Памятаю іх маму, у нас у вёсцы яе лейтэнанткай называлі, — расказвае Вера Уладзіміраўна. — Праскоўя была прыгожай жанчынай, а працаўніцай, якіх пашукаць. Каб дзяцей пракарміць, хадзіла па хатах, усё рабіла: бульбу капала, жыта жала, агарод палола, ніякай работы не цуралася. А дзяцей таксама ў вёсцы шкадавалі, разумелі, без бацькі засталіся, да таго ж у чужым краі. Калі зойдуць да каго, пачаставаць стараліся. Які тады быў пачастунак — бульбіну, мо калі кавалак хлеба. Цяжка тады жылі... Але ва ўсіх у вёсцы засталіся добрыя ўспаміны пра гэтую сям'ю, добрыя людзі былі, таму ім так і памагалі.

— Але ж Клім і яго сям'я — гэта асаблівая гісторыя чалавечнасці і спагады, — гаворыць Барыс Данілюк. — Толькі ўявіце сабе: звычайная сялянская хата раздзелена на дзве палавіны. У іх жывуць два браты Марк і Клім. У адной палове, якая складаецца з двух невялікіх пакояў і кухні, жыве сям'я Кліма з пяці чалавек, у другім пакоі яны селяць сям'ю таксама з пяці чалавек. Так жывуць усю вайну і пэўны час пасля вайны. Дзеляцца не толькі жытлом, але і нярэдка ежай. А да гэтага Клім некалькі разоў едзе ў Чарнаўчыцы, каб забраць знаёмых з лагера, улагоджвае ахоўнікаў і канваіраў рознымі паднашэннямі. Яны ж пачынаючы з 1940 года жылі на кватэры ў Кліма. Таму і ратаваў як сваіх.

Старшыня Агародніцкага сельскага Савета Барыс Данілюк і жыхарка вёскі Мачулішча Вера Абрамук. Фота аўтара.

У Кліма было дзве дачкі — Надзея і Ніна. Нявесты пасляваенных гадоў, замуж не павыходзілі, дзяцей ніводная не мела. Ніна Клімаўна жыла ў доме, які пабудавалі на месцы былога бацькоўскага. Напрыканцы жыцця яна перапісала дом на знаёмых людзей, што падтрымлівалі яе ў старасці. Яны і даглядаюць магілы Кліма і яго родных. Так што магілы дагледжаныя. Дом, праўда, некалькі гадоў таму прадалі іншым людзям.

А ў суседняй вёсцы Зарэчча мы пазнаёміліся з 84-гадовым Уладзімірам Якаўлевічам Казырам, які ўспомніў сясцёр Паповых:

— Пасля вызвалення мы, пераросткі, пайшлі ў школу. Са мной у класе вучыліся Света і Тамара, мы ведалі, што гэта дочкі савецкага афіцэра, які загінуў у пачатку вайны. Тут такіх сем'яў многа было ў акрузе. Перад вайной у нашай памежнай зоне кругом часці стаялі, у вёсках афіцэры з сем'ямі жылі. Дзяўчынкі добрыя былі, старанныя, яны ў суседняй вёсцы жылі, да нас у школу хадзілі.

Мы спісаліся з Марынай Міхайлаўнай пасля маёй камандзіроўкі ў Мачулішча. Яна ўсё-такі плануе прыехаць у Камянецкі раён крыху пазней, калі дазволіць эпідэмічная абстаноўка. А пакуль жанчына вырабіла ў друкарні невялічкі буклет, прысвечаны сям'і бабулі і дзядулі і іх беларускім выратавальнікам. Некалькі экзэмпляраў адправіла ў Беларусь. Мне падалася яшчэ цікавай тая акалічнасць, што ў Ніжнім Ноўгарадзе Марына жыве ў доме па вуліцы Янкі Купалы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і з архіва сям'і Паповых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».