Вы тут

Усё больш жыхароў Брэсцкай вобласцi становяцца донарамi iмуннай плазмы


Каварны вiрус не хоча здаваць свае пазiцыi. За першай хваляй захворвання на COVID-19, як бачым, наступiла другая. Медыкi ўсяго свету гавораць пра перспектыўнасць кiрунку работы з антыковiднай донарскай плазмай. Хоць пры гэтым адзначаюць, што плазма не панацэя, але вельмi важны дадатковы спосаб у барацьбе з небяспечнай хваробай. Плазма, што ўтрымлiвае антыцелы, «працуе» накшталт сродку пасiўнай iмунiзацыi. Пра тое, як у Брэсцкай абласной станцыi пералiвання крывi нарыхтоўваюць i назапашваюць гэты лячэбны сродак, карэспандэнту расказалi супрацоўнiкi ўстановы.


Галоўны ўрач станцыi Марына АСАПРЫЛКА ўводзiць у курс справы:

— Нарыхтоўка антыковiднай плазмы нiчым не адрознiваецца ад нарыхтоўкi звычайнай плазмы. А вось правiлы перапрацоўкi дзейнiчаюць крыху iншыя. Першы раз мы ўзялi плазму ў чалавека, якi перахварэў на COVID-19, 5 мая. А на сённяшнi дзень у нас на каранцiнным захоўваннi маецца 107 лiтраў плазмы. З iх 60 лiтраў мы ўжо перадалi ўстановам аховы здароўя. Астатняя яшчэ не прайшла каранцiнны тэрмiн у шэсць месяцаў. Менавiта такi адрэзак часу патрабуецца, каб выключыць наяўнасць у кампанентах крывi любой iнфекцыi нават на самай пачатковай яе стадыi. I вось правёўшы дадатковую праверку на СНIД, гепатыты, iншыя iнфекцыi, мы перадаём бальнiцам цалкам бяспечны прэпарат.

Калi ж плазма зададзенай групы крывi, рэзус-фактару патрэбная тэрмiнова, i такой каранцiннай няма ў наяўнасцi, мы нарыхтоўваем хутка. Для гэтага ёсць метад патагенрэдукцыi. Гэта вельмi дарагi метад, ён дазваляе правесцi поўнае абеззаражванне кампаненту крывi, забiць iнфекцыю нават на пачатковай стадыi i атрымаць прэпарат за дзве-тры гадзiны. Зараз фiксуецца значны рост захваральнасцi, i названы метад мы актыўна выкарыстоўваем.

Марына Валер'еўна таксама расказала пра донараў. Прыходзяць яны, па-першае, па сваёй iнiцыятыве, па-другое, сама ўстанова запрашае паўдзельнiчаць у высакароднай справе. «Першых у нас нават больш, — заўважае галоўны ўрач. — I мы iм вельмi ўдзячныя. Хачу сказаць, што ад людзей, якiм мы патэлефанавалi самi з прапановай стаць донарамi iмуннай плазмы, практычна не маем адмовы. Гэта радуе i сведчыць пра высокую свядомасць нашых людзей, iх гатоўнасць прыйсцi на дапамогу суайчыннiкам. Нашы донары ведаюць, што найперш трэба выканаць дзве ўмовы: прынесцi медыцынскi дакумент, якi засведчыць факт хваробы на COVID, а з другой даведкi павiнна вынiкаць, што з апошняга адмоўнага аналiзу ПЛР прайшло не менш за 15 дзён. Астатнiя абмежаваннi i супрацьпаказаннi — агульныя, яны датычаць узросту, перанесеных захворванняў, iншага».

