Вы тут

Бонусы для альтруiстаў могуць быць прадугледжаны законам аб валанцёрскай дзейнасцi


Дзень адпачынку за 50 гадзiн, адпрацаваных валанцёрам (па ўзгадненні i рашэнні наймальнiка), пераважнае права залiчэння ў ВНУ пры iншых роўных умовах, вызваленне ад падаткаў часткi даходу валанцёра, вызначэнне самога паняцця «валанцёр»... Пра гэтыя i iншыя прапановы ў законапраект аб валанцёрскай дзейнасцi разважалi эксперты падчас круглага стала ў iнфармацыйным агенцтве «Спутнiк». Грамадскае абмеркаванне праекта скончылася 18 лiстапада.


www.brsmbrest.by

Валанцёры-дзецi, падлеткi i паўналетнiя. У чым рознiца?

Iнiцыятарам стварэння законапраекта стала Генеральная пракуратура, памкненне якой падтрымала Беларуская рэспублiканская калегiя адвакатаў. Прапановы апошняй базiравалiся на меркаваннях грамадскiх аб'яднанняў.

— Сёння ў краiне iснуе фрагментарнае рэгуляванне валанцёрскай дзейнасцi. Аднак комплекснага акта, якi б рэгуляваў усе пытаннi, не iснуе. Закон гэты неабходны як першы крок на шляху рэгулявання валанцёрскай дзейнасцi. Найперш ён вызначае паняцiйны апарат, бо дагэтуль нiдзе няма азначэння, хто такi валанцёр, а таксама прадугледжвае сiстэму прывiлей у сферы падаткаў, паступлення ў ВНУ, працоўнага заканадаўства, — растлумачыла неабходнасць стварэння закона Настасся ШОХАН, начальнiк Галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасцi ў сферы дзяржаўнага будаўнiцтва Мiнiстэрства юстыцыi.

Пры распрацоўцы законапраекта ўлiчваўся вопыт у гэтай сферы Расii, Украiны, Казахстана i шэрагу iншых дзяржаў. Аб'ядноўваюць айчынны праект з законамi замежных краiн адзiныя падыходы да валанцёрскай дзейнасцi. Вызначаецца, што гэтая дзейнасць бязвыплатная, добраахвотная i выконваецца дзеля дасягнення грамадска значных мэтаў. Спонсарства i мецэнацтва рэгулююцца актамi кiраўнiка краiны.

Законапраектам вызначаецца таксама, якiя могуць быць грамадска карысныя мэты i хто можа стаць валанцёрам. Мяркуецца, што гэта асобы, якiм споўнiлася 18, i эмансiпiраваныя непаўналетнiя. Падлеткi ад 14i да 18 гадоў могуць быць валанцёрамi толькi са згоды бацькоў, а дзецi да 14 — са згоды i ў суправаджэннi мацi цi бацькi, удакладнiла Настасся Шохан:

— Пры гэтым асобна вызначана, што ў медыцынскай сферы, напрыклад, валанцёрам можа быць толькi паўналетнi.

Такая папраўка на ўзрост выклiкае пэўныя апасеннi ў Беларускага дзiцячага хоспiса, куды цягам 20 гадоў прыязджаюць валанцёры з Англii, якiм няма 18.

— Я лiчу, што валанцёр — чалавек, што на працягу доўгага часу аказвае дапамогу, якую дакладна ведае. Нашы памочнiкi займаюцца палiятыўнай дапамогай, i гэта не валанцёры, гэта прафесiяналы. А нашы замежныя валанцёры прыязджаюць падрыхтаваныя. А цяпер, атрымлiваецца, што ў 16-17, як яны прыязджаюць цяпер, яны не змогуць быць валанцёрамi? А ў 18 яны ўжо паступяць вучыцца. Замежныя валанцёры, дарэчы, аказваюць не медыка-сацыяльную дапамогу, а дапамагаюць дзецям з iнвалiднасцю ў гаспадарча-бытавых патрэбах, — выказалася Ганна ГАРЧАКОВА, дырэктар Беларускага дзiцячага хоспiса.

Паколькi валанцёр — гэта альтруiст, законапраектам прадугледжаны пэўныя прэферэнцыi для такiх асоб, каб падкрэслiць важнасць i значнасць iх дзейнасцi. Замацавалi таксама права валанцёра на атрыманне матэрыяльнага забеспячэння з боку валанцёрскай арганiзацыi, накшталт аплаты праезду, харчавання, пражывання. А паколькi гэта ўсё, згодна з законам, лiчыцца даходам чалавека, выдаткi на такiя мэты не будуць абкладацца падаткамi. Адпаведная норма паралельна ўнесена i ў карэкцiроўку Падатковага кодэкса, запэўнiла прадстаўнiца Мiнюста:

— Замацавана i права валанцёраў на навучанне бяспечным спосабам работы. Замежныя валанцёры вызваляюцца ў Беларусi ад выплаты консульскага збору.

