Вы тут

Таямніцы і адкрыцці. Цікавыя навіны з вобласці навукі


Выратаванне з неба

Для эвакуацыі людзей плануюць стварыць дрон.

Цяжкі беспілотнік вертыкальнага ўзлёту расійскага АКБ «Авіярашэнні», які першапачаткова ствараўся як робат для перавозкі грузаў і арашэння зямель, зможа прымяняцца для выратавання людзей праз сістэмы спадарожнікавай навігацыі. Пра гэта ў размове з РІА «Навіны» паведаміў гендырэктар кампаніі Дзмітрый Арсенцьеў.

Паводле яго слоў, праект знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, узор плануецца стварыць да 2023 года. Як мяркуецца, такі беспілотнік зможа эвакуіраваць чалавека з любой бязлюднай мясцовасці, у тым ліку ляснога масіва або балота. Пры гэтым такое рашэнне дазволіць праводзіць эвакуацыю значна хутчэй і не выкарыстоўваць дадатковыя чалавечыя рэсурсы.

Дрон для эвакуацыі людзей аснасцяць адмысловым мацаваннем, якое здольна падняць у паветра і перавезці чалавека вагой да 200 кілаграмаў. Аднак пакуль не ўдалося вырашыць адзіную праблему, якая датычыцца стану здароўя таго, хто згубіўся. Калі ён паранены ці абмежаваны ў руху, яму спатрэбіцца ўрач ці памочнік.

У такім выпадку, па словах Арсенцьева, платформа зможа накіраваць да месцазнаходжання чалавека спецыяліста хуткай дапамогі. Калі яе ўдасца аказаць на месцы, то эвакуацыя пацярпелага будзе праходзіць сумесна з доктарам.

Асобна суразмоўнік агенцтва адзначыў, што дрону для ўзлёту і пасадкі патрэбна будзе невялікая пляцоўка, але ўзлётная паласа не спатрэбіцца. Акрамя таго, беспілотнік здольны завіснуць на бяспечнай ад зямлі адлегласці, а хібнасць пры пасадцы складае ўсяго 30 сантыметраў, што з'яўляецца важным паказчыкам з улікам сітуацыі па выратаванні жыцця чалавека.


Пякучы памагаты

Выяўлена здольнасць перцу чылі падаўжаць жыццё.

А таксама ён памяншае верагоднасць заўчаснай смерці. Пра гэта паведамляе Fox News са спасылкай на спецыялістаў Амерыканскай кардыялагічнай асацыяцыі.

Навукоўцы прааналізавалі 4729 даследаванняў з пяці вядучых сусветных баз даных аховы здароўя. Яны супаставілі паказчыкі 570 тысяч чалавек у ЗША, Італіі, Кітаі і Іране.

Высветлілася, што людзі, у якіх гэты востры перац рэгулярна ўключаны ў рацыён, на 26 працэнтаў радзей паміралі ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, ад раку — на 23 працэнты, а з любых іншых прычын — на 25 працэнтаў у параўнанні з тымі, хто ўвогуле не ўжывае гэты прадукт ці есць яго рэдка.

Пакуль дакладны механізм дзеяння чылі недастаткова вывучаны, але вядома, што ён валодае антыаксідантным, супрацьзапаленчым і проціпухлінным дзеяннем. Таксама гэты перац рэгулюе ўзровень глюкозы ў крыві.


«Вада — лёд — паветра»

Прадстаўлена мадэрнізаваная падводная радыёстанцыя.

Канцэрн «Аўтаматыка» дзяржкарпарацыі «Растэх» прадставіў на міжнароднай выстаўцы «Сувязь-2020» мадэрнізаваную мабільную радыёстанцыю для падводнай сувязі ІVA S/W, паведамляюць «Известия».

Новая, паменшаная версія радыёстанцыі дазваляе камунікаваць і перадаваць даныя пад вадой на адлегласці да 150 метраў. Пры гэтым сігнал можа праходзіць праз мяжу асяроддзяў «вада — лёд — паветра».

Прыбор можна будзе выкарыстоўваць у прамежкавых слаях вады, ва ўмовах гідраакустычных шумаў, а таксама пры наяўнасці натуральных перашкод на шляху распаўсюджвання сігналу, далёкасць перадачы якога не залежыць ад хвалявання вады, змянення яе тэмпературы, падводных плыняў.

