Вы тут

Даніна любові Уладзіміру Караткевічу


90‑я ўгодкі класіка беларускай літаратуры адзначаюцца на Бацькаўшчыне. І ў замежжы — таксама!


Уладзімір Караткевіч. 26 лістапада 1968 года. Здымак Сяргея Панізьніка з памятнага святкавання дня нараджэння.

Днямі апублікаваныя нататкі з круглага стала, які правяла вядомая пісьменніца, журналістка Людміла Рублеўская (гл. у нэце: “Ён быў прарок, ён быў рамантык. У чым прыцягальнасць асобы Уладзіміра Караткевіча” — Звязда, 25.11.2020). Да размовы былі запрошаныя — каб пагаварыць пра Караткевіча ды ягоную спадчыну — вядомыя ў беларускай культурнай прасторы людзі. Сярод іх — літаратуразнаўца, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ Анатоль Верабей. Ён адзначыў: “Уладзімір Караткевіч быў, ёсць і будзе прадвеснікам Адраджэння, апосталам беларускасці, рыцарам чалавечнасці, сумлення й свабоды. Ён — пісьменнік пераважна рамантычнага тыпу мыслення. І тым значны як геній ды класік. Хацеў бы, каб ягоны рамантызм не ўспрымалі павярхоўна, як штосьці наіўнае, несур’ёзнае, недасканалае. Ён вялікі, як Уільям Шэкспір, Адам Міцкевіч, Аляксандр Пушкін, Янка Купала”.

Намеснік гендырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша згадаў у часе размовы й пра выставу “З кніг Уладзіміра Караткевіча”, што адкрылася да юбілею ў бібліятэчным Музеі кнігі. Там упершыню прадстаўлены кнігазбор пісьменніка з ягонага кабінета, прычым асноўнае месца ў экспазіцыі занялі экслібрысы: “Значная іх частка зроблена самім пісьменнікам. На выявах — Скарына, Гусоўскі, любімыя Караткевічам ветразі. Вылучаецца экслібрыс з абрысамі зброі касінераў. Унікальныя дароўныя надпісы на кнігах уводзяць у сяброўскае й творчае кола пісьменніка. Змена ракурсаў, іншае асвятленне: пісьменнік становіцца чытачом, але й бачна, як чытач гэты паступова стаў пісьменнікам, як пашыралася ягонае кола кантактаў і кола чытання. Мы вельмі ўдзячныя захавальнікам спадчыны Уладзіміра Караткевіча — сям’і пляменніцы пісьменніка Алены Іванаўны Сінькевіч”.

У дасланым і ў нашу рэдакцыю прэс-рэлізе — за што ўдзячныя спадару Алесю! — згаданыя таксама экслібрысы, створаныя для пісьменніка мастакамі. Якія імёны! Арлен Кашкурэвіч, Мікола Купава, Уладзімір Басалыга, Іосіф Капелян, Генадзь Грак ды Вячка Целеш — вядомы актывіст беларускага руху ў Латвіі. А дароўныя надпісы на кнігах уводзяць нас у сяброўскае й творчае кола пісьменніка — скажам, прадстаўлены аўтографы Адама Мальдзіса, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля ды іншых, і нават па-караткевічаўску жартаўлівы аўтограф… самому сабе.

Яшчэ адзін праект НББ — выстава ў галерэі “Мабільная” пад назвай “Княства вобразаў і слоў”, таксама прымеркаваная да юбілею Уладзіміра Сямёнавіча. Экспазіцыю падрыхтавалі спецыялісты бібліятэкі супольна з Беларускім саюзам мастакоў. Бо ён жа быў і мастаком: спецыялісты налічылі больш за 600 выяў. У малюнках на гістарычную тэму пісьменнік дакладна выпісваў дэталі касцюма, зброі, сілуэты й характэрныя рысы герояў. Гэтыя выявы, пэўна ж, дапамагалі ў часе працы над тэкстамі.