Матадказнасць арганiзацый i ненаўмыснасць валанцёраў

Вопыт рэгулявання валанцёрскай дзейнасцi ёсць не толькi ў краiн-суседзяў, але i ў самой Беларусi. У прыватнасцi, у рабоце арганiзацыi «Чырвоны крыж», дзе паралельна з супрацоўнiкамi арганiзацыi медыка-сацыяльныя паслугi адзiнокiм састарэлым дома аказвае i каля 16 тысяч валанцёраў.

— Калi дзяржава прызнае, што валанцёрская дзейнасць iснуе, што такiя людзi, як валанцёры, ёсць, i яны неабходныя, гэта добра. Аднак у законе галоўнае, каб ён дапамагаў, а не нашкодзiў, бо развiвацца ў няякасным прававым полi будзе складана. Хоць мы прапаноўвалi, каб закон быў больш комплексны, варыянт складзенага цяпер праекта правiльны, — мяркуе Раманiя СКАМАРОШКА, намеснiк генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. — Падчас першай хвалi каранавiруса мы ўжо рабiлi некаторыя рэчы, якiя цяпер прапiсаны ў законапраекце. Кожны валанцёр быў застрахаваны, забяспечаны сродкамi iндывiдуальнай аховы i праiнструктаваны. Усе людзi ўнесены ў электронную базу даных. Такiм чынам за тое, як працуе валанцёр, несла адказнасць арганiзацыя. Для навучання валанцёра, забеспячэння яго абуткам-адзеннем-харчаваннем у арганiзацыi павiнны быць рэсурс. А самi валанцёры — вялiкiя прафесiяналы сваёй справы, з вялiкай душой, якiя проста не атрымлiваюць узнагароджання за сваю дзейнасць.

Паколькi падобная дапамога досыць спецыфiчная, яна патрабуе ад валанцёраў сур'ёзнай адказнасцi, таму да гэтай дзейнасцi стараюцца залучаць паўналетнiх асоб.

Своеасаблiвы лакальны закон аб валанцёрстве iснуе i ў самiм Беларускiм дзiцячым хоспiсе, прадстаўнiкi якога таксама ўносiлi свае прапановы ў законапраект.

— Мы самi заключаем дагаворы з валанцёрамi, маем людзей, якiя каардынуюць валанцёраў, ведаюць iх мэты. Нават некаторыя ўрачы ў нас працуюць валанцёрамi, — падзялiлася Ганна Гарчакова.

Аднак несцi адказнасць за тысячы людзей, што iмкнуцца зрабiць добрую справу, але ж у любы момант могуць адмовiцца яе працягваць або таго горш — нанесцi шкоду ненаўмыснымi дзеяннямi, не проста цяжка, але i амаль немагчыма ажыццявiць на практыцы, бо ўлiчыць усе нюансы надзвычай складана, лiчаць спецыялiсты.

У дачыненнi да пошукава-ратавальнага атрада «Анёл» гэты законапраект не будзе несцi вялiкай сэнсавай нагрузкi, перакананы яго кiраўнiк Сяргей КОЎГАН:

— Кожная грамадзянская арганiзацыя звязана з валанцёрскай дзейнасцю. У пошуках Максiма Мархалюка (хлопчыка, якi прапаў у Белавежскай пушчы. — «Зв.»), напрыклад, удзельнiчала звыш 4,5 тысячы чалавек, мы iх усiх запiсвалi, але не для заключэння дагавору, а з мэтай бяспекi самiх валанцёраў, каб правесцi з iмi iнструктаж, i каб з лесу выйшла столькi ж чалавек, колькi ўвайшло. I мы гэтым займаемся ўжо на працягу васьмi гадоў штодня. Iншая справа, што мы выдаём валанцёрам дарагое абсталяванне для пошукаў. I мы не заключаем з iмi дагавор матэрыяльнай адказнасцi, бо чалавек прыйшоў, напрыклад, першы раз, i яму адразу трэба даць станцыю, навiгатар, тэхнiку для перамяшчэння. А ён можа адзiн раз толькi дапамагчы, i я яго больш не ўбачу, тым больш што наша работа грунтуецца на спантаннасцi. Нехта прапаў, i трэба за дзве гадзiны арганiзаваць дапамогу. Таму ў нас ёсць i касцяк спецыялiстаў, i з новымi людзьмi прыходзiцца сутыкацца пастаянна.

