Вы тут

«Для каларыту»: сяброўскія вершы Антонія Эдварда Адынца


У канцы лістапада ў выдавецтве «Лімарыус» у серыі «Наша ХІХ стагоддзе» выходзіць адметны помнік беларускай мемуарыстыкі — кніга «Успаміны пра мінулае, расказаныя Дэатыме», аўтар якой — ураджэнец Ашмяншчыны, польскі літаратар беларускага паходжання Антоні Эдвард Адынец (1804—1885). Выдадзеная ў 1884 годзе, пасля яго смерці кніга не публікавалася ні ў арыгінале, ні ў перакладзе да 2020 года... Нарэшце гэты недаравальны прагал у гісторыі беларускай літаратуры нарэшце запоўнены Аляксандрам Фядутам, які падрыхтаваў да друку беларускае выданне, напісаў прадмову і каментарыі да яго.


Празаічную частку «Успамінаў…» пераклала на беларускую мову Яніна Кісялёва, шматлікія паэтычныя ўстаўкі сілабікай — аўтарка гэтага артыкула.

...Час ляціць безупынны! Людзі, што нядаўна

На каленкі дзяцінства нашае садзілі

І гісторыяй продкаў ці казкай забаўнай

Дух пяснярскі, адданасць Айчыне будзілі,

Дзе ўсе? Зніклі са свету! Змарнелі ды ўмёрлі

Ці гібеюць, і скруха стаіць ім у горле,

І, як рэшткі крушэння, мкне хваля сівая,

Каб затапіць назаўжды — у бяздонным моры,

Вечнасць, што ўсё бліжэе, ўсіх іх пахавае.

Такімі паэтычнымі радкамі пачаў Антоні Эдвард Адынец празаічныя згадкі пра гады свайго навучання ў Барунскай школе, былой езуіцкай. Яны  ж маглі быць змешчаны ва ўсе даведнікі як анатацыя кнігі — калі б толькі было дазволена рыфмаваць анатацыі. Бо «Успаміны пра мінулае…» — гэта не проста мемуары сведкі ХІХ стагоддзя. Гэта партрэт веку, прапушчаны праз прызму паэзіі.

Паэт, драматург, перакладчык, рэдактар, грамадскі дзеяч Антоні Адынец быў вядомы не толькі сваімі творамі, але і некалькімі літаратурнымі скандаламі. А яшчэ — знаёмасцю і сяброўствам са шматлікімі жывымі легендамі паэзіі.

Сапраўдную літаратурную славу яму прынеслі мемуары, выдадзеныя ў  сярэдзіне жыцця, — «Лісты з падарожжа», дзе ён друкаваў нібыта свой эпісталярый, створаны ў пачатку 1830-х падчас вандровак з Адамам Міцкевічам па Заходняй Еўропе. Пазней крытыкі выявілі падлог: многія лісты аказаліся белетрызаванымі аўтарам, дадуманымі ці дапісанымі па памяці. Гэта, аднак, не зашкодзіла выдаўцу часопіса «Сямейныя хронікі» Ядвізе «Дэатыме» Лушчэўскай у 1880-х замовіць Адынцу настраёвы працяг «Лістоў…»

І вось зусім стары Адынец піша ўжо новыя лісты — перадсмяротныя ўспаміны (што згадаю, тое запішу) пра свае калялітаратурныя прыгоды.

«Успаміны пра мінулае» — гэта пострамантычныя шаржы на сяброў Адынца. Кніга змяшчае вялізныя вытрымкі з лістоў, а таксама «аказіянальныя» (у савецкі час сказалі б: «дацкія») вершы Адынца, адрасаваныя таварышам.

Вайна з Напалеонам: васьмігадовы Антоні спявае прыпеўкі

 Няцяжка здагадацца, якія настроі апаноўвалі ліцвін- скую шляхту і магнатаў, калі Напалеон распачаў вайну з Расіяй. Але і няцяжка ўявіць, як напакутаваліся жыха- ры Ашмяншчыны, калі паўз іх сялібы праходзілі войскі Напалеона. Прынамсі, Адынец ва ўспамінах свайго ран- няга дзяцінства фіксуе сустрэчу «з першым [польскім, на службе Напалеона Банапарта. — М. М.] уланам, нейкім Анджэеўскім з 9-га палка, які, узяўшы мяне ў сядло, імчаў- ся галопам са мною па дзядзінцы і розныя штукі вырабляў са сцяжком». Аднак у канцы ХІХ стагоддзя, пішучы мемуары, паэт змушаны ўраўнаважыць такое замілаванне магутным контрпрыкладам: «Але таксама не менш выразна, на жаль, памятаю і пазнейшыя рабункі французскіх марадзёраў, і небяспеку для бацькавага жыцця, калі адзін з іх пап’янаму хацеў яго застрэліць, ажно іншыя яго насілу абаранілі; затым шматтыднёвае бадзянне па ля- сах разам з некалькімі суседкамі і дзецьмі...»

