* * *
неба сягнуць
ды не стаць
небасягам
хатай застацца
дзе на покуці
беларускі абраз
і ручнік
і здымкі на сцяне
яшчэ не фэйсбучныя
а побач кветкі красуюць
вяртаюць неба
дахаты
* * *
калі не магу ісці
і падаю на дарозе
што кіруе да той
на якой знайшлі
Язэпа Драздовіча
мяне ліжа ліс
уздымае хваста
і пярэднюю
правую лапку
і вяртаецца
ў свой дывановы рай
не забіраючы
мяне з сабой
не адпускае
і ў пекла
* * *
радзюжку
з ложка здыму
складу
што мінула
гарою
крыж-накрыж
ражкі звяжу
ускіну на плечы
няхай
цяплынь ратуе
ад болю
* * *
побач п’юць сок
майго ўлюбёнага дуба
шэршань і мятлік
і адно дзякуючы
красе адмірала
адмірае памкненне
забіць
* * *
грушы з дзедавага саду
і яблыкі з мамінага саду
някрамнага выгляду
невядомых гатункаў
без ніякай хіміятэрапіі
і ніводнага продажу
ведама ж, райскія
асвечаныя
Крэўным Храмам
амаль паўстагоддзя
пад дрэвамі роднымі пахаджаю
і ні грушка, ні яблычак
не выцялі мяне
а толькі клічуць пакланіцца
да зямлі
а толькі ўздымаюць
у неба
* * *
мой кастрычнік
вужына-сонечны
і лякае
і свеціць
плямкамі золата
і таемна ў мяне
ўзіраецца
доўга-доўга
хваляй лёгкаю
коціць жыццё
нязлоўнае
недзе спяць ужо
не мае вужы
ад Узвіжання
да чужой вясны
* * *
зіма
выбельвае
мае ногі
ад роднай зямелькі
забірае
пясчынку
за пясчынкай
і сыходзіць
задаволеная здабыткам
на залатых капальнях
каб вярнуцца
* * *
над Лунінцам
Вялікі Воз
над Луцкам
Воз Чумацкі
і той, і той
вязе мой лёс р
астрэсвае
на часткі
а як я з воза –
дык лягчэй
таму
хто возіць
шчасце
№ 3 «Полымя», 2020
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.