Вы тут

Школа — прастора для дыялогу. Чаму на тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых


Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі падрыхтаваў для педагогаў рэкамендацыі па вырашэнні канфліктных сітуацый. Пра гэта падчас круглага стала ў прэс-цэнтры БелТА паведаміла начальнік Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ Вольга МАЦЮХОВА.


Пачуць дзіця

— Мы адкрыліся ў верасні 2019 года. За мінулы час супрацоўнікі цэнтра суправаджалі 26 выпадкаў крызіснага рэагавання, у тым ліку 8 экстранных. Сярод іх ёсць асаблівыя выпадкі суправаджэння, тыя, якія паказалі эфектыўнасць каманднай работы і высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў школ у прафілактыцы крызісных сітуацый, — расказала Вольга Мацюхова. — Напрыклад, зусім нядаўна ў цэнтр звярнулася вучаніца адной з мінскіх школ. Па тэлефоне яна расказала пра вялікую колькасць перажыванняў і цяжкасцяў, у тым ліку падзялілася сваім думкамі пра нежаданне жыць. У такіх складаных сітуацыях, калі ёсць высокая суіцыдальная рызыка, неабходна дзейнічаць аператыўна. Дзякуючы гатоўнасці адміністрацыі школы да супрацоўніцтва і разумення важнасці хуткага рэагавання ўжо на наступную раніцу псіхолагі цэнтра змаглі ўстанавіць асабісты кантакт з дзіцем і яго бацькамі, разам са спецыялістамі школы намецілі далейшыя крокі дзеянняў.

Гэта адзін з прыкладаў, як сумесная работа цэнтра і ўстановы адукацыі дазваляе своечасова прыйсці на дапамогу і прадухіліць развіццё крызіснай сітуацыі.

— Аналізуючы выпадкі, на якія выязджалі нашы спецыялісты, мы ўбачылі актуальнасць узмацнення прэвентыўных мер па папярэджванні крызісных сітуацый у адукацыйным асяроддзі, — падкрэсліла начальнік цэнтра. — Таму ўжо распрацавана вучэбная праграма павышэння кваліфікацыі «Работа педагога ўстановы адукацыі па прафілактыцы і вырашэнні складаных педагагічных і крызісных сітуацый» і «Метадычныя рэкамендацыі для прафілактыкі ўзнікнення і вырашэння канфліктаў у школе».

Як заўважыла спецыяліст, ва ўсіх дзіцячых групах прысутнічае пэўны канфліктны патэнцыял. Канфлікты могуць узнікаць на фоне індывідуальных асаблівасцяў дзяцей і асаблівасцяў іх паводзін. Менавіта таму прафесія педагога патрабуе пэўных камунікатыўных навыкаў. Настаўніку карысна мець веды і вопыт па ўзаемадзеянні з цяжкімі дзецьмі. Але вельмі важна не вылучаць іх з класа, паколькі гэта можа прывесці да стыгматызацыі дзіцяці. Уменне пераключацца, імправізаваць — важныя навыкі. Праца настаўніка — гэта творчы працэс: калі не падыходзіць нейкі са спосабаў камунікацыі, неабходна шукаць новы, абмяркоўваць свае стратэгіі паводзін з калегамі, сумесна выпрацоўваць больш прыдатныя.