Сям’я Адынца змагла вярнуцца дадому толькі пад аховай «жаўнера Казлоўскага з Надвіслянскага легіёна». Пра адважнага паляка Адынец згадвае гэтак: «…аднойчы ён, даведаўшыся, што французы ў Барунах рабуюць касцёл і мястэчка і што адзін з іх дзеля забавы застрэліў старога каваля, паскакаў туды на кані без сядла, з карабінам у руках на дапамогу тамтэйшаму ахоўніку, свайму таварышу, і, разам з ім сабраўшы мяшчан, не толькі марадзёраў прагнаў, але, звыш таго, здзейсніў неадкладна акт справядлівасці — сам з карабіна таксама паклаў забойцу». Васьмігадовы Антоні быў так захоплены, «што ў гонар гэтага геройскага ўчынку склаў для яго песеньку на ўзор тых, якія ён спяваў мне...»

[* * *]

Так табе, француз, і трэба,

Так табе і трэ’!

Бог не ўзяў цябе на неба,

Гніеш на дварэ!

Без крыжа твая магіла,

Сыне ты чартоўскі!

А з героем нашым — сіла!

Хай жыве Казлоўскі!

[1812 г.]

Паэты Вільні: дзевятнаццацігадовы Антоні цвяліць таварыша

Асаблівай каштоўнасцю ў канцы ХІХ стагоддзя ўспаміны Адынца былі для тых чытачоў, хто хацеў чуць падрабязнасці пра літаратурную Вільню пачатку таго стагоддзя. А чуць было пра што: Вільня тады была перапоўнена маладымі паэтамі. Найперш дзякуючы выкладчыку літаратуры Віленскага ўні- версітэта крытыку паэзіі Лявону Ба- роўскаму, які па суботах ладзіў для сту- дэнтаў заняткі творчага пісьма па ціка- вай ліберальнай методыцы. Як згадвае Адынец, вершы ў Вільні тады пісалі ўсе. Вось, напрыклад, выдатная гісторыя знаёмства аўтара з адным з паэтаў:

«Адам [Міцкевіч. — М. М.] падчас сваёй бытнасці ў Вільні пару дзён быў слабы і не ўставаў з ложка. Аднойчы, прыйшоўшы да яго, чую чыйсьці ўзнё- слы, поўны энтузіязму голас і, увай- шоўшы, бачу нейкага пана, які сядзіць ля яго на ложку і пералічвае імёны паэтаў, якія былі таксама і дактарамі медыцыны. Калі ён скончыў, я адразу папракнуў яго, што не назваў імя Станіслава Расалоўскага. Тут гэты пан зрываецца з ложка і, расставіўшы рукі з адмысловай сардэчнасцю, выкрыквае: “А! Пане Дабрадзею! Прадстаўляюся сам in persona і ўдзячны вам, што памятаеце пра маё імя”. Гэтак хутка пачалося знаёмства, а ўслед за ім і гарачыя дыспуты пра рамантычнасць, у якіх Адам не ўдзельнічаў, а толькі смяяўся, гледзячы на нашу запальчывасць».

Адынец быў прыхільнікам рамантызму, а Расалоўскі — аматарам класіцыстычнай літаратуры. Падчас іх гарачых дыспутаў нарадзілася жартаўлівая паэтычная рэпліка Адынца:

[Станіславу Расалоўскаму]

З падвойным рэспектам —

Стась, творца і лекар,

Цябе я вітаю!

І казанне гэта —

Паэт да паэта —

Нарэшце звяртаю.

Табе ж нешта прозай

Тлумачыць — параза:

Ледзь што, ты — з пагрозай,

Абразай, зараза!

Паэтаў назло ты,

Як хто не антычны,

А немец (хай Гётэ)

Ці брыт рамантычны,

Клянеш, як шалёны,

Гнеў вонкі як хлыне,

Нібыта заслоны

Адкрылі ў плаціне,

І лаеш, і ганіш,

І ганіш, і лаеш,

І правіш, і раіш,

І ўпікі кідаеш (...)

Расалоўскі гэты верш Адынцу друкаваць не дазволіў, падкрэсліўшы нязначнасць такой забавы, але звярнуў да апанента такі ж жартаўлівы адказ (для вечнасці, на жаль, не захаваны).

Зарабляючы медыцынай, да паэзіі Расалоўскі сур’ёзна не ставіўся, магчыма, дарма, мяркуе Адынец: «Шыдлоўскі і Расалоўскі былі ў 1820 годзе карыфеямі паэзіі ў Вільні. Іх творы кожны месяц, калі не кожны тыдзень, паказваліся адны за другімі ў “Dzienniku”, “Tygodniku” або ў “Wiadomościach Brukowych”. Праўда, рэдактары не плацілі ім за іх, але ўжо прынамсі не лічылі за ласку іх прымаць і друкаваць, як гэта звычайна рабілася адносна іншых прэтэндэнтаў на славу».

