Вы тут

«Соль жыцця» сельскага ўчастковага. Расказвае падпалкоўнік міліцыі Андрэй Трублоўскі


Гэтая прафесія заўжды мела арэол рамантычнасці. Такі вобраз шмат у чым стварыўся дзякуючы старым фільмам пра міліцыянера Аніскіна, які жыў і працаваў у вёсцы. Насамрэч рамантыкі ў гэтай прафесіі не так і шмат. Яе «заглушаюць» паўсядзённыя праблемы, якія існуюць толькі ў вясковым асяроддзі.


Старшы ўчастковы Капыльскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй ТРУБЛОЎСКІ вось ужо 17 гадоў ахоўвае парадак не толькі ў сваёй роднай вёсцы Быстрыцы, але і ў іншых чатырнаццаці населеных пунктах раёна.

— Пасля таго як скончыў школу, паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, — згадвае Андрэй Трублоўскі. — Адвучыўся там паўтара года. Мог стаць настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі, але ў рэшце рэшт зразумеў, што гэта не маё.
З універсітэта адлічыўся, пайшоў служыць ва Узброеныя Сілы. І трапіў я ва ўнутраныя войскі. А дакладней кажучы, у першую роту спецыяльнага прызначэння. Базіравалася яна дваццаць гадоў таму на вуліцы Маякоўскага ў Мінску.

Андрэй Трублоўскі служыў там паўтара года. Сумаваць не даводзілася — камандаванне перыядычна адпраўляла вайскоўцаў на дапамогу супрацоўнікам міліцыі ў абласных падраздзяленнях МУС. Падчас рэйдаў, якімі перамяжоўваліся тактычныя вучэнні, салдаты дапамагалі знаходзіць агнястрэльную зброю, што незаконна захоўвалася, патрулявалі горад... Але тэрмін службы падыходзіў да канца. І трэба было вызначацца з будучым прафесійным шляхам пасля звальнення ў запас.

— Мне тады прапанавалі два варыянты: або застацца тут на кантракт, або перайсці працаваць у органы ўнутраных спраў. Пасля разваг аддаў дакументы ў каледж міліцыі, які месціўся ў Баранавічах. Наш курс быў апошні, які выпусціўся з гэтага каледжа, — яго расфарміравалі ў 2003 годзе. І вось з таго часу і працую бесперапынна ў Блеўчыцкім сельскім савеце Капыльскага раёна, дзе і знаходзіцца мая вёска Быстрыца. Дарэчы, на сваім будучым месцы службы праходзіў усе практыкі. А калі размеркаваўся, то за мной на першы час замацавалі дасведчанага спецыяліста.

Асаблівасць працы ўчастковага на вёсцы ў тым, што насельніцтва ў параўнанні з горадам значна менш, а вось тэрыторыя абслугоўвання куды большая. Па дэмаграфіі вёска таксама адрозніваецца ад горада большай колькасцю пенсіянераў. А людзі лепш ведаюць адзін аднаго ды і жывуць іншымі задачамі. Датычыцца гэта і злачынцаў...

— Неяк нам са Стаўбцоўскага раёна паступіла паведамленне пра тое, што на старога быў здзейснены разбойны напад. Двое невядомых уварваліся ў дом і спрабавалі завалодаць грашыма дзядулі. Ён аддаў усё, што было ў яго, — невялікую суму памерам прыкладна ў 300 рублёў. І ўжо сыходзячы з дома, адзін са зламыснікаў ударыў яго нажом у жывот. Пацярпелы праз некалькі дзён памёр у бальніцы... Тады аднаго з нападнікаў калегі са Стоўбцаў затрымалі па гарачых слядах, а другі быў абвешчаны ў вышук. І па арыенціроўцы знойдзены ў нас. Аднойчы ўдалося раскрыць цяжкае злачынства дзякуючы таму, што калісьці заўважыў у чалавека асаблівую прыкмету, якая ўрэзалася ў памяць. Ці вось чатыры гады таму было раскрыта злачынства непасрэдна на абслугоўваемай тэрыторыі. У пераднавагоднюю ноч зламыснік прыйшоў у краму і пад пагрозай нажа спрабаваў завалодаць грашыма з касы. Прадавец здолела выбегчы з крамы і патэлефанавала ў міліцыю. Магазін знаходзіўся за некалькі кіламетраў ад вёскі, дзе я жыву. Таму і ўдалося хутка затрымаць нападніка.

Але асноўная маса злачынстваў на вёсцы звязана з трывіяльнымі крадзяжамі.

