Вы тут

Што могуць зрабіць жыхары шматкватэрнага жылога дома самастойна, калі ў іх доме жыве ініцыятыўны актывіст


Пяціпавярховік па вуліцы Савецкай, 12 у Кіраўску, што на Магілёўшчыне, лічы, узорны. Сюды можна вадзіць экскурсіі і расказваць, якія тут самаарганізаваныя людзі. Парадак, чысціня, усё дагледжана і функцыянуе. Па сакрэце, жыхары тут такія ж, як і ўсюды. Але жыве побач з імі Віктар Каляснёў — старшы па доме. А ён ніколі не будзе цярпець бязладдзе. Вось жыхары і бяруць з яго прыклад.


Урок першы

— Усё адбылося гадоў 15 таму, — кажа ён. — Праводзіўся сход з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, райсавета і «Жылкамгаса». Вырашалася пытанне, хто ж будзе старшым па доме. Усе адмаўляліся — адзін працуе, другі заняты, трэці не можа. І тады я прапанаваў сваю кандыдатуру. Пры адной умове, каб мяне ўсе слухаліся. І людзі пагадзіліся. З таго часу мы разам шмат чаго зрабілі.

Дом вялікі — шэсць пад'ездаў, 60 кватэр, 170 жыхароў. І ўсе розныя, яшчэ трэба ведаць як да кожнага знайсці падыход. Але, як той казаў, «калі ўлез у дугу, не кажы «не магу». Вось і Віктар Рыгоравіч пачаў выбудоўваць свае партнёрскія адносіны з суседзямі. Кажа, што ніхто яму не расказваў, як дзейнічаць, з чаго пачынаць — да ўсяго даходзіў сам, карыстаўся цвярозым розумам і гаспадарчым разлікам. І першай справай, за якую ўзяўся, была замена дзвярэй у пад'ездах і ўстаноўка дамафонаў. Пагутарыў з жыхарамі і пачаў збіраць грошы. Вядома, што знайшліся і такія, якія адмовіліся фінансаваць гэты праект. Маўляў, нам і так добра.

— Яны далучыліся потым, пасля таго, як мы паставілі дзверы, — усміхаецца суразмоўнік. — Працверажэнне наступіла пасля таго, як зразумелі, што да іх цяпер не могуць ні знаёмыя трапіць, ні ўрач з хуткай дапамогі. Паслуга, праўда, абышлася ім крыху даражэй. Адна справа рабіць разам і зусім іншая паасобку. Першы ўрок, лічы, прайшоў на выдатна. Людзі разабраліся што да чаго і сталі болей уважліва ставіцца да прапаноў старшага па доме.

Урок другі

Першы памочнік Віктара Рыгоравіча ў грамадскіх справах яго жонка — Валянціна Уладзіміраўна. Вось і зараз яна далучылася да нас, каб асабіста пацвердзіць, што работа вядзецца не фармальная. Сёння вакол кожнага пад'езда дагледжана і прыгожа — кветнікі да позняй восені вока радавалі. А раней, кажуць, адно пустазелле расло.

— Мая жонка першая выйшла з рыдлёўкай і пачала саджаць кветкі, — кажа Віктар Каляснёў. — Некаторыя нават спачатку абураліся: навошта, усё роўна затопчуць. А яна адзін кветнік зрабіла, другі, а трэці ўжо стварала з суседкамі, якія прыйшлі на дапамогу.

Калі стала прыгожа каля пад'ездаў, актывіст пайшоў у «Жылкамгас» прасіць сметніцы. Там паглядзелі, што дом сапраўды змагаецца за парадак, і пайшлі насустрач. Затым няўрымслівы старшы па доме дабіўся, каб адрамантавалі вадасцёкі. Яны наогул былі ў вельмі занядбаным стане. А вось за стаянку для аўто прыйшлося пазмагацца. Раней каля дома была толькі вузенькая стужачка асфальту. Калі хтосьці пакіне сваё аўто пад вокнамі, ніхто больш пад'ехаць не можа. Каляснёў і ў райвыканкам хадзіў, і з жыхарамі размаўляў, каб нешта паправіць, але нічога не атрымлівалася. Чалавек дзесяць з дома «за», астатнія — «супраць». У кожнага свая адгаворка — то машыны няма, то ў гаражы ставіць. Летась, як той казаў, лёд скрануўся. Актыўнага прадстаўніка мясцовага самакіравання падтрымала старшыня райсавета Галіна Слабоднікава. Было вырашана, што жыхары збіраюць грошы на будматэрыялы, а дарожнікі будуюць дарогу бясплатна. Сказана — зроблена. Потым Каляснёў дамогся, каб перанеслі ліхтары. Дарога пашыралася, а слупы засталіся на тым жа месцы. Непарадак. Энергетыкі ж за так працаваць адмаўляліся, толькі за грошы. І тады старшы па доме зноў рушыў у райсавет дэпутатаў. Там дапамаглі вырашыць пытанне бясплатна. Засталося зрабіць толькі дзіцячую пляцоўку. Хутка з'явілася і яна. Арэлі і горку ўстанавіла за свой кошт мясцовае ДЭУ.

Урок трэці

Для старшага па доме не павінна быць дробязяў. Калі ўнікаеш у праблемы суседзяў, яны хутка становяцца ўласнымі.

— Паглядзіце, як у нас стала культурна, — дэманструе Віктар Рыгоравіч адзін з пад'ездаў. — Тут усё было чорнае, абшарпанае, абмаляванае. Мы купілі фарбу, і сцены набылі прыемны для вока бэзавы колер.