Вольга Мацюхова звярнула ўвагу на ролю адміністрацыі ўстановы адукацыі ў стварэнні ўмоў для раскрыцця творчага патэнцыялу педагогаў. «У цэлым вельмі важна, як у школе ставяцца да настаўніка. Добры настаўнік — добры вучань. Не наадварот. Таму настаўнік павінен быць галоўным чалавекам у школе, а мерапрыемствы па прафілактыцы прафесійнага выгарання — сістэматычнымі. Ва ўстанове адукацыі павінна быць сфарміравана адзіная стратэгія прафілактыкі і рэагавання на складаныя і крызісныя сітуацыі ў адукацыйным асяроддзі», — падкрэсліла яна. — Школа — гэта найперш прастора для дыялогу, за якім стаіць адукацыя і выхаванне. Калі нехта з дзяцей перашкаджае вучыцца, значыць, за іх паводзінамі нешта крыецца. Дзіця выкарыстоўвае негатыўныя паводзіны для вырашэння нейкай праблемы, бо не ведае іншых спосабаў. Цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі дапаможа раскрыць прычыны такіх паводзін і выпрацаваць алгарытм камунікацыі. Задача дарослых — пачуць дзіця. Вельмі важна ў гэтай прасторы дыялогу адмовіцца ад стратэгіі пошуку вінаватых. Нават калі яны і будуць знойдзены, сітуацыя ўжо здарылася, змяніць можна толькі яе наступствы, але не саму сітуацыю. Не трэба спрабаваць справіцца з усім самастойна, у складанай сітуацыі важна быць гатовым да каманднай работы ў адной звязцы «адміністрацыя, настаўнік, бацькі, сацыяльны педагог, педагог-псіхолаг».

Крызісная падзея

Загадчык кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Наталля ПУЗЫРЭВІЧ лічыць, што педагог павінен валодаць не толькі прафесійнымі ведамі. Не менш важны яго асобасны патэнцыял і маральныя якасці, якія даюць вучню ўпэўненасць у тым, што ён можа абапірацца на гэтага чалавека, давяраць яму, узаемадзейнічаць з ім на роўных. «Педагог, які стварае ў калектыве дружалюбны мікраклімат, здольны весці за сабой і паказвае, што сёння вы гэта можаце зрабіць разам са мной, але заўтра наступіць момант, калі вы зможаце гэта зрабіць самі», — разважае Наталля Пузырэвіч.

Кажучы аб крызісных сітуацыях, якія могуць узнікаць у жыцці дзіцяці, загадчык кафедры адзначыла, што тут галоўным памочнікам павінен быць педагог: «Крызісная сітуацыя — значыць, незнаёмая, невядомая сітуацыя, якая выходзіць за рамкі звыклага жыццёвага вопыту дзіцяці. Пытанне заключаецца ў тым, ці часта такія сітуацыі здараюцца ў дзяцей? Часта, бо для таго, каб яна не стала для малога крызіснай, трэба супаставіць тую сітуацыю, якая ёсць цяпер, з яго папярэднім жыццёвым вопытам. А жыццёвага вопыту ў дзяцей няшмат, таму ўсё, што адбываецца неардынарнае і нязвыклае, турбуе і палохае іх. Другі аспект. Крызісная сітуацыя можа стаць крызіснай падзеяй, гэта значыць, акалічнасцю, якая падзеліць жыццё дзіцяці на «да» і «пасля». Тады яму трэба будзе шукаць новыя алгарытмы для далейшага жыцця, і справіцца без дарослага вельмі праблематычна. У гэтай сувязі роля педагога з'яўляецца вызначальнай».

Па словах Наталлі Пузырэвіч, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце для фарміравання і выхавання асобы педагога, адкрытага сучаснаму вопыту, распрацавана шмат спецкурсаў, факультатыўных заняткаў і вучэбных дысцыплін. Дыягнастычны інструментарый, які выкарыстоўваецца ў псіхалогіі, таксама апрабуецца і абнаўляецца. «Мы кантактуем са школамі, на базе якіх у нас ёсць філіялы. У кантакце з настаўнікамі і псіхолагамі ўстаноў адукацыі мы ўдакладняем, які ў іх ёсць запыт на канкрэтную тэму і праблему. І менавіта па гэтай праблематыцы нашы студэнты пішуць работы. Потым прыходзяць на практыку і апрабуюць свае распрацоўкі. Важны момант — гэта пераемнасць, што дазваляе абменьвацца вопытам і рухацца наперад», — растлумачыла яна.

