Вы тут

Ігар Чышчэня: «Большасць маладых рэжысёраў здымаюць не дзякуючы, а насуперак умовам»


Ігар Чышчэня: «Большасць маладых рэжысёраў здымаюць не дзякуючы, а насуперак умовам»

 «Страчаная песня», «Подых балот», «Першадрук», «Generation play», «Іўе» і шэраг іншых дакументальных фільмаў зняў малады рэжысёр Ігар Чышчэня. Амаль дзесяць гадоў аддаўшы «Беларусьфільму», цяпер ён незалежны творца і расказвае, ці быць у Беларусі кінашколе, пра каго хацеў бы зняць фільм і чаму на Каменнай горцы прыгожыя захады.

— Значыць, вы цяпер незалежны?
— Гэтыя словы «залежны», «незалежны»… Проста сам па сабе, спрабую неяк круціцца-вярцецца. Ёсць некаторыя праекты, якія здымаю на ўласныя сродкі, і што будзе далей, не ведаю.
— Вы столькі гадоў працавалі на «Беларусьфільме». Як пачуваецеся па-за працай на студыі?
— Ведаеце, я быў як бы і ў сістэме, і па-за ёй. У мяне шмат сяброў незалежных творцаў. Канечне, ёсць цэнзура, хутчэй, нават самацэнзура. Праблема ў тым, што ты павінен выдаць фільм у канкрэтны час, гэта не дае права памыліцца. Мне здаецца, праблема ў нашай студыйнай сістэме — амаль няма месца для эксперымента. Такая сістэма рэдка прадугледжвае развіццё. Я спрабаваў і ў гэтых умовах эксперыментаваць, але, можа быць, не ставала вопыту. Апошнія фільмы былі не самыя ўдалыя, хаця адзін мне падабаецца, а другі не.
— У фільме пра айцішнікаў Generation play
— …У гэтым якраз не атрымалася. Не хапіла развіцця. Ёсць пачатак, але не хапае фіналу. Здаецца, і цяпер няма фіналу ў той гісторыі. І, натуральна, такі аповед трэба было здымаць некалькі гадоў. Мне цікава было б убачыць, што магло адбывацца далей. Не шкадую, што ўзяў тэму ІТ, але, пэўна, я не быў падрыхтаваны да яе. Мне вельмі спадабаліся героі, але ў фільме амаль няма адлюстравання іх працы: якім чынам яны ствараюць праграмы, пішуць коды і г. д. Некаторыя крытыкавалі, што мы не паказалі ў стужцы, як у іх галовах зараджаюцца ідэі. Але мне здаецца, што гэта надта інтымны і асабісты момант для творцы. Трэба вельмі працяглы час яго ведаць.

Кадр з фільма Generation play

— Слухала падкаст «Подвал.кино». Вы там сказалі, што ваша любімая работа — пра Андруся Такінданга, якую здымалі ў пачатку кар’еры. Што наконт іншых фільмаў?
— Мне больш падабаецца, як мы стваралі той фільм пра Андруся. (Усміхаецца.) Проста было здорава падчас здымак. Ездзілі па вёсачках і здымалі, як бабулькі на яго рэагуюць. Было крутое падарожжа. «Першадрук» таксама здымалі ў вандроўках, і, здаецца, атрымаўся добры такі фільм. А за апошнюю стужку, пра Іўе, мяне даволі шмат крытыкавалі на мастацкіх радах. Але мне спадабалася атмасфера гэтага незвычайнага мястэчка, дзе доўгі час суіснавалі і працягваюць гэта рабіць прадстаўнікі розных канфесій. У прынцыпе, я зрабіў усё, што хацеў: зняў памяць, якая жыве. Атрымаўся такі нават сумны фільм, людзі расказваюць пра каштоўнасці, фотаздымкі, якія захаваліся ад продкаў, пра гістарычныя помнікі, магілы нямецкіх жаўняроў Першай сусветнай вайны, якія знайшліся ў мястэчку, і шмат іншага. Можа стацца, я занадта агульна і мудрагеліста гэта ўсё адлюстраваў, бо пасля чуў даволі процілеглыя водгукі.

