Вы тут

Дэнё Дэнеў. Дробязі


ЗНЯВОЛЕННЕ, ЯКОЕ МЫ НОСІМ У САБЕ

 

Куды мы пойдзем, душа мая,

з гэтым велізарным зняволеннем,

якое мы нясём у сабе?

Зоі КАРЭЛІ

 

Самота — і ратунак, і праклён.

Яна іржой раз’ела моц металаў.

Яна пад ценем смагай вечнай стала

Са светам быць з’яднанай колькі дзён.

 

А свет не хоча. Крочыць ён адзін,

Ступае цераз цела чалавека.

Закрыты кожны, быццам куфар векам,

Заціснуты між гмахамі ільдзін.

 

 

УСПАМІН ПРА СТАРОЕ ВОГНІШЧА

Старое вогнішча не забывайце!

Не кідайце яго ў шафу

са словамі «Заўсёды» і «Ніколі».

Яго цёплы попел

у памяці захоўвайце!

І не праз нудоту, а праз жаданне

вяртайце яго вачам.

Бог вырашае:

Звышновае ў небе

ці ў душы вашай расквітнее!

 

 

АДЗІНЫ

Спявае певень… Тэмбр яго прыгожы,

Што ў гэтым шчасце, скажа нам адразу.

Вакал птушыны закрануць не зможа

Эрозія і нораваў, і часу.

 

Спявае певень… Ён узнагароды

За чысты голас ранку не чакае:

Вялікі гонар — зноў вітаць усходы,

Бы трубадур, які святло гукае.

 

Спявае певень… Ўвагі не звяртае

На актуальнасць ці на моднасць справы.

Адзіны, для каго ёсць роля тая

Заўжды ў прыроды. Ён у гэтым правы.

 

 

РАЗВІТАННЕ СА СЛОВАМІ

Гарызонт кіпіць... І прыходзяць

адусюль словы —

рыбкі, светлячкі і дзьмухаўцы…

Словы шапацяць —

бы лісты на тонкіх галінах

дрэў-мудрацоў.

Вецер гуляе з імі:

можа прылашчыць,

можа адарваць.

(Вецер — пяшчотны палюбоўнік.

Вецер — жорсткі кат!)

 

Паўсюль словы: рыбкі, светлячкі і дзьмухаўцы…

І подыхі, расквечаныя

чырванню крывавай.

І ўсходы, захады. І кветкі, што ўвабралі

гэтыя подыхі. І маўчанне —

у якім чуваць,

як прарастае трава,

як выспявае сляза.

Блаславёнае маўчанне —

перад вялікай цішынёй.

 

Развітанне са словамі.

Не магу без слоў.

У найглыбейшы сон

складзіце мне рыбак, светлячкоў і дзьмухаўцы,

жменю лістоў любой цаной.

І не забудзьцеся на вецер для іх!

 

 

ДРОБЯЗІ

Пра дробязі амаль ніколі не гаворым —

Вялікае на іх кідае вечна цень.

Праз значны свой памер уражваюць штодзень

Людзей планетны шыр, нябесныя прасторы.

 

Мы лёгка Эверэст і Млечны Шлях успомнім

І мора без праблем прыгадваем імя,

Але наводзіць сум нам родная зямля

Без плыткіх ручаін, дзе сонца мые промні.

 

У космасе ўначы танцуюць нестынары

На вугалі буйных гарачых знічак-зор —

А ў цемрадзі лясной, паказваючы ўзор,

Маленькі светлячок запальвае ліхтарык.

 

Усё, што створым мы, што мае нарадзіцца,

Да сённяшняга дня ад самых даўніх эр,

Нягледзячы на свой агромністы памер,

На атамы калісь павінна расшчапіцца.

 

Як солі ўзяць драбок — дык стане хлеб уежным,

А кропля дзёгцю мёд адразу сапсуе,

І хібнай коскі нам хапае аднае,

Каб сказ змяніў свой сэнс зусім на процілежны.

 

 

СУЧАСНАЯ ПАЭЗІЯ

Ніколі на дыбачкі сучасная паэзія

не падымаецца. І не кажа:

«Я вышэйшая за Эверэст!»

Яна ў напевах жняцоў-цвіркуноў

чуе, як прырода спавядаецца.

І за прынца абрала Уітмена!

 

 

ПОЧЫРК ВЕТРУ

 

Я, сапраўды я, —

той, хто ведае шляхі ў нябёсах,

і таму вецер — маё цела.

Эзра ПАЎНД

 

Горача люблю я почырк ветру!

Хмарныя кудзелі, як вятрыску,

хочацца парваць мне… Пасмяяцца

ў вушы бы аглухлага грамадства!

Я заўжды вясёлы.

Ананімны.

Вечна ўсюдыісны — выбухаю

радасцю п’янлівага ўрагану!

З водаў і агнёў рабіць кактэйлі.

Доўга бушаваць — у адчуванні

шчасця ад здабытае свабоды…

 

Потым жа, калі саслабне лютасць,

сціхнуць у царкве малой мясцовай. С

вечку запаліць. І выбачацца

сціпла за характар.

 

Выпадкова

чхаю — і зрываю

кволы крокус

з тонкае васковае сцябліны.

 

 

* * *

Адзінае зямное месца,

дзе гняздзяцца зоркі, —

душа чалавека.

 

Пераклад з балгарскай Бажэны ГАНУШКІНАЙ

 

4 «Полымя», 2020

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.