Вы тут

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець


Міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ аб закрыцці палігонаў, уплыве каранавіруса, закліках да неплацяжу за камунальныя паслугі і найбліжэйшых перспектывах

Андрэй Хмель — з катэгорыі маладых ды перспектыўных кіраўнікоў: узначаліў жыллёва-камунальную гаспадарку краіны ў 37-гадовым узросце параўнальна нядаўна — усяго паўгода мінула з моманту яго прызначэння на гэтую высокую дзяржаўную пасаду. Да міністэрскага крэсла працаваў намеснікам міністра іншага ведамства — прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, але жыллёва-камунальная гаспадарка для яго не новы, а хутчэй добра вядомы кірунак работы. Некалькі гадоў таму Андрэй Валер'евіч пераехаў у сталіцу з пасады гендырэктара «Гродзенскай гарадской ЖКГ». Менавіта яму на той час была адведзена адна з ключавых роляў у так званай смеццевай вайне абласнога цэнтра — гаворка аб заварванні смеццеправодаў у шматпавярховіках і ўкараненні прынцыпаў паасобнага збору смецця гараджанамі. Тады ўсё атрымалася, і наша інтэрв'ю распачалося з тэмы маштабавання гэтага вопыту на ўсю краіну.


Фота: sb.by

 

Адмовіцца ад міні-палігонаў і арганізаваць рэгіянальныя цэнтры

— Андрэй Валер'евіч, заварванне смеццеправодаў і ўстаноўка ў дварах кантэйнерных пляцовак — дзейсны спосаб для паасобнага збору смецця?

— Механізм вырашаецца на мясцовым узроўні: калі выканкам бачыць, што ў яго больш гарадскога насельніцтва, то можна заварваць смеццеправоды, ставіць кантэйнеры для паасобнага збору смецця. Калі гэта сельскі населены пункт — пры распрацоўцы схемы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі (далей — ЦКА) ён павінен вызначыць: ці будзе ставіць паасобныя кантэйнеры ў кожны дом (як мы рабілі ў Гродне), ці будаваць кантэйнерныя пляцоўкі, дзе будуць размешчаны кантэйнеры для паасобнага збору смецця. Але што тут важна? Перш за ўсё меркаванне чалавека, спажыўца паслугі па вывазе ЦКА, яго трэба пачуць і зразумець: калі большасць людзей выказваецца за паасобны збор на кожным падворку — калі ласка! Кожны мае права выбіраць сістэму збору.

Іншая праблема, што на сённяшні дзень вялікая колькасць дэпаніравання смецця на палігонах і малы аб'ём адходаў, якія праходзяць сартаванне.

— Чаму так?

— Таму што магутнасцяў недастаткова, а тыя, што ёсць — загружаны не цалкам. У Гродне, напрыклад, завод загружаны на 70 %. Ён можа дазагружацца за кошт Гродзенскага раёна. Дарэчы, сартавальныя заводы (бытавое сартаванне тут не ўлічваецца) ёсць толькі ў абласных цэнтрах. Ёсць задача, згодна з Канцэпцыяй стварэння аб'ектаў па сартаванні і выкарыстанні ЦКА і палігонаў па іх пахаванні, пабудаваць да 2035 года 27 рэгіянальных цэнтраў. Лагістыка пралічана. Напрыклад, будуем завод у Бабруйску, вязём туды рэсурсы з 3–5 раёнаў, якія знаходзяцца побач.

— Андрэй Валер'евіч, вы сказалі, што трэба пабудаваць 27 рэгіянальных цэнтраў, а колькі з наяўнасцю існуючых смеццесартавальных заводаў наогул плануецца?

— Плануецца, што іх будзе 32, у тым ліку адзін аб'ект па энергетычным выкарыстанні камунальных адходаў у Мінску. Іх першасная задача — адсартаваць кожны кілаграм смецця. Усё, што можна выкарыстаць, прадаць, перапрацаваць і нават экспартаваць — усё будзе сканцэнтравана там.

Першая частка па сарціроўцы — гэта арганіка (адходы ежы, трава), натуральна яе трэба буртаваць, перамешваць і выкарыстоўваць для розных мэт. Мне бачыцца, напрыклад, для перасыпкі палігонаў. Калі арганіка паляжыць — біягаз сыдзе, і яна становіцца бясшкоднай. Гэтым ці перасыпаем слаі на палігоне, ці выкарыстоўваем для рэкультывацыі кар'ераў. Такая тэхналогія існуе. Атрымліваецца выкарыстанне часткі смецця.

