Вы тут

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па канькабежным спорце Сяргей Мінін: Я не раблю з дзяцей чэмпіёнаў


Сакрэты здаровых адносін са спортам ад бацькі і трэнера

Для Сяргея Мініна спорт — не прафесія, а спосаб жыцця. На рабоце ён — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па канькабежным спорце, кіраўнік уласнай ролер-школы, а дома — бацька чатырох дзяцей, муж знакамітай фрыстайлісткі, удзельніцы Алімпійскіх гульняў Асоль Слівец. У Сяргея і Асоль нават не стаяла пытанне, будуць займацца іх дзеці спортам ці не. Чацвёра малодшых Мініных, як і бацькі, з малых гадоў ведаюць пра трэніроўкі і спаборніцтвы. Шматдзетны бацька падзяліўся сакрэтамі выхавання спартыўных, шчаслівых і ўсебакова развітых дзяцей.


Спорт з першых гадоў жыцця

— Мы з Асоль прытрымлiваемся наступнага прынцыпу ў фiзiчным выхаваннi дзяцей: развiць каардынацыю, дыхальную сiстэму, мозг i ўжо пасля даваць целу нагрузкi. Наша мама працуе ў каардынацыйным спорце. А для зусiм малых дзяцей каардынацыйны спорт неабходны для гарманiчнага росту i развiцця. Таму ўсе нашы дзецi пачыналi з гiмнастыкi, батутаў. Мне спадабаўся эксперымент, калi яны займалiся брэйк-дансам. Музыка, танцы далi свае плады для развiцця каардынацыi, рухальных навыкаў. З дзяцiнства дзецi плаваюць, гэта абавязкова. Усе трэнiруюць мозг шахматамi, што важна для ўсебаковага развiцця. Спартыўная база ў iх каласальная — брэйк-данс, гiмнастыка, батуты, акрабатыка, плаванне, шахматы. Зараз Асоль вучыць дзяцей катацца на снаўбордзе з усiмi вiнтамi, сальта, скачкамi. У два гады яна паставiла дзяцей на лыжы. У Еўропе гэта папулярна. Лыжы для дзяцей бяспечныя, чаго нельга сказаць пра канькi цi ролiкi. Ступня ў лыжных бацiнках стаiць надзейна, самi бацiнкi да калень, iнструктар усё кантралюе, i дзецi проста слiзгаюць. Яны, можа, i самi яшчэ не разумеюць, што адбываецца, але iм падабаецца.

Пакуль вынiкi нашага падыходу я магу назiраць толькi ў старэйшага Радамiра, яму 12 гадоў. Ён ужо выбраў, што падабаецца найбольш. Мне асаблiва прыемна, што сын абраў канькi — канькабежны спорт, шорт-трэк, ролер-спорт. У другога сына, Елiсея, астма, i яму рэкамендавана перыядычна ездзiць на мора, ён актыўна займаецца парусным спортам. Ад плавання паступова адыходзiць — мабыць, стала сумна, але мне заўжды здавалася, што плаваць весела. Ходзiць з мамай на снаўборд, на батуты, i... iграе на флейце. Але на каньках i ролiках катаецца мала. Пяцiгадовы Мiраслаў i трохгадовая Мiя яшчэ вельмi маленькiя, таму разам з мамай развiваюць каардынацыю, ходзяць у басейн. Мiраслаў часам можа на каньках пакатацца. На дзень нараджэння вельмi прасiў хуткасныя канькi. Я ў Галандыi купiў яму добрыя, дарагiя канькi, ад душы падарылi. А ён некалькi разоў пакатаўся, а потым згубiў. Праз месяц знайшлi, але яны яго ўжо не цiкавяць, мабыць, яшчэ да канца не разумее, навошта яны патрэбныя i якое задавальненне могуць прынесцi.