Далей кроў патэнцыйнага донара даследуецца на наяўнасць антыковiднага iмунаглабулiна G, гэта той самы гаючы бялок, якi спрыяе фармiраванню iмунiтэту. На жаль, ён выпрацоўваецца не ва ўсiх, хто перанёс гэтую хваробу. I вось калi антыцелы выяўлены, пацыент накiроўваецца ў памяшканне для забору антыковiднай плазмы. Ну а тыя, у каго названага кампанента няма, таксама могуць здаваць плазму, яна проста пяройдзе ў разрад звычайнай, той, якая нарыхтоўваецца станцыяй пералiвання крывi пастаянна i служыць высакароднай справе дапамогi людзям.

— Калi чалавеку з Ляхавiч альбо Столiна (знарок бяру самыя далёкiя ад Брэста раёны) тэрмiнова спатрэбiцца пералiць плазму, колькi часу на гэта будзе затрачана? — пытаю ў галоўнага ўрача.

— Пацыенту з Ляхавiч кампанент даставяць з Баранавiч, там станцыя пералiвання крывi таксама займаецца нарыхтоўкай плазмы iмуннай антыCOVID-19. А з мед-установы Столiна будзе накiравана машына да нас. З улiкам дарогi пацыент атрымае дапамогу цягам сутак. Калi ж i ў нас, i ў Баранавiчах не акажацца прэпарата патрэбных характарыстык, яго прывязуць з Мiнска, — тлумачыць Марына Асапрылка. I дадае, што дактары адзначаюць эфектыўнасць дадатковага метаду лячэння. У лiстападзе плазмы замаўляюць усё больш, попыт на яе расце.

Загадчыца аддзялення станцыi пералiвання крывi Аксана ЖАЛЯНГОЎСКАЯ, якая працуе з донарамi, гатовая пра iх казаць самыя цёплыя словы:

— Людзi прыходзяць i гавораць, што хочуць дапамагаць у справе лячэння. Пры гэтым некаторыя робяць добрую справу прынцыпова бязвыплатна. Першым донарам тут была студэнтка, якая захварэла адной з першых у Брэсце, потым прыйшло нямала медыцынскiх работнiкаў, iдуць супрацоўнiкi сiлавых ведамстваў i работнiкi сацыяльнай сферы. Людзi самыя розныя, iх аб'ядноўвае жаданне дапамагчы iншым, — гаворыць Аксана Iванаўна. — Зараз у нас па вобласцi значыцца 52 донары антыковiднай плазмы, гэта на дзве станцыi — Баранавiцкую i нашу. Але апошняе не азначае, што мы атрымалi 52 дозы плазмы, мы ўжо маем сотнi доз. Напрыклад адзiн з донараў здаў плазму 13 разоў, ёсць тыя, хто прыходзяць рэгулярна раз на два-тры тыднi.

Варта растлумачыць, што пры заборы плазмы арганiзм чалавека практычна не адчувае страты. Працэдура займае 30-40 хвілін. Высокатэхналагiчныя iмпартныя апараты перапампоўваюць ад донара больш за лiтр крывi i самi кантралююць, якая яе колькасць спатрэбiцца для выдзялення 600 мл плазмы — такi аб'ём бяруць ад чалавека. На плазму i эрытрацыты кроў раздзяляецца аўтаматычна. Эрытрацыты вяртаюцца назад, да таго ж чалавеку ўлiваецца 400 мiлiлiтраў фiзраствору.

Гэтую працэдуру добра ведае донар са стажам Дзмiтрый Каранковiч. Ён здаваў патрэбныя дакументы i рыхтаваўся да працэдуры. 29-гадовы работнiк Брэсцкага вагоннага дэпо, выпускнiк спортфака Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта прыйшоў на станцыю па ўласнай iнiцыятыве.

— На «ковiд» хварэў у адносна лёгкай форме ў кастрычнiку, — расказаў Дзмiтрый. — Лячыўся амбулаторна. Як толькi закрываў бальнiчны, адразу вырашыў, што падзялюся плазмай з тымi, хто хварэе цяжка. Гэта ж пацыентам з ускладненнямi прызначаюць такое лячэнне. Таму ўзяў у палiклiнiцы патрэбныя дакументы i прыйшоў.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: I каранцiнная, i тэрмiновая

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.