Далей. Усё шархоткае, якое не прадаецца (пакеты з крамаў, упакоўка ад тортаў, маскі і гэтак далей), сёння ідзе на палігоны. Трэба надаць гэтаму энергетычнае выкарыстанне: дзе ёсць заводы па вытворчасці цэменту (пасёлак Краснасельскі, Крычаў) рабіць з такіх адходаў RDF-паліва. То-бок яно перамолваецца ў фракцыю да 10 мм і дасушваецца да вільготнасці 10—15 %, каб потым стаць палівам пры вырабе клінкера. На сённяшні дзень лінія ў Краснасельскім практычна гатова, будзем спрабаваць укараняць гэтую тэхналогію.

Там, дзе эканамічна немэтазгодна па лагістыцы вазіць RDF-паліва, будзем рэканструяваць кацельні, як плануем зрабіць у Віцебскай вобласці. Пакуль рыхтуем тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне на рэканструкцыю кацельні, дзе будзем спальваць гэты від адходаў не для вытворчасці клінкера, а як крыніцу цеплавой энергіі для ацяплення жылых дамоў.

— Давайце сарыентуем чытача па лічбах: колькі палігонаў зараз выкарыстоўваецца ў Беларусі і да якой колькасці мы імкнёмся?

— Сёння выкарыстоўваецца 160 палігонаў і 560 міні-палігонаў (для параўнання, у 2010 годзе іх было 171 і 3200 адпаведна). Задача з разраду першачарговых — закрыць усе міні-палігоны да 2022 года, пакінуць толькі палігоны. А далей і іх закрыць, каб функцыянавалі толькі палігоны пры рэгіянальных цэнтрах, якія адпавядаюць сучасным экалагічным патрабаванням. То-бок прыйсці ў перспектыве да 30 у краіне. Галоўнае — гэта рух наперад і паступовае скарачэнне колькасці палігонаў.

Заварыў і забыў?

— Хацелася б вярнуцца да тэмы заварвання смеццеправодаў і паасобнага збору смецця: Гомель ужо даўно «заварыўся», Гродна некалькі гадоў таму пазбавіліся ад смеццеправодаў — хто наступны?

— Шмат гарадоў завараны: напрыклад, у Лідзе, Смаргоні, Ваўкавыску, амаль усе ў Магілёве. У Мінску працэнтаў 20 ужо завяршылі гэты працэс. Але тут павінна быць прынцыповае рашэнне мясцовай улады. Напрыклад, у Гродне зараз кантэйнерныя пляцоўкі чыстыя, людзі карыстаюцца, большасць задаволеная. Калі мы будуем кантэйнерную пляцоўку, робім паасобны збор смецця, а пры гэтым прыязджае смеццявоз і ўсё ссыпае ў адзін кузаў — адназначна, гэта няправільна.

— А наколькі эфектыўным вы лічыце метад падземнага размяшчэння кантэйнераў, напрыклад, для сталіцы?

— Такая практыка ёсць у Наваполацку, Пінску, Брэсце. Маё бачанне, калі гэта адзін населены пункт — рашэнне павінна прымацца комплексна. Для падземных кантэйнераў патрэбны ліфт (машына з іншым абсталяваннем), адпаведна, падыходзіць трэба аднолькава.

Што датычыцца сталіцы, тут іншая складанасць — з насычанасцю камунікацыямі кропкава арганізаваць падземныя кантэйнеры ў двух–трох месцах, напэўна, не зусім эканамічна мэтазгодна. Кантэйнеры 3–4-кубовыя і калі іх рабіць у чатыры шэрагі (змешаныя адходы, пластык, папера і шкло) — гэта выглядае эстэтычна, але пытанне застаецца. Акрамя таго, праблематычны пад'езд машын — яны больш габарытныя, чым звычайныя смеццявозы. Як мы казалі напачатку: тут трэба падыходзіць канкрэтна да кожнага рэгіёна і населенага пункта, аналізаваць, зыходзячы з асаблівасцяў, што і дзе зручна. Пры распрацоўцы схемы абыходжання з ЦКА мясцовыя ўлады прадугледжваюць дэталі гэтага працэсу. Немалаважна тут і меркаванне людзей — яго трэба ўлічваць.