Загадчык кафедры ўпэўнена: педагог павінен арыентавацца не на сімптаматычны падыход, калі няшчасце ў паводзінах дзіцяці ўжо становіцца нейкім звыклым алгарытмам. «Важна адсачыць першыя прыкметы, калі змяняецца настрой, калі дзіця адасабляцца, перастае быць актыўным, замыкаецца ў сабе. І вось ад такіх першых маркераў, якія настаўнік можа адсачыць, залежыць магчымасць выратавання дзіцяці на ранніх этапах. І роля педагога, як аўтарытэта, тут вызначальная», — дадала Наталля Пузырэвіч.

Сем крокаў

— Апошнім часам павялічваецца колькасць зваротаў да спецыялістаў псіхалагічнага профілю па праблеме булінгу, — паведаміла ментар мадэлі «Сяброўскае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі», педагог-псіхолаг Ілляна МАТВІЕНКА. — Адна з самых вялікіх праблем заключаецца ў тым, што тэма булінгу ва ўстановах адукацыі табуіруецца, альбо там дзейнічаюць устаноўкі, што булінг, як і крызісныя сітуацыі, з'яўляецца неад'емнай часткай сталення і існавання ў калектыве, што гэта «школа жыцця», таму падлеткам неабходна спраўляцца самастойна. І калі мы кажам, што педагогі, падлеткі, бацькі не баяцца звяртацца па дапамогу, — гэта паказчык, што першы этап праекта па стварэнні сяброўскага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі спрацаваў добра. На тэму булінгу можна і трэба выказвацца ўслых, можна і трэба звяртацца па дапамогу да спецыялістаў і да дарослых.

Нацыянальная антыбулінгавая мадэль у рамках эксперыментальнай дзейнасці ўкараняецца з пачатку бягучага навучальнага года ў 26 установах адукацыі нашай краіны. Яна стала вынікам навукова-даследчай работы па адаптацыі харвацкай мадэлі «Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах», праведзенай БДПУ ў партнёрстве з Прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).

На шляху да бяспечнай школы будзе сем крокаў — сем этапаў рэалізацыі праграмы: ад інфармавання ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу пра гвалт, стварэння экасістэмы каштоўнасцяў у школьным калектыве, вызначэння правілаў паводзін, укаранення негвалтоўных метадаў выпраўлення памылкі (маецца на ўвазе метад аднаўлення каштоўнасцяў) да пашырэння магчымасцяў сяброўскага асяроддзя і стварэння сістэмы дыферэнцыяванай дапамогі навучэнцам. Укараненне антыбулінгавай мадэлі будзе спрыяць фарміраванню ў вучняў школ узаемнай павагі, уключэнню ў працэс прафілактыкі гвалту бацькоў, настаўнікаў і прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Рабоце з бацькамі адводзіцца вельмі важная роля, бо калі ў школе ўкараняюцца адны каштоўнасці, а ў сям'і — іншыя, то, нават нягледзячы на аўтарытэт педагога, дамагчыся чаканага эфекту будзе праблематычна.

— Праект разлічаны на тое, каб дапамагчы падлеткам, бацькам і педагогам навучыцца не дапускаць такіх сітуацый. Бачыць маркеры, калі падлеткі пачынаюць адчуваць сябе некамфортна, і разумець, у якія моманты гэта з'яўляецца проста канфліктам, а ў якія — булінгам і ўказвае на не зусім здаровыя ўзаемаадносіны ў падлеткавым калектыве, — падкрэслівае Ілляна Матвіенка. — У дарослых ёсць магчымасць убачыць, якія моманты ў іх стасунках з падлеткамі, нават адзін з адным, могуць справакаваць з'яўленне булінгу ў вучнёўскіх калектывах.

Перавага нацыянальнай антыбулінгавай мадэлі — у яе прафілактычнай накіраванасці: яна дапамагае падтрымліваць спрыяльнае асяроддзе ў школьных калектывах і не даваць развіцца негатыўным тэндэнцыям.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.