Вы тут

Несці людзям Слова


Зінаіда Уладзіміраўна Феакцістава-Каладзяжная з’яўляецца артысткай рэдкага і  складанага жанру — мастацкага слова. Яна майстар высокага ўзроўню, што пацвярджаецца ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2004), Беларускай дзяржаўнай філармоніі, нагрудным знакам «За ўклад у  развіццё культуры Беларусі» (2007) і медалём Францыска Скарыны. Доўгі час Зінаіда Уладзіміраўна працавала ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а ў 2014 годзе стварыла літаратурны тэатр «Слова», добра вядомы школам нашай краіны.


Зінаіда Феакцістава (справа) пасля монаспектакля «Ягадны хутар». Фота з асабістага архіва.

Вытокі

Нарадзілася будучая артыстка ў сялянскай сям’і ў невялікай прыгожай вёсцы Радзішына каля ракі Лешня, што на Шклоўшчыне. Бацька Уладзімір Андрэевіч, маці Надзея Юр’еўна родам з суседняй вёскі Займішча. Зінаіда Уладзіміраўна пра родных расказвае так: «Напэўна, маці мне перадала шчырае, добрае і прыгожае, захапленне беларускім словам. Асабліва краналі яе песні. Я любіла кнігі, і вершы запамінала міжволі — адзін ці два разы прачытаўшы. Спрабавала пісаць сама, але нічога сур’ёзнага ў тым не было. Потым, калі тата з мамай купілі тэлевізар, перагледзела ўсе нашы пастаноўкі. “Раскіданае гняздо” вельмі ўразіла. Мама згадвае, што я, маленькая, хадзіла потым па хаце, па двары і ўсё пе- раказвала, пераймаючы персанажаў з экрана. А яшчэ любіла танцаваць, але пры тым жа сарамлівая вельмі была... З роднымі добра і радасна, а ўсё ж у пятнаццаць гадоў з’ехала ў Магілёў — паступіла ў педагагічнае вучылішча. Там ужо і чытала, і на фартэпіяна навучылася іграць, спявала ў хоры... Добра таксама спявала маці, была вельмі прыгожая, яе хацелі неяк артысты з Магі- лёва з сабой забраць. А бацька не адпусціў, сказаў: “Не. Тут трэба кароў даіць, з ільном упраўляцца”. Дык цяпер мы часам жартуем, маўляў, напэўна, гэта я за матулю на сцэне адпрацоўваю».

Прыступкі на сцэну

У хуткім часе пасля заканчэння педагагічнага вучылішча Зінаіда Феакцістава паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Ёй па- шчасціла, што курс, на якім вучылася, вёў купалавец Мацей Федароўскі. Ён сябраваў з беларускай чыталь- ніцай заслужанай артысткай БССР Ганнай Рыжковай, якая ўзяла дзяўчыну пад сваю апеку, калі тая, скончыўшы інстытут, прыйшла на працу ў  Беларускую дзяржаўную філармонію. Ганна Паўлаўна і яе муж Уладзімір Андрэевіч ставіліся да маладзенькай артысткі як да роднай дачкі. Зінаіда Уладзіміраўна пра гэты перыяд шчыра расказала Святлане Берасцень падчас інтэрв’ю для «Літаратуры і мастацтва» ў 2011 годзе: «Спачатку я з Рыжковай працавала. “Райкіным у спадніцы” яе называлі нездарма: толькі выходзіла на сцэну, ужо рогат стаяў у зале. Яна так чытала, што пасля ўжо не было чаго рабіць. Але Ганна Паўлаўна абвяшчала: “А цяпер мая вучаніца выйдзе, маладая дзяўчына, і нешта вам раскажа...” Я выходзіла з байкай Крапівы ці Корбана ўжо зусім знясіленая — так насмяюся за кулісамі! Можа, з год каля яе была, вучылася. А потым Ганна Паўлаўна “адпусціла”, маўляў, цяпер плыві сама...»

Маладой артыстцы было цікава рыхтаваць вялікія і разнастайныя праграмы для канцэртаў на беларускім матэрыяле. Яе талент і вялікую цікавасць да майстэрства чытання заўважылі многія славутыя людзі. А зна- каміты Міхаіл Задорнаў нават аддаў Зінаідзе Феакціставай чытаць свой маналог «Ідэал», з якім яна доўгі час выходзіла на сцэну. Дэкламатарцы нават прапанавалі застацца і працаваць у Маскве. Не засталася. «Дадому вельмі хацелася, — казала яна. — Любіла сваю радзіму, бацькоў. Я і цяпер па доме вясковым сумую», — прызнаецца Зінаіда Уладзіміраўна. Кожнае лета яна прыязджала ў Радзішына, на сваю малую ра- дзіму. На кладах наведвала магілы бацькі і  родзічаў, а раней адпачывала ў родным доме і набіралася моцы для новых канцэртаў. Чатыры гады таму Зінаіда Уладзіміраўна пахавала любую маці, а восенню мінулага года нехта спаліў хату.

Дыяпазон таленту

Зінаіда Феакцістава працуе ў адным з самых складаных жанраў — мастацкага слова. Знаўцы заўважаюць, што яркаму таленту актрысы падуладныя найлепшыя ўзоры сусветнай і айчыннай літаратурнай класікі, сучасныя творы паэзіі, прозы, драматургіі, эстрады. А яшчэ ў артысткі тонкі мастацкі густ, багатыя музычныя здольнасці, яна захапляльна выконвае народныя песні. Аднолькава хораша і выразна атрымліваецца ўвасабляць паэтычныя, драматычныя творы вядомых беларускіх і расійскіх літаратараў. А ў выкананні эстрадных мініяцюр, жартаў, гумарэсак, баек, фельетонаў, маналогаў у Беларусі нашай артыстцы няма роўных.

