Вы тут

«Калі ў сувязіста ўсё добра, пра яго не згадваюць»


Праца вайскоўцаў-сувязістаў на першы погляд зусім не відовішчная. Але паспяховае выкананне баявой задачы немагчымае без добра наладжанай сувязі паміж камандаваннем і падраздзяленнямі.


На Армейскіх міжнародных гульнях, якія праходзілі некалькі месяцаў таму, беларускія ваенныя сувязісты ўдзельнічалі ў конкурсе «Упэўнены прыём». Узнагароды ў гэтай намінацыі разыгрывалі на базе Мінскага гарнізона. Для нашых вайскоўцаў конкурс прайшоў рэзультатыўна — яны атрымалі перамогу. Сапернікамі беларусаў былі прадстаўнікі Расіі, В'етнама і Таджыкістана.

Спаборніцтвы сувязістаў складаліся з пяці этапаў — «Упэўнены прыём», «Упэўненая перадача», «Радыёарыентаванне», «Работа на абсталяванні ІT-структуры» і «Ваенізаваная эстафета». У адным з іх прымаў удзел капітан Ілья Прыгажаеў — начальнік аддзялення радыёрэлейных і трапасферных станцый. Ён служыць у 86-й брыгадзе сувязі.

— Ад нашай каманды патрабавалася выканаць некалькі задач, — расказваевайсковец. — Неабходна было працягнуць оптавалаконную лінію, арганізаваць па ёй службовую сувязь, зварыць пашкоджанае валакно на хуткасць, ацаніць якасць работ пры дапамозе адмысловага прыбора і арганізаваць відэаканферэнцсувязь. А на другім этапе мы мусілі настроіць спецыяльны маршрутызатар. Наш этап праходзіў адзін дзень, і на ім мы сталі найлепшымі.

Ілья Прыгажаеў кажа, што праграма конкурсаў прыкметна адрознівалася ад паўсядзённых задач і легендаў вучэнняў.

— Калі на вучэнні мы едзем для таго, каб забяспечыць сувязь паміж камандаваннем і падраздзяленнямі, то тут гэта ўжо трэба было рабіць на хуткасць. Прычым сам аб'ём работ не такі вялікі пры добрым веданні абсталявання, але ціснуў час. Мы працавалі на тэхніцы, якая зараз выкарыстоўваецца ў нашых Узброеных Сілах. Вось што было новае, дык гэта работа са зварачным апаратам. Справа ў тым, што яго выкарыстоўваем не мы, а спецыяльныя рамонтныя падраздзяленні. Таму першы трэніровачны прагон з ім аказаўся даволі марудны. Задача перад намі стаяла наступная: як мага хутчэй прыбыць на месца, дзе нітка са шкельцамі была выведзена са строю, хутка ўсё гэта зачысціць і зварыць. А ўсё астатняе складанасцяў не выклікала. Калі ў сувязіста ўсё добра, пра яго ж не згадваюць. Зрэшты, уменне варыць валакно таксама можа спатрэбіцца — хто ведае, што можа быць у жыцці.

Суразмоўнік крыху расказаў і пра іншыя конкурсы ваенных сувязістаў. Напрыклад, у намінацыі «Упэўнены прыём» трэба было злавіць адмысловым прыёмнікам сігналы, якія перадавалі расстаўленыя ў розных пунктах перадатчыкі, і запеленгаваць іх месцазнаходжанне.

— Самай відовішчнай аказалася ваенізаваная эстафета. Трэба было здзейсніць марш на камандна-штабным аўтамабілі, пасля разгарнуць і згарнуць на хуткасць радыёстанцыю. Затым экіпаж перамяшчаўся на спецыяльны этап, дзе мусіў выканаць некалькі заданняў — надзець на хуткасць агульнавайсковы засцерагальны камплект, разабраць і сабраць на хуткасць АК-74 і абціснуць вітую пару. Пасля гэтага яны адпраўляліся на стрэльбішча. Там конкурс чымсьці нагадваў біятлон — пацэліць у пяць мішэняў, за кожную незакрытую цэль даводзілася пераадолець штрафны круг. Затым трэба было пераадолець паласу перашкод. Так што сувязісты не толькі сядзяць у эфіры, як гэта можа здацца неспрактыкаванаму чалавеку.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фарбы вайны. Пяць карцін мастакоў-відавочцаў

Фарбы вайны. Пяць карцін мастакоў-відавочцаў

Вайна — адна з тых тэм, якія нікога не пакідаюць абыякавымі. 

Грамадства

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

7 вершаў, напісаных на франтах Вялікай Айчыннай

«І на кожным кургане, быццам яблыню, песню сваю пасаджу»