Вы тут

«Беларусь 3» прапаноўвае шэраг мастацкіх фільмаў, якія прайшлі выпрабаванне часам


Тэлеканал «Беларусь 3» на наступным тыдні ўжо па традыцыі прапаноўвае шэраг мастацкіх фільмаў, якія прайшлі выпрабаванне часам і сталі набыткам савецкага кіно. Сярод іх і беларуска-расійская кінастужка «Сын за бацьку», якая была знята «Беларусьфільмам» у 1995 годзе. Яе рэжысёрамі выступілі Маргарыта Касымава і Мікалай Яроменка-малодшы (гэты фільм з'яўляецца яго адзінай рэжысёрскай работай).


Вядомы як акцёр у савецкім кінематографе Мікалай Яроменка вырашыў тады паспрабаваць сябе ў рэжысуры і ўзяўся за актуальную для таго часу тэму. Фільм расказвае, як ва ўмовах пануючых рыначных адносін у медыцыне пластычны хірург старой загартоўкі (Мікалай Яроменка-старэйшы) аказваецца без работы. Яго паспяховы сын, які ў Маскве кіруе клінікай, прапаноўвае бацьку, хоць у іх і не асабліва цёплыя адносіны, арганізаваць аналагічны медыцынскі цэнтр у Мінску. Але ж тата да патрабаванняў сучаснасці мала прыстасаваны, таму з часам, узначальваючы ўстанову, нажывае сабе непрыемнасці з мафіяй, бо не здольны і не хоча адступіцца ад уласных прынцыпаў. Сын жа спрабуе ўладзіць сітуацыю ў перапынках паміж заляцаннямі да маладой доктаркі. Але ж на справе гэтыя спробы не маюць плёну, а выратоўвае бацьку знаёмы міліцыянер. Аднак тое, што сын праявіў такі клопат, расчульвае мужчыну, і гэта спрыяе таму, што адносіны двух блізкіх людзей мяняюцца ў лепшы бок...

Варта адзначыць, што на экране ролі гэтых герояў таксама выконваюць сапраўдныя бацька і сын Мікалай Яроменка-малодшы і Мікалай Яроменка-старэйшы. Гэтая іх сумесная кінаработа стала і апошняй, бо ў 2000 годзе пайшоў з жыцця бацька, а праз год не стала сына. Акрамя вышэйназваных акцёраў у фільме зняліся таксама Ірына Феафанава, Уладзімір Гасцюхін, Альбінас Келярыс і іншыя. Кінастужка для сучаснага гледача — гэта ўжо не столькі драма, а, хутчэй, магчымасць перанесціся ў часе, каб не толькі пранікнуцца атмасфернасцю пэўнага перыяду, але яшчэ і ўбачыць, напрыклад, Мінск, які ён быў у тыя гады.

Фільм, дарэчы, меў напярэдадні выхаду добрую рэкламную кампанію і не падмануў чаканні гледачоў. Бо «Сын за бацьку» добра перадае атмасферу ліхіх 90-х. Кінастужка не засталася незаўважаная і з боку кінасупольнасці. Напрыклад, у 1998 годзе яе адзначылі Галоўным прызам міжнароднага кінафестывалю ў Карэі, а да гэтага карціна атрымала прыз «Бронзавы Віцязь» як найлепшы ігравы фільм на Міжнародным кінафестывалі славянскіх і праваслаўных народаў «Залаты Віцязь» (Расія, 1996 год), прыз «Крыштальны акт» на Нацыянальным кінафестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце (1996 год) і спецыяльны прыз журы ў конкурсе «Панарама» на АРКФ «Кінатаўр» (Расія, 1996 год).

Таму, мяркую, ёсць падставы знайсці час для прагляду кінафільма «Сын за бацьку» на тэлеканале «Беларусь 3» і, магчыма, паразважаць над тым, ці шмат змянілася ў нашым жыцці за гэты час. Альбо ж ёсць рэчы, якія застаюцца пастаяннымі, як бы ні змяняліся правілы гульні навакольнага свету.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Драма мінулага і яе героі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Апошняя цыгарэта. Неасцярожнае абыходжанне з агнём пагражае сур'ёзнымі наступствамі

Летась у краіне адбылося 5958 пажараў, на якіх загінулі 627 чалавек.

Здароўе

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Мароз і сэрца: што такое халадовы інфаркт, каму ён пагражае і як яго пазбегнуць?

Расказала ўрач-тэрапеўт, загадчык аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Мінска Святлана ЯНУШКА.

Спорт

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Алег Шэпель: Сусветны паралiмпiйскi рух многае страцiў ад нашай iзаляцыi

Гiсторыя паралiмпiйскага спорту — паказчык развiцця краiны.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​