Вы тут

Ад дамавічкоў да яго вялікасці Паэта


Выдавецкі дом «Звязда» зноў радуе чытачоў новымі кнігамі. Распавядзём пра чатыры навінкі. Тэматычны дыяпазон часткова класічны: дзіцячыя кнігі і літаратура пра вайну, аднак адно з выданняў — даніна памяці адметнаму беларускаму паэту, які, на жаль, даволі рана пайшоў з жыцця.


Подзвіг падполля

Першая кніга, пра якую сёння пагаворым, — аповесць Канстанціна Нілава «Копыская навела». Яна ў дадзенай падборцы адказвае якраз за ваенную тэму. Нарадзіўся Канстанцін Нілаў 4 студзеня 1947 года ў вёсцы Якаўлевічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце. На Аршанскім машынабудаўнічым заводзе прайшоў шлях ад майстра да намесніка дырэктара завода. Працаваў генеральным дырэктарам Аршанскага міжшкольнага КПК, а таксама доўгі час з’яўляўся дырэктарам Аршанскага вышэйшага тэхнічнага каледжа, дзе раней выкладаў. Да гэтага часу займае пасаду дырэктара Аршанскага філіяла «Інстытута бізнесу і менеджменту БДУ». Узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», залатым і сярэбраным медалямі ВДНГ СССР, знакам «Выдатнік народнай асветы», а таксама знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Аўтар 12 кніг і ўдзельнік калектыўных зборнікаў. Лаўрэат прэміі «Залаты Купідон», а таксама шматразовы лаўрэат міжнародных і  рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. У 2018 годзе яго кніга «Таямніцы бэзавага яра» была вылучана на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі ў намінацыі «Лепшая кніга для дзяцей і юнацтва».

У «Копыскай навеле» на дакументальнай аснове распавядаецца пра подзвіг удзельнікаў партыйна-камсамольскага падполля і партызанскага руху ў вёсцы Копысь. Многія з рэальных прататыпаў герояў дадзенай кнігі аддалі свае жыцці ў барацьбе з нямецкімі акупантамі. Аднак здзіўленне праходзіць, калі даведваешся, што Копысь знаходзіцца ў Аршанскім раёне. Канстанцін Нілаў звярнуўся да гісторыі роднага раёна і вырашыў паказаць у сваёй навеле прыклад сапраўды гераічнага адстойвання свабоды, нягледзячы на самыя страшныя выпрабаванні.

Вершы на ўласнай мове

Другая кніга — вершы беларускага паэта Анатоля Сыса. Гэта не аўтарскі зборнік. У «Звон» сабраны найлепшыя творы аўтара на думку складальніка Віктара Шніпа. Адбіраліся вершы са зборнікаў, у стварэнні якіх Анатоль Сыс сам прымаў удзел: «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002), а таксама творы розных гадоў, якія не ўваходзілі ў кнігі. Анатоль Сыс скончыў гісторыка-філасофскі факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1982). Пасля службы ў Савецкай арміі працаваў у  Веткаўскай раённай газеце, дзе стаў спецыялістам на беларускім тэлебачанні. Дэбютаваў некалькімі вершамі ў часопісе «Маладосць» (1986). У  1987 годзе быў сярод заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання маладых пісьменнікаў «Тутэйшыя». Памёр паэт у сваёй мінскай кватэры ў 2005 годзе, калі яму было ўсяго 46 гадоў. Пахаваны ў роднай вёсцы Гарошкаве.

Пра Анатоля Сыса вельмі цікава выказаўся Вітаўт Чаропка: «Ёсць пісьменнікі, якія ствараюць міфы аб сваёй велічы і асаблівай выключнасці. Не трэба іх блытаць з правакатарамі асабістай славы, якія свядома падстаўляюць сябе пад удары лёсу, каб толькі пра іх узгадвалі. Тыповы прыклад — Славамір Адамовіч. А самым вялікім міфатворцам сваёй выключнай асобы, без сумненняў, лічыцца Анатоль Сыс. Кажуць, што Сыс не пакінуў следу ў літаратуры, яго паэзія не паднялася да ўзроўню хоць бы Дубоўкі або Жылкі, Сербантовіча або Дзяргая. Ён бы так і застаўся паэтам сярэдняга ўзроўню, калі б не натаптаў там, дзе з’яўляўся, як шэрая хмара з грамамі і маланкамі, — у бары Дома літаратара, рэдакцыях часопісаў і газет, кватэрах знаёмых і незнаёмых сабутэльнікаў, майстэрнях мастакоў, — усюды ён выпіваў, блазнаваў, трызніў вершамі і палохаў тых, хто не ведаў яго».