Кадр з фільма пра Андруся Такінданга

— А як увогуле адбываюцца гэтыя мастацкія рады?
— Спачатку — калі прымаецца сцэнар. Збіраюцца галоўныя рэжысёры, рэдактары, крытыкі і выказваюцца: здымаць ці не здымаць. А пасля — усе проста глядзяць і выказваюць меркаванне: ці атрымаўся фільм, ці можна яго яшчэ неяк дарабіць, прыбраць нейкі эпізод ці дадаць. А ты сядзіш, слухаеш і думаеш, згодны ты з меркаваннямі ці не. Бываюць даволі лагодныя сходы. А часам не.
— Раней вы гаварылі пра «антышколу» беларускага кіно…
— Там якая была гісторыя. Аднойчы ехалі з нейкага паказу кіно («Лістапада» ці не «Лістапада» — не памятаю). Была размова з Мікалаем Лаўранюком і Ігарам Сукманавым. Яны гаварылі, што людзі, якія глядзяць беларускія фільмы ў Маскве, у адзін голас кажуць, што наша кіно вельмі рознае. Калі нехта выходзіць з расійскай кінашколы, то адразу бачная рука майстра, які навучаў. А ў нас такога няма. Мікіта Лаўрэцкі, Нэла Васілеўская (цяпер яна Агрэніч), Юля Шатун і іншыя — гэтыя маладыя рэжысёры ўсе розныя. Можа, спачатку яны здымаюць троху па-аматарску, але кажуць самі за сябе. Не спрабуюць рабіць так, як ім загадвае майстар. Яны не ведаюць, як правільна, яны робяць толькі так, як ім здаецца правільным. Пэўна, у гэтым і заключаецца іх каштоўнасць.
— А потым такі рух можа трансфармавацца ў школу?
— Гэта можа трансфармавацца ў суполку асоб-аднадумцаў, якія будуць, кожны са сваім поглядам на жыццё і мастацтва, рабіць тое, што ім падабаецца і што яны лічаць вартым. Цяпер намячаюцца толькі агульныя рысы да нейкага напрамку. Калі далей створаць спрыяльныя ўмовы для творчасці гэтых людзей, калі будзе падтрымка, то, імаверна, можна чакаць прагрэсу. Але гаварыць пра ўмоўную новую хвалю беларускай кінематаграфістыкі… Не ведаю. Ужо шмат пра гэта казалі раней, але мне здаецца, што мы яшчэ ў самым пачатку. Сапраўды, усе вельмі розныя. У нас няма нармальнай адукацыі, усе, хто выходзіць з Акадэміі мастацтваў, — самі па сабе навучаліся. Цяпер большасць маладых здымае не дзякуючы, а насуперак умовам. Незалежнага кіно як з’явы пакуль таксама няма, але ёсць парасткі, спробы. Тут трэба згадаць рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. Гады на два маладзейшы за мяне, ён вучыўся ў нас на акцёрскім у БДАМ, потым паступіў ва УДІК (ВГИК) на кінарэжысуру. Дык вось, ён зняў фільм «Забароненая зона», пра Чарнобыль, канец 80-х. Фільм меўся выйсці яшчэ вясной, але ўсе гэтыя падзеі… Здаецца, яго ўжо нават выклалі на торэнтах. Чалавеку няма трыццаці, а ў яго ўжо ёсць першы поўнаметражны фільм. Так што незалежнае кіно ўсё ж прабіваецца.
— А адкуль браць грошы на незалежнае кіно?
— Адтуль, адкуль бярэ і «Беларусьфільм». Тэарэтычна Мінкульт можа фундаваць незалежнае кіно. Нельга выключаць і разнастайныя фонды. Напрыклад, фільм «ІІ» Улады Сяньковай зняты па замове ЮНЭСКА. Спачатку, здаецца, трэба было зняць толькі ролік пра ВІЧ і СНІД у школе. У выніку атрымаўся паўнавартасны мастацкі фільм, які ездзіць па фестывалях!
— Чытала інтэрв’ю з Максімам Шведам. Яму задалі пытанне, ці толькі кінематографам ён зарабляе на жыццё, і ён адказаў, што прыдумаў бізнес з чайным грыбам. У вас няма ўмоўнага чайнага грыба?
— Чайнага грыба няма, на жаль. Але калі пападу ў госці наступным разам, то папрашу, каб адрэзаў кавалачак. (Усміхаецца.) Максім частаваў мяне. Не, у мяне амаль што толькі прафесійныя крыніцы заробку, варушуся-варушуся: нешта зняць, змантаваць. Але пакуль не хацеў бы распавядаць, што цяпер здымаю, каб не згубіць імпэт.
— Сёлета надзіва кінематаграфічны год.
— Так! Мне здаецца, усе мае сябры нешта цяпер здымаюць. Праз год у нас будзе цэлая хваля дакументальнага кіно пра падзеі гэтага лета. Фільм Максіма Шведа «Маршрут перабудаваны» ўжо выйшаў і даступны для прагляду. Вельмі крутая работа. Андрэй Куціла, я бачыў, здымаў, але пакуль не паглядзеў што. Аляксей Палуян, здаецца, ужо прэзентаваў на пітчынгах праект фільма пра Беларускі свабодны тэатр. Цяпер многія размаўляюць пра эміграцыю, але ўсе дакументалісты-сябры кажуць: «Куды ехаць, трэба здымаць!» (Натхнёна.)
— Вы здымалі шэраг дакументальных фільмаў пра асоб — асветніка Францыска Скарыну, рэпрэсаванага паэта Віктара Казлоўскага, Андруся Такінданга, якога мы ўжо згадалі. Пра якую постаць вы б яшчэ знялі фільм? — Не ведаю, цікавае пытанне. (Задуменна.) Пасля фільма пра Францыска Скарыну (удалага, на мой погляд) можна было б паздымаць і пра іншых выбітных дзеячаў нашай гісторыі. Проста ёсць такія асобы, як Тадэвуш Касцюшка, напрыклад, з фільмам пра якога можна паездзіць па розных краінах, дабрацца да піка Касцюшкі ў Аўстраліі, ці Ігнат Дамейка, пра яго таксама можна зняць фільм — паехаць у Чылі. Добры б трэвэл-блог атрымаўся. (Смяецца.)

