Вы тут

Шакаладныя жаданні па-беларуску. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны


Снежань заўжды становіцца самым незвычайным месяцам года, калі ўвесь свет чакае навагоднія святы. Для адных гэта час прадчування адпачынку, для іншых — надыход «гарачага» сезона, калі трэба завіхацца, каб не ўпусціць пакупніка. Самымі запатрабаванымі становяцца ёлачныя цацкі, бясконцыя падарункі (часам з таго, што пад руку ці на вока трапіць), і, вядома ж, ласункі. Каб заахвоціць пакупніка, вытворцы цукерак стараюцца рабіць не толькі смачна, але і прыгожа, а яшчэ і па-дызайнерску абыграць сімвал надыходзячага года. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з кандытарскіх фабрык краіны, каб паглядзець, што тут рыхтуюць да свята і якімі салодкімі навінкамі збіраюцца здзіўляць беларусаў.


Пірамідкі для дарослых і мяккі Бычок

Да Новага года фабрыка «Камунарка» рыхтуе больш за мільён падарункаў вагой ад 300 грам да трох кіло. Падарункавыя ласункі пакуюць у кардонную ці драўляную тару ў выглядзе конусаў, пірамідак, туб, а таксама ў яркія тэкстыльныя мяшочкі, да якіх прычэплены флікер. «Хаваюцца» цукеркі і ў сімвале надыходзячага года — Бычку — заплечніку ў выглядзе мяккай цацкі.

Многія арганізацыі ў дзіцячых падарунках адмаўляюцца ад цукерак, якія ўтрымліваюць алкаголь. Шмат просьбаў класці ў святочныя наборы карамелі. Але на фабрыцы прыдумалі «падарунак для дарослых» — з тымі самымі «алкагольнымі» і шакаладнымі цукеркамі.

Запушчаная летась на фабрыцы лінія па вырабе шакаладак з двухслаёвымі начынкамі павялічыла магутнасць фабрыкі на 5,5 тысячы тон прадукцыі. А прадукцыя з яе — шакалад па 100 і 200 грамаў, начынены ягаднымі пюрэ ці салёнай карамеллю, — сапраўды запатрабаваная.

З 2012 прадпрыемства істотна мадэрнізавалі, і выпуск прадукцыі павялічыўся ў 1,5 раза, а шакаладны экспарт вырас утрая (з чатырох тысяч тон у 2015-м да 12 тысяч сёлета). Найбуйнейшы пакупнік — Расія, куды адпраўляецца да 88 % ласункаў. Шмат айчыннага шакаладу трапляе ў Кітай і Украіну. Летась асвоілі рынкі Ірака і Вялікабрытаніі. У планах налета — «захапіць шакаладам» Карэю. Усяго ж беларускія цукеркі цяпер экспартуюцца ў 26 краін свету.

Ядомыя паштоўкі, карціны ды зоркі

Сярод упадабаных многімі класічных брэндаў салодкага гіганта — цукеркі, распрацаваныя яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя. Сёлетні падарункавы набор «Беларусь сінявокая» ахвотна набываюць на замежныя прэзенты, гэтаксама, як і наборы «Слуцкія паясы» ды «Жадаю вам».

Штогод «Камунарка» запрашае да сябе на экскурсіі дзетак, каб тыя пабачылі, як гатуюцца салодкія дзівосы. Сёлета праз пандэмію ад прамысловага турызму прыйшлося адмовіцца. Аднак для журналістаў зрабілі выключэнне і правялі па некалькіх лініях. Перш чым трапіць у цэх, кожны супрацоўнік заўсёды праходзіў санапрацоўку, а цяпер і пагатоў. Намыліў рукі, змыў, выцер, апрацаваў растворам. Зялёны колер пропуску ў цэх аўтаматыка не запаліць, пакуль не пройдзеш усе неабходныя стадыі.

У салодкіх водарах фабрыкі можна згубіцца гэтак жа лёгка, як і сярод хітрых прыстасаванняў ды канвеераў, дзе замешваецца, узбіваецца, фармуецца, наразаецца, глазуруецца,
абгортваецца смаката.

Нам давялося ўбачыць, як салодкая ружовая маса з цудоўным пахам ператвараецца ў малочны шакалад з клубнічнай нугой. Прасачыць шлях жэлейных цукерак з водарам вішні і паглядзець, як пакрываюцца шакаладам купалападобныя цукеркі. На іншай лініі «апраналася» ў шакалад «Птушынае малако». Як сярод гэтых аднолькавых белых кавалачкаў работнікі заўважаюць бракаваныя, застаецца невядомым. Для неспрактыкаванага вока ўсе цукеркі аднолькавыя.

Акрамя работ непасрэдна на лініях, дзе робяць цукеркі ды шакаладкі, мы трапілі ў сапраўдныя дызайнерскія студыі для прысмакаў. У адной паназіралі, як труфель «страчвае» сваю вострую верхавіну, каб «убрацца» ў шакаладны лісток ці міні-карцінку з павуцінкі шакаладу. У іншым кутку гэтага ж памяшкання — шакаладныя кубікі, трохвугольнікі і пірамідкі пакуюць у святочныя каробкі. А воддаль распісваюць узорамі шакаладкі, якія выглядаюць як міні-торцікі або зоркі.

Аднак самыя неверагодныя дзівосы робіць літаральна некалькі майстроў, якія распісваюць шакаладныя загатоўкі і робяць з іх ядомыя шэдэўры. Такое хараство і есці шкада, бо з-пад рук мастакоў выходзяць сапраўдныя святочныя паштоўкі з пажаданнямі і карціны, якія на першы погляд і не зразумела, з чаго зроблены.

Дарэчы, з 1 снежня «Камунарка» ладзіць своеасаблівы конкурс і запрашае наведвальнікаў фірменнай крамы дасылаць свае здымкі са спецыяльнай фотазоны, што арганізавалі супрацоўнікі прадпрыемства, якое сёлета адзначыла 115-гадовы юбілей.

Ірына СІДАРОК, фота, відэа аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.