Спаборнiцтвы павiнны быць у радасць

Я заўсёды вучу дзяцей успрымаць спаборнiцтвы як свята i стараюся iх такiмi зрабiць. Я рэкамендую ўсiм бацькам не рабiць з дзяцей чэмпiёнаў у раннiм узросце. Чалавек павiнен вучыцца перамагаць у 18-20 гадоў. А ў дзяцiнстве ён павiнен палюбiць спорт, навучыцца правiльна выконваць практыкаваннi, авалодаць тэхнiкай. А часцей за ўсё мы бачым, што бацькi на спаборнiцтвах ганяюць дзяцей, як ганчакоў, i хiба што не робяць стаўкi. I гэта абсалютна няправiльна, так робяць бацькi, якiя праз дзяцей жадаюць пацешыць сваё самалюбства i задаволiць амбiцыi. Гэта негатыўна ўплывае на псiхiку дзяцей. Я бачыў шмат малых, якiя, заняўшы трэцяе месца, рыдаюць так, нiбыта яны Алiмпiйскiя гульнi прайгралi. Я катэгарычна супраць такога падыходу, мы прыязджаем на спаборнiцтвы, як на свята. Для нас спаборнiцтвы — своеасаблiвы рытуал, свята, каб зарадзiцца энергiяй, добра правесцi час. Радамiр да 10 гадоў на ролiках нiчога не выйграваў, але цяпер уваходзiць у тройку лiдараў. Елiсей i Мiраслаў таксама часта аказваюцца ў тройцы найлепшых. Усе дзецi хочуць перамагаць, але i пройгрышы — не катастрофа, i навучыць гэтаму — адказнасць бацькоў.

Адзнакi ў школе не галоўнае

Нашы дзецi вучацца ў 29-й гiмназii Мiнска, i настаўнiкi з разуменнем ставяцца да iх спартыўных заняткаў, заахвочваюць гэта. Пакуль школьнiкi толькi Радамiр i Елiсей, i яны вучацца нядрэнна. У старэйшага пачаўся перыяд, як у прыказцы «вучань без двойкi — як салдат без аўтамата», але ў цэлым усё добра. Адзнакi кантралюе мама, у мяне крыху iншы падыход. Я лiчу, што важныя не адзнакi, а сам працэс, бо школа павiнна выхоўваць асобу. Я не сваруся на сыноў за дрэнныя адзнакi. Я разам з дзiцем аналiзую, дзе ён памылiўся, недавучыў, i прапаную гэта абмеркаваць з настаўнiкам. I такiм чынам чалавек у 12 гадоў сам шукае рашэнне сваёй праблемы. Ён разумее, у чым яго памылка, i сам яе выпраўляе. Запамiнае, што для таго, каб чагосьцi дасягнуць, трэба прыкладаць намаганнi. Я не радуюся добрым адзнакам, я радуюся працэсу iх дасягнення.

Канешне, многае залежыць i ад настаўнiка. Школьны настаўнiк падобны на спартыўнага трэнера. Менавiта трэнер прывiвае любоў да спорту, развiвае тэхнiку, матывуе спартсменаў. Калi б я не зараджаў сваiх спартсменаў энергiяй, не праяўляў сваю зацiкаўленасць, яны б нiводнага медаля не заваявалi. I ў школе гэтаксама, дзiця праяўляе цікавасць да вучобы, калi бачыць зацiкаўленасць настаўнiка. Я ў школе быў троечнiкам, настаўнiкi былі незацiкаўленыя, а я дэматываваны. А калi ў восьмым класе перайшоў у вучылiшча алiмпiйскага рэзерву i ўбачыў iнтарэс настаўнiкаў, атрымаў ад iх зваротную сувязь, стаў вучыцца. Вучылiшча скончыў без адзiнай тройкi ў атэстаце.

