Вы тут

ВОЖЫКУ ПІШУЦЬ...


Добры дзень, шаноўны Вожык!
Нядаўна наша ўстанова (відавочна, не толькі наша) атрымала па электроннай пошце цікавае пісьмо ад нейкага «дабразычліўца» (Gnata Kpissia gkpissia@gmail.com). Ён прапануе зарабіць ні многа ні мала, а 500000 долараў ЗША. Але не адразу, а часткамі: штодзень здымаць у банкамаце па 6000 гэтых самых «зялёненькіх». Прычым рабіць гэта можна, знаходзячыся ў любой краіне свету, была б толькі такая прылада. Ад нас жа ён многага не патрабуе: хоча, каб далі свае рэквізіты. І ўсё…

Гэты «дабрадзей», хаваючы сапраўдныя намеры за шматслоўем (дарэчы, на беларускай мове з замежным «акцэнтам»!), сам жа па-смешнаму і выкрывае сябе. Вось што ён піша, апраўдваючыся, чаму не дае патрэбныя звесткі, а просіць іх ад іншых (перадаю даслоўна, захоўваючы стыль і правапіс): «Я б адправіў карту банкамата на ваш адрас, але мне зараз не хапае часу, каб зрабіць гэта, таму што мне трэба тэрмінова сустрэцца са сваімі калегамі па бізнесе ў Расіі. Я накіруюся ў аэрапорт, як толькі дашлю вам гэты ліст, таму што буду ехаць са сваёй краіны ў Расію, дзе буду працягваць нафтавы бізнес». Словам, шчодры багацей гатовы падарыць вам вялікія грошы простатак! І тут жа ўказвае другі электронны адрас, на які трэба дасылаць асабістыя дадзеныя.
Гісторыя старая як свет, але мне чамусьці здаецца, што на бясплатны сыр у мышалоўцы знойдуцца ахвотнікі. На жаль…

Міхась СЛІВА,
г. Рагачоў.

 

Вітаю, братка Вожык!
Вялікая Айчынная вайна скончылася 75 гадоў таму, але для некаторых злачынстваў няма тэрміну даўнасці. Пакаранне знаходзіць вінаватых і зараз.
У ліпені ў Гамбургу ва ўзросце 93 гады Бруна Д., былы ахоўнік канцлагера Штутгоф у Польшчы пад Гданьскам, атрымаў два гады турмы ўмоўна, бо на пачатку працы на нацыстаў быў непаўналетнім. Не дапамаглі спасылкі на тое, што непасрэднага ўдзелу ў забойствах ён не прымаў і толькі назіраў за парадкам з вышкі. Пракурор палічыў: юнак ведаў пра зверствы і мог адмовіцца ад службы і папрасіцца ў Вермахт…
У 2011 годзе Мюнхенскі суд пазбавіў на пяць гадоў волі Джона (Івана) Дземьянюка, амаль равесніка Бруна Д., за ўдзел у знішчэнні нацыстамі звыш 28 тысяч яўрэяў у канцлагеры Сабібор. І няхай потым ён трапіў не за краты, а ў дом састарэлых, дзе і памёр, але справядлівасць узяла верх нават праз такі час…
А жыхара нашага гарадскога пасёлка Андрэя Саванюка правасуддзе знайшло ў 75 гадоў у Вялікабрытаніі ў другой палове мінулага стагоддзя, дзе той жыў пад новым імем Энтані.
Яго гісторыя такая. На пачатку вайны падчас акупацыі горада тады юнак са зводным братам пайшоў добраахвотнікам у паліцыю. Пасля стварэння гета сваяк адмовіўся быць часткай крывавай сістэмы, сышоў з працы і выехаў з краіны. А Андрэй застаўся і даслужыўся да каменданта. І не дзіва: паліцай не грэбаваў забойствамі яўрэяў. Алена судзе ўсё адмаўляў, не пагаджаўся са сведкамі і нават пераконваў, што пасля смерці трапіць у рай, бо яго душа чыстая. Толькі дарэмна: злачынцу прыгаварылі да двух тэрмінаў пажыццёвага зняволення, і ён памёр праз дзевяць гадоў (у 2005 годзе) у турме Норвіч…
Вось я і думаю. Можа, здраднік і не памыляўся? Бо душы такіх людзей сапраўды чыстыя: там нічога няма. Ні сумлення, ні пачуццяў… Як інакш патлумачыць жудасныя вытрымку, абыякавасць і ўпэўненасць ва ўласнай беспакаранасці? Спадзявацца на раскаянне такіх асоб не даводзіцца. Застаецца толькі шукаць і прымушаць адказваць за ўчынкі.

Антон АРЛОЎ,
Брэсцкі раён,
г. п. Дамачава.

 

Прывітанне, браце Вожык!
Ці бачыў ты чалавека ростам у тры метры? Вось і я не. А некаму, напэўна, такі феномен сустракаўся. Інакш навошта рабіць пластыкавыя вокны з фрамугамі, якія можна адчыніць з дапамогай ручак, размешчаных на ўзроўні трох з паловай метраў ад падлогі? Пытанне, відаць, рытарычнае…
Адмысловыя вокны, дарэчы, можна ўбачыць у 18 вучэбным корпусе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Арон МЫСЛЯК,
г. Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.