Вы тут

Востраў дабрыні


У Мазыры ёсць сапраўдны востраў дабрыні і міласэрнасці, хоць называецца ён даволі празаічна — прытулак для бяздомных жывёл. Людзі, якія тут працуюць, выконваюць волю сваіх сэрцаў, таму занятак прыносіць радасць і задавальненне. Вядома, яны любяць жывёл і мараць пра тыя часы, калі хатнія гадаванцы больш ніколі не будуць аказвацца на вуліцы. На гэтым здымку — Ірына Неўмяржыцкая (справа) — старшыня грамадскага аб'яднання «Абарона жывёл «Верныя сябры» — і Яна Нехарошава — супрацоўніца пункта часовага ўтрымання. Дзясяты год Ірына кіруе аб'яднаннем, пад яе пільным вокам працуе і прытулак. Яна — былы педагог-выхавальнік, тут функцыянуе чатыры гады, прыязджае на работу за трыццаць кіламетраў. На здымку і сабачка па мянушцы Бім — з цяжкім, але па-свойму шчаслівым лёсам. Рухацца Біму дапамагае інвалідны вазок. Тым, хто пра яго клапоціцца, ён, як і іншыя гадаванцы прытулку, адказвае ўдзячнасцю і безумоўнай любоўю, што патрэбныя ў гэты няпросты час кожнаму.


«Не галоўнае, каб у кожным доме быў сабака, галоўнае — каб у кожнага сабакі быў свой дом», — гэтае трапнае выслоўе стала неафіцыйным дэвізам жыхароў Мазыра, якіх аб'яднала высакародная мэта — дапамагаць бяздомным жывёлам. І ўжо больш за дзесяць гадоў у палескім горадзе працуе грамадскае аб'яднанне «Верныя сябры». Добрым пачынам гэтай суполкі стала рэальная дапамога братам нашым меншым і стварэнне прытулку часовага ўтрымання — на ўскраіне горада, на тэрыторыі былога асфальтавага завода ўзнік незвычайны гарадок для Мухтара, Рэкса, Вольфа, Біма, Кекса, Рэкса... Сёння ў мазырскім прытулку ўтрымліваецца сто чатыры сабакі і трыццаць катоў, статус якіх раней зводзіўся да катэгорыі бадзяжных жывёл. На пачатку мінулага месяца мне выпаў шанц пабыць у кампаніі чатырохногіх насельнікаў гарадка, і я, вядома, не ўпусціў такой цудоўнай магчымасці. Тут даведаўся, што днём і ноччу нясуць службу па абслугованні вялікай арміі хвастатых толькі чатыры супрацоўнікі і некалькі валанцёраў. Значную падтрымку праекту аказвае Мазырскі райжылкамгас, які выдзеліў тэрыторыю, узяў на сябе камунальныя паслугі і наймае работнікаў.

— У прытулку знайшлі сабе надзейную апеку бяздомныя сабакі не толькі нашага горада, прыжыліся тут і «валацугі» з Калінкавіч, з Лельчыц, з навакольных вёсак. Для нас няма розніцы, якая парода альбо ўзрост сабакі, здаровы ён альбо хворы, — стараемся дапамагчы кожнаму. Выходжваем, лечым, даглядаем, стэрылізуем, — расказвае кіраўнік аб'яднання і супрацоўнік пункта Ірына Неўмяржыцкая. — Імкнёмся стварыць для іх нармальныя ўмовы, бо ўсе яны — асобы! У нас кожны «пушок» альбо «шарык» мае законнае імя, на яго заведзены «пашпарт» (нават з фатаграфіяй). А яшчэ наша місія — шукаць і знаходзіць для іх надзейных гаспадароў.

І гаспадары знаходзяцца: дадому паехала ўжо каля сотні гадаванцаў.

Анатоль КЛЯШЧУК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.