— Не сакрэт, што ў глыбінцы хапае дамоў, якія ўвогуле пустуюць ці куды раз на тыдзень з горада прыязджаюць дачнікі. Яны пакідаюць там розную маёмасць — ад сельскагаспадарчага інвентара да прадуктаў харчавання. Злодзеі ведаюць, што гэты дом нежылы, ускрываюць там замкі або б'юць шыбу і лезуць па здабытак. А пасля дачнік прыязджае ўвесну, а ў доме нічога і не засталося...

Часам сельскаму ўчастковаму даводзіцца выступаць у ролі міратворца. Здараецца так, што адносіны паміж суседзямі ў вёсцы пачынаюць нагадваць апісаную Гогалем гісторыю пра тое, як пасварыліся Іван Іванавіч і Іван Нічыпаравіч.

— Бывае ж так, што людзі прыязна ставяцца адно да аднаго, пражылі побач шмат гадоў, часта нават не адзін дзясятак, а пасля... становяцца ледзь не смяротнымі ворагамі. І прычына можа быць розная — непадзелены кавалак зямлі, куры там зайшлі ў чужы агарод, адзін чалавек не вярнуў другому своечасова пазычаныя грошы. І пачынаецца ўзаемнае псаванне нерваў, бясконцыя скаргі. Асабліва прыкра, калі на сцежку вайны становяцца найлепшыя сябры. І калі пачынаеш разбіраць, з-за чаго ж пачаўся канфлікт, падставы цалкам могуць быць зусім дробныя. Часам суседзяў удаецца прымірыць паміж сабой.

— Я ім тлумачу, што праблема насамрэч выедзенага яйка не варта і ліквідуецца вельмі лёгка. А ў вёсцы ўсё ж такі трэба жыць дружна. Вось здарыцца нейкая складаная сітуацыя ў маланаселенай вёсачцы, і каго тады клікаць на дапамогу? Але калі варагаванне даўняе, то задача становіцца ўжо іншай — «развесці па розных кутах» праціўнікаў, каб не дапусціць больш цяжкіх наступстваў, звязаных з псаваннем маёмасці ці ўвогуле пагрозай здароўю. Згадваецца выпадак, калі адзін жыхар пазычыў свайму суседу некаторую суму грошай, але доўг своечасова не атрымаў назад. У выніку крэдытор пачаў рабіць дробныя паскудствы з аўтамабілем свайго даўжніка. На тым і быў злоўлены.

Участковы міліцыянер для жыхароў сяла, асабліва паважнага веку, з'яўляецца такім своеасаблівым «акном у вялікі свет». Пры гэтым такі своеасаблівы «аванс» па рэпутацыі варта спраўджваць.

— Фактычна я не праводжу рэзкіх граняў паміж рабочым і выхадным днём. Калі чалавек набраў нумар міліцыянера, значыць, у яго нешта здарылася. Але гэта датычыцца іншых аспектаў жыцця. Яны больш звязаны з асабістымі пытаннямі. І чалавек на тым канцы провада чакае парады, якая яму дапаможа. А пытанні могуць быць абсалютна розныя — ад паведамлення пра тое, што дзесьці ўбачылі бадзяжных жывёл да таго, якія дакументы трэба аформіць для разводу ці як правільна пагасіць запазычанасць або аплаціць нейкі рахунак. Адным словам, дапамагчы, калі суразмоўнік не ведае, што яму рабіць ці куды звярнуцца. Насамрэч большасць такіх пытанняў можна спакойна вырашыць наўпрост на месцы.

Прафесійныя здабыткі Андрэя Трублоўскага не прайшлі незаўважаныя на конкурсах майстэрства. Аднойчы выйграў гэтыя спаборніцтвы на рэспубліканскім этапе. Дзесяць разоў станавіўся прызёрам і пераможцам абласных аглядаў-конкурсаў, прычым аднойчы дамогся першага месца на ўзроўні краіны.

Пры ўсім гэтым у Андрэя Трублоўскага застаецца і вольны час. А захапленняў у афіцэра шмат. Ён любіць плаваць, займаецца службовым мнагабор'ем. Неаднаразова выступаў на чэмпіянаце Міністэрства ўнутраных спраў. Яшчэ адно захапленне — валейбол. Ёсць у нашага героя хобі. На прысядзібным участку ён вырошчвае вінаград, у тым ліку і экзатычныя для Беларусі сарты. Здавалася б, што клімат у нас зусім не паўднёвы, але ж ягада прыжылася...

— Я думаю, што праз пасаду ўчастковага інспектара павінны прайсці ўсе пачаткоўцы. Гэта дазволіць загартавацца і на сабе адчуць, так бы мовіць, «соль жыцця».

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.