Тэматычная выстава “Сын Зямлі пад белымі крыламі” зладжана ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Дарэчы, якраз гэтая бібліятэка сёння — захавальніца найвялікай часткі дакументальнай спадчыны пісьменніка. І выстава дае нам унікальную магчымасць зазірнуць у святая святых — творчую лабараторыю Майстра слова, паглыбіцца ў атмасферу, у якой нараджаліся героі ягоных твораў. Дакументы з асабістага архіва пазначаюць асноўныя этапы жыцця й творчасці. Кожны з іх — сам па сабе сапраўдны рарытэт, мае асабістую аўру: ці то з’яўляецца сведкам творчага працэсу, ці то распавядае пра гісторыю стварэння таго ці іншага твора. Сярод экспанатаў — чарнавікі, аўтографы паэтычных твораў: ад першай публікацыі вершаў у газеце “Ленінскі прызыў” да апошняй — верша, прысвечанага Васілю Быкаву. Можна пабачыць рукапісы твораў 50‑х гадоў з цікавымі малюнкамі пісьменніка, раманаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, шматлікіх аповесцяў і апавяданняў, эсэ, казак.

А што мы ведаем пра Караткевіча як драматурга, кінасцэнарыста? Звычайна — зусім мала. На выставе ж можна пабачыць рукапісы п’ес “Маці ўрагану”, “Калыска чатырох чараўніц”, “Кастусь Каліноўскі”. Ёсць і афіша прэм’еры згаданага спектакля (пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа), з аўтографамі ўдзельнікаў. Рарытэт! А кінематаграфічную дзейнасць творцы адлюстроўваюць сцэнары мастацкіх фільмаў, фатаграфіі асобных кадраў з кінафільмаў, сярод якіх — “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Яшчэ найкаштоўныя экспанаты — гэта дакументы часоў вучобы Уладзіміра Караткевіча ў Кіеўскім дзяржуніверсітэце, запісныя кніжкі, узоры перапіскі. Дэманструюцца цікавыя й рэдкія фотаздымкі з сямейнага альбома Караткевічаў, малюнкі пісьменніка на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твораў, яго эцюды (падпісаныя “УК”). Ёсць і партрэтныя замалёўкі, сяброўскія шаржы на пісьменніка, выкананыя рознымі асобамі.

У асобным раздзеле экспазіцыі сабрана ці не ўся друкаваная спадчына пісьменніка: ад першых выданняў паэтычных зборнікаў да салідных збораў твораў. Дарэчы, ён і цяпер — адзін з самых папулярных у беларускіх чытачоў, часта перавыдаецца. Асобныя блокі прысвечаны перакладам твораў Караткевіча на розныя мовы, даследаванням навукоўцаў пра яго жыццё й творчасць, успамінам сяброў, сваякоў, літаратараў, мастакоў, артыстаў, кнігі з дарчымі надпісамі.

Да юбілею Музей Літаратуры падрыхтаваў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве”. А Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў гэтыя дні паказвае спектакль “Наш Караткевіч”, там разгорнута выстава “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду…” і зладжаны буккросінг — спецыяльна да юбілею класіка. Не выпадкова згадваем тэатр і музей побач: між імі ёсць творчая супраца. І святкаваць “Год Караткевіча” ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры пачалі ўвесну: праектам “Чытаем класіку разам”. Гэта былі анлайн-чытанні рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, у якіх паўдзельнічалі культурныя і грамадскія дзеячы, вядомыя артысты, журналісты Беларусі. А ў часе згаданага спектакля выстава ў тэатры ўладкавана з матэрыялаў, прадстаўленых Музеем Літаратуры: гэта кнігі, фатаграфіі й сувеніры, што маюць дачыненне да жыцця й творчасці пісьменніка.

На заканчэнне — пра ўшанаванне памяці Майстра ў Латвіі. Яшчэ ў жніўні, мы пісалі, Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” правяло ў Рызе святочную імпрэзу з нагоды юбілею. У часе якой, нагадаем, пра сяброўства з Уладзімірам Караткевічам расказаў рыжскі мастак, грамадскі й культурны дзеяч, кавалер Ордэна Трох Зорак Рэспублікі Латвіі Вячка Целеш. А днямі Жанна Раманоўская з Даўгаўпілса паведаміла: там праходзіць конкурс малюнкаў паводле кнігі “Казкі Янтарнай краіны”. Але пра тое мы раскажам наступным разам. Чакаем таксама іншых вестак з беларускіх суполак замежжа.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.