Сам Адынец па патрабаванні бацькі ў Віленскім універсітэце вучыўся на праўніка, але ўвесь час уцякаў да сяброў на літаратурныя лекцыі.

Справа філаматаў і філарэтаў: дваццацігадовы Антоні віншуе сябра з імянінамі

Гэты верш, на першы погляд, — звычайная лірыка на дзень нараджэння. Хто з нас не пісаў рыфмаваныя тосты да застолляў? Адынец цытуе яго сціпла, у зносцы, «каб даць уяўленне пра атмасферу, у якой прабывала кампанія і пад уплывам якой, развесяліўшыся, Адам [Міцкевіч. — М. М.] сам добраахвотна выступіў з доўгай імправізацыяй…» Але звернемся да кантэксту, у якім нарадзіўся гэты вершык. Філаматы і філарэты ўвязненыя ў базыльянскіх мурах падчас следства, і турэмшчыкі дазваляюць ім выходзіць і сустракацца ў агульным памяшканні на вечарынках. Ёсць адрасы па-за турмою, куды сябрам дазволена выходзіць на вечар. Адзін з іх — апартаменты адваката-рэгента Станіслава Галіцкага. Антоні Адынец цудам не трапіў у базыльянскія муры, хоць па справе філаматаў і філарэтаў праходзіў — ён далучыўся да гурткоў толькі ў апошні момант, бо быў на некалькі гадоў маладзейшы за астатніх. Дык вось, гэта ў яго на кватэры па запрашэнні адваката Галіцкага адбываюцца паэтычныя пасядзелкі, і адна з іх — імяніны Галіцкага 8 (22) мая 1824 года. Імправізацыі Міцкевіча з таго вечара захоўваліся толькі ў памяці яго сяброў. А вось верш-віншаванне пяра Антонія Эдварда:

[На імяніны Станіслава Галіцкага]

Стах, не дурыся, папрасцей аблічча,

Як воз Фартуны ў золаце ўвесь кліча,

А як фурман Лёс вытне цябе пугай —

Не вый бялугай.

Бо ўсё на свеце — цьху супроць нябыту;

То ж к чорту працу, цяжкасці — к нялёгкай!

Розніцы, хто ты: пястун дабрабыту

Ці просты лёкай?

Пану ці хаму — вохці небараку:

Смерць хоп за шкірку і авэк пад ср..ку,

Той — бац у неба, потым чмяк, як мячык,

На клады скача.

Толку з напханай скрыні ці адрыны?

Толькі твой трупік прымуць бернардыны,

Тут жа ў каморы ўпорыцца па спадак

 Сумны нашчадак.

«Сёння мне — заўтра ж…»

Сёння яшчэ наша,

Сёння — святкуем.

Сёння — табе слава.

Так што, сяброве, дзынь аб чашу чаша

За Станіслава!

[1824 г.]

«Сёння яшчэ наша» — словы, поўныя горычы. У красавіку 1824 года стала вядома рашэнне суда. Тамаш Зан, Ян Чачот і Адам Сузін былі адпраўлены ў Арэнбург пад вартай 10 (24) кастрычніка 1824 года. Пакінулі радзіму і іншыя сябры Блакітнага кола (так у «вясёлкавай» структуры філарэтаў называлі сябе літаратары)…

«Вяжуць Ствоша Віта…»: амаль шасцідзесяцігадовы Антоні абараняе сябра ад паклёпу

Поль Вінцэнт (1807—1872) — польскі паэт і географ, удзельнік паўстання 1830—1831 гг., ён быў ахвярай галіцкай разні ў лютым-сакавіку 1846 года, калі сяляне знішчылі больш за 500 шляхецкіх маёнткаў у ваколіцах Тарнава, забіўшы ці скалечыўшы іх уладальнікаў. У пажары ў маёнтку Поля згарэў увесь яго літаратурны наробак на той час, а сам ён пацярпеў, калі хаваўся ад нападу ў сядзібе сябра. Праз год яго да таго ж звінавацілі ў падрыхтоўцы кракаўскага паўстання і пасялілі ў Львове пад наглядам паліцыі. Пазней усе абвінавачанні былі зняты, і Поля прызначылі прафесарам геаграфіі ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, адкуль яго звольнілі ў 1853 годзе па несправядлівым абвінавачанні.

На адну са шматлікіх несправядлівасцей у жыцці паэта і адгукаецца яго таварыш Адынец, прысвячаючы яму баладу пра Віта Ствоша. Віт Ствош (1447—1533) — выдатны польскі і нямецкі гатычны скульптар. Працаваў у Кракаве i Нюрнбергу. Ствош быў папулярным героем паэзіі ХІХ стагоддзя і ў вершах самога Поля фігураваў таксама. Яго постаць натхняла паэтаў-рамантыкаў, зра- біўшыся сімвалам адданасці мастацтву.

 Гэтую баладу і  ўсе астатнія вершы вы прачытаеце ў кнізе, якая пабачыць свет у канцы лістапада.

 Марыя МАРТЫСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».