Вы тут

Лукашэнка: У сучасных умовах саюзніцтва набывае ўсё больш важкі сэнс


Выступаючы на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на няпростыя ўмовы, у якіх ажыццяўляецца дзейнасць арганізацыі.


«Мы выразна бачым павелічэнне сістэмных мерапрыемстваў ваеннага характару ў Польшчы і ў дзяржавах Балтыі»

«Значнай дэфармацыі падвяргаюцца сістэмы міжнародных адносін і механізмы кантролю над узбраеннямі. У зносінах усё больш дамінуе канфрантацыйная рыторыка. Свет у чарговы раз стаіць на парозе развязвання некантралюемай гонкі ўзбраенняў, — пералічыў ён. — Абвастраюцца самыя небяспечныя з’явы, а менавіта ваеннае супрацьстаянне паміж сусветнымі цэнтрамі сілы».

Сур’ёзную занепакоенасць выказаў Прэзідэнт Беларусі з-за нарошчвання ваеннай прысутнасці ЗША і НАТА каля заходніх граніц АДКБ.

«У першую чаргу гаворка ідзе аб размяшчэнні дадатковага амерыканскага кантынгенту ў Польшчы і яе планы па стварэнні новых аб’ектаў ваеннай інфраструктуры. Мы выразна бачым павелічэнне сістэмных мерапрыемстваў ваеннага характару на тэрыторыі гэтай краіны і ў дзяржавах Балтыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, пад прыцэлам ваеннай актыўнасці знаходзяцца не толькі нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь. У дадзеным кантэксце, лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы, варта разглядаць і заявы НАТА аб распрацоўцы новай стратэгічнай канцэпцыі.

«Мяркую, ужо ўсім ясна, супраць каго і чаго яна будзе накіравана», — заўважыў Прэзідэнт.

Беларускі лідар спыніўся на тэме санкцый. Ён заўважыў, што такія міжнародна-прававыя меры павінны прымяняцца ў выключных выпадках і толькі для вырашэння найважнейшых пытанняў забеспячэння міру і бяспекі, але сталі штодзённай практыкай.


«Універсальны баланс паміж грамадзянскімі свабодамі і інтарэсамі нацыянальнай бяспекі ў заходнім грамадстве так і не знойдзены»

Пандэмія СOVID-19 не толькі ўскладніла праблемы міжнароднага ўзаемадзеяння, але і справакавала абвастрэнне сацыяльных канфліктаў, дадаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Ужо зразумела, што гэта не спантанная праява незадаволенасці, як нам імкнуцца паднесці ў СМІ. Міжнародны парадак скочваецца ў бок так званага кіраванага хаосу. У наяўнасці добра прадуманая і зрэжысіраваная дзейнасць глабальных гульцоў, якія часам не лічацца ні з чым, нават з інтарэсамі ўласных народаў», — упэўнены Прэзідэнт. 

У якасці прыкладу ён прывёў беспарадкі ў ЗША і краінах Еўропы, якія да апошняга часу лічыліся ледзь не ўзорам дэмакратыі.

«Відавочна, што ўніверсальны баланс паміж грамадзянскімі свабодамі і інтарэсамі нацыянальнай бяспекі ў заходнім грамадстве так і не знойдзены, — зрабіў вынік кіраўнік Беларусі. — Мабыць, менавіта з гэтага вынікае ўсё больш бесцырымоннае навязванне сусветнай грамадскай свядомасці падвойных стандартаў».

З аднаго боку надзвычай жорсткая рэакцыя заходніх уладаў на пратэсты і ў цэлым непапулярная дзяржаўная палітыка падаюцца як аб’ектыўная неабходнасць, з другога — меры іншых краін па «забеспячэнні стабільнага развіцця, падтрымання правапарадку і законнасці» выстаўляюцца як дыктатура і дэспатызм, патлумачыў свой тэзіс Прэзідэнт. 


