Вы тут

КЛАСІКІ СМЯЮЦЦА ПАТРЫЯРХ БЕЛАРУСКАЙ КАМЕДЫІ Андрэй МАКАЁНАК


 

ПАТРЫЯРХ БЕЛАРУСКАЙ КАМЕДЫІ
 

Сёлета ў лістападзе спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Андрэя МАКАЁНКА (1920—1982), выдатнага драматурга і сцэнарыста, чые шматлікія сатырычныя п’есы карысталіся ў свой час неверагоднай папулярнасцю, ды і сёння не губляюць актуальнасці. Айчынную драматургію ён узбагаціў новымі жанравымі і структурна-кампазіцыйнымі формамі — з-пад пяра Андрэя Ягоравіча выходзілі камедыя-памфлет, камедыя-рэпартаж, сентыментальны фельетон… Вытокі яго знакамітых п’ес — у гумарэсках, напісаных у тым ліку ў 1949—1953 гадах, калі пісьменнік працаваў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык». Давайце разам узгадаем адну з іх.

Міхаіл Мікалаевіч займаў не абы-якую пасаду. Ён загадчык раённай нарыхтоўчай канторы «Расткаўчук». Як ні кажы, вядомы чалавек на ўвесь раён!

Па службоваму абавязку справу яму даводзілася мець з кок-сагызам. Раслінка гэта — і ростам невялічкая, і на выгляд так сабе, але з норавам: і на ласку чуллівая, і ўвагу пастаянную любіць, і далікатнага абыходжання патрабуе… Карацей кажучы, каб справа ішла гладка, трэба добра ведаць характар гэтай раслінкі. Вось чаму яшчэ ранняй вясной Міхаіл Мікалаевіч паехаў у Мінск на курсы, каб папоўніць свае старыя веды, запасціся новымі.
Спачатку ўсё ішло як мае быць: вучылі, лекцыі чыталі, — што трапляла ў галаву, а што ў канспект… Адным словам, усё было б добра, каб…
А ўсяму бяда — вясна!.. Каго з жывых людзей яна не спакушала! Не абышла на гэты раз і Міхаіла Мікалаевіча.
І вось захацелася нашаму паважанаму загадчыку звацца Мішай. А чаму б і не так? Узрост — самы падхадзяшчы: яму ледзь пераваліла на чацвёрты дзесятак, хлопец таксама не кепскі, да таго ж сур’ёзны: нават ідучы на спатканне з дзяўчынай, ён не расставаўся з палявой сумкай. І нездарма: у сумцы ж пячатка яго ўстановы ляжала.
Закахаўся Міша. І не на жарты. Ды і сам, відаць, не быў пакрыўджаны ўвагай, бо дзяўчына паверыла яго шчырасці. Але вось здарылася новая бяда: работа курсаў закончылася, і трэба было збірацца дадому. «Не сумуй, любая, да хуткага пабачэння!» — не траціў надзею на новыя сустрэчы Міхаіл Мікалаевіч. <…>
…Сяўба — пара гарачая. Адна работа другую так і падсцёбвае, толькі паспявай паварочвацца. 

Круціўся сяк-так і Міхаіл Мікалаевіч, хоць і не да таго было яму. Праўда, план сяўбы кок-сагызу раён выканаў. Бедны Міша толькі і ведаў, што пісаў лісты сваёй каханай, хаваючыся пры гэтым ад пільнага вока… жонкі. <…>
Хіба можна ў такі час займацца нейкім кок-сагызам? І ён расчу- лена пісаў: «Вось да чаго ты мяне даводзіш, а сама, напэўна, ужо даўно забылася пра мяне… Прысядзібны ўчастак засеяў з разлікам і на цябе… Моцна паціскаю ручку і цалую 10 разоў. Міша».
Затым, крыху падумаўшы, рашыў, што гэта не зусім пераканаўча, і ў дадатак да ўсяго паставіў яшчэ акуратны, па апошнім слове бюракратычнай тэхнікі, подпіс, як у ведамасці на атрыманне зарплаты. Але і гэтага яму здалося мала. Тады ён распісаўся чырвоным алоўкам і прытуліў да подпісу пячатку. Пасля гэтага любоўнае пасланне набыло выгляд афіцыйнага дакумента з уласнаручным подпісам, засведчаным пячаткай.
Тым часам, калі загадчык канторы «Расткаўчук» употай ад жонкі таміўся ад кахання, кок-сагыз таксама патрабаваў любві і ўвагі да сябе. А Міхаіл Мікалаевіч, бывала, ходзіць па полі ды гадае на рамонку: «любіць… не любіць… плюне… пацалуе… да сэрца прытуліць… да чорта патурыць…» А кок-сагыз падслухаў, значыцца, усё гэта ды і духам паў. Не вытрымала здрады расліна, пачала вянуць, чахнуць. Гэтая чуллівая на ласку расліна, пакінутая і забытая ўсімі — і спецыялістамі, і неспецыялістамі, амаль зусім загінула ў няроўнай барацьбе з пустазеллем.
Міхаіл Мікалаевіч гэта бачыў, але з халодным сэрцам ставіўся да лёсу расліны.
Якраз прыйшоў ад каханкі доўгачаканы ліст, адрасаваны яго жонцы (нейкім цудам даведалася ж пра яе існаванне!). Прыслала яна жонцы і яго, Міхаіла Мікалаевіча, лісты ды са сваімі едкімі каментарыямі. Можна сабе ўявіць, што пасля гэтага было!
<…>
Збор твораў: у 5 тамах.
Т. 5. Мн., 1990 г. 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».