Вы тут

Каму верыш ты?


Каму верыш ты?

Неяк размаўлялі з маці на тэму брацкіх народаў, і я ўпэўнена заявіў, што міф Кіеўскай Русі цалкам прыдуманы ў часы Сталіна. Маці запярэчыла, але не прывяла аргументаў, а я прывёў. Прадэманстраваў ёй вялізны двухтомнік «Гісторыя рускага жыцця», напісаны ў 1905 годзе, і агучыў «факт»: словазлучэнне «Кіеўская Русь» адсутнічае ў гэтых кнігах, што ўскосна сведчыць пра пазнейшае нараджэнне міфа. Маці пагадзілася. А я даведаўся, што часам спасылкі патрэбны для таго, каб людзі не правяралі інфармацыю. Ніхто ж не будзе спасылацца на адсутнасць аргумента, на аргумент, які супярэчыць тваёй гіпотэзе. Ніхто?
Не чытаў, але асуджаю. Не глядзеў, але не дапушчу да прагляду. Не слухаў, але абы-што. Нічога не разумею ў футболе, але ходзяць па полю. Я, канешне, не расіст, але чаго ім яшчэ трэба. І іншыя фармулёўкі закаханасці ў свае павярхоўныя меркаванні. Хоць ці можна назваць меркаваннем суджэнне, зробленае на аснове нічога? «Трус Джоджо» не патрапіў у кінапракат у некаторых краінах. Чаму? Некалі «Груз 200» Балабанава адмовіліся паказваць усе расійскія дзяржаўныя тэлеканалы. Чаму? Даклад Хрушчова на XX з’ездзе КПСС паспрабавалі забыць, як страшны сон. Чаму?
Што я магу расказаць пра 90-я? Тое, што прачытаў у кніжках, паглядзеў у фільмах, пачуў ад знаёмых. Але не тое, што я жыў тады. Калі 90-я скончыліся, я яшчэ хадзіў у школу. Што я магу расказаць пра той час, калі быў школьнікам? Дробязь. Суб’ектыўнасць. Побыт, пры гэтым максімальна абмежаваны. Я не ведаю, як працавалі школы, крамы, касцёлы. Ведаю, як працавала адна школа, некалькі крам і касцёл. Я не ведаю, што можна было купіць, як зарабіць, куды падацца. Ведаю, што маглі купіць у нашай сям’і. Ведаю, як бабуля вазіла прадаваць тварог і масла, а летам — ягады. Магу ўзяць гэты фрагмент і ўкласці ў агульную карцінку, намацаць нейкія сувязі, а магу сцвярджаць, што я жыў, я ведаю пра ўсё дакладна і ніхто не мае права мне пярэчыць.
Рэклама падкажа, як табе жыць. Пазнака «Без ГМА» — знак якасці. Усе купляюць — дайце дзве. Восьмага сакавіка — дзень кветак. Сталінскія рэпрэсіі = 37-ы год. Мільёны падпісчыкаў не могуць хлусіць. Да пустога калодзежа па ваду не ходзяць. Сапраўдныя лекі — правераныя на сабе. У Сярэднія вякі культура адсутнічала. Гульня ў стралялкі павышае агрэсіўнасць. Кенэдзі быў выдатным чалавекам. Савецкі Саюз разваліў Гарбачоў.
У гутарках пра Савецкі Саюз маці заўсёды ўспамінае свой СССР, добры, светлы, казачны. Я доўгі час здзіўляўся, адчуваў нейкую неадпаведнасць яе ўспамінаў малюнку, складзенаму з фактаў, а пасля згадаў свае 90-я і зразумеў. Яна проста настальгуе. Тая краіна, якую яна апісвае, гэта не тая краіна, якая існавала, а дзяцінства, юнацтва, маладосць — цудоўныя спецыі, каб стварыць рай на зямлі ці хоць бы чысцец з прысмакам раю. Дзяцінства, юнацтва, маладосць — так шмат свайго новага, жывога, пазнавальнага і першага. Новае, новае, новае. Цуд, дзівосы, неверагоднасць. Свабода, вера, мары. Каханне. Жыццё разганяецца, жыццё ніколі не надакучыць, трэба лавіць яго. Якое дачыненне да жывога маладога чалавека могуць мець рэчы, якія не маюць да яго ніякага дачынення?
Дарвін жа адмовіўся ад сваёй тэорыі. Чэсна? Хто гэта сказаў? Вучоныя ж даказалі, што раней на Зямлі жылі гіганты. Чэсна? Якія вучоныя? Усе ведаюць аб пракляцці Тутанхамона і смерці археолагаў, якія патрывожылі грабніцу таго самага фараона. Усе? А можна падрабязней, з пералікам археолагаў, прычынамі і часам смерці? Ванга прадказвала гэта. Чэсна? А можна мне кніжыцу з прадказаннямі, якая выйшла раней, чым яны здзейсніліся?