«Беларусь адчувае на сабе адкрытае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, у тым ліку праз правакаванне грамадзянскай незадаволенасці»

«Ва ўмовах гэтых нераўнапраўных сістэм каардынат маніпуліраванне людзьмі, прымяненне гібрыдных уздзеянняў і тэхналогій каляровых рэвалюцый сталі звычайнай з’явай, — дадаў ён. — Менавіта таму Беларусь у 2020 годзе адчувае на сабе адкрытае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, у тым ліку праз правакаванне грамадзянскай незадаволенасці. Нам прама прапануецца памяняць уладу, законы і сацыяльныя арыенціры. У адваротным выпадку пагражаюць задушыць санкцыямі, разбурыць эканоміку і інфраструктуру, змяніць маральныя асновы нашага грамадства. Цяпер ужо няма сумненняў, што на коне стаялі і да гэтага часу стаяць грамадзянскі мір і цэласнасць нашай Беларусі».

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на паводзіны Польшчы і краін Балтыі ў адносінах да Беларусі. 

«Мы выразна бачым, што іх дзеянні забяспечваюць рэалізацыю ўласных інтарэсаў і накіраваны на павышэнне сваёй значнасці ў Еўрасаюзе, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — І я хачу, каб пра нявартыя і бессаромныя паводзіны палітыкаў пачулі простыя людзі гэтых суседніх з намі краін».


«Важна не толькі своечасова выяўляць новыя выклікі і пагрозы, але і запускаць механізмы іх адбіцця»

У цяперашні час многія зразумелі, што свет не будзе такім, якім ён быў год ці два таму, сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. 

«Аднак ва ўмовах паўсюднай канфліктнасці і з новымі хваробамі, якія на нас абрынуліся, нам трэба будзе жыць і развівацца. Гадаваць дзяцей, радавацца дабру і адзін аднаму. Любымі спосабамі захоўваць тую тонкую і далікатную грань, якая аддзяляе чалавецтва ад катастрофы», — дадаў ён.
Сёння ад членаў АДКБ з улікам дынамікі выклікаў і пагроз патрабуецца не проста падтрыманне існуючага ўзаемадзеяння, але і яго нарошчванне, лічыць Прэзідэнт. 

«У сучасных умовах саюзніцтва набывае ўсё больш важкі сэнс. АДКБ павінна паказаць сваё ўменне інтэнсіўна, надзейна працаваць у палітычным, ваенным, інфармацыйным вымярэннях, а таксама эфектыўна супрацьстаяць тэрарызму і экстрэмізму, незаконнаму абароту наркотыкаў, дзейнічаць на апярэджанне і пазбягаць сацыяльных бедстваў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Важна не толькі своечасова выяўляць новыя выклікі і пагрозы, але і запускаць механізмы іх адбіцця, пры гэтым максімальна збліжаць пазіцыі дзяржаў-членаў па калектыўным рэагаванні, падсумаваў Аляксандр Лукашэнка і выказаў меркаванне, што гэта ў членаў АДКБ атрымаецца.

«Сітуацыя ў свеце такая, што мы абавязкова павінны сустрэцца і з улікам урокаў апошніх падзей абмеркаваць перспектывы нашых дзеянняў»

Пад канец свайго выступлення Прэзідэнт Беларусі заклікаў сваіх калег знайсці магчымасць для вочнай сустрэчы ў больш шырокім фармаце — з удзелам не толькі членаў АДКБ, але і іншых краін, якія адчуюць небяспеку цяперашняга часу.

«Сітуацыя ў свеце такая, што мы абавязкова павінны сустрэцца і з улікам урокаў апошніх падзей абмеркаваць перспектывы нашых дзеянняў, каб гэтага не дапусціць наперад ва ўсіх краінах. Нікому нельга самазаспакойвацца ў дадзенай сітуацыі, думаю, усе з нас гэта разумеюць», — сказаў ён. 

Пуцін: Беларускаму народу хопіць палітычнай сталасці для таго, каб вырашыць усе свае ўнутраныя пытанні самім, без усякага ціску і ўмяшальніцтва звонку
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пагадзіўся, што сітуацыя ў Беларусі выклікае занепакоенасць, і не столькі ў сувязі з пратэсным рухам, які там падняўся, колькі з-за ўмяшальніцтва звонку, фінансавай і палітычнай падтрымкі гэтага руху з-за мяжы. 

