Вы тут

Экзатычная і гаючая мурая


З гэтай унікальнай раслінай японцы пазнаёміліся каля 450 гадоў таму. З Гімалаяў яны прывозілі мініяцюрныя дрэўцы, якія ставілі ў спальні імператара. Японцы верылі, што, удыхаючы водар кветак мураі, уладар не толькі сам стане больш разумны і мацнейшы, але — што самае галоўнае — яго дзеці народзяцца разумныя і здаровыя.


Мурая — шматгадовая вечназялёная расліна сямейства рутавых, якая ўяўляе сабой дрэўца, абсыпанае гірляндамі далікатных белых кветак, з моцным прыемным водарам, які аказвае дабратворны ўплыў на самаадчуванне чалавека.

Гэта горная расліна аддае перавагу свежаму вільготнаму паветру, светламу, але не гарачаму месцу. Аднак не любіць дрэўца японскіх імператараў (так часам называюць мураю) залішняй вільгаці ў глебе, спёкі і патрабуе прыцянення ў паўдзённыя летнія гадзіны. Камфортна кветцы на ўсходнім або паўднёвым акне, а летам лепш трымаць яе ў садзе або на балконе.

Размнажаюць мураю насеннем і чаранкамі. Прасцей за ўсё і лепш атрымаць новую расліну з насення, якое высяваюць адразу пасля збору. Прарошчваюць яго ў чыгунах з пяском або ліставой зямлёй пры тэмпературы 22–25 градусаў. Пасеянае на глыбіню 0,5 см насенне ўзыходзіць прыкладна праз 30–40 дзён і добра расце.

Для чаранкоў зразаюць напаўадзервянелыя парасткі і ўкараняюць іх (з ужываннем стымулятараў росту) у цёплым парнічку ў пяску, торфе (пажадана пад шкляным слоікам) або ў вадзе. У перыяд інтэнсіўнага росту сеянцы ўмерана паліваюць і падкормліваюць комплекснымі ўгнаеннямі, выкарыстоўваючы палову дозы, пазначанай у інструкцыі.

Увогуле ж расліне вясной і летам неабходны багаты, а зімой умераны паліў. Ваду лепш выкарыстоўваць дажджавую або тую, якая добра адстаялася.

Мурая развіваецца даволі хутка. Ужо ў тры–чатыры месяцы некаторыя экзэмпляры зацвітаюць. Аднак спачатку рэкамендуецца абрываць бутоны, каб даць расліне ўмацавацца. Цвіце мурая працяглы час і з пачатку вясны да позняй восені пакрыта дробнымі, белымі, сабранымі ў пучкі, духмянымі кветкамі.

Ягады завязваюцца без апылення, растуць і спеюць каля чатырох месяцаў. Па ступені паспявання плады мураі маюць розную афарбоўку — ад аранжавай да цёмна-чырвонай у саспелым стане. Адначасова на кусце могуць быць і кветкі, і завязі. Гэты вечназялёны цуд часта называюць «мурая экзотыка». Сапраўды, ярка-зялёныя лісты, беласнежныя, вельмі духмяныя гронкі кветак і рубінавыя ягады надаюць дрэўцу асаблівае хараство.

Маладыя расліны перасаджваюць, не заглыбляючы каранёвую шыйку, штогод вясной, а старэйшыя за чатыры гады — праз год у крыху большую ёмістасць. Самым прыдатным грунтам для вырошчвання мураі з'яўляецца сумесь з дзвюх частак агароднай зямлі, торфу і пяску, узятых па частцы.

Акрамя дэкаратыўных якасцяў, мурая валодае і лячэбнымі. Гаючыя ўласцівасці яе былі вядомыя чалавеку яшчэ з часоў старажытнаегіпецкіх дынастый. Для ўладароў свету жрацы рыхтавалі з яе лісця, пладоў і кветак лячэбны напой, які лічыўся «эліксірам жыцця».

Водар кветак «прапісвалі» сардэчнікам пры прыступах стэнакардыі. Водар мураі мае дзіўную ўласцівасць. Насычаны і цёплы, ён прымушае сэрца біцца рытмічна, актывізуе дыханне, паляпшае сон і дорыць добры настрой.

Лісце мураі і сёння выкарыстоўваецца як анальгетык. Яно здольнае зняць галаўны боль у метэаадчувальных людзей, болі пры ангінах, гастрытах, халецыстытах, язвах. Імі можна лячыць стаматыты, ранкі ў ротавай поласці.

Для гэтых мэт звычайна заварваюць цэлы лісточак шклянкай кіпеню, настойваюць да астывання і выкарыстоўваюць састаў для паласкання.

Можна лячыцца і па-іншаму: разжаваць лісточак і праглынуць яго. Смак, праўда, не вельмі прыемны, але затое карысць вялікая.

Асабліва цэняцца спелыя плады, якія маюць спецыфічны, злёгку саладкаваты, пікантны смак. Варта пасля працоўнага дня пажаваць ягадку, як адразу адчуеш прыліў сіл і бадзёрасці. Народныя лекары рэкамендуюць прымаць па тры–чатыры ягады штодня для прафілактыкі заўчаснага старэння, а таксама для аблягчэння стану пры сардэчна-сасудзістых захворваннях.

З мураі гатуюць адвары і настойкі, якія рэкамендуюцца для прафілактыкі хвароб сэрца, горла, шчытападобнай залозы, дыябету і іншых захворванняў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».