Зінаіда Феакцістава — пастаянная ўдзельніца шматлікіх урадавых канцэртаў, свят Мінска, Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Паспяхова спраўляецца з роллю вядучай канцэртаў, выступае ў Белдзяржфілармоніі і на іншых пляцоўках краіны. Апошнія гады артыстку на малую радзіму запрашае Шклоўскі райвыканкам.

У Зінаіды Уладзіміраўны некалькі дзясяткаў творчых праектаў. Назаву хаця б некаторыя з іх: «Праз смех і  слёзы», «Любовь, любовь» (па творах паэтаў-сучаснікаў), «Памяці М. Багдановіча», монаспектаклі «Ягадны хутар» (па творах Яўгеніі Яніш- чыц), «Ярына зялёная» (па творах Васіля Быкава і Уладзіміра Караткеві- ча) і шмат іншых.

Душа баліць за беларускае слова

На «Вечарыне духоўнай паэзіі». Фота з асабістага архіва.

Музыказнаўца Ала Агаркова, вядучая праграм беларускага тэлебачання Наталля Бардзілоўская, спявачка Алена Маслоўская, літаратуразнаўца Таццяна Хоміч і іншыя дзеячы мастацтва далі станоўчыя водгукі на імпрэзы-маналогі і канцэрты Зінаіды Феакціставай. Высокую адзна- ку майстэрству чытання артысткі дала таксама журналістка Святлана Берасцень. Прынамсі, яна адзначыла: «У імпрэзах-маналогах Зінаіды Феакціставай мілагучныя, паэтычныя, напеўныя родныя беларускія словы гучаць з музыкай на роўных, сілкуючы працягваючы, акрыляючы адно аднаго. Ды толькі пабачыць такую імпрэзу, пачуць сцэнічны маналог унікальнай выканаўцы выпадае нячаста нават сталічным жыхарам».

А вось усхваляваны, нібы крык душы, маналог ар- тысткі Зінаіды Феакціставай пра роднае слова: «Урэшце я прыйшла да таго, чым падабаецца займацца — несці людзям Слова. Бо Слова — ад Бога, і ў пачатку было Слова. Межаў, канонаў у яго ўвасабленні на сцэне проста няма. (...) А ўвогуле, прызнацца, у самой душа баліць за беларускае слова. Успамінаю свае студэнцкія гады. Ніхто нас да беларускага мастацтва не далучаў. Рэпертуар — Тэнесі Уільямс, Шэкспір, Рошчын, Валодзін. На беларускае нас не накіроўвалі. А дома на роднай мове размаўлялі. (...) А як прыехала ў Мінск, дык убачыла, што беларуская моладзь, і я не выключэнне, пачынае саромецца роднай мовы. І калі нехта гаварыў па-беларуску, дык чулася: “Дзярэўня”. Таму ўсе навокал пачалі прамаўляць хай сабе з выразным акцэнтам, але рускімі словамі. І цяпер, на жаль, шмат хто не разумее ўсю трагічнасць такой сітуацыі і яе наступстваў — сітуацыі, калі людзі спачатку саромеюцца роднай мовы свайго народа, а потым пачынаюць яе забываць. Мне скардзяцца настаўнікі ў школах, асабліва выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры: адна гадзіна на тыдзень беларускай мовы! Што можна ў такой сітуацыі зрабіць, як можна, скажам, Караткевіча прайсці, калі часу не хапае — усё галопам па еўропах. Дык вось, калі я пачынаю нешта расказваць на роднай мове, якую гэтыя пяцікласнікі ніколі ў жыцці ў гу- тарках не чуюць, дык слухаюць жа, стаіўшы дыханне, і такімі вачыма на мяне глядзяць — нібы нейкую Аме- рыку для сябе адкрываюць! Калі пасля нашай імпрэзы ў школьнікаў свецяцца вочы і хаця б адзін ці два з іх падыходзяць, распытваюць, цікавяцца — значыць, не- дарэмна мы працуем і на маю справу, якую я шчыра люблю, людзі адгукаюцца».

Сакрэту няма — работа!

Выступленне ў гімназіі № 75 г. Мінска. Фота з сайта ўстановы.

У мяне не адзін раз узнікала пытанне: як гэта атрымліваецца, што артыстка, няхай сабе і вельмі таленавітая, трымае ў памяці такую вялікую колькасць сюжэтаў, эпізодаў, мелодый песень, розных тэкстаў вершаў і прозы? Толькі для юнага гледача ў яе праграме ажно 23 спектаклі! І канцэрты не толькі на бела- рускай мове, але і на рускай. У чым сакрэт? Адказу не знаходзіў...

І вось нядаўна ў гутарцы па тэлефоне я выказаў свае думкі Зінаідзе Уладзіміраўне. Яна нават рассмяялася. «Які сакрэт? Работа! Штодзённа, без выхадных. Работа, як у спартсмена. Вялікая работа! Бо калі спыніцца, не працаваць над сабой, то пачнеш забываць. Вось і сёння я аднаўляю ў памяці маналог “Белы камень” паводле аднайменнай паэмы і некаторых вершаў Аляксея Пысіна пра каханне...»

Няхай жа і надалей Зінаіда Уладзіміраўна з любоўю нясе сваім слухачам роднае слова, раскрывае багацце нацыянальнай літаратуры, выклікае гонар за беларускую мову, адну з самых прыгожых і мілагучных у свеце, звяртаецца да моладзі, каб больш глыбока ведаць свае гісторыю і культуру!

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.