Пра ўплыў віруса і дэструктыўных ідэй

— Звярнула ўвагу на партале камунальнай адукаванасці, што з'явілася інфаграфіка для неплацельшчыкаў жыллёва-камунальных паслуг аб наступствах гэтага кроку: усё ж такі рост ёсць?

— Масава народ на заклікі не аплачваць паслугі ЖКГ не адрэагаваў. За 10 месяцаў 2020 года ўзровень аплаты склаўся каля 99,1 % ад налічаных плацяжоў. Калі ў жніўні, верасні быў невялікі рост даўгоў па паслугах ЖКГ, то за кастрычнік, наадварот, іх зніжэнне. Пазіцыя «не буду аплачваць, бо так заклікаюць тэлеграм-каналы» — дэструктыўная па сваёй прыродзе. Перш за ўсё трэба разумець, куды накіроўваюцца гэтыя грошы. Яны не ідуць у бюджэт: гэта заробкі дворнікаў, якія прыбіраюць нашы двары і пад'езды, сантэхнікаў, якія абслугоўваюць жылы дом, гэта рамонт даху, які цячэ, гэта замена ліфтаў, якія адпрацавалі свой тэрмін, ацяпленне дамоў і гэтак далей. Калі сёння не аплаціць — заўтра ёсць верагоднасць застацца без гэтых выгод. Спачатку арганізацыі будуць недаатрымліваць грошы, потым, натуральна, калі гэты працэс будзе мець масавы характар, людзі могуць аказацца без заробку і на вуліцы. Потым сістэма аказання жыллёва-камунальных паслуг зламаецца рана ці позна. Сапсаваць лёгка, а аднавіць?

— Паўплываў нейкім чынам каранавірус на дзейнасць галіны ці не?

— Непасрэднага ўплыву не адчулі: жыллёва-камунальныя паслугі як аказваліся рытмічна, так і аказваюцца. Прыбытак не знізіўся, планы практычна ўсе выконваюцца. Безумоўна, рыхтаваліся і адпрацоўвалі верагоднасць, што ў рамонтна-аварыйных брыгадах людзі могуць хварэць, дакладна вызначалі замену, каб ні ў якім разе не зрываць аварыйныя работы. Уплыву не адчулі і ў планавых работах, калі толькі крыху. Так, людзі выказваюць пазіцыю не дапускаць у кватэры работнікаў, і гэта ўплывае на тэрміны выканання капітальных рамонтаў. Падвышаная ўвага аддаецца зараз і санітарнаму ўтрыманню месцаў агульнага карыстання і правядзенню іх дэзынфекцыі. Ёсць рост зваротаў па гэтай тэматыцы ў рамках службы 115.

Уплыў адчулі камунальныя гасцініцы, якія знаходзяцца ў галіне, яны былі схільныя да гэтага ўплыву як і ўсе. Паслугі лазняў таксама — людзі хадзілі менш. Тут мы недаатрымалі пэўны прыбытак, але сума некрытычная. Гасцініцы, як правіла, не асобныя адзінкі — а ў комплексе аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гэта як адзін з відаў паслуг. Недахоп, каб вы разумелі, быў перакрыты за кошт развіцця іншых паслуг.

Як сістэма вывела «на чыстую ваду»

— Калі мы закранулі тэму службы 115, паколькі яна бліжэй за ўсё да звычайных людзей, спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, ці ўсё ў яе дзейнасці адладжана ці штосьці яшчэ патрабуе ўдасканалення?

— З пункту гледжання метадалогіі ўсё наладжана: арганізацыйных пытанняў няма. Што датычыцца своечасовай рэалізацыі заявак і выканаўчай дысцыпліны, то яны ёсць. Зварот паступіў, мы яго сёння бачым, як на далоні.

— А калі параўноўваць з пункту гледжання «было — стала»: рост зваротаў ёсць?

— Фактычна немагчыма сказаць ёсць ці няма — сістэма пачала працаваць і працуе ўжо год, толькі ў супастаўных умовах бачна дынаміка. Калі мы летась пачыналі пераводзіць дыспетчарскія з раённага на абласны ўзровень, натуральна, колькасць зваротаў вырасла на 30 і нават 40 %, але правільна казаць вырасла не колькасць зваротаў, а колькасць зарэгістраваных зваротаў. Гэта сведчыць аб тым, што мы рухаемся ў правільным кірунку.