«Трэба даць, нарэшце, народам  самім разабрацца з пытаннямі, якія для іх прадстаўляюць асаблівы інтарэс. Мы бачылі, як адбывалася развіццё падзей, скажам, у арабскім свеце, падчас так званай “арабскай вясны”, — сказаў ён. — Да чаго гэта прывяло? Я ўжо не кажу пра ўсякія іншыя каляровыя рэвалюцыі. Заўсёды тлумачаць лепшымі намерамі. А як вядома, добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла».

Расійскі прэзідэнт выказаў спадзяванне, што беларускаму народу хопіць палітычнай сталасці для таго, каб «вырашыць усе свае ўнутраныя пытанні самім, без усякага ціску і ўмяшальніцтва звонку».

«Не сумняваюся ніколькі, што атрымаецца, у тым ліку, і ўлічваючы палітычны досвед Прэзідэнта Беларусі», — дадаў ён. 

«Каляровыя рэвалюцыі, якія разгарнуліся ў шэрагу дзяржаў, гэта ніякія не каляровыя рэвалюцыі, мы бачым па Беларусі, гэта — звычайны мяцеж, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Рэвалюцыя — гэта калі ёсць аснова для рэвалюцыі, мы ўсе з вамі вывучалі. Калі нізы не хочуць, вярхі не могуць і гэтак далей. І калі ёсць рэвалюцыянеры».

У Беларусі, як і ў іншых краінах — членах АДКБ, няма рэвалюцыянераў, лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Усе рэвалюцыянеры хочуць жыць добра і пажадана за чужы кошт. І калі з імі пачынаеш размаўляць на іх мове, яны хутка пераўтвараюцца з так званых рэвалюцыянераў у бежанцаў палітычных», — дадаў ён.

Адносна падзей у нашай краіне, справа, перакананы лідар, у тэрытарыяльных прэтэнзіях Польшчы да Беларусі.

Ён прывёў адпаведную цытату, якую раней агучваў на сустрэчы з калектывам 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Размова пра выказванні польскіх палітыкаў, у якіх заяўляецца пра «гістарычную прыналежнасць беларускіх земляў Польшчы».

«Гэта заяўляецца ўжо ў адкрытым рэжыме, — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. — Слухайце, ці магу я як Прэзідэнт, і беларусы з гэтым пагадзіцца? Аказваецца там, дзе мы сёння жывём, нам не належаць гэтыя землі. Ясна — каму. У гэтым кірунку і дзейнічаюць».

Да таго ж, беларускаму кіраўніцтву стала дакладна вядома пра стварэнне ваеннай групоўкі НАТА для захопу гэтых земляў, заявіў Прэзідэнт Беларусі. Яшчэ адзін намер заходніх палітыкаў — стварэнне «санітарнага поясу» паміж Еўрасаюзам і Расіяй, дадаў ён.

«Гэта даўняя мара, гэта мэты, якія пасля распаду Саюза ў сярэдзіне 90-х не ўдалося рэалізаваць, — напомніў беларускі лідар. — Хто-хто, але мы з Прэзідэнтам Расіі гэта вельмі добра разумеем. Падзеі ў Беларусі, адкрыта ўжо кажуць, — гэта трамплін для ціску на Расійскую Федэрацыю».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не варта думаць, што краіны — члены АДКБ, якія знаходзяцца ў іншых рэгіёнах, у большай бяспецы.

«Нават пра падзеі ва Украіне думалі: „Гэта не ў нас“. Не паспееце азірнуцца, як гэта будзе ў вас, — папярэдзіў калег Прэзідэнт Беларусі. — Таму нам трэба працаваць супраць гэтага зараз. ».

Прэзідэнт падкрэсліў: «Нам як ніколі, пра што казалі ўсе, трэба быць сёння разам. Адзінымі. Але давайце шчыра будзем казаць, што аснова нашага адзінства сёння — эканоміка. Будзем мы тут бачыць адзін аднаго, у эканоміцы, як мы даўно паставілі перад сабой мэту ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюзу, значыць, захаваемся. Не — прэзідэнт Расіі дакладна пра гэта сказаў, па адным разбяруць і выкарыстаюць».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.