У пад'ездах фіранкі на вокнах, жывыя кветкі ў гаршчочках, нідзе няма стыхійных попельніц. Старшы па доме паклапаціўся, каб у агульных месцах пражывання наогул не курылі. На вуліцы таксама ўсё па-гаспадарску. Прыступкі высокія, і Віктар Рыгоравіч паклапаціўся, каб для зручнасці і бяспекі зрабілі парэнчы. У адным з пад'ездаў жыве дзяўчына-інвалід, там парэнчы манціравалі з улікам таго, каб ёй было зручней карыстацца. Тры гады таму па ініцыятыве Віктара Рыгоравіча памянялі вокны. Некалькі жыхароў адмовіліся, і зараз іх пачарнелыя рамы выглядаюць на фоне астатніх асабліва недарэчна і неахайна. Напэўна, зараз шкадуюць, што сэканомілі.

— Пытанняў узнікае шмат, пачынаючы ад няспраўнага водаправода і заканчваючы смеццем, якое выкінулі не туды, — кажа суразмоўнік. — Падказваю, куды звярнуцца, або сам звяртаюся куды трэба. Нешта магу і адрамантаваць, я ж па прафесіі сантэхнік шостага разраду. Але ёсць праблемы з ліку невырашальных. У доме стаяць газавыя калонкі, і ў кватэрах на апошнім пятым паверсе па вечарах з паловы шостай да паловы восьмай няма гарачай вады. Нам тлумачаць, што так спраектаваны дом і нічым дапамагчы не могуць. Жыльцы ставяцца да гэтага з разуменнем, але ёсць адзін чалавек, якога такі парадак не задавальняе. І я тут нічым дапамагчы не магу. Іншая справа, калі даюць ацяпленне і стаяк не грэе. Тут я выклікаю спецыялістаў і не адпускаю іх да таго часу, пакуль яны ўсё як трэба не зробяць.

Яднаюць жыхароў не толькі агульныя праблемы, але і добрасуседскія традыцыі. Напрыклад, калі ў кагосьці вяселле, усе скідваюцца на падарунак, а віноўнік урачыстасці арганізуе стол. У бядзе таксама разам. Дапамагчы ў цяжкай сітуацыі чалавеку — святая справа.

Працуем за ідэю, і прыемна, калі за гэта заахвочваюць

Сёлета па выніках штогадовага спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання старшы па доме Віктар Каляснёў атрымаў дыплом за трэцяе месца і аднаразовую грашовую ўзнагароду ў памеры 30 базавых велічынь. Падтрымка аказалася важкая. Частку грошай ён патраціў на падарункі актывістам. «Такіх у нас каля дзесяці. Гэта наш касцяк, асноўныя мае памочнікі», — кажа пра іх мужчына. Яшчэ частка грошай пайшла на фарбы і энергазберагальныя лямпачкі для пад'езда і вулічных ліхтароў.

— Дапамога была нечаканая і таму вельмі прыемная, — кажа Каляснёў. — Камусьці, магчыма, здаецца, што наша роля не такая і значная, але гэта толькі на першы погляд. Ведаю, што некаторыя значацца на гэтай грамадскай пасадзе намінальна, але не ўсе. Ёсць людзі, якія самааддана працуюць, і мне заўсёды вельмі цікава з імі пагутарыць, нешта ўзяць на заметку. На жаль, мала хто па сваім жаданні пагаджаецца пакаштаваць гэтага хлеба.

На думку Віктара Каляснёва, каб мясцовае самакіраванне ўзнялося на новы якасны ўзровень, трэба, каб дэпутаты жылі ў тых акругах, адкуль яны вылучаюцца. «У маім доме чатыры дэпутаты, а такога, да якога я мог бы звярнуцца, няма», — аргументуе ён. А што датычыцца платы за грамадскую дзейнасць, то яна, лічыць актывіст, не патрэбна. Чалавек павінен працаваць за ідэю. Калі ўжо і выдзяляць нейкія грошы, то лепш мэтанакіравана на нейкія канкрэтныя справы.

Галіна Слабоднікава, старшыня Кіраўскага райсавета дэпутатаў:

— Кожны грамадзянін мусіць усведамляць сваю адказнасць за забеспячэнне камфортнага асяроддзя жыццядзейнасці і прымаць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні, азеляненні дваровых тэрыторый, навядзенні парадку на індывідуальных дваровых тэрыторыях. Менавіта такіх пазіцый прытрымліваюцца самыя актыўныя прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання нашага горада. Яны дапамагаюць арганізаваць насельніцтва для ўдзелу ва ўсіх гэтых вельмі важных справах. Частковае фінансаванне з бюджэту плюс добраахвотны ўдзел жыхароў у фінансаванні дазваляюць выконваць значныя аб'ёмы работ па рамонце і абсталяванні дваровых тэрыторый і дзіцячых пляцовак. Стымулам, як і раней, з'яўляюцца агляды-конкурсы санітарнага стану і добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, населеных пунктаў, конкурсы «Усё найлепшае для малой Радзімы», «Найлепшае афармленне дваровай тэрыторыі шматкватэрнага жылога дома Кіраўска», спаборніцтвы сярод ОТГС.

Вялікую дапамогу Саветам дэпутатаў аказваюць старшыя па сваіх дамах Галіна Спірыдонава, Людміла Лукановіч, Наталля Мурашка і іншыя. Рэзультатыўна працуюць з насельніцтвам дэпутаты раённага Савета дэпутатаў Святлана Шчэрбіч, Таццяна Арцюхова, Алена Глекава, Святлана Сарока і іншыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Урокі ад старшага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.