Тайм-менеджмент i самастойнасць — наша ўсё

Спорт развiвае ў дзяцей самастойнасць i адказнасць. Старэйшыя хлопцы з сямі-васьмі гадоў самастойна ездзяць на грамадскiм транспарце на трэнiроўкi, вучобу. Для мамы i бабуль — гэта, канешне, стрэс, але спраўляюцца. Больш цяжкасцяў узнiкае з бытам. Калi мяне няма дома, хлопцы часта сварацца, спрачаюцца памiж сабой. Я iм адкрыта кажу: «Вы мае тры асiлкi, якiя павiнны дапамагаць. Я зарабiў грошы, схадзiў у краму, прыгатаваў ежу. Я стамiўся, давайце кожны памыем па дзве талеркi». I iх зацягвае такi гульнявы фармат, яны ўсё робяць — i смецце выносяць, i з сабакам гуляюць, i ў краму ходзяць. Галоўнае — даць дзецям матывацыю i не забываць хвалiць.

Не спортам адзiным

Як бацька я мару, каб хоць нехта з маiх дзяцей займаўся спортам найвышэйшых дасягненняў. Было бы выдатна, як у легендах цi казках — я i мае тры сыны-волаты, якiя ўсiх перамагаюць. Але гэта толькi мары, я iмкнуся не быць надта ўцягнутым у спартыўную кар'еру сваiх дзяцей. На спаборнiцтвах я за iмi назiраю, ганаруся, але я нi ў якiм разе не шалёны тата-трэнер. I ўвогуле на турнiрах я перадаю сыноў iншаму трэнеру, а сам адыходжу. Я разумею, што чым больш я буду займацца з iмi спортам, тым больш балюча мне потым будзе. Я буду ўскладаць на iх вялiкiя спартыўныя надзеi, а яны могуць iх не апраўдаць, i дрэнна будзе ўсiм. Не хачу такога. У мяне няма мэты зрабiць са сваiх дзяцей чэмпiёнаў. Я хачу дапамагаць сваiм дзецям, накiроўваць iх, каб яны самi iшлi да сваiх мэтаў i заваёўвалi медалi сваёй працай.

Радамiр у канькабежным спорце — адзiн з найлепшых у краiне ў сваiм узросце. Але я хачу, каб мае дзецi не былi зацыкленыя толькi на спорце. Я iнвестую ў тое, каб яны абавязкова ведалi англiйскую мову. Я iнвестую ў iх развiццё ў камп'ютарных тэхналогiях, бо за гэтым будучыня. У сучасным свеце чалавек з такiмi ведамi запатрабаваны ўсюды. I гэта лёгка сумяшчаць са спортам. Можна, знаходзячыся на спаборнiцтвах, вечарам спакойна працаваць за камп'ютарам, зарабляць грошы, а ранiцай — выходзiць i перамагаць. Такiя прыклады ёсць. Таму мае дзецi развiваюцца i ў гэтым кiрунку.

Дзецям патрэбны не мульцiкi, а мультыспорт

У ролер-школе Сяргея Мiнiна мы развiваем канцэпцыю мультыспорту, калi дзецi займаюцца рознымi вiдамi. У нашай краiне да гэтага ставяцца неяк насцярожана, але гэта папулярная i эфектыўная практыка замежных спартсменаў. Дзецi не павiнны займацца адным i тым жа спортам з самага пачатку, можа хутка надакучыць. Мультыспорт прадугледжвае розныя практыкаваннi на кожным занятку. А пасля можна выбiраць занятак па душы i здольнасцях. Амаль уся беларуская нацыянальная каманда па канькабежным спорце прайшла праз мультыспорт, ён робiць тэхнiку больш пластычнай, павышае каардынацыю. Нiхто б не ведаў Вiталiя Мiхайлава, якi прывёз столькi медалёў з мiжнародных спаборнiцтваў, калi б ён у свой час не зацiкавiўся ролiкамi. Марафоны на ролiках дапамаглi яму зразумець тэхнiка-тактычныя аспекты катання на лёдзе. Марына Зуева нiколi б не вярнулася ў канькабежны спорт без ролiкаў. I цяпер усе мае спартсмены займаюцца чатырма вiдамi спорту — канькабежным, шорт-трэкам, ролер-спортам i веласпортам. Мультыспорт у цыклiчных вiдах спорту дае магчымасць пераключыцца — вельмi цяжка пастаянна рабiць адно i тое ж. I гэта дарослым спартсменам, а як дзецям!

