Вы тут

Зберагчы дзяцінства, або як сёння змагаюцца з педафіліяй


За апошнія гады ў Беларусі больш чым у 20 разоў узрасла колькасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці дзяцей. Узрост тых, хто церпіць ад дзеянняў педафілаў, вар'іруецца ад трох да чатырнаццаці гадоў. У 30 % выпадкаў ахвяры сексуальнага гвалту — хлопчыкі.

Як сёння арганізавана работа па барацьбе з педафіліяй, што трэба ведаць бацькам, каб прадухіліць бяду і ці можна распазнаць злачынца на вуліцы? На актуальныя пытанні адказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Дзмітрый Цаюн.


— Летась у краіне ад дзеянняў педафілаў пацярпелі 487 дзяцей. Як складваецца сітуацыя сёння?

— За дзесяць месяцаў бягучага года супрацоўнікі міліцыі выявілі больш за 600 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды непаўналетніх. З іх каля 350 адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Мы ўстанавілі больш за 400 дзяцей, якія пацярпелі ад дзеянняў педафілаў, 160 з якіх — малалетнія (да 14 гадоў).

Тэндэнцыя мінулага і гэтага гадоў гаворыць аб тым, што пік пройдзены. Асноўных серыйных сеткавых педафілаў адлавілі дзякуючы новай сістэме работы. З 2013 года падраздзяленні па супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС займаюцца прафілактыкай, выяўленнем і спыненнем злачынстваў сексуальнага характару ў дачыненні да дзяцей. Можна сказаць, працуем на апераджэнне. Раней справа распачыналася выключна пасля паступлення заявы. А як паказвае практыка, пацярпелыя і іх бацькі не вельмі імкнуцца афішаваць праблему.

Мы падрыхтавалі алгарытм дзеянняў з установамі аховы здароўя, адукацыі. Паказалі, расказалі, на што трэба звяртаць увагу, каб прадухіліць трагедыю. Сталі далучаць сацыяльна-педагагічныя цэнтры, дзе на той момант ужо пачалі адкрывацца пакоі, дружалюбныя дзецям.

— Ці можна скласці ўмоўны партрэт педафіла?

— Універсальных прыкмет педафіла няма. Гэта можа быць ваш сусед па лесвічнай пляцоўцы, прадавец у краме каля дома, кіроўца аўтобуса. Распазнаць злачынцу на вуліцы амаль немагчыма. Але скласці суб'ектыўны партрэт, грунтуючыся на рабочы досвед, можна паспрабаваць. Часцей за ўсё гэта мужчына ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў, не жанаты, без дзяцей, умее працаваць з камп'ютарам. Але ёсць выпадкі затрымання педафілаў і старэйшага ўзросту. Педафіл у адносінах з дзецьмі вельмі добры, клапатлівы. Ён пастаянна хваліць малых, заслугоўвае іх давер, хоча стаць «сваім».

Так, у сярэдзіне кастрычніка ў Мінску мы затрымалі 70-гадовага педафіла. У міліцыю звярнуўся бацька хлопчыкаў. Ён скардзіўся, што да яго сыноў на дзіцячай пляцоўцы чапляўся пажылы мужчына. Інфармацыя пацвердзілася. З чэрвеня да верасня пенсіянер выбіраў момант, калі малыя заставаліся адны, прапаноўваў ім пракаціцца на ровары або дапамагчы зрабіць самаробны лук. Пасля згоды ён адводзіў малалетніх у кусты, дзе здзяйсняў дзеянні сексуальнага характару. Ахвярамі педафіла сталі не менш за пяць хлопчыкаў. Самаму старэйшаму з іх 10 гадоў, малодшаму — пяць.

Яшчэ адно падобнае злачынства зафіксавана ў пачатку лістапада ў Гродне. 26-гадовы хлопец знаёміўся з малымі на вуліцы недалёка ад свайго дома. Старанна адсочваў і аналізаваў іх перамяшчэнне, каб не сустрэцца з бацькамі. Прапаноўваючы цукеркі і шакалад, зазываў непаўналетніх да сябе ў кватэру. Вядома аб некалькіх сексуальных кантактах як мінімум з адным дзіцем.

— Педафілія анлайн і афлайн. Як відазмяняецца злачынная дзейнасць з цягам часу?

— Пераважная большасць злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці дзяцей перацякла ў інтэрнэт. Першаснае знаёмства з непаўналетнімі адбываецца менавіта там. Педафілы знаходзяць ахвяр у сацсетках, рэгіструюць фэйкавую старонку і вядуць дыялог ад асобы непаўналетняга. Пад маскай аднагодкі наладзіць кантакт значна прасцей. Педафіл угаворвае дзіця распрануцца перад вэб-камерай, даслаць «ню»-здымкі. Наступны этап — шантаж. Або інтымная сувязь, або эратычныя фота ўбачаць бацькі і сябры. Непаўналетніх заганяюць у кут, не пакідаюць ім выбару. Часцей за ўсё дзіця не можа справіцца з гэтым ціскам, паддаецца.

Такія дзеянні называюцца грумінгам. Існуе некалькі яго відаў: секс-чатынг (зносіны на сексуальныя тэмы ў інтэрнэце), секс-торшынг (шантаж дзяцей пасля атрымання педафілам інтымных фота), секстынг (абмен асабістымі інтымнымі паведамленнямі і фотаздымкамі).

