Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Ёсць такі аркестр — духавы, жаночы

...Наш «газон» ціха ехаў па заснежанай шашы, па мяцеліцы. За акном было мінус 25. У кабіне, без абагравальніка, хіба трохі цяплей. А да Ленінграда яшчэ ехаць і ехаць.

Дарога была ну вельмі цяжкая: не давала расслабіцца надвор'е, барахліў рухавік, а ў горадзе Луга мы і наогул сталі. Разагравалі ўсё на пару з кіроўцам паяльнай лямпай.

Іншымі словамі, сёння, успамінаючы тую паездку, я не разумею, як на яе адважыўся. А тады…

­Яны былі першымі... Год 1977-ы.

Пачалося ўсё з творчай камандзіроўкі ў Харкаў, з таго, што там давялося ўбачыць выступленне дзяўчат, якія ігралі на духавых інструментах. «А чаму б і ў нас, у Магілёве, — мільганула думка, — не стварыць жаночы духавы аркестр?» Складана? Так. З аднаго боку, я добра ведаў музычныя калектывы прадпрыемстваў і дамоў культуры, дапамагаў ім у правядзенні аглядаў, конкурсаў і марш-парадаў, а з другога — справа новая. Дзяўчаты, жанчыны (у тым жа ўнівермагу «Цэнтральны», які крытыкавалі за нізкі ўзровень мастацкай самадзейнасці) маюць прафесіі, пэўныя працоўныя ды і сямейныя абавязкі. А тут у дадатак павінны авалодваць новымі ведамі?

Такімі вось разважаннямі я падзяліўся з Таісай Аляксандраўнай Сідарэнкай, у той час старшынёй прафкама ўнівермага, а потым, адчуўшы падтрымку, ужо і з дырэктарам Аляксандрам Харытонавічам Аўсеенкам. Ён стаў хадайнічаць перад міністэрствам гандлю аб выдзяленні камплекта інструментаў...

Я разумеў, якую бяру адказнасць. На той час у мяне была музычная адукацыя, тры гады служыў у духавым аркестры Савецкай Арміі, быў вопыт кіраўніцтва самадзейнымі калектывамі. Але ж гэты, новы, жаночы, трэба было не толькі стварыць, але і ўтрымаць ад распаду, бо аркестранткі маглі выходзіць замуж і сыходзіць у дэкрэтныя водпускі, звальняцца, мяняць адрасы. На рэпетыцыі і канцэрты іх маглі не пускаць сямейныя клопаты. І таму акрамя асноўнага складу аркестра патрэбен быў рэзервовы...

Але ж нездарма кажуць, што вочы баяцца, а рукі робяць. У кастрычніку 1975-га ва ўнівермагу з'явілася абвестка аб наборы ў жаночы духавы аркестр. Запрашаліся ўсе ахвотныя... Аднак іх чамусьці... не было. Зусім. Дзяўчаты — як потым прызналіся — думалі, што ў аркестр бяруць толькі тых, хто ўжо мае музычную падрыхтоўку.

І тады мы са старшынёй прафкама і сакратаром камітэта камсамола Тамарай Туранковай, што называецца, пайшлі ў народ. Прычым недарэмна: у аркестр запісаліся Валянціна Лосікава (першая стараста), Галіна Іванова, Ларыса Бялкоўская, Надзея Нікіфарава, Таццяна Васількова ды іншыя. Гэты вось першы склад удзельнікаў аказаўся асновай аркестра: многія з удзельніц ігралі ў ім дзесяцігоддзямі, а то і да выхаду на пенсію.

...Нейкага кастынгу (праверкі музычных даных) я не праводзіў. Найважнейшым для мяне было жаданне навучыцца іграць.

З аркестра таксама ніхто не выключаўся (хоць дысцыпліна і патрабавалася)... Проста больш здольных музыкаў я перасаджваў на вядучыя інструменты.

Паступова калектыў папаўняўся новымі людзьмі. У яго прыйшлі Лідзія Цыганкова, Людміла Караткова, Яўгенія Мелашунас, Жанна Пенкрат, Галіна Акінчыц... Мы вучылі музычную грамату, нотныя абазначэнні.

У снежні таго ж 1975 года ў дваццаціградусны мароз я адправіўся ў Ленінград па музычныя інструменты. І колькі ж было радасці, калі яны — новенькія, бліскучыя — з'явіліся ў памяшканні для рэпетыцый.