«Я устал. Я ухожу». Кажуць, гэтыя словы сказаў Ельцын у сваёй развітальнай прамове. Сказаў і пакінуў месца прэзідэнта. Кажуць, што дакладна памятаюць гэта. Я таксама казаў. Усе памятаюць, і я памятаў, пакуль нядаўна не даведаўся, што Ельцын такога не казаў. Яго апошнімі словамі на пасадзе прэзідэнта былі: «Я ухожу. Я сделал всё, что мог». Вось такая вось памяць. Цяпер можна пагаварыць пра ветэранаў, пра мемуары, пра давер.
Жыў-быў хлопчык, які ніколі не еў яблыкі, бо памятаў, што атруціўся неяк яблыкам і ледзь не памёр. Жыў-быў хлопчык, які ніколі не еў яблыкі, бо чытаў у шматлікіх кніжках, што яблыкі нясуць з сабой толькі дрэннае. Жыў-быў хлопчык, які ніколі не еў яблыкі, бо аднойчы ўбачыў у яблыку чарвяка, а, як ён ведаў ад настаўніцы, чарвякі, калі робяцца дарослымі, ператвараюцца ў матылькоў. Жыў-быў хлопчык, які ніколі не еў яблыкі, бо краем вуха чуў, што іх паліваюць рознай хіміяй і ў выніку людзі псуюць сваё здароўе, часцей хварэюць і менш жывуць. Жыў-быў хлопчык, які крычаў: «Воўк!», але гэта іншая гісторыя.
Сітуацыя з каранавірусам нагадала людзям, што раней людзі менш хварэлі. Ледзь не кожны вам з упэўненасцю будзе расказваць, як людзі менш хварэлі. Елі з зямлі, спалі на зямлі, мыліся раз на год і не хварэлі. Так. Гэта чыстая праўда. Як і тое, што апошнімі ў развітальнай прамове Ельцына былі словы: «Я устал. Я ухожу». Людзі памятаюць. Таму яны ведаюць. Шкада, але рэальнасць працуе інакш. У памяці ёсць нейкія прычыны, матывы, абставіны, афарбоўкі, вымушаныя скажэнні. Чаму для мяне 90-я былі светлымі? Бо я блытаю 90-я са сваім дзяцінствам. Чаму раней ніхто не хварэў? Можаце падумаць самі, я вам толькі падкіну словазлучэнне «дзіцячая смяротнасць», астатняе шукайце. Помніць мала. Патрэбна ведаць, што ты помніш і чаму.
Ніколі не быў у той краіне, але там кепска. Ніколі не быў у той краіне, але там добра. Ніколі не жыў у той час, але тады было прасцей. Ніколі не быў у такіх умовах, але я б там сябе паказаў. Ніколі не каштаваў такой стравы, але гэта немагчыма есці. Ніколі не каштаваў такой стравы, але гэта неверагодна. Ніколі не слухаў Моцарта, але ён неверагодны. Ніколі не глядзеў Балабанава, але такое здымаць нельга.
На старых еўрапейскіх картах адзначана краіна Тартарыя, што з’яўляецца доказам існавання гэтай краіны. У гістарычных працах Плінія Старэйшага згадваюцца людзі з сабачымі галовамі, што з’яўляецца доказам існавання такіх людзей. У біялагічных працах прафесара Савельева ёсць спасылкі на іншыя біялагічныя працы (у асноўным прафесара Савельева), што з’яўляецца аргументам на карысць яго гіпотэзам і ідэям. У кнігах Фрэйда ёсць апісанні канкрэтных эксперыментаў з канкрэтнымі людзьмі, што з’яўляецца доказам кампетэнтнасці фрэйдызму. Прапагандысцкія фільмы, зробленыя на заказ, з’яўляюцца аргументам гістарычнасці падзей і абставін.
Ці правяраеце вы тое, што я пішу, тое, што вы пачулі, убачылі, ці тое, што нечакана высветлілася ў вашых галовах? Загуглі. За-гу-глі. Кожную спасылку правер на спасылкі. Кожнае імя правер на рэпутацыю. Кожную цытату на наяўнасць арыгіналу. Інакш ніяк.
Жыў-быў хлопчык, які ніколі не еў яблыкі…
Нядаўна трапіўся пад рукі дыплом і выпіска з яго — спіс дысцыплін і адзнак. Здзівіўся некаторым назвам і адзнакам. Здзівіўся адсутнасці, як мінімум, адной дысцыпліны. Здавалася б, дробязь, але гэта ўспаміны. Гэта тое, што ўспрымаецца як канкрэтыка, тое, што не патрабуе доказу, бо важней, чым доказ. Незадакументаванае мінулае жыве сваім жыццём, ператвараецца ў прыгожы міраж за спінай, хапае за гэтую спіну і цягне за сабой увесь свет. Ці я цяпер не пра тое зусім? Ці я проста спрабую спытаць: каму верыш ты?

Дзмітрый ШУЛЮК

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».