Вы тут

Добрасуседства як каштоўнасць


Прэзідэнт Беларусі запрасіў Польшчу да дыялогу пра будучыню адносін. І беларусы з суседняй краіны шмат робяць у імя таго, каб зберагчы добрасуседства як галоўную каштоўнасць.


На Беларускім народным фэстыні ў Сямятычах. Фота - культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы

Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа павіншаваў Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду й грамадзян суседняй краіны з Нацыянальным святам незалежнасці, якое адзначаецца 11 лістапада. “Беларусам і палякам лёсам наканавана жыць побач у міры ды згодзе. У сённяшніх няпростых абставінах неабходна зберагчы нашае добрасуседства як галоўную каштоўнасць, якую мы атрымалі ў спадчыну й павінны перадаць сваім нашчадкам”, — гаворыцца ў віншаванні. Запрашаючы Анджэя Дуду да канструктыўнага дыялогу пра будучыню беларуска-польскага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў: “Толькі працуючы разам, зможам захаваць мы прыкметныя дасягненні ў гандлі, прамысловай кааперацыі, навуцы, адукацыі ды іншых сферах. Гэта адпавядае як нацыянальным інтарэсам абедзвюх дзяржаў, так і жаданням мільёнаў жыхароў нашых краін”.

Заўважым, што наладжванню добрасуседскіх дачыненняў з Польшчай даўно спрыяе й беларуская дыспара. Час ад часу мы друкуем падборкі навін з Польшчы на аснове паведамленняў з беларускай Амбасады. Згадаем хаця б сёлетнія “Варшава, Торунь, Гайнаўка...” (18.03.2020) пра яскравыя прыкметы беларускага жыцця ў розных месцах Польшчы, “На тым беразе Буга” (04.08.2020) — пра ўшанаванне памяці воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне Варшавы ды цікавыя імпрэзы ў гонар Дня Незалежнасці Беларусі. Нядаўна ж у рэдакцыю салідную падборку вестак пра шэраг тамтэйшых падзей (на падставе публікацый у Фэйс- буку) мы атрымалі з Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы, іх даслала Іlona Yurevіch — Radca Ambasady Bіalorusі w Polsce, Dyrektor Centrum Kulturalnego. Спадзяемся, чытачам тут усё зразумела й без перакладу.

Спадарыня Ілона згадвае, што Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы (БГКТ) выпусціла ў красавіку ў свет чарговы “Беларускі Каляндар 2020” з фінансавай падтрымкай Беларускага культурнага цэнтра. У альманаху ёсць аповеды пра ўсе найцікавейшыя імпрэзы, якія зладзіла БГКТ у 2019 годзе, пра юбілеі творчых гуртоў, дзеячаў беларускай нацменшасці на Падляшшы. Надрукаваныя й новыя творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Віктара Шведа, Дзмітрыя Шатыловіча, Міры Лукшы, Юрыя Баены ды іншых.

А ў маі, хоць і напружваў каранавірус, але ж была праведзена 26-я Aгульнапольская Aлімпіяда па беларускай мове 2020 года, праўда, трошкі ў іншым фармаце. Па яе выніках фіналістамі сталі 25 ліцэістаў. Паколькі ж адменены сёлета быў апошні этап Алімпіяды, то ўсім фіналістам прызначаны статус і льготы лаўрэатаў! “Прызы Алімпіяды накіравалі фіналістам па пошце, — паведамляе Ілона Юрэвіч. — Амбасада й Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы традыцыйна далучыліся да галоўнага арганізатара (кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта), падрыхтавалі свае падарункі й дыпломы. Дарэчы, са студэнтамі й выкладчыкамі гэтае кафедры 1 чэрвеня ў фармаце анлайн сустракаўся Амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў. Гаварылі пра святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі, унёсак беларускага народу ў яе дасягненне, пра ўшанаванне подзвігу, герояў векапомнай вайны ў нашым часе.

Мы пісалі, што 1 ліпеня, да Дня Незалежнасці ў Амбасадзе адкрылася фотавыстава “Мая Беларусь”: былі прадстаўлены аб’екты нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыны. І што ў ходзе ўрачыстасці з нагоды свята ганаровую грамату Мінадукацыі, падзяку Міністра інфармацыі Беларусі атрымала загадчыца секцыі беларусістыкі Універсітэта Беластока Галіна Тварановіч. А Яну Чыквіну, старшыні беларускага літаб’яднання “Белавежа”, уручана Ганаровая грамата Мінкультуры Беларусі. Абодва — вядомыя прадстаўнікі беларускай нацменшасці ў Польшчы. Паведамлялі таксама, што знакавую імпрэзу ў плыні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Другой сусветнай вайне Амбасада й Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы правялі ў Музеі Незалежнасці ў Варшаве, адным з галоўных музеяў Польшчы.

У ліпені-кастрычніку ў розных мясцовасцях Падляшскага ваяводства БГКТ й мясцовыя асяродкі культуры пры падтрымцы мясцовых уладаў, Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы (КЦБ) традыцыйна ўжо ладзілі шэраг беларускіх народных фэстынаў. Мяркую, мілагучнае слоўца (згадаем фэст, фестываль) нікому слых не рэжа. “Фэстыны штогадова збіраюць знакамітыя калектывы з Беласточчыны й Беларусі, якія выконваюць беларускія музычныя творы, — удакладняе спадарыня Ілона. — З найбольш вядомых: “Куранты” й “Васілёчкі” з Бельска Падляшскага, “Рэха Пушчы” з Гайнаўкі, “Аморфас” з Сямятыч, “Шпількі” з Міхалова ды іншыя. Сёлета, на жаль, калектывы з Беларусі не маглі ўзяць удзел у фэстынах”.

А 9 жніўня ў амфітэатры пры Падляшскай оперы й філармоніі ў Беластоку прайшло 35-е ўжо Свята беларускай культуры. Штогод ладзіць такую імпрэзу для жыхароў Падляшша БГКТ, пасля з’яўлення Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы (ліпень 2008) — пры ягонай падтрымцы. На гэты раз непаўторны фэст сабраў 16 творчых калектываў і выканаўцаў з Беластока, Гайнаўкі, Гарадка, Сямятычаў, Міхалова, Макаўкі, Машчоны Каралеўскай, Залук. Гучалі на фэсце беларускія песні, прадаваліся кнігі й сувеніры ад народных майстроў.

І яшчэ згадаем пра 10-гадовы юбілей аматарскага калектыву “Аморфас”: ён створаны пры гмінным асяродку культуры 10 гадоў таму па ініцыятыве старшыні Галоўнага праўлення БГКТ Яна Сычэўскага й дырэктара Сямятыцкага асяродка культуры Яланты Сідаровіч. 30 жніўня ў Сямятычах урачыста віншавалі юбіляраў. Рэпертуар гурта — разнастайны, але пераважаюць у ім беларускія песні, у тым ліку аўтарскія — мастацкай кіраўніцы Хэлены Шчыгол. “Аморфас”, паведамляе Ілона Юрэвіч, годна прадстаўляе беларускую песню як на Падляшшы і ў Польшчы, так і ў Беларусі: выступаў у часе вядомых фэстаў. За значны ўнёсак у развіццё беларуска-польскіх культурных сувязяў Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы адзначыў гурт “Аморфас” дыпломам.

Дзякуем за цікавыя паведамленні, шаноўная Ілона! Спадзяемся й на далейшую плённую супрацу на карысць беларуска-польскага добрасуседства, якое, сапраўды, ёсць велізарная каштоўнасць.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.