Першыя спробы атрымаць хоць нейкія гукі выклікалі смех. Некаторыя з навакольных прыходзілі паглядзець, што здарылася: ці не гоняць дзе статак кароў?..

Рэпетыцыі праводзіліся тры разы на тыдзень па тры гадзіны. Усе імкнуліся найхутчэй асвоіць інструменты. Начальства ўнівермага ішло насустрач: графікі работы складалі так, каб аркестранткі маглі хадзіць на заняткі.

Так пачыналася гісторыя незвычайнага музычнага калектыву — жаночага духавога аркестра «Ліра», днём нараджэння якога лічыцца 8 сакавіка 1976 года, калі на ўрачыстым сходзе аркестр упершыню выканаў некалькі нескладаных твораў, а салістка Галіна Дашук праспявала песню «Подари мне платок».

...Ішлі гады. Расло прафесійнае майстэрства самадзейных музыкантаў. Усё больш жадаючых прыходзіла ў аркестр. З задавальненнем, з цікавасцю займаліся Ірына Нікіценка, Валянціна Шарубіна, Святлана Мачульская, Ірына Батура, Валянціна Шалабода... Дзяўчаты хутка навучыліся іграць на духавых інструментах, пастаянна ўдасканальвалі сваё прафесійнае майстэрства, і да гэтага з павагай ставілася кіраўніцтва ўнівермага: найлепшыя аркестранткі ўзнагароджваліся граматамі і грашовымі прэміямі, атрымлівалі пуцёўкі ў дамы адпачынку і санаторыі, ім выдзяляліся сродкі на новыя сцэнічныя касцюмы, абутак, музычныя інструменты. Ні адна просьба з боку кіраўніка аркестра не заставалася без увагі, і я гэта вельмі цаніў. А галоўнае — усе бачылі плён нашай працы. Аркестр «Ліра» любілі ў сваім працоўным калектыве, ён паступова набываў вядомасць не толькі ў горадзе, але і за яго межамі. Магіляўчане з гонарам казалі: «Толькі ў нас ёсць жаночы духавы аркестр!» І гэта праўда: у Беларусі такіх калектываў больш не было.

Год 1982-і.

...У 1987 годзе калектыў універмага ўзначаліў Уладзімір Васілевіч Вежнавец. Ён з любоўю ставіўся да аркестра, садзейнічаў яго развіццю, прыцягненню моладзі. Па ініцыятыве дырэктара ў 2013 годзе аркестр быў прадстаўлены да звання «Народны аматарскі калектыў». І не дзіва, бо тады «Ліра» пастаянна ўдзельнічала ў аглядах і конкурсах, святах духавой музыкі і марш-парадах не толькі ў Магілёве, але і ў Мінску, часта выязджала з канцэртамі ў гарады і вёскі рэспублікі. Да кожнага значнага выступлення аркестр старанна рыхтаваўся, а напярэдадні свят праводзіліся шматлікія рэпетыцыі і страявыя заняткі. Дзяўчаты вучыліся хадзіць у складзе аркестра пад дробат барабанаў і музыку маршаў, дасягалі зладжанага гучання.

Іграць на духавых інструментах і маршыраваць па вуліцы (прычым у ботах на высокіх абцасах і ў любое надвор'е) — гэта, вам скажу, занятак няпросты. Але ж пры гэтым — ну вельмі ўдзячны! Калі выступала «Ліра», спыняліся і старыя, і малыя: вочы цешыла жаночая прыгажосць, маладосць, грацыя, вушы — чароўная музыка... У аркестры доўга ўспамінаўся канцэрт у Шклоўскай калоніі, адкуль ва ўнівермаг яшчэ доўга прыходзілі падзячныя лісты...

Не забываецца і паездка ў Мінск, на мерапрыемствы, прысвечаныя ХХІХ з'езду КПБ. Тады дзяўчаты ў лёгкіх скураных куртачках і будзёнаўках (быў моцны мароз) удзельнічалі ў марш-парадзе духавых аркестраў сталіцы, і, каб не замярзалі клапаны інструментаў, залівалі туды спірт...

У 1982 годзе «Ліра» становіцца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Магілёўшчыны, у 1985-м — лаўрэатам рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу «Зямля мая», лаўрэатам рэспубліканскага галіновага агляду работнікаў гандлю. У 1975—1977 гадах — лаўрэатам першага, а ў 1986—1987 гадах — другога Усесаюзных фестываляў народнай творчасці...