Здымкі фільма «Першадрук»

— Вас вабяць менавіта вандроўкі?
— З аднаго боку. (Усміхаецца.) Ды вандроўкі вабяць усіх. Гэта прыемны бонус жыцця рэжысёра. А пра людзей, якія мяне цікавяць… Заўсёды хочацца знайсці героя, з якім будзе душэўная сувязь. Калі выбіраеш персанажа, ты павінен яго разумець, гэта вельмі важна. Ёсць некалькі падыходаў, як здымаць героя: патрэбна ці паважаць яго, ці любіць, ці трымаць дыстанцыю, ці ставіцца з некаторай доляй іроніі. Цяпер у мяне ёсць два праекты, якія здымаю паралельна. Адзін з іх аб трэнеры спартыўнай каманды. Ён вельмі просты, разумны, ніколі не павышае голас, хаця часам узрываецца, калі бачыць несправядлівасць, змагаецца за дзяцей — гульцоў каманды. Мне падабаюцца такія людзі. У сваёй маленькай лакальнай справе яны спрабуюць дасягнуць вышыні, робяць сваю працу кожны дзень, нават калі гэта цяжка і не ўсе разумеюць. На такіх трымаецца грамадства.
— А яшчэ вы фатаграфуеце. Вельмі прыгожыя фотаздымкі скейтараў у вашых сацыяльных сетках.
— Іх і здымаў летам. Якраз тое, што я не хацеў расказваць. (Усміхаецца.) Калі вы бачылі здымкі, маглі адчуць неверагоднасць атмасферы. Неяк я пабачыў іх, калі гуляў, і мне падалося, што гэта вельмі падобна на кіно. Пазнаёміўся з гэтымі хлопцамі — і пачалі тусавацца. Амаль усё лета з імі прабыў, глядзеў, як яны катаюцца.
— Самі не катаецеся?
— Пакуль не. (Усміхаецца.) Хаця, гледзячы на гэтых цудоўных хлапцоў, падумаў, што ўсё ж куплю скейт і буду катацца. Ёсць такі фільм — «Не», пра чылійскі рэферэндум аб працягненні прэзідэнцкіх абавязкаў Піначэта. Дык вось, галоўнаму герою, якога іграе Гаэль Берналь, таксама трошкі за трыццаць, ён рэкламны рэжысёр, барадаты і катаецца на скейце. (Усміхаецца.) Было б неверагодна пакатацца з тымі хлопцаміскейтарамі летам пасля працы. Вельмі прыгожа: захад, Каменная горка.

Скейтары

— Вы ж яшчэ і бейсболам захапляецеся. Вельмі незвычайна для нашых мясцін.
— Так, вельмі незвычайная для нас гульня і вельмі інтэлектуальная. Другі фільм якраз пра трэнера бейсбольнай каманды. Усё выпыталі. (Смяецца.) Ёсць такі гарадскі пасёлак — Лагішын, там спартыўная школа, бейсбольная каманда і трэнер, пра якога я ўжо згадваў. А бейсболам захапляюся, таму што гэта больш, чым спорт, гэта хутчэй філасофія. Ёсць адзін расійскі пісьменнік — Дзмітрый Данілаў, які вядзе блог на спартыўным сайце. Ён ездзіць у асноўным па футбольных матчах у глыбінках. Прыязджае ў якое-небудзь сяло на футбол і потым апісвае, як ён туды дабіраўся, якія там людзі, як гулялі каманды. І вось аднойчы ён трапіў на бейсбольны матч. Данілаў заўважае наступнае: гульні, у якіх увесь час нешта адбываецца, кшталту футбола ці баскетбола, добрыя, але не лепшыя. Лепшыя — тыя, што дазваляюць аматару падумаць. Бейсбольныя матчы менавіта такія. Шмат паўзаў, калі нічога не адбываецца, можна пасядзець і падумаць пра лёс. Калі доля секунды аддзяляе вас ад паразы ці перамогі. А там шмат такіх сітуацый! Той жа трэнер, пра якога здымаю фільм, кажа, што бейсбол — гэта шахматы ў руху. І гэта сапраўды так, бо трэба пастаянна думаць, што рабіць, перадаваць ці не перадаваць мяч — вельмі хутка, рэзка прымаць рашэнні. Можна цэлую гульню прастаяць, але потым літаральна за секунду перамагчы. Ці прайграць. Ну, як ў жыцці. (Смяецца.)

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.