У законапраекце многiя нормы маюць рэкамендацыйны характар. Так, з валанцёрам можна заключаць дагавор, а можна — не, забеспячэнне яго адзеннем — таксама па магчымасцi, як i рашэнне кiраўнiка на асноўнай рабоце валанцёра прадастаўляць яму адпачынак або не, цi ўвогуле дазваляць яму ўдзельнiчаць у дапамозе.

— Калi для пошукаў патрэбныя вузкапрофiльныя спецыялiсты, вадалаз або прафесiйны кiроўца беспiлотнiка, мы робiм афiцыйны запыт, i менавiта кiраўнiцтва гэтага чалавека вырашае, цi адпусцiць валанцёра. Пры гэтым ведаю некалькi выпадкаў, калi людзей звальнялi за тое, што яны не паспявалi ў час вярнуцца на работу, пакуль займалiся пошукамi знiклых, — удакладнiў Сяргей Коўган. — З iншага боку, мы, бадай што, першыя пачалi вучыць сваiх памочнiкаў спецыфiцы пошукаў на перасечанай мясцовасцi, i падобных спецыялiстаў у Беларусi, лiчы што, i няма. Таму такiх профi таксама ўжо складана назваць проста валанцёрамi.

Такiм чынам, калi ставiцца па-чалавечы i з разуменнем, усё будзе працаваць. Калi ж фармалiзаваць падыходы i патрабаваць вытрымлiвання рэкамендацый, валанцёрская дзейнасць забуксуе.

На дапамогу не маюць права?..

Цi не самым маштабным кiрункам валанцёрскай дзейнасцi з'яўляецца работа з жывёламi, таму ў законапраекце прадугледжаны асобны пункт пра ахову жывёл. Аднак пры гэтым найгоршая заканадаўчая сiтуацыя ў Беларусi менавiта з валанцёрамi, якiя дапамагаюць жывёлам. Закон аб зааабарончай дзейнасцi ў краiне не могуць прыняць ужо цягам 20 гадоў, i ўвесь гэты час дзейнасць прыхiльнiкаў братоў нашых меншых знаходзiцца фактычна па-за межамi закона, пераканана Вольга КАРПАВА, старшыня дабрачыннага грамадскага аб'яднання дапамогi бяздомным жывёлам «ЗААШАНС»:

— Мы хочам працаваць шчыра i адкрыта, але нiчога не можам зрабiць афiцыйна. У законе аб грамадзянскiх аб'яднаннях главы «мэта ўпраўлення дабрачыннай дзейнасцю» не iснуе. У Грамадзянскiм кодэксе паслугi па ўтрыманнi жывёл абазначаюцца як выключна камерцыйныя. Пастанова Мiнжылкамгаса № 834 забараняе ўтрымлiваць у кватэры больш як дзвюх жывёл. Указ № 300 забараняе юрыдычным асобам аказваць дапамогу жывёлам. Пры гэтым стварэнне афiцыйных прытулкаў для жывёл не рэгламентуецца, а значыць, немагчымае.

Зааабаронцы спадзяюцца, што пытаннi дабрачыннай дзейнасцi будуць рэгламентаваны ў законе аб валанцёрстве, як гэта зроблена ў Расii. А паколькi валанцёры працуюць бясплатна, было б здорава арганiзаваць iм падтрымку на ўзроўнi розных органаў улады i забяспечыць пэўнымi гарантыямi людзей, якiя спрабуюць дапамагчы жывёлам.

— Асобным пунктам было б добра прапiсаць магчымасць прыцягваць да адказнасцi афiцыйных асоб, якiя перашкаджаюць рэалiзацыi права грамадзян i юрыдычных асоб на дабрачынную дзейнасць, — дадала Вольга Карпава. — У той час як ва ўсiм свеце распаўсюджана анiмалатэрапiя, у нас, бадай што, усюды жывёлам уваход забаронены.

Хоць частка экспертаў згодна з тым, што законапраект трэба яшчэ дапрацаваць. На днях дакумент будзе ўнесены ва ўрад, а ў сакавiку ён павiнен трапiць у Палату прадстаўнiкоў для далейшай работы. Адначасова з названым законапраектам карэкцiруецца Падатковы кодэкс i iншыя акты, каб усё ўступiла ў сiлу ў комплексе адной датай. Пры гэтым канчатковы варыянт, як вядома, можа iстотна адрознiвацца ад праекта.

Iрына СIДАРОК

Загаловак у газеце: Бо­ну­сы для аль­тру­iс­таў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. Надыходзіць дастаткова актыўны, напоўнены падзеямі тыдзень.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.