Пры мадэрнізацыі прылады было вырашана адмовіцца ад асобнай кнопкі пераключэння прыёму/перадачы на карысць больш зручнага размяшчэння гарнітуры на вадалазнай масцы. Злучальныя правады і агульныя габарыты радыёстанцыі дазваляюць зручна размясціць яе модулі на аквалангу, дзякуючы чаму вадалаз пры руху ў вадзе не адчувае перашкод.

«Мабільная радыёстанцыя бесправадной падводнай сувязі можа быць выкарыстана як спецслужбамі Расійскай Федэрацыі, так і навукова-даследчымі арганізацыямі і камерцыйнымі структурамі, якія займаюцца даследаваннямі падводнага асяроддзя», — расказаў генеральны дырэктар канцэрна «Аўтаматыка» Уладзімір Кабанаў.

Паводле яго слоў, прамысловы ўзор прадукту праходзіць выпрабаванні ў Баранцавым моры, а доследную партыю плануецца вырабіць да канца першага квартала 2021 года.

Прыбор з'яўляецца сумесным рашэннем АТ «Калугапрыбор», якое ўваходзіць у канцэрн «Аўтаматыка», і кампаніі «Хайтэк».


Самападман есавула

Навукоўцы даследавалі стаўленне коней да людзей.

Гэтыя жывёлы не адчуваюць прыхільнасці да сваіх гаспадароў, аднак у прысутнасці людзей яны пачуваюць сябе ў бяспецы. Гэта вынікае з даследавання, праведзенага шведскімі навукоўцамі з Універсітэта Лінчэпінга і апублікаванага часопісам Scіence Dіrect.

Даследчыкі назіралі за 26 коньмі і іх гаспадарамі — за паводзінамі жывёлы ў прысутнасці гаспадара, а таксама параўноўвалі частату скарачэнняў сэрца, калі побач з ёй знаходзіліся ўладальнік і незнаёмы.

Згодна з вынікамі, незалежна ад таго хто знаходзіўся побач з жывёлай, коні адчувалі сябе больш расслаблена ў кампаніі, чым калі яны былі адны.

На думку аўтараў, нават калі чалавек на працягу доўгага часу клапоціцца і даглядае жывёліну, конь усё роўна не адчувае ніякай прыхільнасці да свайго гаспадара. Аднак ён можа дэманстраваць пэўную прыхільнасць да грамадства, а не да канкрэтнага чалавека.

«Паколькі коні з'яўляюцца сацыяльнымі жывёламі, існуюць у групах, цалкам верагодна, што яны ўспрымаюць расстанне як негатыўны і стрэсавы вопыт», — адзначаюць аўтары работы.


Лекі з лугу

Рамонкі супраць развіцця сіндрому Даўна.

Навукоўцы з Нацыянальнага інстытута здароўя дзяцей у ЗША ў ходзе эксперымента выявілі рэчыва, здольнае падаўляць развіццё сіндрому Даўна яшчэ ў перыяд унутрывантробнага развіцця плода. Даныя даследавання былі апублікаваныя ў навуковым часопісе Amerіcan Journal of Human Genetіcs.

Як удакладняецца: падчас эксперымента на мышах было выяўлена, што лятучае рэчыва апігенін, якое ўтрымліваецца ў кветках рамонку, пятрушкі і некаторых цытрусаў, здольнае падаўляць развіццё характэрных для сіндрому Даўна сімптомаў.

Навукоўцы дадавалі ў рацыён цяжарных мышэй гэтае рэчыва. У эмбрыёнаў,
у сваю чаргу, памяншалася колькасць запаленняў нервовай тканкі, затым іх развіццё працякала звычайна.

Менавіта запаленне ў нервовых клетках выступае прычынай шматлікіх парушэнняў развіцця мозга, характэрнага для сіндрому Дауна. Навукоўцы лічаць, што апігенін, пранікаючы праз плацэнтарны бар'ер і крывяносную сістэму маці, можа падаўляць запаленне і нармалізаваць развіццё мозга плода.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».