З кожным годам расла колькасць жадаючых займацца ў гэтым незвычайным музычным калектыве. За гады маёй работы ў аркестры «Ліра» на духавых інструментах навучыліся іграць больш за дзвесце дзяўчат.

...8 сакавіка 2021 года народнаму жаночаму духавому аркестру «Ліра» ААТ «Універмаг «Цэнтральны» спаўняецца 45. Як і ў ранейшыя гады, перад кіраўніком калектыву Дзянісам Аюпавым стаіць галоўная задача — захоўваць традыцыі аркестра, павышаць прафесійнае майстэрства, іграць...

Генадзь Сахрай, кіраўнік аркестра «Ліра» ў 1975—1990 гадах, г. Ашкелон, Ізраіль


Шкадуй не пра тое, што Бог не даў

Якое гэта шчасце — быць здаровым: з рукамі, з нагамі, са светлай галавой...

Мы не адчуваем, не цэнім гэтага аж пакуль, крый божа, не захварэем, альбо не трапім у нейкі жыццёвы пераплёт — не станем інвалідамі.

Але ж і потым жыць трэба. Вось толькі б не сам-насам са сваёю бядой.

Вялікі П'ер Шанці — кіраўнік аднаго з вядучых у свеце тэатраў лялек — праводзіў для хворых сеансы лялькатэрапіі і заўжды з нязменным поспехам паказваў нумар, дзе марыянетка абрывае ніткі, якія яе падтрымліваюць, — адну, другую, трэцюю. А потым, калі не застаецца ніводнай, яна... гіне.

Ідэя да банальнасці простая: у якое б цяжкае становішча ты ні патрапіў, нельга абрываць сувязі з жыццём.

Кожнаму наканавана прайсці свой шлях — унікальны, непаўторны, знайсці дарогу, якая напоўніць сэнсам жыццё. Гэта няпроста. Можна памыліцца і паплыць па цячэнні, а можна браць вёслы і грэбці — нават супраць плыні. Нельга засяроджвацца на думцы, што я такі няшчасны альбо няшчасная. Трэба шукаць і адкрываць свой талент (пакуль жывы — паверце — анічога не позна!), чапляцца за любую саломінку, якая дапаможа выстаяць, адцягне ўвагу ад болю і фізічных заган, ад бязрадасных думак. І трэба жыць, нават тады, калі табе здраджваюць, калі ніхто не верыць, калі...

Каўказская мудрасць: «Вогнішча, запаленае на вяршыні гары, не сагрэе тых, хто ля яе падножжа». На шчасце, ёсць людзі, якія не лянуюцца спусціцца, якія разво-дзяць вогнішча не толькі для таго, каб сагрэцца самім, але і дзеля таго, каб цяплей стала іншым. І як жа цешыцца душа інваліда калі на дапамогу яму прыходзяць зусім незнаёмыя людзі. Яны ёсць, паверце, хоць бы таму, што гэта кажу вам я, чалавек, які не па чутках ведае, што такое жыццё ў інваліднай калясцы, які апошнія 17 гадоў не быў не толькі на вуліцы, але і за дзвярыма сваёй кватэры.

...Кажуць, кожны чалавек трошкі геній. Я да людзей звышадораных сябе не адношу, але ж Божая іскра ў ліхую часіну такі адшукалася, прачнулася і дапамагла мне выжыць. Неад'емнай часткай майго жыцця стала маляванне. Пейзажы, нацюрморты, партрэты... Іх за гады, відаць, больш за восемсот... Да таго ж напісаны і выдадзены дзве аўтабіяграфічныя кнігі «Споведзь чалавека ў інваліднай калясцы» (2010) і «Другое жыццё» (2020).

Безумоўна, гэта не прайшло незаўважаным — прынесла якую-ніякую вядомасць. І яна радуе мяне, як радуе ранкам кубак гарачага чаю... Ні пра якую зорнасць гаворка не ідзе, бо хвала за ўсё — найперш Стваральніку. Я дзякую яму і працягваю жыць. Я працую і не жадаю большага, бо з-за прагнасці можна ўсё сапсаваць. Мой прынцып: «Шкадуй не пра тое, што Бог не даў, цешся тым, чаго не адняў».

Валерый Васілеўскі, г/п Глуск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?