З ролер-школай цесна супрацоўнiчае 29-я гiмназiя, у якой вучацца мае дзецi. I гэта вельмi добра, я ўжо пяць гадоў прапаноўваю ўвесцi на школьных уроках фiзкультуры катанне на ролiках. Ролiкi i ўсё, што звязана з ходам канькоў, — выдатная магчымасць для фiзiчнага развiцця. Гэты навык патрэбны ў лыжах, бiятлоне, хакеi, фiгурным катаннi, канькабежным спорце. Такiм чынам, на ўроках фiзкультуры з дапамогай адных толькi ролiкаў можна закласцi дзецям базу для шасцi-васьмi вiдаў спорту.

Галоўнае — прыклад дарослых

Калi ў сям'i спортам займаюцца не толькi дзецi, але i бацькi, можна гаварыць пра культуру сям'i. У нас былi прыклады, калi бацькi прыводзiлi дзяцей у школу i самi пачыналi катацца на ролiках. А потым заўважылi, што фiгура падцягнулася, з'явiлася больш сiл. Канешне, дзецi будуць браць прыклад з мамы i таты, якiя займаюцца спортам. Не трэба сябе напружваць. Лёгкага бегу, катання на каньках цi ролiках, плавання, лыжаў, ровара будзе дастаткова. Важна, каб добра працавала сардэчна-сасудзiстая сiстэма, суставы не зношвалася, для гэтага дастаткова лёгкай фiзiчнай нагрузкi. Нельга забываць пра культуру харчавання, не трэба многа есцi вечарам. На снеданне — каша з мёдам цi арэхамi. А ў нас людзi не заўсёды сочаць за тым, што ядуць.

Я скончыў спартыўную кар'еру ў 2006 годзе. I не магу сказаць, што з таго часу вяду вельмi правiльны i спартыўны спосаб жыцця. Але ў мяне не падае мышачная маса, не пагаршаецца здароўе, магу праехаць 150 кiламетраў на веласiпедзе, падцягнуцца. Я проста два-тры разы на тыдзень займаюся фiзiчнай актыўнасцю. Нядаўна вярнуўся дамоў вельмi стомлены, энергii зусiм не было. Але вырашыў 20—30 хвiлiн пакатацца на ровары. Тое, што адбываецца ў арганiзме ў гэты момант, проста здзiўляе. Пачынаюць выдзяляцца гармоны шчасця, i сiлы вяртаюцца, унутры столькi таго шчасця i энергii, што можна працаваць яшчэ некалькi гадзiн.

Памятаю, былi на спаборнiцтвах у Нарвегii. З ранiцы ў 5.30 я пайшоў пабегаць вакол возера. I не перадаць маё здзiўленне, калi я ўбачыў шмат людзей сталага ўзросту, якiя бегалi, выконвалi фiзiчныя практыкаваннi. Вечарам карцiна паўтарылася. I на маё пытанне, як такое магчыма, нарвежская каляжанка дала цудоўны адказ: «Мы вельмi хочам жыць, таму i займаемся». Гэта культура ўсяго народа, яны так жывуць.

I калi дарослыя людзi будуць вельмi хацець жыць i падтрымлiваць для гэтага фiзiчную актыўнасць, дзецi будуць браць з iх прыклад. I тады ў нас таксама будзе культура здаровага спосабу жыцця ў кожнай сям'i асобна i ва ўсёй краiне ў цэлым.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабiстага архiва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.

Грамадства

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Як вайскоўцы на захопленым нямецкім аўтамабілі прарываліся да партызанаў і выратавалі людзей ад расстрэлу

Наш даўні сябар — жыхар Вялікай Бераставіцы — Міхаіл Маскальчук даслаў нам чарговы цікавы аповед, які быў запісаны са слоў бацькі Міхаіла, Васіля Маскальчука.

Грамадства

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе. Аднайменная дзяржпраграма дазволіць павысіць якасць камунальных паслуг і наблізіць да Мэты-99

Днямі аб праекце профільнай дзяржпраграмы журналістам падчас прэс-прэзентацыі расказаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель.

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.