Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Самыя значныя спартыўныя поспехi мiнулага тыдня.


1. Салiгорскi «Шахцёр» другi раз з 2005 года стаў чэмпiёнам Беларусi па футболе. Свае вiншаваннi камандзе перадаў Аляксандр Лукашэнка, паведамiлi ў прэс-службе Прэзiдэнта Беларусi. У матчы заключнага туру 30-га нацыянальнага першынства салiгорская каманда перамагла апанентаў з «Мiнска» з вынiкам 4:2. Галоўны канкурэнт салiгорскiх футбалiстаў — барысаўскi БАТЭ сыграў унiчыю з мiнскiм «Дынама». Бронзавыя медалi заваяваў жодзiнскi клуб «Тарпеда-БелАЗ», якi абыграў «Вiцебск» з вынiкам 3:2. Найлепшым бамбардзірам чэмпiянату стаў нападаючы БАТЭ Максiм Скавыш, якi забiў 19 мячоў.


2. Беларускiя грацыi выступiлi на чэмпiянаце Еўропы па мастацкай гiмнастыцы ў Кiеве. Россып медалёў сабралi юнiёркi. У практыкаваннях са скакалкай перамагла Дзiна Агiшава, яе адзнака — 21,550 бала. Лiзавета Зоркiна стала трэцяй у кампазiцыi з мячом, суддзi ацанiлi яе выступленне на 22,500 бала. У выступленнi з булавамi яна заняла другое месца, адзнака — 23,350 бала.

У заключны дзень спаборнiцтваў беларускiя спартсменкi размясцiлiся на п'едэстале алiмпiйскага вiду праграмы, мнагабор'я. Алiна Гарнасько — сярэбраны прызёр, Настасся Салас — бронзавы. Медаль Алiны Гарнасько мае залаты адлiў. У выступленнях з булавамi беларуска паказала найлепшы вынiк сярод усiх удзельнiц — 26,550 бала. Вынiковая сума — 100,900 бала — давала магчымасць прэтэндаваць на «золата». Але больш вопытная спартсменка з Iзраiля Лiна Ашрам, якая набрала такую ж суму балаў, апярэдзiла беларуску ў выкананнi i стала чэмпiёнкай Еўропы. Усяго беларускiя спартсменкi заваявалi пяць узнагарод. У медальным залiку наша каманда займае трэцяе месца.


3. Баскетбалiсты зборнай Беларусi ў чацвёрты раз перамаглi на першым квалiфiкацыйным этапе чэмпiянату свету 2023 года. У паядынку чацвёртага тура адборачнай групы А беларусы абыгралi каманду Кiпра з вынiкам 88:53. Матч праходзiў у партугальскiм горадзе Матазiньюшы. Самым вынiковым гульцом беларускай каманды стаў Андрэй Рагозенка, якi набраў 17 балаў.

Зборная Беларусi — адзiная каманда папярэдняй квалiфiкацыi, якая не прайграла нiводнага матча падчас турнiру. На старце адборачнага турнiру беларусы разграмiлi кiпрыётаў з вынiкам 97:41. Затым абыгралi зборную Партугалii — 72:56, а потым выйгралi матч з албанцамi — 90:50.

Турнiрнае становiшча ў квартэце А пасля чатырох гульнявых дзён: Беларусь — 8 балаў, Партугалiя — 7, Албанiя — 5, Кiпр — 4. У зборнай Беларусi засталося яшчэ два матчы ў межах прэквалiфiкацыi чэмпiянату свету — 2023 — супраць Партугалii i Албанii. Яны запланаваны на люты 2021 года. Але, як адзначылi ў Беларускай федэрацыi баскетболу, нацыянальная каманда ўжо паспяхова прайшла ў наступны этап адбору на чэмпiянат свету.


4. У сусветным бiятлоне пачаўся новы сезон. Адкрыў яго першы этап Кубка свету, якi прайшоў у Кантыялахцi. Яго праграма была кароткая: спартсмены разыгралi медалi ў iндывiдуальных гонках i спрынтах. Беларусь у складзе мужчынскай зборнай прадстаўлялi Антон Смольскi, Сяргей Бачарнiкаў, Раман Ялётнаў, Мiкiта Лабастаў i Максiм Верабей. У першай iндывiдуальнай гонцы найлепшы вынiк паказаў Антон Смольскi — 19-е месца, якi дапусцiў тры промахi i 3,04 хвiлiны прайграў лiдару гонкi — нарвежцу Стурле Легрэйду. У спрынце адразу чатыры беларусы ўвайшлi ў топ-40, зарабiўшы балы ў Кубак нацый. Сяргей Бачарнiкаў прыйшоў да фiнiшу 29-ы, Раман Ялётнаў — 31-ы, Антон Смольскi — 34-ы, Максiм Верабей — 39-ы. Мiкiта Лабастаў у спрынце стаў 58-ы. Пасля першага этапу Кубка свету найлепшую пазiцыю сярод беларусаў займае Антон Смольскi, ён на 23-м месцы.

У складзе жаночай зборнай Беларусi таксама выступiлi пяць спартсменак: Iрына Крыўко, Дзiнара Алiмбекава, Алена Кручынкiна, Ганна Сола i Iрына Кручынкiна. Лепшы вынiк сярод беларусак у iндывiдуальнай гонцы паказала Дзiнара Алiмбекава, якая фiнiшавала восьмая. У спрынце алiмпiйская чэмпiёнка ўпершыню ў кар'еры скончыла гонку на шостай пазiцыi, дзякуючы чаму трапiла на кветкавую цырымонiю. Асабiсты рэкорд на Кубку свету паўтарыла Алена Кручынкiна, якая ў iндывiдуальнай гонцы заняла 16-е месца. У агульным залiку Кубку свету Дзiнара Алiмбекава займае 4-ю пазiцыю, Iрына Крыўко — 14-ю, Алена Кручынкiна — 28-ю.

Другi этап Кубка свету па бiятлоне пройдзе таксама ў Кантыялахцi з 3 да 6 снежня. Спартсмены выступяць у спрынтах, гонках пераследу, мужчынскай i жаночай эстафетах.


5. У Мiнску адбылася мiжнародная матчавая сустрэча па боксе, прысвечаная памяцi Героя Савецкага Саюза Вiктара Лiвенцава. Турнiр прайшоў у камандным фармаце. Акрамя вядучых спартсменаў, свае сiлы праверылi маладыя баксёры. Пераможнiкам турнiру стала беларуская каманда. Перамогу камандзе прынеслi Галiна Бруевiч (57 кг), Вiкторыя Целiман (60 кг), Алiна Вебер (69 кг), Дзмiтрый Асанаў (63 кг) i Яўгенiй Макарэвiч (69 кг). Беларусы набралi 60 балаў у камандным залiку, другое месца ва ўкраiнскай каманды — 46 балаў. Каманды Францыi i Iспанii раздзялiлi памiж сабой трэцяе месца.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крынiц

Загаловак у газеце: Медальны ўраджай беларускiх гiмнастак

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.