Аднак зборнік «Званы» — гэта нагода ўспомніць менавіта Сыса-паэта. Чалавека, які прыдумаў уласную ўнікальную мову вобразаў, а гэта заўсёды заяўка на нешта большае. У выпадку Анатоля Сыса — на свой непаўторны сусвет, дзе ўсё бытавое і чароўнае зліваецца ў мудрагелісты клубок, падобны ці то на сон, ці то на трызненне чалавека, які спрабуе пераканаць выпадковага мінака ў тым, што ён калісьці быў выкрадзены іншапланецянамі і ад гэтага ў яго раптам з’явіўся паэтычны дар. Паэзія Анатоля Сыса  — з’ява выбітная, важная для сучаснай беларускай літаратуры. У нейкай ступені, вядома, Вітаўт Чаропка мае рацыю, бо ў  першую чаргу пра Анатоля Сыса памятаюць як пра чалавека, у  якім паэт «памёр» значна раней, чым трэба было  б, не ў апошнюю чаргу з-за прыхільнасці да алкаголю. Аднак гэта ўсё яшчэ не адмяняе таго факта, што яго вершы — адзін з найлепшых прыкладаў таго, наколькі шчырай і  нетрывіяльнай можа быць экзістэнцыяльна-патрыятычная паэзія. Вершы Анатоля Сыса абсалютна пазбаўлены любога пафасу. Сыс, вядома, — далёка не самы тэхнічны паэт, сустракаюцца ў  яго дзеяслоўныя і нават інфінітыўныя рыфмы, але асноўная заслуга — у  яго вобразнай сістэме, якая стварае непаўторны сусвет. І зборнік «Званы»  — адзін з найлепшых спосабаў даведацца пра паэзію гэтага дзіўнага беларускага аўтара, добрая «ўваходная кропка» ў свет беларускай літаратуры дзевяностых і пачатку нулявых. Кнігу можна набыць у РВУ «Выдавеці дом “Звязда”», крамах ААТ «Белкніга» і РУП «Акадэмкніга».

Рознакаляровае дзяцінства

Калі глядзіш на дзве новыя дзіцячыя кніжкі, што выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда», адразу ж думаеш пра тое, што адна з іх відавочна прыцягне значна большую ўвагу мэтавай аўдыторыі, чым другая. Кніга Віктара Ляскоўскага з назвай «Дзень нараджэння» і падзагалоўкам «Весёлая кніга малышам і малышкам» адразу кідаецца ў вочы яркім афармленнем (гэтым разам перад намі кніга ў  цвёрдай вокладцы — такім чынам, павялічваюцца шансы, што яе набудуць), агульным прыемным стылем і формулай кароткіх вершаў на самыя разнастайныя тэмы: пачынаючы ад таго, як складана выкалупаць з булкі разынкі, і заканчваючы апавяданнямі пра тое, як жыраф мые шыю і чым абрыкос адрозніваецца ад гарбуза. Выклікае пытанне толькі вызначэнне мэтавай аўдыторыі: кніга заяўлена як выданне для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, гэта значыць, ад шасці да дзесяці, аднак вялікая частка вершаў занадта ўжо простая і падыходзіць, хутчэй, для дашкольнікаў.

 За ілюстрацыі ў «Дні нараджэнні» адказвала Святлана Стахоўская, і яе працу варта адзначыць асобна. Гэта мяккія, наўмысна мульцяшныя, яркія акварэльныя малюнкі, якія зацікавяць маленькага чытача, паколькі часта дублююць камічныя сцэнкі з вершаў Віктара Ляскоўскага. Усе персанажы тут нагадваюць плюшавыя цацкі, з-за чаго кніга ў цэлым становіцца яшчэ больш прыцягальнай для тых, хто захоча парадаваць дзіця.

А вось афармленне кнігі Ягора Конева «Прыгоды дамавічкоў» выканана ў шэра-зямлістых тонах, з-за чаго можа не трапіць на вочы бацькам, якія вырашылі абнавіць бібліятэку, каб прывіць свайму дзіцяці любоў да чытання. Таксама і галоўныя героі, паказаныя на вокладцы, могуць здацца занадта рэалістычнымі і некалькі адштурхнуць. Аднак на самай справе гэтая кніга вартая таго, каб яе набыць.

Па-першае, малюнкі Вікторыі Чарняўскай, якая займалася мастацкім афармленнем кнігі, хоць і сапраўды здаюцца занадта рэалістычнымі (асабліва калі параўноўваць з іншымі выданнямі для дзяцей малодшага і  сярэдняга школьнага ўзростаў), тым не менш, змогуць парадаваць чытачоў сваёй дэталізаванасцю. Падобны прыём выкарыстоўвалі стваральнікі мультфільма «Ранг», дзе ўсе жывёлы, хоць і былі намаляваны дастаткова рэалістычна і таму трохі палохалі, аднак гіпнатызавалі: глядач не мог адарвацца ад экрана дзякуючы ўнікальнаму візуальнаму стылю твора. Вікторыі Чарняўскай у поўнай меры ўдалося ў «Прыгодах дамавічкоў» зрабіць тое ж самае. Падругое, казкі, якія прыдумаў Ягор Конеў, добра падыдуць для таго, каб пазнаёміць дзяцей з беларускім фальклорам. Тэксты павучальныя. Аўтар не паглыбляецца ў дыдактыку і ставіць перад сабой у першую чаргу задачу расказаць цікавую гісторыю, прыцягнуць чытача і накіраваць пошукі цікавай інфармацыі ў бок беларускіх народных казак і легенд. У сучасных умовах такія выданні асабліва каштоўныя, паколькі ўсё менш дзяцей цікавіцца беларускай народнай культурай.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.