Вы тут

У снежні Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага запрашае на прэм'еру


Тут на Малой сцэне адбудзецца паказ спектакля «Трамвай «Жаданне» па аднайменнай п'есе Тэнэсі Уільямса, які ставіць заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Еранькова.


Плануецца, што пастаноўку да канца года гледачы змогуць убачыць пяць разоў. У акцёрскім складзе заяўлены заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Сяргей Чэкерэс, Валерый Шушкевіч, а таксама Кацярына Шатрова, Сяргей Жбанкоў, Іна Савянкова, Кірыл Нікіцін і іншыя. Сцэнаграфію і касцюмы для спектакля зрабіла Ала Сарокіна, а кампазітарам выступіў Аляксей Еранькоў.

П'еса «Трамвай «Жаданне» была напісана больш за 70 гадоў таму (яна з'явілася зімой 1944—1945 гадоў) і стала адным з найбольш папулярных твораў аўтара. Нават прынесла яму Пулітцэраўскую прэмію. Як казалі пра названы твор амерыканскія крытыкі, «гэта п'еса, якая гаворыць пра асобу і пра грамадства... Нічога падобнага не было напісана на Захадзе ў другой палове ХХ стагоддзя». «Трамвай «Жаданне» неаднаразова экранізавалі і ставілі на тэатральных сцэнах па абодва бакі акіяна. У некаторых тэатрах яна ідзе і да сёння. І вось нарэшце ў беларускай публікі будзе магчымасць згадаць гэты твор і пазнаёміцца з яго аўтарскай трактоўкай ад Валянціны Ераньковай. Як адзначае сама рэжысёр, яе спектакль — пра дэфіцыт Любові... Нас, гледачоў, чакае гісторыя пра людзей, кожны з якіх мае свае мары, але яны разбіваюцца аб рэальнасць, штодзённасць. Героі спрабуюць адмежавацца ад убогасці побыту, але ўсё ў выніку разбураецца з-за чалавечай жорсткасці. Далёка не юная, але ўсё яшчэ прывабная Бланш Дзюбуа прыязджае ў Новы Арлеан да сваёй сястры Стэлы, якая з мужам жыве ў мясцовых трушчобах. І паведамляе, што не мае дзе і на што жыць. Мужу Стэлы сваячка адразу не спадабалася. І калі Бланш у хуткім часе знаходзіць прыхільніка і ў яе з'яўляецца надзея пабудаваць сям'ю, то Стэнлі не дае адбыцца заручынам...

— Тэнэсі Уільямс — не выпадковы аўтар у маёй творчай біяграфіі. Бо, яшчэ калі была актрысай, іграла ў яго п'есах «Шкляны звярынец» і «Спеўная птушка юнацтва». Пазней ужо як педагог ставіла ўрыўкі з «Трамвая «Жаданне» разам са сваімі студэнтамі. Гэтая п'еса — цудоўны матэрыял як для пастаноўшчыка, так і для выканаўцаў. А спектакль на Малой сцэне дае надзвычай яркі, амаль кінематаграфічны эфект, які дазваляе выявіць усе адметнасці не толькі персанажаў, але і акцёраў, і рэжысёра, — кажа Валянціна Еранькова. — Сёння высакароднае пачуццё Любові саступае месца цынічнаму, бездухоўнаму жаданню. А жаданне без Любові згубнае для чалавечай душы. І калі вы сядаеце ў трамвай «Жаданне», апантаныя толькі прагай сумніўных вандровак па ўласным жыцці, то ў выніку ён прывязе вас на могілкі — спачатку на духоўныя, а потым і на фізічныя.

Прэм'ерны паказ адбудзецца 18 снежня на Малой сцэне НАДТ імя Максіма Горкага.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Жаданне нельга спыніць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».

Грамадства

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Бібліятэк, што функцыянуюць ў маленькіх населеных пунктах, ужо амаль не засталося.

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.