Перапіска на сексуальныя тэмы, а таксама парназдымка непаўналетніх з'яўляюцца найбольш распаўсюджанымі злачынствамі ў адносінах да дзяцей. Больш за 100 краін свету крыміналізавалі падобныя дзеянні, у Беларусі пакуль няма адказнасці за грумінг. Мы вымушаны рэагаваць толькі пры наяўнасці факту прамога сексуальнага кантакту дарослага з непаўналетнім.

У жніўні ў Магілёве затрымалі 24-гадовага педафіла, які хаваўся ў сацсетках пад жаночым нікам. Малады чалавек больш за два гады актыўна перапісваўся з дзяўчынкамі 11–12 гадоў. Прапаноўваў ім падзарабіць. За дзеянні сексуальнага характару абяцаў 15 беларускіх рублёў. «Бізнес-запрашэнне» атрымалі больш за 60 суразмоўніц.

Злачынец працаваў інжынерам на адным са сталічных прадпрыемстваў, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Вядома, што ў Мінску мужчына здзейсніў сексуальныя дзеянні ў дачыненні да малалетняй. Падчас затрымання ў яго канфіскавалі камп'ютарную тэхніку і мабільны тэлефон з матэрыяламі парнаграфічнага характару.

— Якое пакаранне прадугледжана за злачынства супраць палавой недатыкальнасці дзяцей у нашай краіне?

— Гэта артыкулы 166—170 раздзела 20 (злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Да 15 гадоў пазбаўлення волі прадугледжана за самае цяжкае злачынства (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характара з асабліва кваліфікаванымі прыкметамі). У нашай практыцы ёсць выпадак, калі дзвюх жанчын і мужчыну асудзілі да 20 гадоў. Гэта адна з самых гучных спраў мінулага года. Жанчыны прадавалі 3-гадовых дочак свайму даросламу сябру за 100 долараў за ноч. Выйсці на след злачынцаў удалося дзякуючы цеснаму міжнароднаму супрацоўніцтву.

Мінімальнае пакаранне — абмежаванне свабоды. За дзеянні, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Крымінальная адказнасць за злачынствы, якія класіфікуюцца як цяжкія, асабліва цяжкія, наступае з 14 гадоў, у іншых выпадках — з 18.

— Жанчыны-педафілы ў вашай практыцы сустракаліся?

— Па статыстыцы 98 % гвалтаўнікоў — мужчыны. У Беларусі на сёння вядома аб дзвюх жанчынах-педафілах з Магілёўскай вобласці і Гродна.

Некалькі гадоў таму ў міліцыю паступіла інфармацыя, што з тэрыторыі краіны распаўсюджваецца парнавідэа, дзе ў якасці акцёраў выступаюць дзіця і жанчына. Вынікі расследавання шакавалі: матуля займалася сексам са сваім 7-гадовым сынам, дэманстравала гэта немцу па вэб-камеры. Усяго былі запісаны тры ролікі. За відэа «бізнесвумен» атрымлівала грошы. Раней жанчына займалася прастытуцыяй. Яе прыцягнулі да адказнасці ў Беларусі, немец панёс пакаранне ў Германіі.

Гвалт у дачыненні да дзіцяці ў сям'і — рэдкасць. Злачынец у такіх выпадках — айчым. Жанчыны, на жаль, расцэньваюць гэта як клопат аб малым, не заўважаюць нездаровых паводзін свайго выбранніка. З дзецьмі, якія атрымалі траўму, абавязкова працуюць медыцынскія работнікі, псіхолагі і псіхатэрапеўты.

— Ці часта гвалтаўнікі раскайваюцца?

— Часцей за ўсё педафілы раскайваюцца ў тым, што зрабілі, калі іх толькі затрымалі. Спрабуюць чыстасардэчным прызнаннем змякчыць пакаранне. Але як толькі пагавораць з адвакатам, адступаюць.

Ведаеце, раскрываць падобныя злачынствы для міліцыянера — справа гонару. Так, псіхалагічна працаваць нялёгка. Але менавіта гэта з'яўляецца для нас своеасаблівым штуршком як мага хутчэй абараніць дзіця і пакараць іх крыўдзіцеляў.

— У чым складанасць раскрыцця падобных злачынстваў?

— Пошук педафілаў — карпатлівая праца, якая патрабуе сур'ёзных чалавечых і часавых рэсурсаў. Ступень латэнтнасці такіх злачынстваў вельмі высокая. Да таго ж дзеці самастойна рэдка скажуць, што з імі здарылася. Таму мы, дарослыя, абавязаны быць больш уважлівыя. Бацькі павінны ведаць, з кім дзіця сябруе ў сацсетках і месенджарах, пра што размаўляе, сачыць за зменамі ў паводзінах, цікавіцца яго жыццём па-за школай.

Летась МУС сумесна з Мінадукацыі і прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі запусціла інфармацыйны рэсурс kіds.pomogut.by. Партал прызначаны для атрымання анлайн-кансультацый і інфармацыі па бяспечных паводзінах дзяцей у інтэрнэце, аказання кваліфікаванай дапамогі дзецям, бацькам, педагогам.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота МУС і Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.