Другі факт — у нас адбылося зніжэнне па структуры зваротаў. Калі браць тэматыку, якая ў нас была, ёсць і будзе асноўнай — эксплуатацыя жылфонду (уцяпленне, капітальны, бягучы рамонты, прыборка пад'ездаў і гэтак далей), то ў 2015 годзе гэтыя пытанні ў структуры ўсіх зваротаў, якія траплялі ў міністэрства, займалі каля 50 %. На сённяшні дзень ужо па выніках 9 мясяцаў на іх долю прыпадае 38 %. І нават калі браць у параўнанні з мінулым годам — лічба была на 11 % вышэй.

Я лічу, што такі спад адбыўся з-за таго, што пачала дзейнічаць служба 115. Тое, што звароты прымаюцца, рэгіструюцца, усё зразумела і празрыста, і самае галоўнае — ёсць кантроль за іх выкананнем.

Усе старыя ліфты заменяць новымі

— Якія асноўныя перспектывы развіцця галіны на найбліжэйшы час?

— Мы мыслім пяцігодкамі: цяпер заканчваецца фарміраванне Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021—2025 гады, адна з асноўных задач — забеспячэнне якаснай пітной вадой да канца пяцігодкі 100 % спажыўцоў, задача па замене цеплавых і водаправодных сетак па 4 % і 3 % адпаведна штогод, капітальны рамонт не менш за 3 % штогод ад эксплуатуемага жыллёвага фонду, зніжэнне зваротаў грамадзян і зноў жа, павелічэнне выкарыстання ДМР і шэраг іншых.

— Дастаткова амбіцыйная задача: забеспячэнне якаснай пітной вадой да 100 % спажыўцоў — справіцеся?

— Для яе выканання трэба да 2025 года каля 800 станцый абезжалезвання. Сёлетняя задача адкрыць да канца года 278 станцый, 235 з іх ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Трэба разумець, што гаворка ідзе не аб 100 % насельніцтва, а аб спажыўцах. Калі ў цябе ёсць цэнтралізаванае водазабеспячэнне, то да 2025 года па гэтай цэнтралізаванай сістэме атрымаеш ачышчаную ваду, калі яна патрабуе такой ачысткі.

У перыяд пяцігодкі (2016 — кастрычнік 2020) пабудавана 562 станцыі абезжалезвання вады, ажыццёўлена перападключэнне шасці населеных пунктаў да існуючых цэнтралізаваных сісмтэм водазабеспячэння з вадой нарматыўнай якасці, выканана бурэнне новых свідравін у сямі населеных пунктах.

Мерапрыемствы, што праводзяцца, дазволілі забяспечыць каля 420 тысяч чалавек, якія пражываюць у гарадскіх пасёлках, сельскіх населеных пунктах, аграгарадках якаснай пітной вадой.

Акрамя таго, адной з галоўных задач з'яўляецца навучанне кадраў. Штогод з пяцітысячнага складу арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі неабходна павысіць узровень ведаў да 20 %, і вельмі сур'ёзна адносімся да прафесійнай атэстацыі пры прызначэнні на пасады: сёння забаронена прызначаць на вызначаны шэраг пасад асоб, якія не прайшлі кваліфікацыйны
іспыт.

У шэрагу прыярытэтных задач таксама аднаўленне тэхнікі: цяпер рыхтуецца адпаведны ўказ. Гаворка ідзе аб аднаўленні камунальнай тэхнікі для прыборкі, рухомага саставу, смеццявозаў і гэтак далей.

— Наколькі мне вядома, у гэтым спісе ёсць і рэканструкцыя і замена ачышчальных збудаванняў...

— 36 ачышчальных збудаванняў будзе заменена. Сітуацыя змяняецца, у нас больш за сто ачышчальных збудаванняў патрабуюць рэканструкцыі і замены. Ёсць ужо падпісанае крэдытнае пагадненне з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, наколькі яны будуць там адлюстраваныя, паглядзім...

— Замена ліфтаў — адна з актуальных тэм: ці будзе працягнута рэалізацыя дзяржпраграмы па замене гэтага вертыкальнага транспарту?

— Працягнецца замена ліфтаў, якія эксплуатуюцца звыш неабходнага тэрміну, за пяцігодку мы павінны закончыць гэтую работу.

— Такім чынам ліфтаў, якія адслужылі свой тэрмін ужо ў краіне быць не павінна?

— Так. На два гады запланавана работа па паскоранай праграме, потым па неабходнасці: скончыўся тэрмін — адразу будзем яго мяняць, і эксплуатавацца з перавышаным нарматыўным тэрмінам ліфт не будзе.

Гутарыла Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».